«Нi хваста вам, нi лускi!»
Сяргей РАСОЛЬКА
Рэпартаж з гумарам з выстаўкi, прысвечанай захапленню самых праўдзiвых людзей краiны — паляўнiчых i рыбаловаў
«Во дзе трэба рыбу лавiць!» — аж млеюць ад захаплення i зайздрасцi адначасова мужыкi, назiраючы ў двух велiзарных акварыумах ладных шчупакоў, карпаў, карасёў, вялiкiх таўсталобiкаў i сома, невялiкую, у параўнаннi з гэтымi гiгантамi, сцерлядзь — усяго больш за дзесяць вiдаў жывых рыб. Гэтыя шырокафарматныя «экраны з вадой» прама насупраць уваходу на спецыялiзаваную выстаўку «Паляванне i рыбалоўства. Восень-2006» устанавiла разам з iншымi ўзорамi сваёй прадукцыi ААТ «Доследны рыбгас «Сялец» Бярозаўскага раёна. Побач з выставачным павiльёнам усе жадаючыя сапраўды могуць набыць жывую рыбу гэтага ж рыбгаса — карпа i таўсталобiка прыкладна па 4,5 тысячы рублёў за кiлаграм. А заўзятыя рыбаловы-аматары, аплацiўшы пакупку, могуць нават папрасiць прадаўца перакiнуць iм рыбiну праз прылавак. Навошта? Каб потым дома на законных падставах заявiць хатнiм, што сам, уласнымi рукамi злавiў яе. Жартую, вядома. Хоць, па праўдзе, якая рыбалка цi паляванне без своеасаблiвага гумару, якi недасведчаны чалавек можа часам i не зразумець?! ...«Што нельга рабiць падчас рыбалкi? — нясецца з дынамiкаў чарговае пытанне ад арганiзатараў конкурсаў i вiктарын для наведвальнiкаў. — Лiчыць у садку рыбу! Бо як палiчыце, лiчы, прапала, нiчога больш не зловiш». Адбыўшы чарговы конкурс, наведвальнiкi iмгненна разбрыдаюцца па ўласных iнтарэсах: спiнiнгiсты — да ўпадабаных катушак i блешняў, аматары падводнага палявання — да падводных ружжаў i гiдракасцюмаў. Цiкавяцца навiнкамi, кансультуюцца з прадстаўнiкамi фiрмаў па вытворчасцi прынад. Пералiчваць нейкiя цэны, думаю, бессэнсоўна — настолькi вялiкi выбар прадукцыi тут прадстаўлены. Пачынаю шукаць нешта адметнае i лiтаральна адразу бачу велiзарнае чучала сазана, побач — шчупака, акунька. Да вырабаў таксiдэрмiстаў — чучалаў ваўкоў, лiсаў, дзiкоў i г.д. (яны таксама шырока прадстаўлены ў экспазiцыях) большасць з нас ужо неяк прызвычаiліся. А рыбы — справа не такая распаўсюджаная, хоць навiнкай яе назваць нельга. I тым не менш людзi цiкавяцца менавiта чучаламi рыб. — Ведаеце, лiтаральна ўчора злавiў шчупака, — пачынаю я здалёк (ну якi рыбалоў не любiць крыху зманiць, а ўжо журналiсту, якi здабывае iнфармацыю для чытачоў, спадзяюся, такi грэх можна дараваць цалкам). — На цэлых пяць кiлаграмаў (я ж не сказаў — дзесяць!). I мне так спадабалiся вашы ўзоры рыбалоўных трафеяў, што я вырашыў зрабiць са шчупака чучала i паставiць яго на вечную памяць у сваiм хатнiм кабiнеце. Колькi гэта будзе каштаваць? Менеджар, на жаль, адразу не змог даць канкрэтнага адказу, але пасля выстаўкi я ўсё ж дабiўся свайго. Каштаваць такое задавальненне (для вагi ў пяць кiлаграмаў) будзе 120—140 умоўных адзiнак. Свежую рыбу трэба весцi таксiдэрмiстам на працягу дня пасля здабычы трафея, калi выпусцiць вантробы i пакласцi ў маразiлку — хоць праз год. ...«Хто ведае, што трэба дадаць у кацёл, каб атрымалася сапраўдная юшка? — зноў нясецца з дынамiкаў. — Правiльна, гарэлку!» Для тых, хто не ведае, пацвярджаю — гэта сапраўды ёсць у адным з рэцэптаў прыгатавання юшкi. Менавiта гарэлка дазваляе ператварыць звычайны рыбны суп у цудоўную юшку (а гэта ўжо анекдот). Вялiкай цiкавасцю карысталiся i экспазiцыi для паляўнiчых. Тыя ж чучалы звяроў, птушак, пано з iх выкарыстаннем (сапраўдныя творы мастацтва, на мой погляд), актыўна здымалi i на лiчбавыя фотаапараты, i на камеры мабiльных тэлефонаў. Тут жа можна было набыць i медальёны пад таксiдэрмiчныя вырабы — ад 17 тысяч рублёў за самы просты да 320 тысяч за адмысловы, са штучнай невялiкай галавой дзiка. Паляўнiчыя з iнтарэсам вывучалi прапановы па арганiзацыi тураў як асобных лясгасаў, так i нацыянальных паркаў, запаведнiкаў i заказнiкаў. Скарыстацца гэтымi паслугамi могуць не толькi «людзi з ружжом», але i звычайныя аматары актыўнага адпачынку, турысты. Згодна