Майстры кiраваць... «вострым полымем»
Аляксандр ПУКШАНСКI
У маладых вiцебскiх энтузiястаў вельмi незвычайнае i рэдкае хобi — яны могуць кiраваць «вострым полымем». Гэтае старажытнае мастацтва налiчвае тысячагоддзi i мае назву «айканара», што ў перакладзе з адной з усходнiх моў менавiта i азначае — «вострае полымя». Нiхто на Вiцебшчыне, акрамя iх, пакуль што «не працуе з агнём». Ды i ва ўсёй Беларусi такi занятак — рэдкасць. Самаму старэйшаму з прыдзвiнскiх «айканараўцаў» — 25, а малодшыя — Ганна Бiзункова i Дзянiс Выбарны наогул яшчэ школьнiкi: вучацца адпаведна ў 9-м i 11-м класах вiцебскай СШ №3.
Як расказала карэспандэнту «Звязды» актывiстка групы «ўтаймавальнiкаў агню» Алена Стук, яна i яе сябры «захварэлi» айканарай, калi ўбачылi ў Вiцебску фаер-шоу (танец з агнём). Вельмi захацелася таксама навучыцца. Дарэчы, Алена — малады спецыялiст. Пасля завяршэння Вiцебскай акадэмii ветэрынарнай медыцыны па размеркаванню працуе брыгадзiрам на малочна-таварным комплексе эксперыментальнай базы «Тулава» (аналагiчную назву мае аддалены раён абласнога цэнтра). Прызналася, што цяжка, вольнага часу амаль што няма. Таму ў гадзiны адпачынку стараецца часцей займацца любiмым хобi. На яе погляд, гэта самы лепшы спосаб аднавiць сiлы i атрымаць добры настрой. Дзяўчына i яе аднадумцы вельмi добра паказваюць самыя розныя вогненныя фiгуры. Круцяць агонь на ланцугах, на палцы (з двух бакоў). А ўявiце сабе веер агню!!! Лепш за астатнiх, як адзначылi мае новыя знаёмыя, гараць старыя джынсы. Каб набыць матэрыял, часта спецыяльна наведваюць магазiны «сэканд хэнд». Матэрыю палiваюць звычайнай газай, замацоўваюць дротам i падпальваюць. Падлiчылi, што прыкладна 6 лiтраў газы падчас заняткаў хапае хвiлiн на 40... Калi хутка «рухаецца агонь» ва ўмелых руках, гледачы знаходзяцца, як пад гiпнозам, паралельна чуюць непаўторныя рухавыя гукi, атрымлiваецца, што такiм чынам агонь быццам спявае. Лечыць!? Гаворыць! I хочацца танцаваць разам з iм. Непаўторнае вiдовiшча, калi працуюць з агнём парамi, ды выконваюць розныя акрабатычныя трукi. Асабiста мне ўсё гэта нагадвае эпiзоды з фiльмаў, знятых па старажытных усходнiх матывах. Дарэчы, вiцебскiя майстры айканары выступаюць у стылiзаваных нацыянальных беларускiх касцюмах. Паказваюць публiцы сваё мастацтва хлопцы i дзяўчаты, зразумела, бясплатна. Запрашаюць на сваё «шоу» сяброў i знаёмых, а тыя сваiх... «А цi былi ў вас праблемы з пажарнай службай?» — цiкаўлюся я. Успамiнаюць, што ў прынцыпе не, бо заўсёды выбiраюць для трэнiровак i «выступленняў» вельмi бяспечныя месцы пад адкрытым небам. Толькi аднойчы, калi паказвалi шоу на беразе Заходняй Дзвiны, дарэчы, падчас апошняга мiжнароднага фестывалю «Славянскi базар у Вiцебску» мiлiцыянеры, якiя сачылi за парадкам на вулiцах, запыталi: «А што вы тут робiце такое?». Але ж, калi даведалiся аб незвычайным хобi, толькi прыемна здзiвiлiся. Цяпер энтузiясты могуць дэманстраваць сваё мастацтва i ў памяшканнi. Разам з вядомым клубам гiстарычнай рэканструкцыi займаюцца ў культурна-дзелавым цэнтры «Вiцебск». Самастойна зрабiлi неон, якi заменiць iм вогненныя «шары». Каб больш даведацца аб айканары, шукаюць адпаведную iнфармацыю праз IНТЭРНЭТ. Што датычыцца траўм i апёкаў, то куды ж без iх! Але ж усё гэта маладых вiцябчан не палохае. Як i расцяжкi, мазалi. Затое яны могуць рабiць такi прыгожы вогненны цуд. Прыемна, што паважаюць родную мову i добра размаўляюць на ёй. Мiж iншым, паабяцалi, што ў наступным годзе, калi «Звязда» будзе святкаваць свой юбiлей, абавязкова ў дзень нараджэння нашай газеты прадэманструюць наш сiмвал — калядную вогненную «звязду», каб яна ахоўвала ад усiх цяжкасцяў журналiстаў i чытачоў. Няхай так i будзе!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У маладых вiцебскiх энтузiястаў вельмi незвычайнае i рэдкае хобi — яны могуць кiраваць «вострым полымем». Гэтае старажытнае мастацтва налiчвае тысячаг
|
|