«Поля цудаў» не будзе. Будзе «Простая гульня»
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Тэлесеткi Сёння ў вячэрнiм эфiры канала «ЛАД» пачынаецца новае гульнявое шоу «Простая гульня». Каб удзельнiчаць у ёй, дастаткова ўсяго толькi мець стацыянарны тэлефон i крыху памятаць школьную праграму, а вынiкi магчымыя самыя прыемныя.Алгарытм дзеяння, як i сведчыць назва, просты. Жадаючыя згуляць з фартунай набiраюць нумар шматканальнага кругласутачнага тэлефона 8-902-101-11-22 (улiчыце, што званок платны: 1600 рублёў). Усе тэлефоны — а на дадзены момант iх набралася некалькi соцень тысяч — аўтаматычна заносяцца ў базу даных. На гэтым этапе нi ад вас, нi ад вядучага — вядомага гумарыста Яўгена Крыжаноўскага — нiчога не залежыць, бо нумары для кожнай гульнi вызначае камп’ютар. Набраўшы выпадкова выбраны нумар, вядучы задае iграку тры простыя пытаннi са школьнай праграмы — дапусцiм, па лiтаратуры, цi бiялогii, цi матэматыцы... Адказаўшы правiльна, удзельнiк атрымлiвае першы прыз. За другую i трэцюю, больш складаныя тройкi пытанняў, i прызы прадугледжаны больш важкiя. Што можна выйграць? Электрачайнiк, прас, СВЧ-печ, тэлевiзар, мабiльнiк... Напрыканцы гульнi ўдзельнiку прапануецца адказаць на «Пытанне на засыпку» i выйграць галоўны прыз. Калi адказ няправiльны, iгрок губляе ўвесь выйгрыш. «Простая гульня» будзе iсцi тройчы на тыдзень: па аўторках, серадах i чацвяргах. Дарэчы, заўважыць яе ў эфiры будзе таксама проста: спецыяльна для праграмы Леанiд Шырын i Андрэй Касцюгаў напiсалi песню, якую выканае сам вядучы. Такiм чынам у абодвух «Лато», здаецца, з’явiўся сур’ёзны канкурэнт... Яўген КРЫЖАНОЎСКI: «АДЧУВАЮ СЯБЕ ДЗЕДАМ МАРОЗАМ!» Каб даведацца, што да чаго, мы звярнулiся непасрэдна да вядучага: — Яўген Анатольевiч, усе прызвычаiлiся ад «хрыстафораўцаў» чакаць падколак. «Простая гульня» — гэта ўсё ж сур’ёзная праграма цi розыгрыш? — Спачатку я думаў, што розыгрыш, калi мяне запрасiлi на кастынг. А зараз магу сказаць, што тыя, хто возьме ўдзел у «Простай гульнi», нiколькi не пашкадуюць, а наадварот. Бо за простыя адказы на простыя пытаннi атрымаюць такiя прызы... Мяне проста жаба душыць на гэты конт, бо сам я не маю права ўдзелу ў гульнi. Хачу сказаць, што ў адрозненне ад iнтэлектуальных праграм кшталту «Што? Дзе? Калi?» i «Сваёй гульнi», гэта насамрэч вiктарына для простых, звычайных людзей. — Раздаваць налева i направа прызы за простыя адказы... Цi не адчуваеце вы сябе гэткiм беларускiм Леанiдам Якубовiчам? — Я адчуваю сябе Дзедам Марозам, i зараз дакладна ведаю, што ён перажывае, калi разносiць падарункi. Гэта вельмi прыемна — дарыць людзям радасць. I хоць выбар тэлефонаў i пытанняў залежыць не ад мяне, затое я магу выбiраць, якi менавiта прыз уручыць чалавеку, скажам, чайнiк або прас. — А як вас занесла ў лiк спяваючых персанажаў? Можа, ужо i ўласны альбом на падыходзе? — У мяне ж музычная адукацыя па класу вакала, тым больш, сучасныя тэхналогii дазваляюць зрабiць спевака з каго заўгодна. Запiсаная для праграмы песня ўжо ляжыць на радыёстанцыях, i прафесiяналы мяркуюць, што яна можа стаць хiтом. Альбома пакуль няма, але — чым чорт не жартуе? — можа, на старасцi гадоў я i стану Шарлем Азнавурам...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў вячэрнiм эфiры канала «ЛАД» пачынаецца новае гульнявое шоу «Простая гульня». Каб удзельнiчаць у ёй, дастаткова ўсяго толькi мець стацыянарны т |
|