Таiнства ўсынаўлення
Адна з апошнiх «Прамых лiнiй» на Беларускiм радыё (кожная серада, 9.10 ранiцы), у якой брала ўдзел газета «Звязда», была прысвечана пытанням усынаўлення. Па сутнасцi, размову гэту можна падзялiць на дзве часткi — «афiцыйную», дзе Наталля ПАСПЕЛАВА, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення, расказвала пра маральна-прававы бок усынаўлення, i «душэўную» — кранальны аповед МАМЫ Танi, жанчыны, якая амаль тры гады таму ўсынавiла хлопчыка.
Частка I. Усынаўляць сталi менш На пачатку праграмы вядучы Максiм УГЛЯНIЦА заўважыў, што адна са станоўчых тэндэнцый апошнiх гадоў — скарачэнне колькасцi дзяцей-сiрот у Беларусi. Так, летась, у параўнаннi з 1998 годам, iх стала менш на 16 працэнтаў. Аднак Наталля Паспелава папярэдзiла, што радавацца нам тут яшчэ занадта рана: — На жаль, вялiкага прарыву мы не адзначаем. Калi ў 2004 годзе грамадзяне нашай краiны ўсынавiлi 365 дзяцей, то за 2005 год — толькi на тры дзiцяцi больш. Пра 2006 год, мяркуючы па дзевяцi месяцах, магу сказаць, што колькасць дзетак, якiя перадаюцца ў сем’i, змяншаецца. — Якiя, на ваш погляд, гэтаму прычыны? — Прычын некалькi. Перш за ўсё, усынаўленне — працэс сацыяльны. Ён залежыць ад пазiтыўнага грамадскага меркавання. Ад бацькоўскай падрыхтаванасцi да таго, каб прыняць дзiця ў сям’ю. Дзецi патрабуюць вельмi вялiкай увагi, душэўных, часавых i, безумоўна, матэрыяльных выдаткаў. Таму сёння грамадства адкладае бацькоўства на потым. Спярша — адукацыя, кар’ера. Гэта важна. Але быць бацькамi трэба i трэба быць бацькамi своечасова. Бо, напэўна, у дзецях — сэнс чалавечага жыцця, а не ў службовай пасадзе цi ўзнагародах. Самае галоўнае — гэта стаць мацi i татам. Нядаўна ўзнiкла яшчэ адна прычына, з-за якой беларусы не спяшаюцца ўсынавiць дзiця. Я кажу пра змены ў Кодэксе аб шлюбе i сям’i, якiя датычацца магчымасцi сурагатнага мацярынства. Яны спынiлi людзей, якiя прыйшлi да рашэння аб усынаўленнi. Я разумею, што любая магчымасць мець дзiця — вялiкае шчасце. Але бiялагiчнае бацькоўства i бацькоўства праз усынаўленне — гэта два Богам дадзеныя сямейныя iнстытуты. Пра ўсынаўленне сказана ў Бiблii. Усынаўленне ўшанавана ў гiсторыi, фiласофii, мастацкай лiтаратуры. Мабыць, калi ў сям’i няма дзiцяцi, то не трэба выпрабоўваць лёс? Паглядзiце вакол i вы ўбачыце: ёсць дзецi, якiя чакаюць бацькоў! — Iснуе меркаванне, што пра ўсынаўленне варта задумвацца толькi тым, у каго няма сваiх дзяцей... — Гэта мiф. Спецыялiсты лiчаць, што найбольш паспяховыя бацькi — гэта тыя, якiя шчыра любяць дзяцей i матывам свайго бацькоўства лiчаць жаданне дапамагчы дзiцяцi. У якой сям’i ўзнiк такi матыў — у сям’i, якая мае ўласных дзяцей, цi ў сям’i, дзе няма дзетак, — у прынцыпе, не важна. Колькасць людзей, якiя маюць дзяцей i прыходзяць да нас, каб усынавiць каго-небудзь, павялiчваецца. — Якiх дзяцей усынаўляюць часцей за ўсё? — Група, якую