Эфектыўны сродак самаабароны — уласная прадбачлiвасць
Выраз «на ўсе выпадкi жыцця» выклiкае ў нас скептычную ўсмешку. Але на Захадзе лiчаць, што страхаванне па такому прынцыпу мае вялiкае значэнне для ўнутранага спакою, для абароны ад стрэсу. А грошы дапамагаюць лягчэй перажыць няшчасце, хутчэй аднавiцца пасля траўмы, ды i проста лiшнiмi не бываюць. Асаблiва, калi ў напружаным жыццёвым рытме сучаснай сям’i адбываецца нейкi збой. Страхаванне ад няшчасных выпадкаў, якое праводзiць Белдзяржстрах, ахоплiвае ўсе катэгорыi насельнiцтва: школьнiкаў, пенсiянераў, працуючых i беспрацоўных. Да таго ж, гэта адзiн з самых даступных вiдаў страхавання. А няшчасныя выпадкi — з кiм яны не здараюцца? Больш падрабязна пра гэта мы пагаварылi з начальнiкам аддзела страхавання ад няшчасных выпадкаў i хвароб Белдзяржстраха Таццянай ДАЎГАЛЯВЕЦ.
Малыя i старыя — Гэта не дарагi вiд страхавання, — расказвае Таццяна Iосiфаўна, — асаблiва для дзяцей i пенсiянераў. Да таго ж, ёсць выбар: варыянт «А» — па больш таннаму тарыфу, i варыянт «А+», якi ахоплiвае ўсе выпадкi, па крыху даражэйшаму. Застрахавацца можна на любы тэрмiн, але пераважна людзi жадаюць набыць страхавую абарону на год — гэта больш выгадна. Каб застрахаваць дзiця тэрмiнам на адзiн год на мiльён, бацькi павiнны заплацiць страхавы ўзнос у памеры ўсяго 11 тысяч беларускiх рублёў. Можна заплацiць яго не адразу, а ў растэрмiноўку: 5,5 тысячы (50 працэнтаў) спачатку i на працягу чатырох месяцаў астатнюю суму. Калi дзiця застрахавана па варыянту «А», то нават за адносна невялiкую траўму: выцятае месца, расцяжэнне — можна атрымаць ад 3 да 15 працэнтаў ад страхавой сумы. Але толькi адзiн раз на працягу дзеяння дагавора. Па варыянту «А+» за любую траўму — сур’ёзную цi не вельмi — мы яму аплачваем страхоўку ў межах страхавой сумы столькi разоў, колькi будзе страхавых выпадкаў. Меншы ўзнос плацяць за страхавы полiс таксама непрацуючыя i пенсiянеры. Калi пенсiянер жадае застрахавацца на ўсе выпадкi жыцця, ён заплацiць 24 тысячы ў год, можна ў растэрмiноўку. Страхавая сума ў нас можа вызначацца не толькi ў рублях, але i ў валюце. Тады ўзнос будзе крыху большым. Тарыф таксама павышаецца, калi дзiця наведвае спартыўную секцыю. Гэта i зразумела, бо рызыка траўмiравання ўзрастае. Але ўсё роўна ўзносы тут невялiкiя. Усе ведаюць, наколькi часта нашы дзецi атрымлiваюць траўмы. Я раiла б усiм бацькам страхаваць сваiх нашчадкаў. Хай гэта будуць невялiкiя выплаты, але яны не пашкодзяць сямейнаму бюджэту. Дарэчы асноўны працэнт выплат у нас iдзе менавiта на дзяцей. Шмат выплачваем страховак i пенсiянерам, асаблiва ў сельскай мясцовасцi, дзе маюцца падворкi. Недзе зачапiўся, жывёлiна штурхнула, у падвал няўдала спусцiўся... У вёсцы людзi больш актыўныя, а значыць, большая верагоднасць няшчаснага выпадку. Хоць з пажылым чалавекам i ў горадзе можа здарыцца так, што няўдала па ўласнаму пакою ступiў — i ўпаў. — Мiльён — гэта максiмальная сума? — Мы не агаворваем мяжу. Суму кожны вольны выбiраць сам. Але так склалася, што найбольш папулярным з’яўляецца менавiта мiльён рублёў. Адзiнае, калi чалавек пажадае застрахавацца ўжо на вельмi вялiкую суму, мы маем права праверыць стан яго здароўя i яго прафесiйную дзейнасць — на прадмет павышанай рызыкi. — Вось вы ўжо казалi пра людзей сталага ўзросту. Сапраўды, пасля 50 гадоў, асаблiва ў жанчын, узнiкаюць сур’ёзныя праблемы з трываласцю касцей. Напрыклад, вельмi распаўсюджаная i небяспечная траўма сярод пенсiянераў — пералом