«Еўрабачанне» ў палосачку
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Тэма з праблемай Белтэлерадыёкампанiя арганiзавала для журналiстаў эксклюзiўную прэс-канферэнцыю з пераможцам Нацыянальнага дзiцячага конкурсу «Песня для Еўрабачання» Андрэем Кунцом. Але размова, насуперак чаканням, атрымалася не аптымiстычна-перспектыўнай, а няроўнай: 10-гадовы хлопчык шчыра расказваў пра свае планы i пачуццi, а дарослыя кiраўнiкi звярталiся да праблемных «каляконкурсных» момантаў...НАШ ЧАЛАВЕК У РУМЫНII (СВЕТЛАЯ ПАЛАСА) Андрэй Кунец — мазыранiн, выхаванец усё той жа эстраднай студыi «ЮМЭ’с», якая трэцi год запар спраўна пастаўляе сваiх выхаванцаў для дзiцячага «Еўрабачання». Спявае з ранняга дзяцiнства — паводле слоў мамы, музыка ў доме гучала заўжды, да таго ж «машынкi яго не цiкавiлi, i бабулi, каб хоць нечым заняць дзiця, прыносiлi Андрэю дзiцячыя музычныя iнструменты». Спачатку займаўся ў мазырскiм Доме творчасцi, потым перайшоў у студыю да Святланы Стацэнка, i амаль адразу пачаў паказваць добрыя вынiкi. Вучыцца добра, нiжэй «сямёркi» не прыносiць, любiць рускую лiтаратуру, новы школьны прадмет «Сусвет» i, зразумела, спевы. «Што б я нi рабiў, я спяваю цэлымi днямi, паўсюль i заўжды» — з дзiцячай непасрэднасцю прызнаецца хлопчык. Дарэчы, апошнiм часам з вучобай яму цяжкавата — даводзiцца займацца з настаўнiкамi па вечарах, калi ёсць хоць нейкi вольны час. Чым большыя абароты набярэ падрыхтоўка да конкурсу, якi пройдзе 2 снежня ў Румынii, тым менш часу застанецца на школу. Але Андрэй папрасiў нас перадаць яго настаўнiкам урачыстае абяцанне, што ён нi ў якiм выпадку не адстане ад аднакласнiкаў. Пасля трыумфальнай перамогi Ксюшы Сiтнiк ехаць на конкурс, натуральна, складана — але Андрэю, дзякаваць Богу, нiхто не даўмеўся ўнушыць пра «перамогу любой цаной», i ён проста збiраецца выступiць як мага лепей: «Я не думаў нават, што прайду адборачны тур, а ўсё ж перамог. I на «Еўрабачанне» цяпер паеду з радасцю». Пра гэта ж гаворыць яго педагог, мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва iмя У. Мулявiна Святлана Стацэнка. «Я ўвогуле лiчу, што дзяўчат i хлопчыкаў трэба рыхтаваць да «Еўрабачання» зусiм па-рознаму, i гэта прынцыпова. Мы не зможам нарабiць Андрэю хвосцiкаў, якiя былi ў Сiтнiк, i ўвогуле не будзем рабiць шоу. Акцэнт паставiм, па-першае, на Андрэевым вакале, а ён дастаткова моцны, па-другое, на яго энергетыцы. Яму трэба раскачацца, каб «завесцiся», i потым ужо ўлюбiць у сябе залу. Пастараемся выступiць вельмi годна», — паведамiла Святлана Адамаўна. УШАНАВАЛI, ДЫЙ ГОДЗЕ? (ЦЁМНАЯ ПАЛАСА) У мiнулагодняй нашай трыумфатаркi Ксюшы Сiтнiк хутка, напрыканцы кастрычнiка—пачатку лiстапада, выйдзе ўласны альбом сучасных дзiцячых песень. Не сумняваюся, што дзiцячыя эстрадныя гурткi, студыi, музычныя школы разбяруць яго да апошняй адзiнкi. Але... Для радыё гэты рэпертуар — нефарматны. Гэтаксама, як i песня «Пад хатнiм арыштам» 14-гадовай Юлi Варабей, удзельнiцы сёлетняга адбору на дзiцячае «Еўрабачанне». Песнi, нават прыгожа выкананыя i прафесiйна аранжыраваныя, няма куды падзець. Ну i што, што дзецям падабаецца! Палiтыку FM-станцый