найбольш выбiраюць беларусы для ўсынаўлення, — малыя да трох гадоў, найбольш здаровыя. Усынаўленне дзяцей старэй за 7—10 гадоў — вельмi рэдкае. За 2005 год такое было толькi адно, сёлета — пакуль нiводнага. — Ёсць людзi, якiя жадалi б узяць дзяцей, але не дазваляе жыллёвая плошча. Што рабiць? — Нi Цэнтр усынаўлення, нi органы апекi i папячыцельства, нi суд яшчэ нi разу не адмовiлi ва ўсынаўленнi з-за складаных жыллёвых умоў усынавiцеляў. Можна быць шчаслiвым i ў аднапакаёвай кватэры. А метры прыкладуцца. Цесната — не нагода, каб пазбаўляць сябе радасцi мацярынства. Не важна, што жылплошчы не хапае, галоўнае, каб яна была. Калi з’явiцца дзiця, то i кватэрнае пытанне будзе вырашацца па-iншаму. — Цi iснуюць выпадкi ўсынаўлення з карыслiвымi мэтамi? — Да ўсынаўлення нiхто не падыходзiць з карыслiвасцю. Я кажу гэта з поўнай адказнасцю. Бацькоўства — настолькi складаная праца, што нават калi рашэнне i было не зусiм саспелае, легкадумнае, то падчас супрацоўнiцтва з Цэнтрам яно пераглядаецца. Для гэтага i працуюць нашы спецыялiсты: перабудаваць матыў з мэты бацькоўскай на мэту дзiцячую. «Ты можаш дапамагчы дзiцяцi — дапамажы яму» — вось гэта самы галоўны матыў. Для гэтага iснуе псiхалагiчная дыягностыка кандыдатаў ва ўсынавiцелi, навучанне iх па праграмах, якiя зацверджаны Мiнiстэрствам адукацыi. Гэта ўсё вельмi тонкi, далiкатны, важны момант ва ўсынаўленнi. — Наталля Станiславаўна, раскажыце, куды трэба звяртацца людзям, якiя вырашылi ўсынавiць дзiця? — Спачатку трэба сабраць дакументы: медыцынскае заключэнне аб стане здароўя, даведку аб складзе сям’i i жылплошчы i даведку аб даходах. Гэта тры асноўныя паперы. Калi вы яшчэ толькi раздумваеце i не пачалi збiраць дакументы, але жадаеце паглядзець на дзетак, то скарыстайцеся Днямi адчыненых дзвярэй, якiя сёння сталi традыцыйнымi ў iнтэрнатных установах. На Днi адчыненых дзвярэй запрашаюцца кандыдаты ва ўсынавiцелi, у прыёмныя бацькi, спонсары — усе, хто пажадае. Дзецi ладзяць канцэрт, частуюць гасцей за салодкiм столом. Вы зможаце i на дзетак паглядзець, i ўбачыць, у якiх яны жывуць умовах. Гэта датычыцца дашкольных устаноў, адкуль часта ўсынаўляюць малых 3—4 гадоў. Установы аховы здароўя, дзе знаходзяцца дзеткi да трох гадоў, — закрытага тыпу. Там Дзён адчыненых двярэй не бывае. Да банка даных, дзе знаходзiцца iнфармацыя пра ўсiх дзетак, якiх можна ўсынавiць, мы, згодна з законам, маем права дапускаць толькi тых, хто прайшоў этап збору дакументаў, псiхалагiчную дыягностыку i навучанне. Чаму? Каб менш траўмiраваць кандыдатаў ва ўсынавiцелi, калi акажацца, што яны па стану здароўя цi па iншых прычынах не могуць усынавiць дзiця. Каб адмова была не такой балючай. — Патлумачце больш падрабязна: хто не можа прэтэндаваць на ўсынаўленне? — Хранiчныя алкаголiкi, наркаманы, хворыя на венерычныя хваробы, на актыўную форму сухотаў, асобы, якiя