Прастуда крадзе ў чалавека год жыцця
Надзея НIКАЛАЕВА
Як вы мяркуеце, колькi часу за сваё жыццё чалавек праводзiць у ложку з хлюпаючым носам, кашлем i высокай тэмпературай? Расiйскiя спецыялiсты падлiчылi, што за 70 гадоў прастуда адбiрае ў сярэднестатыстычнага чалавека сама меней год яго жыцця. Маюцца на ўвазе грып, вострыя рэспiраторныя i вiрусныя захворваннi.
— З 1 кастрычнiка ў Беларусi распачалося штодзённае адсочванне захворваемасцi на грып i ВРЗ у 18 кантрольных гарадах, — паведамiў Галоўны дзяржаўны санiтарны ўрач Рэспублiкi Беларусь Мiхаiл РЫМЖА. — Вiрусы грыпу пакуль яшчэ на тэрыторыi нашай краiны не актывiзавалiся. Паводле прагнозу Нацыянальнага цэнтра па грыпу, эпiдэмiю беларусам трэба чакаць у звычайныя для нашай краiны тэрмiны: гэта канец студзеня—люты. Эпiдэмiя будзе мець змешаны характар з цыркуляцыяй вiрусаў грыпу А (H3N2) i тыпу В (Малайзiя). Хоць не выключаецца таксама i ўдзел у эпiдэмiчным працэсе вiрусу А (H1N1). Менавiта на гэтыя штамы вiрусаў i разлiчана процiгрыпозная вакцына, склад якой быў рэкамендаваны Сусветнай арганiзацыяй аховы здароўя. Сёння ў краiне распачалася масавая iмунiзацыя насельнiцтва супраць грыпу. На 13 кастрычнiка прышчэплены 32,2 тысячы чалавек, у тым лiку за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, прадпрыемстваў i за ўласныя грошы — 641 чалавек. Паводле слоў Мiхаiла Рымжы, вакцына з’яўляецца вельмi эфектыўным, але не адзiным сродкам, якi дазваляе абаранiцца ад грыпу цi мiнiмiзаваць яго наступствы. Дарэчы, тыя ж расiйскiя спецыялiсты падлiчылi, што эканамiчная шкода ад кожнага выпадку захворвання на грып абыходзiцца дзяржаве ў суму 132 долары ЗША, а кожны выпадак адэнавiруснай iнфекцыi — у 107 долараў. У 2005 годзе ў Беларусi на прастуду перахварэлi 3 086 665 чалавек. Калi перамножыць гэтыя лiчбы, то атрымаецца вельмi ўнушальная сума. Да таго ж грып моцна падаўляе iмунiтэт чалавека. Поўнае аднаўленне iмуннай сiстэмы адбываецца не раней чым праз месяц пасля перанесенага захворвання. Таму медыкi ставяць перад сабой мэту ахапiць бясплатнай iмунiзацыяй групы высокай рызыкi развiцця постгрыпозных ускладненняў i групы высокай рызыкi iнфiцыравання (медыцынскi персанал, калектывы школ-iнтэрнатаў, дзiцячых дамоў, работнiкаў птушкагадоўчых прадпрыемстваў, ветэрынарных работнiкаў i арнiтолагаў). Апошнiя трапiлi ў групу рызыкi дзякуючы небяспецы распаўсюджвання птушынага грыпу. Увогуле чым больш людзей ахоплена прышчэпкамi, тым больш трывалым будзе i калектыўны iмунiтэт. Цiкава, што мiнчане ў мiнулым эпiдсезоне так i не здалiся эпiдэмii грыпу. Гэта проста ўнiкальны выпадак, каб эпiдэмiя грыпу не змагла «падкасiць» двухмiльённы мегаполiс (у сталiчнай санэпiдслужбе не могуць прыгадаць больш нiводнага халоднага сезона без аб’яўлення ў сталiцы эпiдэмii). Магчыма, жыхары сталiцы сталi больш увагi надаваць прафiлактычным мерапрыемствам, бо любая хвароба — гэта не толькi страчаныя здароўе i час, але i грошы. Як гэта нi банальна прагучыць, але iмунамадулюючыя i адаптагенныя прэпараты дапамагаюць вельмi эфектыўна процiстаяць прастудзе. Перашкаджаюць пранiкненню вiрусу грыпу ў арганiзм чалавека таксама процiвiрусныя лекавыя сродкi, такiя, як аксалiнавая мазь, iнтэрферон i рэмантадзiн.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як вы мяркуеце, колькi часу за сваё жыццё чалавек праводзiць у ложку з хлюпаючым носам, кашлем i высокай тэмпературай?
|
|