дыктуюць дарослыя, а ў iх зусiм iншыя iнтарэсы... «Няўжо нельга калi не адкрыць дзiцячае радыё, то хоць бы рабiць спецыялiзаваныя дзiцячыя блокi?!» — абураецца Святлана Стацэнка (для параўнання: песня i клiп iспанкi Марыi Iсабель, якая перамагла на «Еўрабачаннi» да Ксюшы Сiтнiк, дагэтуль знаходзяцца ў ратацыi айчынных i нават мiжнародных радыё- i тэлеканалаў). Можна паглядзець на праблему яшчэ шырэй. Калi няма куды падзець адну, дзве, нават дзесяць песень — гэта крыўдна, але не смяротна. А калi няма куды падзець... дзяцей? Падлiчым: удзельнiца «Еўрабачання-2003» Вольга Сацюк працуе на тэлебачаннi вядучай некалькiх праграм, але нешта даўно нiхто не чуў яе спеваў. Ягор Ваўчок, наступны наш прадстаўнiк, знаходзiцца ў тым узросце, калi голас падлетка муцiруе i мяняецца да непазнавальнасцi — i хлопчык увогуле знiк з тэлевiзiйна-музычных даляглядаў. Дый нават у Ксюшы Сiтнiк на пiку «зорнай» славы былi па 6 сустрэч ды выступленняў на дзень, а зараз — даўно вы яе бачылi? Спадзяюся, што Андрэй Кунец, якi лiтаральна ўчора павiнен быў сустрэцца з Палiнай Смолавай, каб запiсаць сумесную песню, не згубiцца гэткiм жа чынам, незалежна ад занятага на «Еўрабачаннi» месца. Бо на гэтым конкурсе жыццё i кар’ера не завяршаюцца, а можа, толькi пачынаюцца. З таленавiтымi дзецьмi трэба працягваць працаваць — штодня, а не толькi раз на год... ДЗЕЦI СПЯВАЮЦЬ АД ДУШЫ (СВЕТЛАЯ ПАЛАСА) Кампазiцыю «Новы дзень» Андрэй напiсаў самастойна, хоць i тэкст, i музыку яму пазней, зразумела, «пачысцiлi» дарослыя прафесiяналы (напрыклад, сучасную аранжыроўку зрабiў Вiктар Пшанiчны). Асабiста я не перастаю здзiўляцца гэтым таленавiтым мазырскiм дзецям. Разумныя не па гадах, адкрытыя, гаваркiя, шчырыя... Ну як вам, напрыклад, радкi: Рождается новый день, И мудрое утро Широко распахнет этот мир для любви и добра... Песня «Новый день», паводле слоў Андрэя, нагадвае яму пра летнюю ранiцу, пра тое, як добра прачынацца з цудоўным настроем. Ну i правiльна, якiя яшчэ праблемы павiнны хваляваць дзiця ў 10 гадоў. ДЛЯ ЮНЫХ АРТЫСТАЎ НЯМА РЭПЕРТУАРУ! (ЦЁМНАЯ ПАЛАСА) А вось дарослыя хвалююцца. Перажываюць, каб дзецям было пра што спяваць. I я iх добра разумею. Скажам, мы з сяброўкамi любiм час ад часу а капэльна выканаць штосьцi дзiцячае, накшталт «33 каровы». Але ж нам значна блiжэй да 30, чым да 10 гадоў... У сучасных дзяцей iншыя прыярытэты i героi. «Чунга-Чанга» састарэла, а чагосьцi новага не з’явiлася. Не пра Шрэка ж iм спяваць, насамрэч! З iншага боку, няма нiчога больш ненатуральнага, чым густа нафарбаваная маленькая лялька, якая з iмпэтам выконвае Сярдзючку: «Даже если вам немного за тридцать...». «Вельмi хочацца спытаць у нашых паэтаў i кампазiтараў, чаму яны зараз так мала пiшуць песень для дзяцей», — здзiўляецца Святлана Стацэнка. Нам застаецца толькi далучыцца да гэтага здзiўлення. У МАЗЫРЫ ЎМЕЮЦЬ ПРАЦАВАЦЬ (СВЕТЛАЯ ПАЛАСА) Чым можна растлумачыць «мазырскi феномен»? Як мяркуе старшыня журы нацыянальнага адбору, кампазiтар Васiль Раiнчык, «Бог не ўсiм дае роўна». «Адзiн час усё iшло з Магiлёва: Iна Афанасьева, Iрына Дарафеева, тая ж Наташа Падольская. Зараз чарга Мазыра. Вiдаць, справа