«Да сустрэчы зiмы гатовы! Чакаем першага снегу!»
Сяргей СТАРЫНАЎ
А на мой погляд... I хоць сонейка песцiць зараз нас сваiм, напэўна, ужо апошнiм цяплом, i ў краiне стартаваў чарговы ацяпляльны сезон, а, значыць, у дамах i кватэрах тэмпература паветра стала больш камфортнай, усе мы разумеем: хутка халоднае надвор’е канчаткова ўступiць у свае законныя правы.А як вы падрыхтавалiся да асенне-зiмовага сезона? Як вы i члены вашай сям’i звычайна страхуецеся цi змагаецеся з прастуднымi захворваннямi ў гэтую пару года? Анатоль ЛУКАШУК, начальнiк Мастоўскага раённага вузла электрасувязi. — Нiяк. Пражываю я ў кааператыўнай кватэры i ўшчыльняльнiкi на вокны паставiў даўно, як кажуць, з дальнiм прыцэлам. Так што сёлета вокны ўцяпляць не давялося. Як страхуюся ад хваробы? Мёд, скажу шчыра, не пераношу. Не, хварэць, на жаль, зрэдку даводзiцца, але да ўрача я звычайна не звяртаюся. Хiба толькi ў выпадку, калi сур’ёзна захварэў i трэба афармляць бальнiчны лiсток. У астатнiх выпадках абыходжуся народнымi сродкамi — цыбуля, часнок, лазня. Аляксандр САВАНОВIЧ, дырэктар прадпрыемства «Беллесэнергазберажэннi». — Уцяпляюся. Да халадоў уцяпляю вокны, уваходныя дзверы. Цi займаюся загартоўваннем, пытаецеся. Не, гэта не пра мяне (смяецца). Калi што, ратуюся народнымi сродкамi — мёдам, малiнай, лазняй. Да ўрачоў звяртацца не iмкнуся. Цi часта хварэю? Скажам так — «штатна», г.зн. як i большасць людзей. Ларыса ДОЛГАЯ, пенсiянерка, в. Горкi Чэрвеньскага раёна. — Паколькi жывём мы ў вёсцы i ў доме печ, асноўная палiва для нашай сям’i — дровы. Iх на зiму мы нарыхтавалi дастаткова. Зразумела, уцяплiлi вокны, дзверы. Стварылi хатнiя запасы: што паклалi на захоўванне ў халадзiльнiк, што, як у нас называюць, у варыўню — нешта накшталт кладоўкi, якая ў нас ацяпляецца. Запаслiся чарнiцамi, журавiнамi, наварылi варэння з дзiкай малiны, якое вельмi добра дапамагае ад прастуды, назбiралi траў. Ад ангiны заварваем кветкi гарлянкi, чабару. Абавязкова заўсёды дома трымаем мёд. Ад кашлю, дарэчы, вельмi дапамагае сок цыбулi i мёд у суадносiнах 1:1. Да новага сезона набылi новую вопратку, абутак — i мне, i дачцэ, i ўнуку. Хоць я i астматык, да ўрачоў па магчымасцi стараюся не звяртацца, бо ў такiх выпадках адчуваю нейкi псiхалагiчны дыскамфорт. У звыклых хатнiх умовах лячыцца народнымi сродкамi неяк больш зручна. Калi кiнула працу i выйшла на пенсiю, адразу прайшла гiпертанiя. I зараз, калi завiхаешся па гаспадарцы, на хваробах не зацыклiваешся, глядзiш, i пераносiцца ўсё неяк лягчэй. Так што зiму мы чакаем, чакаем першага снегу. Дарэчы, у нас ужо i азiмыя ўзышлi... Ала КАРПОВIЧ, начальнiк аддзела культуры Уздзенскага райвыканкама. — Як падрыхтавалася да халадоў? Гады два я займаюся закальваннем, у прыватнасцi, шмат плаваю — нават у даволi халоднай вадзе. Скажам, апошнi свой заплыў зрабiла недзе ў канцы верасня. Гэтыя працэдуры, лiчу, адыгрываюць для здароўя вельмi вялiкую ролю. Калi ж вы маеце на ўвазе набыццё вопраткi, абутку да сезона халадоў, зразумела, усе гэтыя рэчы набыты загадзя. Па прынцыпу: рыхтуй санi летам. Да ўрачоў у выпадку хваробы не звяртаюся i нiякiх таблетак, акрамя абязбольвальных, не прымаю. Лепш за ўсё ў такiх выпадках адляжацца ў цяпле i спакоi дзень-другi. Я нават традыцыйныя народныя сродкi падчас прастуды не прымаю, бо мне нельга з-за асаблiвасцяў арганiзма. А раней, да таго як пачала займацца загартоўваннем, прастудныя захворваннi былi даволi часта, даводзiлася ў халодную пару года сапраўды пакутаваць. Уладзiмiр IГНАТЧУК, дырэктар фiлiяла «Iванаўскi райпалiвазбыт». — Ды нармальна падрыхтавалiся: у доме вокны памянялi на шклопакеты, падключылi газавае ацяпленне, якога ў нас дагэтуль не было. Цыбуля, часнок i iншыя народныя сродкi прафiлактыкi прастудных захворванняў — усё гэта ў нашай сям’i ёсць. Хоць хварэць часам, канешне, даводзiцца. У такiх выпадках я звычайна выбiраю народныя сродкi лячэння, у аптэцы магу набыць хiба якi аспiрын, каб тэмпературу збiць. У лазнi ў такiя моманты добра папарыцца. Дарэчы, лазню наведваю кожную суботу незалежна ад пары года, так што гэта яшчэ i ў пэўным сэнсе прафiлактыка захворванняў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
I хоць сонейка песцiць зараз нас сваiм, напэўна, ужо апошнiм цяплом, i ў краiне стартаваў чарговы ацяпляльны сезон, а, значыць, у дамах i кватэрах тэм
|
|