пакутуюць на псiхiчныя адхiленнi, iнвалiды I i II груп... Пералiк хвароб, наяўнасць якiх не дазваляе ўсынавiць дзiця, складзены Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь. З iм можна пазнаёмiцца на стэндах у аддзелах адукацыi райвыканкамаў, у Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення, i праз iнфармацыйна-прававы партал IНТЭРНЭТА. Прававой падставай адмовы можа стаць наяўнасць судзiмасцi за наўмыснае злачынства на момант падачы заяўлення на ўсынаўленне. Таксама — адсутнасць дастатковага даходу. Хоць вось у гэтым выпадку суд бывае нястрогi. Напрыклад, калi людзi маюць невялiкi даход, але жывуць у вёсцы i маюць уласную гаспадарку, то, калi ласка. У нас ёсць выпадак усынаўлення трох дзяцей у такую сям’ю. I што цiкава. Сям’я захоўвае тайну ўсынаўлення i ўся вёска адзначае, што дзецi падобныя адзiн на аднаго i... на бацькоў! Дарэчы, гэтае падабенства ўсыноўленых дзяцей на бацькоў нас самiх не перастае здзiўляць. Гэта немагчыма патлумачыць нiчым рацыянальным. Калi мы бачым гэтыя сем’i, то лепш за ўсё разумеем, што з’яўляемся праваднiкамi нейкай вышэйшай iдэi. Настолькi гэта ўражвае. Нават там, дзе муж — пякучы брунет, а жонка — бландзiнка, знаходзiцца дзiця, якое сумяшчае ў сябе i рысы таты, i рысы мацi. Праз паўгода — гэта гарантавана — усе дзецi робяцца падобнымi на сваiх усынавiцеляў. — Так адбываецца выпадкова? — Тут няма выпадковасцi. Тут ёсць нейкая недасягальная для нас, людзей свецкiх, заканамернасць. Напэўна, таму што ўсынаўленне падпарадкоўваецца законам духоўным. Гэтак жа, як i зачацце, як выношванне, як з’яўленне дзiцяцi на свет. Ва ўсiм гэтым таксама шмат для нас незразумелага, таямнiчага, далiкатнага. Напэўна, таму што, сапраўды, дзецi прыходзяць да нас з нябёс — i так званыя «бiялагiчныя», i ўсыноўленыя. — Цi можна ўсынавiць дзiця, калi здымаеш прыватную кватэру? — Па патрабаванню артыкула 125 Кодэкса аб шлюбе i сям’i асобы, якiя жадаюць усынавiць дзiця, павiнны мець альбо ўласную жылую плошчу, альбо быць наймальнiкамi дзяржаўнага жылога фонду. На жаль, наймальнiку прыватнай кватэры разлiчваць на ўсынаўленне больш складана. Гэта магчыма, калi вырашэнне жыллёвых праблем рэальнае i справа толькi ў часе. Вазьмiце даведку пра гэта ў жыллёвым аддзеле выканкама, суд прымяркуе яе да разгляду справы i, думаю, вынесе станоўчае рашэнне. Пытанне ад слухача: — Мы жывём з мужам удвух усё жыццё. Дзяцей у нас няма. Зараз атрымалi жыллё — двухпакаёвую кватэру. Раней я не магла ўзяць дзiця, бо жылi ў аднапакаёвай кватэры, i я 10 гадоў даглядала паралiзаваную мацi. Цяпер я магла б гэта зрабiць, але мне 56 гадоў. Цi не занадта позна? — Дзiця ўзяць вы можаце. Маеце такое права i па закону, i па жыццёвай логiцы. Але вам варта падумаць пра рознiцу ва ўзросце памiж вамi i дзiцем. У мiжнароднай практыцы рознiца памiж усынавiцелем i дзiцем не павiнна перавышаць 40 гадоў. У