шыйкi бядра. Страхоўка Белдзяржстраха пакрывае такiя выпадкi? — Безумоўна, бо гэта — няшчасны выпадак. Страхоўка не распаўсюджваецца толькi на паталагiчныя пераломы, якiя звязаны са злаякасным захворваннем касцей, напрыклад, выклiканыя саркомай. Мы прапануем застрахавацца ад выпадкаў, прадугледзець якiя немагчыма. Сюды адносяцца любыя, акрамя паталагiчных, пераломы, удары, вывiхi, укусы жывёл i насякомых, апёкi, адмарожванне, пашкоджанне токам i iншае. Калi чалавек iдзе, цi проста ўстае з ўласнага ложка, у яго раптоўна выкручваецца нага, i ён ламае шыйку бядра — гэта няшчасны выпадак. Выплата пры пераломах, якiя не абцяжараны наступствамi, звычайна складае 25 працэнтаў ад страхавой сумы. Калi вы застрахавалiся на мiльён, то атрымаеце 250 тысяч. Шмат пытанняў у нас узнiкае з нагоды раптоўнай смерцi чалавека, якi застрахаваны ад няшчасных выпадкаў. Калi такое здарылася не ў вынiку знешняга ўздзеяння, а з-за нейкага збою ў арганiзме чалавека — хваробы, спынення сэрца, то страхоўка не выплачваецца. Мы разумеем, што гэта — вялiкае няшчасце для сям’i. Але гэта, на жаль, не страхавы выпадак. — А калi чалавека збiла машына? — Гэта — няшчасны выпадак, i страхоўка выплачваецца. Усё, што адбываецца пры падзеннi, удары, сутыкненнi, сцiсканнi — страхавы выпадак. На працы i дома — Цi нашмат больш плацяць за такую страхоўку працуючыя? — Калi чалавек працуе на вытворчасцi, з якой не звязана вялiкая рызыка траўматызму, то, каб застрахавацца на мiльён, яму трэба ўнесцi ўзнос у памеры 15 тысяч рублёў. Як бачыце — не шмат. Часта траўмы адбываюцца на заводах: дэталь упала, палец прыцiснула... У нас прадугледжана страхаванне i за кошт сродкаў прадпрыемства. Умовы тыя ж самыя. Такiм чынам кiраўнiцтва працоўнага калектыву прадпрыемства абараняе сваiх работнiкаў. I такiх прадпрыемстваў нямала. Бывае, што дзеянне страхавога полiса клiента распаўсюджваецца толькi на няшчасныя выпадкi на вытворчасцi, а бывае, як напрыклад, робяць некаторыя банкi, — на ўсе выпадкi жыцця. — Калi няшчасце адбылося з чалавекам, якi быў у нецвярозым стане? — Калi такi чалавек атрымаў траўму — страхоўка выплачваецца. Але калi ён загiнуў i вiнаватага ў яго смерцi няма — выплата не адбываецца. — А цi выплачваецца страхоўка, калi чалавек пры падзеннi цi ўдары пашкодзiў зуб? — Выплачваецца, прычым за кожны пашкоджаны зуб. Але размова iдзе толькi пра ўласныя i не аслабленыя карыесам зубы. Iнакш цяжка сказаць — зуб выпаў у вынiку траўмы цi ў вынiку хваробы. Тут усё будзе залежыць ад паказанняў медыкаў. Бо мы выконваем выплаты на падставе iх заключэнняў. — Таццяна Iосiфаўна, наблiжаецца лыжны сезон — час спецыфiчных траўмаў. Цяпер беларусы атрымалi магчымасць паспрабаваць сябе ў ролi гарналыжнiкаў, сноўбардыстаў, не з’язджаючы далёка. Скажыце, наведвальнiкi комплексаў у Сiлiчах, Лагойску i падобных iм застрахаваны неяк аўтаматычна, з пакупкай бiлетаў, цi яны павiнны паклапацiцца пра гэта асобна? — Аўтаматычна такое страхаванне не адбываецца, бо добраахвотнае страхаванне — гэта страхаванне па дамоўленасцi i за кошт самога клiента. Калi чалавек застрахаваны ад няшчасных выпадкаў на працягу года, i атрымаў траўму на гарналыжным курорце, якi знаходзiцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, то ён атрымае грошы. — Цi iснуе абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў? — Абавязковым яно з’яўляецца толькi для некаторых служачых i «сiлавiкоў», чыя дзейнасць звязана з павышанай рызыкай. Там страхаванне адбываецца за