з Правiламi вядзення паляўнiчай гаспадаркi i палявання, падчас асенне-зiмовага сезона палявання да 15 снежня дазволена здабыча лася, высакароднага аленя, дзiка, казулi. Дазваляецца паляваць на жывёлу любогу полу i ўзросту, акрамя свiнаматак — важакоў статка, загонам i з сабакамi ў светлы час сутак i з засады з вышак, з падыходаў на працягу сутак. Да апошняй нядзелi лiстапада ў светлы час сутак дазваляецца паляванне на птушку любогу полу i ўзросту — вадаплаўную i балотную, перапёлку, вальдшнэпа, шэрую курапатку i пералётнага гуся, на рабчыка — да апошняй нядзелi кастрычнiка. Згодна з пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь № 466, зацверджаны мiнiмальныя гранiчныя цэны за выдачу паляўнiчых пуцёвак, разавых дазволаў на здабычу паляўнiчай жывёлы i паляўнiчых пуцёвак да iх. У прыватнасцi, мiнiмальная гранiчная цана паляўнiчай пуцёўкi на адзiн дзень палявання складае 5 тысяч рублёў, на адзiн сезон палявання — 50 тысяч рублёў. За разавыя дазволы на здабычу паляўнiчай жывёлы давядзецца заплацiць наступны мiнiмум — за лася: сяголетка — 240 тысяч рублёў, дарослага — 450 тысяч, трафейнага самца — 530 тысяч рублёў. За высакароднага аленя, адпаведна, 130, 320 i 450 тысяч рублёў. Разавы дазвол на здабычу сяголетка дзiка ўстаноўлены ў памеры 55 тысяч, маладняку да двух гадоў — 120 тысяч, дарослага i трафейнага дзiка — адпаведна 190 i 230 тысяч рублёў. За здабычу еўрапейскай казулi давядзецца заплацiць мiнiмум 50 тысяч, а за трафейнага самца — 130 тысяч рублёў. Глушэц абыдзецца беларускаму паляўнiчаму ў 100 тысяч рублёў, цецярук — у 30 тысяч. Акрамя таго, кошт паляўнiчых пуцёвак да разавых дазволаў на здабычу паляўнiчай жывёлы (з кожнага паляўнiчага) складзе: на ўсе вiды капытнай жывёлы, глушца, цецерука — 5 тысяч рублёў. Выстаўку, якая будзе праходзiць у выставачным павiльёне «Белэкспа» па вулiцы Я. Купалы, 27 у Мiнску да 15 кастрычнiка, на мой погляд, варта наведаць усёй сям’ёй. Нават калi ў ёй няма нi паляўнiчых, нi рыбаловаў (хоць у апошнiм выпадку ў гэта верыцца з цяжкасцю — любы хоць бы аднойчы трымаў вуду ў руках, а, значыць, ужо рыбалоў-аматар). Паверце, выдаткаваныя грошы на бiлеты акупяцца. Тут можна падпiсацца на шэраг выданняў, асабiста я набыў карту аднаго з раёнаў Беларусi. Вам абавязкова прыйдуцца даспадобы шматлiкiя сувенiры, якiя вы наўрад цi зможаце знайсцi ў iншых магазiнах. Напрыклад, вялiкую свечку ў выглядзе... пянька (вельмi натуральнага, дарэчы) коштам 12—15 тысяч рублёў. А як вам набор турыста «Адважны» за 29 тысяч рублёў. Калi ў вашых сяброў-знаёмых з пачуццём гумару ўсё ў парадку, ён iм спадабаецца абавязкова. У набор уваходзяць: рулон камуфляжнай туалетнай паперы, воданепранiкальны чахол для рулона туалетнай паперы, свiсток з надпiсам «Свiшчы — сам ведаеш калi», i корак (прабачце за цытату!) «I не такi панос спынялi». З больш дарагiх i шыкоўных сувенiраў — фуражка для «марскога (або рачнога) ваўка»: з натуральнай скуры, белы колер (Астап Бендэр зайздросцiць), але за 360 тысяч рублёў. Але калi ў вас ужо ёсць яхта цi катэр (калi што, ля ўваходу на выстаўку стаiць узор), пагадзiцеся, для поўнага шчасця можна аддаць i такiя грошы...
Рыбгасы Брэсцкай вобласцi: «Локтышы» (Ганцавiцкi раён), «Навасёлкi» (Драгiчынскi раён), «Палессе» (Пiнскi раён), «Сялей» (Бярозаўскi раён), «Лахва» (Лунiнецкi раён), «Сакалова» (Жабiнкаўскi раён). Рыбгасы Вiцебскай вобласцi: «Новалукомскi» (Чашнiцкi раён), «Навiнкi» (Пастаўскi раён). Рыбгасы Гомельскай вобласцi: «Белае» i «Красная Зорька» (Жыткавiцкi раён). Рыбгас Гродзенскай вобласцi: «Солы» (Смаргонскi раён). Рыбгасы Мiнскай вобласцi: «Волма» (Чэрвеньскi раён), «Чырвоная Слабада» (Салiгорскi раён), «Любань» (г. Любань), «Альба» (г. Нясвiж), «Грыцэва» (Маладзечанскi раён), «Свiслач» (Асiповiцкi раён).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэпартаж з гумарам з выстаўкi, прысвечанай захапленню самых праўдзiвых людзей краiны — паляўнiчых i рыбаловаў
|
|