нас такой мяжы няма. I вы маеце права прэтэндаваць як на нованароджанае, так i на любое iншае дзiця да 18 гадоў. Але падумайце: цi хопiць у вас сiл на догляд немаўляці? Падлiчыце, колькi гадоў вам будзе, калi яму споўнiцца 18. Магчыма, лепей вам усынавiць дзiця 10 гадоў? Ёсць цудоўныя дзяўчынкi, хлопчыкi, якiя стануць вам i памочнiкамi, i вашымi дзеткамi. I будзе ў вас поўная сям’я. Можна яшчэ разгледзець пытанне аб стварэннi прыёмнай сям’i. Гэта значыць, вы бераце дзiця на тэрмiн працоўнага дагавора, атрымлiваеце грошы за аказанне паслуг па яго выхаванню. Вазьмiце дзвюх сястрычак, цi двух брацiкаў. Вы станеце патрэбнымi для гэтых дзяцей. I яны напоўняць ваша жыццё сэнсам. Частка II. Я ўдзячная гэтым людзям за сына — Таццяна, раскажыце, чаму вы вырашылi ўсынавiць дзiця? — Спачатку я раскажу крыху пра сябе. Я — мама немаладая i вельмi доўга чакала гэтага моманту. Хоць доўгi час я сумнявалася, баялася, да таго ж у мяне не ўладкоўвалася асабiстае жыццё. Потым, на шчасце, яно наладзiлася, але дзiця не з’яўлялася... I мы знайшлi свой цуд — сваё немаўля, яму было ўсяго чатыры тыднi. Зараз яму ўжо два i восем. Гэта Божае дзiця, якое наша жыццё асвяцiла настолькi, што выказаць гэтае пачуццё мне вельмi складана... Заклiкаю ўсiх жанчын, якiя зараз знаходзяцца на шляху свайго ўнутранага станаўлення, на шляху выбару — узгадаць пра тое, што ёсць дзiцятка, якое толькi з’явiлася на свет i яно ўжо адзiнокае. I яно ўжо чакае тую адзiную руку, сэрца, голас, дыханне... Звяртаюся да адзiнокiх жанчын, бо дзiця можна ўсынавiць у няпоўную сям’ю. Да тых, хто задае сабе пытанне «Як жа мне жыць далей?» падумайце, што можна адчуць сябе шчаслiвай побач з дзiцем. Нават, калi гэта будзе толькi думка, а думкi — матэрыяльныя, то жыццё вакол складзецца так, што будзе ўсё добра. Побач з’явiцца муж, дзiця, а магчыма, i не адно. Дарэчы, наконт узросту. Я звяртаюся да жанчыны 56 гадоў, якая пазванiла ў эфiр. Мне было за сорак, калi ў доме з’явiўся малы. I сапраўды, фiзiчна гэта цяжкавата. Трэба было столькi прачытаць, столькi змянiць у сваiм жыццi, настолькi змянiць сябе... Зараз мы з мужам падумваем, цi не ўсынавiць нам яшчэ аднаго. I калi мы рашымся, то, напэўна, гэта будзе дзiця крыху большае. — Таццяна, як муж аднёсся да iдэi ўсынаўлення? — Гэта было агульнае рашэнне. Мы iшлi да яго параўнальна нядоўга, бо ў шлюбе былi толькi 5 гадоў. Але мы дакладна ведалi, што жадаем мець поўную сям’ю i разумелi, што напэўна, гэта наш жыццёвы шлях. Наш сын нiчым не адрознiваецца ад дзетак, якiх выношвае, нараджае i выхоўвае адна жанчына. Дзецi ў гэты свет прыходзяць цяжка. I па вялiкаму рахунку, не важна — ЯК, галоўнае — дзiця з’явiлася на свет, яго захавалi. Хачу пацвердзiць словы Наталлi Станiславаўны пра невытлумачальнае падабенства ўсыноўленых дзяцей. Наш сын вельмi падобны на сваiх стрыечных братоў i сясцёр. Хоць мы не агаворвалi