Вясковы турызм на ўскрайку Пушчы
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Днямi адбылася прэзентацыя аднаго з самых паспяховых праектаў Праграмы развiцця ААН, накiраванага на падтрымку вясковага турызму ў рэгiёне «Белавежская пушча». У праекце бралi ўдзел Беларусь i Польшча, ён доўжыўся два гады i фiнансаваўся са сродкаў Праграмы развiцця ААН у Беларусi.
У вынiку праекта вакол Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» ўзнiкла цэлая сетка цiкавых турыстычных маршрутаў, адкрылася каля дзесятка новых вясковых сядзiб, людзi, якiя вырашылi заняцца агратурызмам, атрымалi не проста фiнансавую падтрымку, а i своеасаблiвы штуршок у сваёй справе. Асноўная мэта праекта — дэманстрацыя магчымасцi сумяшчэння аховы прыроды з альтэрнатыўнымi крынiцамi даходаў для мясцовага насельнiцтва. Поспеху праекта значна дапамог вопыт Польшчы, якая ў развiццi «зялёнага» турызму пайшла наперад. Але, бадай, самай галоўнай умовай стала разуменне i падтрымка праекта на рэспублiканскiм i мясцовым узроўнях. Пяць раёнаў сталi актыўнымi ўдзельнiкамi праекта: Камянецкi, Пружанскi, Ваўкавыскi, Зэльвенскi i Свiслацкi. Усе яны мяжуюць з Нацыянальным паркам «Белавежская пушча». Акрамя таго, яны з’яўляюцца памежнымi з Польшчай. — Для Праграмы Развiцця ААН праект быў цiкавы з-за мандата, па якому гэта арганiзацыя займаецца пытаннямi аховы навакольнага асяроддзя, садзейнiчання ўстойлiваму развiццю, барацьбы з беднасцю, распаўсюджвання альтэрнатыўных крынiц даходу для мясцовага насельнiцтва, — патлумачыў кiраўнiк праекта Дзмiтрый Фрышчын. — Тут усе пытаннi ахоплiвалiся комплексна. I мы ўдзячныя Мiнiстэрству прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя, якое з’яўлялася выканаўчым агентам праекта, за падтрымку. На сёння праект завершаны. Мэты яго дасягнутыя ў поўным аб’ёме. Ёсць добрыя перспектывы для развiцця пачатай работы. Восенню 2005 года ў Ваўкавыску адбыўся семiнар для жыхароў усiх пяцi раёнаў, якiя жадалi заняцца аграэкатурызмам. На семiнары было аб’яўлена аб праграме фiнансавай падтрымкi канкрэтных пастаўшчыкоў турыстычных паслуг — ад 1 да 2 тысяч долараў. Каб атрымаць яе, трэба было напiсаць уласны мiкрапраект: бачанне развiцця агратурызму на ўласнай сядзiбе. Патрабаваннi: унiкальнасць, непаўторнасць, ахова прыроды, улiк мясцовай гiсторыка-культурнай i прыроднай спадчыны. Кампетэнтная конкурсная камiсiя ў складзе прадстаўнiкоў Праграмы развiцця ААН, Нацыянальнага турыстычнага агенцтва, грамадскiх аб’яднанняў i мясцовых уладаў з 22 мiкрапраектаў адабрала 11. Сёлета ў маi адбылася прэзентацыя iнфармацыйнага буклета i Iнтэрнэт-старонкi праекта (www.belregion.aktive.by). У вераснi турыстычныя кампанii наведалi сядзiбы падчас рэкламнага тура. Вынiкам фiнансавай падтрымкi пастаўшчыкоў агратурыстычных паслуг сталi стварэнне этнаграфiчных экспазiцый, музеяў i хутара як агратурыстычнай вёскi пачатку XX стагоддзя. Але самае галоўнае — сюды паехалi турысты, i мясцовыя жыхары паверылi ў тое, што яны могуць i гасцей як след прыняць, у тым лiку i замежных, i пра сваю малую радзiму расказаць так, каб у яе ўлюбiлiся людзi з розных куткоў планеты. — Мы ўлюбiлiся ў гэты рэгiён i ў гэтых людзей, — расказвае каардынатар праекта па агратурызму Уладзiмiр Ламака. — Мясцiны вельмi багатыя на рамёствы, прырода там проста казачная... Так што я ўпэўнены — вясковы турызм там мае будучае. Кожная вясковая сядзiба, створаная цi падтрыманая праектам, сапраўды ўнiкальная. Гаспадыня «Шастакова» (Камянецкi раён) арандуе два возеры, у якiх нават зiмой ловiцца карп. Гаспадар «Млынка» (Камянецкi раён) — прафесар фiласофii, чалавек каларытны, прапаноўвае гасцям вандроўкi на байдарках, арыгiнальным пароме з пластыкавых бутэлек i веласiпедах. Да пачатку праекта ў Свiслацкiм раёне нiхто не займаўся агратурызмам. Але дзякуючы неабыякавасцi адмiнiстрацыi, народ удалося разварушыць. Гаспадар сядзiбы «Каланая» пасля паездкi ў Польшчу зняў усю шалёўку са свайго домiка, пачысцiў кожную дошчачку i пакрыў экалагiчна бяспечным саставам. За год гэтае месца цалкам пераўтварылася. А месца — цудоўнае: адразу за сядзiбай пачынаецца Белавежская пушча, з аднаго боку дома — возера, з другога — рэчка Калонка... Сяргей Мiкановiч у «Старой весi» адкрыў музей насякомых i пчалярства. Таццяна Iсаева, гаспадыня «Панскага маёнтка», сабрала калекцыю старажытных кнiг, прасаў, старых фатаграфiй, пiсьмаў, абмундзiравання, габеленаў... Ды што казаць. Ехаць трэба туды: бачыць, чуць, дыхаць... Цяпер там ёсць людзi, якiя чакаюць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi адбылася прэзентацыя аднаго з самых паспяховых праектаў Праграмы развiцця ААН, накiраванага на падтрымку вясковага турызму ў рэгiёне «Белавежск |
|