кошт бюджэтных сродкаў i выпадак прызнаецца страхавым, толькi калi ён звязаны з выкананнем службовых абавязкаў. А вось, напрыклад, калi супрацоўнiк МУС iдзе пасля працы дадому i з iм нешта адбылося, то страхоўка не выплачваецца. Таксама Белдзяржстрах, пачынаючы з 2004 года, праводзiць абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасцi i прафесiйных захворванняў, страхавыя ўзносы па якiх аплачваюцца наймальнiкамi, а страхавой абаронай забяспечаны ўсе працаўнiкi. У транспарце — Яшчэ адзiн вiд абавязковага страхавання — страхаванне грамадзянскай адказнасцi перавозчыка перад пасажырам. — Гэта датычыцца i пасажыраў таксi? — Любых: метро, цягнiка, усяго, што рухаецца. Усюды перавозчыкi абавязаны застрахаваць сваю адказнасць перад пасажырамi. Калi нешта адбываецца пры высадцы, пасадцы, падчас руху — гэта прызнаецца страхавым выпадкам. Толькi трэба правiльна аформiць. Першае: чалавек павiнен паведамiць вадзiцелю. Бiлет прад’яўляць не абавязкова, дастаткова запомнiць нумар маршрута i час, калi адбылося няшчасце. Галоўнае — каб вадзiцель быў «у курсе». Бо падставай для выплаты служыць акт аб прычыненнi шкоды на транспартным сродку. Акт складаецца перавозчыкам. Часцей за ўсё вадзiцель не з’яўляецца перавозчыкам, i ён перадае ўсе даныя ў сваё ўпраўленне цi аўтапарк. Другое: чалавек павiнен звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Бо наступная ўмова, неабходная для выплаты страхоўкi, — фiксацыя факта траўмы ў даведцы медыцынскай установы з пералiкам атрыманага лячэння. Трэцяе: неабходна заключэнне судмедэкспертызы аб ступенi цяжару пашкоджання. Калi траўма адбылася ў вынiку ДТЗ, тады падключаюцца следчыя органы, якiя звяртаюцца ў судмедэкспертызу. Iнакш чалавеку варта звярнуцца туды самому — пасля лячэння цi падчас яго. Справа ў тым, што сума страхавой выплаты залежыць ад ступенi цяжару пашкоджання. Нават калi траўма не пацягнула за сабой кароткачасовай страты здароўя, але яна ўсё ж такi была i лячэнне нейкае праводзiлася, то самая маленькая выплата будзе 10 працэнтаў ад страхавой сумы. А мiнiмальная страхавая сума ў нас — 3 тысячы еўра. Гэта значыць, што пацярпелы атрымае сама мала — 300 еўра. Напрыклад, пасля ўдару. У выпадку пералому — 600 еўра. — Вы кажаце, па-першае, трэба звярнуцца да вадзiцеля. Але ж дзе гарантыя, што той перадасць даныя свайму наймальнiку? — Вадзiцелю выгадна гэта зрабiць, як i перавозчыку — скласцi акт. Апошнi менавiта ад такiх выпадкаў i застрахаваны, таму ён нiчога не губляе. Грошы выплачвае страхавая кампанiя. Iнакш пацярпелы звернецца ў суд i перавозчык згубiць не толькi грошы — ён будзе пакараны больш строга, бо парушыць закон. Акт можа быць складзены «са слоў», са сведкамi цi без iх — гэта ўжо не асаблiва важна, бо сам вадзiцель выступае сведкам i пацвярджае, што няшчасны выпадак адбыўся ў транспартным сродку, якiм ён кiраваў. — Пацярпелы можа звярнуцца да перавозчыка i пазней? — Так, але вадзiцелю ён павiнен паведамiць адразу. Каб той мог пацвердзiць: сапраўды гэта было. Каб не здарылася так, што чалавек ударыўся недзе дома, успомнiў, што ёсць такi вiд страхавання i вырашыў атрымаць па iм грошы. Найбольшыя выплаты па гэтаму вiду страхавання мы робiм пасажырам маршрутных таксi: дзвярыма прыцiснуў чалавек пальцы, ударыўся пры тармажэннi, рэзкiм павароце, не паспеў сесцi... У нас быў выпадак, калi на пасажыра маршрутнага таксi звалiлася палiца. I зноў жа, чалавек павiнен адразу звярнуцца да вадзiцеля. Калi вадзiцель з’яўяляецца адначасова