Медыцынская дапамога. Пытаннi i адказы
(Працяг. Пачатак у нумарах за 18, 20, 24 кастрычніка.)
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае начальнiк упраўлення арганiзацыi медыцынскай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Аляксандр Кiрылавiч ЦЫБIН. Рыгор Пятровiч ВАСIЛЬЕЎ, г. Мазыр: — Неаднойчы даводзiлася чуць аб тым, што хутка ў Беларусi распачнецца агульная дыспансерызацыя насельнiцтва. Для чаго яна будзе праводзiцца i на якiх умовах, што прынясе пацыентам? — Зараз Мiнiстэрствам аховы здароўя распрацоўваецца нарматыўны прававы акт па правядзенню дыспансерызацыi ўсяго насельнiцтва нашай краiны. Асноўнай яе мэтай вызначана ажыццяўленне комплексу мерапрыемстваў, якiя скiраваны на фармiраванне, захаванне i ўмацаванне здароўя людзей, а таксама папярэджванне развiцця захворванняў, змяншэнне захворваемасцi i павелiчэнне актыўнага творчага даўгалецця. Мяркуецца, што дыспансерызацыя будзе арганiзавана на бюджэтнай аснове — гэта значыць, што для ўсiх жыхароў Рэспублiкi Беларусь яна будзе праводзiцца бясплатна. Сяргей Андрэевiч ПАДОЛЬСКI, Вiлейскi раён: — Зараз праводзiцца так званая рацыяналiзацыя сеткi медыцынскiх устаноў у вёсцы. У адпаведнасцi з ёй закрываюцца ФАПы. Адначасова ў вялiкiх гарадах (у першую чаргу ў сталiцы) адкрываюцца сучасныя медыцынскiя цэнтры. Такiм чынам атрымлiваецца, што грошы зноў-такi пераразмяркоўваюцца на карысць гараджан, а вяскоўцы ў шэрагу выпадкаў застаюцца сам-насам са сваiмi праблемамi? — Усе змены ў першую чаргу накiраваны на паляпшэнне якасцi медыцынскага сэрвiсу, павелiчэнне даступнасцi абслугоўвання. Сёлета сiстэма аховы здароўя раёнаў аб’яднана з абласнымi цэнтрамi. Адпаведна, насельнiцтва для атрымання медыцынскай дапамогi сектаральна замацавана за амбулаторна-полiклiнiчнымi арганiзацыямi аховы здароўя абласных цэнтраў i гарадоў абласнога падпарадкавання. Функцыi ўпраўлення ўстановамi вясковай аховы здароўя перададзены цэнтральным раённым бальнiцам. Аналiз работы створаных структур паказаў, што рэарганiзацыя дазволiла шмат чаго дасягнуць. Па-першае, удалося лiквiдаваць рознiцу ў аказаннi медыцынскай дапамогi (у тым лiку i спецыялiзаванай) памiж гараджанамi i вяскоўцамi. Арганiзаваны спецыяльныя выезды комплексных урачэбных брыгад у вёскi. Такiм чынам, была забяспечана даступнасць i роўныя магчымасцi ў атрыманнi медыцынскай дапамогi як гарадскiм жыхарам, так i вяскоўцам. Уключэнне фельчарска-акушэрскiх пунктаў у структуру ўрачэбных амбулаторый i ўчастковых бальнiц дазволiла ўзмацнiць кантроль за работай сярэдняга звяна, палепшыць якасць дыспансерызацыi, прафiлактычнай i лячэбнай работы сярод жыхароў аддаленых населеных пунктаў, а таксама павысiць адказнасць з боку гарадскiх устаноў аховы здароўя за аказанне медыцынскай дапамогi насельнiцтву. Цяпер што датычыцца ФАПаў. Увогуле, закрыццё фельчарска-акушэрскiх пунктаў падчас правядзення рацыяналiзацыi сеткi аховы здароўя не прадугледжана. На гэтыя меры ў асобных выпадках вымушаны iсцi, напрыклад, у сувязi з адсутнасцю ў адпаведных будынках належных санiтарных нормаў для размяшчэння медыцынскай установы, а таксама iншых умоў. Станiслаў Васiльевiч IВАНЧАНКА, г. Мiнск: — Раней у медыкаў была свая эмблема, цяпер яна памянялася. Што зараз уяўляе сабой новая сiмволiка? — Сапраўды сiмволiка будзе мяняцца, аднак зараз зарэгiстраванай эмблемы