Ад «Верасоў» да «Еўрабачання»
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Творчыя планы У Беларусi будзе адноўлены брэнд дзiцячай эстраднай студыi «Верасяты». Аб гэтым журналiстам паведамiў на адкрыццi новага сезона Маладзёжнага тэатра эстрады кампазiтар, дырэктар i мастацкi кiраўнiк тэатра, народны артыст Беларусi Васiль Раiнчык.За год, на працягу якога кампазiтар знаходзiцца на дырэктарскай пасадзе, справы Маладзёжнага тэатра эстрады палепшылiся. Тут, паводле слоў кiраўнiка, сабралася выдатная творчая каманда сапраўдных прафесiяналаў. У лiку артыстаў тэатра — прызнаныя зоркi Iна Афанасьева, Iскуi Абалян, Палiна Смолава, Аляксей Хлястоў, Алена Грышанава, Вольга Плотнiкава, Жанэт, «Тяни-Толкай», комiк-шоу-гурт «Доктар Гумар», а таксама многiя маладыя таленавiтыя выканаўцы. «Наш тэатр — гэта сапраўдны спецназ культуры, — сцвярджае галоўны рэжысёр МТЭ Вячаслаў Панiн. — Калi ранiцай нам патэлефануюць, увечары мы здольныя сваiмi сiламi ў якiм заўгодна месцы наладзiць паўнавартасны канцэрт». Дарэчы, сёлета на адкрыццi сезона колькасць жадаючых выступiць артыстаў была настолькi вялiкая, што канцэрт давялося падзялiць на дзве часткi i разбiць на два днi. Знiжаць узятыя тэмпы ў тэатры не збiраюцца, наадварот, творчых планаў тут незлiчоная колькасць. Найбольш важныя з iх — два праекты, звязаныя са знакамiтым раней брэндам «Верасы». Так, акрамя аднаўлення дзiцячай студыi «Верасяты», Васiль Раiнчык задумаў на будучы год запусцiць праграму «Залатыя песнi «Верасоў». Мяркуецца, што найбольш вядомыя хiты славутага ансамбля выканаюць не толькi яго колiшнiя ўдзельнiкi, але i цяперашнiя маладыя салiсты Маладзёжнага тэатра эстрады. Магчыма, менавiта з гэтай праграмай тэатр будзе прадстаўляць нашу краiну на гастролях за мяжой. У самiм тэатры днямi адкрыецца Алея славы: нездарма ж 22 тутэйшыя артысты пайменна ўзнагароджаныя падзякамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ды яшчэ мноствам дыпломаў i грамат розных ступеняў. Але гледачы больш увагi ўсё ж звяртаюць на рэпертуар, i тут для iх падрыхтаваны некалькi сюрпрызаў. Так, у днi школьных канiкулаў адбудзецца прэм’ера дзiцячага музычнага спектакля «Учение — свет, но учебников тьма», дзе галоўную ролю выконвае вядомая юная спявачка Саша Салавейчык. Дарослым гледачам прапануе сваю новую праграму комiк-шоу-гурт «Доктар Гумар». Акрамя таго, на тэатр ускладзена асноўная падрыхтоўка да дзiцячага, а пазней i дарослага «Еўрабачання». Налета прадставiць сваю сольную праграму спявачка Вiкторыя Алешка, якая адзначыць 10 гадоў творчай дзейнасцi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусi будзе адноўлены брэнд дзiцячай эстраднай студыi «Верасяты» |
|