i перавозчыкам — iндывiдуальным прадпрымальнiкам, то ён мае права сам скласцi акт. Гэты вiд абавязковага страхавання распаўсюджваецца толькi на тэрыторыi Беларусi. За мяжой — Пры выездзе за мяжу адразу ўступаюць у сiлу iншыя вiды страхавання, якiя, па сутнасцi, падобныя. Напрыклад, за мяжой у пералiк страхавых падзей таксама ўваходзяць няшчасныя выпадкi. Але калi тут мы робiм аднаразовыя выплаты, то за мяжой аплачваем лячэнне, бо там — платная медыцына. — Калi чалавек вярнуўся ў Беларусь i далечваецца дома? — Але ж тут ён далечваецца бясплатна, таму мы ўжо нiчога не плацiм. Калi няшчасны выпадак адбыўся за мяжой, чалавек можа дзейнiчаць па двух варыянтах: альбо аплацiць лячэнне самастойна, а пасля вяртання ў Беларусь прад’явiць нам чэкi, i Белдзяржстрах iх аплацiць, альбо звярнуцца ў сэрвiсныя кампанii, з якiмi Белдзяржстрах заключыў дагаворы, i якiя ёсць ва ўсiм свеце. Тады вам не трэба будзе нiчога аплачваць, дастаткова толькi прад’явiць наш полiс. На кожным полiсе ёсць наш кантактны тэлефон. Гэта альбо тэлефонны нумар у той краiне, дзе вы знаходзiцеся, альбо шматканальны тэлефон у Маскве, альбо кругласутачная лiнiя ў Мiнску. Выдаткi на тэлефонныя размовы па гэтых нумарах таксама пакрывае страхавы полiс. Але аплачваем мы толькi неадкладную медыцынскую дапамогу. Гэта значыць, калi ў чалавека абвастрылiся яго хранiчныя хваробы i ён вымушаны звярнуцца за мяжой да ўрача, то зняцце болю, лiквiдацыю пагрозы жыцця аплачвае страхавая кампанiя. Калi ж чалавек вырашыў падлячыцца, то ён ужо будзе гэта рабiць за свой кошт. — Таццяна Iосiфаўна, цi застрахаваны ад няшчасных выпадкаў вы самi? — Канешне. I я, i ўся мая сям’я. Набываем страхавыя полiсы ўсё сваё свядомае жыццё. Двойчы атрымлiвалi выплаты: на дачку, калi тая ўпала з лесвiцы, i на сына, калi ён зламаў нагу. Дарэчы, калi заключаецца дагавор страхавання сям’i ў поўным складзе, то сям’я мае скiдку ў 15 працэнтаў. Скiдкi ў нас ёсць таксама для пастаянных клiентаў — яны даходзяць да 30 працэнтаў. Гэта калi чалавек карыстаецца страхавымi паслугамi на працягу 5 гадоў i не атрымлiвае выплат. Нават калi выплата была, скiдка крыху меншая, усё роўна захоўваецца. Таксама нашы клiенты карыстаюцца скiдкай, калi маюць дагаворы па iншых вiдах страхавання. Напрыклад, у мяне застрахавана хатняя маёмасць, аўтамабiль i, калi я афармляю полiс страхавання ад няшчасных выпадкаў, то таксама плачу менш на 20 працэнтаў. — Цi можа бабуля застрахаваць унукаў? — Можа. Любы чалавек можа застрахаваць каго пажадае. Проста ён плацiць узнос, а страхоўку атрымлiвае той, хто застрахаваны. — Куды звярнуцца таму, хто вырашыў застрахаваць сябе цi членаў сваёй сям’i ад няшчасных выпадкаў? — Белдзяржстрах мае вельмi разгалiнаваную сетку. У абласных цэнтрах у нас фiлiялы, у кожным раённым цэнтры — прадстаўнiцтвы. А ў такiх буйных гарадах, як Бабруйск, Баранавiчы, Полацк, Орша, мы маем па два прадстаўнiцтвы — для гараджан i для сельскiх жыхароў. Чалавек, якi пажадае набыць страхавы полiс, можа сам звярнуцца у прадстаўнiцтва Белдзяржстраху або пазванiць i запрасiць да сябе агента. Мы маем вялiкi штат агентаў, якiя займаюцца менавiта заключэннем дагавораў. Дагавор таксама можна заключыць у любым паштовым аддзяленнi, у любым аддзяленнi ААБ «Беларусбанк». Размаўляла Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выраз «на ўсе выпадкi жыцця» выклiкае ў нас скептычную ўсмешку. Але на Захадзе лiчаць, што страхаванне па такому прынцыпу мае вялiкае значэнне для ўну |
|