нi колер валасоў, нi колер вачэй, калi прыйшлi ў Цэнтр. Ды гэта i не варта рабiць. — З якiмi праблемамi вы сутыкнулiся ў самым пачатку? — Бытавых, сацыяльных праблем не было. Праблема была псiхалагiчная. Я вельмi ўдзячная Цэнтру ўсынаўлення, асаблiва псiхолагу, якая праводзiла з намi вельмi цёплую, патрэбную i плённую работу. Яна зрабiла ўсё неабходнае, каб мы адчулi сябе спакойнымi. Бо ўнутраная трывога была. Калi мы прыйшлi ў радзiльню i нам прывезлi маленькую кюветку, я думала, што страчу прытомнасць. Настолькi была ўсхваляваная... Цяжка пераказаць. Але калi я ўбачыла гэта маленькае стварэнне, гэты камячок... Ён не быў жаласны, ён быў прыгожы, сумны... Ён смактаў соску... I ён быў такi мiлы, што мы нi iмгнення не сумнявалiся — гэта наш! Хоць момант выбару вельмi складаны. Бо ты iдзеш i думаеш: цi тваё яно? Цi таго ты бярэш? Цi адгукнецца сэрца? У нас атрымалася. — Як сваякi аднеслiся да вашага рашэння, цi дзялiлiся вы з прыяцелямi i цi збiраецеся казаць праўду дзiцяцi? — Усе нашы сваякi ведалi i ўсе за нас ўзрадавалiся. Мы не хавалi сваiх намераў i ад знаёмых. Хоць зараз ёсць кола новых знаёмых, якiм мы не паведамiлi. Я лiчу, што так лепей для малога, пакуль ён не падужэлы. Але вы задалi вельмi балючае пытанне. Бо я сапраўды не адчуваю, што гэта дзiця «не маё». Для мяне не iснуе паняцця «бiялагiчнае-небiялагiчнае». Яно маё цалкам, я яго вельмi люблю, вельмi iм даражу, вельмi за яго хвалююся. Мы яму абавязкова калi-небудзь скажам. Не ведаю — як. Калi шчыра, нам не хочацца. Бо ён настолькi родны, свой, што гэта вельмi цяжка. Але мы зробiм гэта, каб абаранiць яго. Жыццё складанае, людзi розныя. Мы павiнны зрабiць будучае сына бяспечным, свабодным, каб нiшто i нiхто не мог яго азмрочыць. — Таццяна, цi цiкавiлiся вы бiялагiчнымi бацькамi свайго дзiцяцi? — Як правiла, застаецца вельмi мала iнфармацыi пра жанчыну, якая вырашыла дзiця пакiнуць. I, калi ласка, будучыя мацi, калi вы вырашыце ўсынавiць, не бойцеся гэтага! Але будзьце гатовыя да ўсяго. Калi жанчына нараджае, яна НЕ выбiрае. Яна проста атрымлiвае маленькага чалавечка, i я ведала пра свайго сына вельмi мала. Я ведала, што нарадзiла яго немаладая жанчына. Мяне гэта супакоiла. Я зразумела, што гэта быў асэнсаваны ўчынак. Я не ведаю, што прымусiла яе зрабiць гэты крок. У мяне няма нi крыўды, нi злосцi. Я ўвогуле не разважаю пра яе. Адзiнае, хачу сказаць гэтым людзям — мужчыне i жанчыне — вялiкi дзякуй за тое, што яны далi мне майго сына! Якога вельмi люблю. I дай Бог iм здароўя! I не мая справа, i не справа iншых асуджаць iх цi разважаць пра iх. Гэта быў iх выбар, iх жыццё i iх рашэнне. А я — шчаслiвая, бо маю сына. Запiсала Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адна з апошнiх «Прамых лiнiй» на Беларускiм радыё (кожная серада, 9.10 ранiцы), у якой брала ўдзел газета «Звязда», была прысвечана пытанням усынаўл
|
|