ў тым, што Святлана Адамаўна ставiцца да сваiх вучняў не як да дзяцей — талент не мае ўзросту, — а як да артыстаў, будучых прафесiяналаў, — разважае прафесар. — Думаю, астатнiм рэгiёнам трэба зрабiць высновы, як працаваць. А наконт адбору магу засведчыць адно: нiколi не адыгрываў ролi геаграфiчны прынцып, крытэрый адбору заўжды быў толькi адзiн — талент». РЫХТАВАЦЦА ТРЭБА ЗАГАДЗЯ! (ЦЁМНАЯ ПАЛАСА) Ну добра, у Мазыры педагогi такiя адказныя. А што астатнiя? Астатнiя спадзяюцца на «а раптам»: як расказала выканаўчы прадзюсар БТРК Людмiла Барадзiна, на 9 гадзiн ранiцы 7 верасня ў Белтэлерадыёкампанiю прыйшло ўсяго 16 заявак жадаючых паўдзельнiчаць у адборы на «Еўрабачанне», а на 8 верасня (апошнi дзень прыёму) — 42 заяўкi. «Навошта цягнуць да апошняга i пачынаць падрыхтоўку за месяц да сканчэння тэрмiну падачы заявак? — задаецца рытарычным пытаннем Людмiла Афанасьеўна. — Рыхтавацца трэба загадзя. Да «Еўрабачання-2007» можна пачынаць ужо зараз. Тады i вынiк будзе зусiм iншы, i наступны адборачны конкурс мы зможам абвясцiць ужо вясной». (Для параўнання: у Расii аналагiчны адбор скончыўся ў чэрвенi, колькасць заявак вымяралася сотнямi, а прадстаўнiкамi краiны ў вынiку сталi сёстры-блiзняты). НЕ СПАБОРНIЦТВА, А СУПРАЦОЎНIЦТВА Зрэшты, усё, хопiць пра недахопы i недапрацоўкi. Няхай iх выпраўленнем займаюцца тыя, хто непасрэдна абавязаны гэта рабiць. А мы прыгадаем выдатны прынцып арганiзатараў дзiцячага «Еўрабачання»: галоўнае ў конкурсе — камандны дух, а не момант спаборнiцтва. I будзем шчыра перажываць за беларускага хлопчыка, кволага, але з моцным i прыгожым голасам, — за НАШАГА! * * * Андрэя Кунца галоўнае выпрабаванне чакае толькi 2 снежня. Але падрыхтоўка да конкурсу ўжо iдзе поўным ходам. Рэпецiруе свой нумар у стылi хiп-хоп падтанцоўка, шые касцюмы мазырскi мадэльер Валянцiна Булаўка. 16 кастрычнiка адбудзецца сесiя кiраўнiкоў дэлегацый краiн — удзельнiц дзiцячага «Еўрабачання-2006». Беларускай дэлегацыi трэба будзе прадставiць фанаграмы «плюс» i «мiнус», вiдэазапiсы (агульны план i канцэртнае выступленне), бiяграфiю выканаўцы i тэкст песнi на англiйскай мове, а таксама шэраг iншых неабходных дакументаў. Прыкладна ў гэты ж час пройдзе жараб’ёўка канкурсантаў. Дарэчы, сёлета правiлы дзiцячага «Еўрабачання» — магчыма, пад уплывам дарослага — крыху змянiлiся. Так, прапiсана, што пасля нацыянальнага адбору нi песня, нi ўдзельнiк не мяняюцца. Акрамя таго, кантралююцца ўсе формы кантактаў з прэсай, каб юным артыстам нiхто i нiшто не псавала настрой. Бацькам удзельнiкаў не дазваляецца прысутнiчаць на рэпетыцыях i тым больш выходзiць на сцэну. Дзецi павiнны быць апранутыя па-дзiцячаму, без дарослых элементаў у касцюме, i цалкам (нiякiх голых жыватоў, супермiнi i г.д.). З пачатку конкурсу i на працягу года пасля яго нельга празмерна выкарыстоўваць маленькага выканаўцу ў камерцыйных мэтах (рэклама, вялiкiя канцэртныя праграмы i iнш.).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Белтэлерадыёкампанiя арганiзавала для журналiстаў эксклюзiўную прэс-канферэнцыю з пераможцам Нацыянальнага дзiцячага конкурсу «Песня для Еўрабачання» |
|