медыцынскай службы няма. Цяпер на Геральдычным савеце разглядаецца гэтае пытанне, думаю, што праз пэўны час яно будзе вырашана, з вынiкамi мы ўсiх абавязкова пазнаёмiм. Пётр Iванавiч СIКОРСКI, г. Гродна: — Зараз я абслугоўваюся ў палiклiнiцы па месцы прапiскi, а хацеў бы звяртацца па дапамогу да медыкаў ва ўстанову аховы здароўя па месцы жыхарства. Гэта больш зручна. Цi маю я такое права, якi ўстаноўлены адпаведны парадак? — Зразумела, у вас, Пётр Iванавiч, ёсць такое права. Устаноўлена, што амбулаторна-полiклiнiчная дапамога, у тым лiку i стаматалагiчная (за выключэннем паслуг па зубапратэзаванню), для ўсiх катэгорый грамадзян Рэспублiкi Беларусь павiнна без усялякiх перашкод аказвацца дзяржаўнымi ўстановамi аховы здароўя, у тым лiку i па месцы часовага пражывання чалавека. Варта толькi звярнуцца з адпаведнай пiсьмовай заявай на iмя кiраўнiка медыцынскай арганiзацыi. Вольга Макараўна ТУМАНАВА, Баранавiцкi раён: — Колькi зараз у краiне працуе ўрачоў агульнай урачэбнай практыкi? Цi аказалася апраўданым распаўсюджванне такой методыкi, як яна будзе развiвацца ў перспектыве? — Праблема надзвычай актуальная. Зараз у Беларусi працуюць 466 такiх спецыялiстаў. У вёсках налiчваецца 336 урачэбных амбулаторый, якiя дзейнiчаюць па прынцыпу агульнай практыкi. Як плануецца, да 2010 года ўсе адпаведныя медыцынскiя ўстановы будуць працаваць па такой методыцы. У гарадах магчымасць развiцця агульнай урачэбнай практыкi таксама разглядаецца, аднак гэта пытанне патрабуе сур’ёзнага вывучэння i дакладнага аналiзу. Тым не менш, «першыя ластаўкi» такога накiрунку ўжо ёсць — у сталiчным мiкрараёне «Сухарава» ўжо зараз працуе урачэбная амбулаторыя па прынцыпу агульнай практыкi. Кацярына ПЯТРОЎСКАЯ, г. Мiнск: — Маiм родным, якiя жывуць у вёсцы, неаднойчы даводзiлася звяртацца па патрэбныя лекi ў раённую аптэку. Аднак здаралася, што іх там проста не было. Цi iснуе ўстаноўлены пералiк лекаў, якiя павiнны быць у такой медыцынскай установе? — У аптэчнай установе заўсёды павiнен быць у наяўнасцi належны асартымент сродкаў па некалькiх пазiцыях. Гэта лекi, якiя адпускаюцца без рэцэпта ўрача, пералiк асноўных лекавых сродкаў. Таксама ўстаноўлены асартыментны мiнiмум лекавых сродкаў айчыннай вытворчасцi, якiя абавязкова павiнны быць у наяўнасцi ў аптэках усiх формаў уласнасцi. Андрэй Арцёмавiч ЧУХМАНАЎ, Аршанскi раён: — Зараз праводзяцца актыўныя дзеяннi, якiя скiраваны на тое, каб маладыя спецыялiсты-медыкi пасля заканчэння ВНУ прыязджалi працаваць у вёску. Аднак цi створаны iм пры гэтым належныя ўмовы (прыстойны заробак, жыллё i г.д.)? — Мiнiстэрствам аховы здароўя праводзiцца актыўная работа па прадастаўленню сацыяльных гарантый для маладых спецыялiстаў, якiя прыбываюць на першае працоўнае месца ў сельскую мясцовасць. Гэтыя гарантыi датычацца прадастаўлення iм жылля, магчымасцi атрымання крэдыту для набыцця прадметаў першай неабходнасцi. Прадугледжваюцца i спецыяльныя грашовыя выплаты для кампенсацыi расходаў па найму жылых памяшканняў (у тым выпадку, калi iм нельга прадаставiць месца ў iнтэрнаце). Ганна Сцяпанаўна ДУНЬКО, г. Полацк: — Цi ўключаны медыкi ў пералiк спецыялiстаў, якiм у вёсцы прадастаўляецца права на атрыманне службовага жылля? — Так, зараз медыкi ўключаны ў такi пералiк. Адпаведна, Ганна Сцяпанаўна, у iх з’явiлася магчымасць для таго, каб ва ўстаноўленым парадку вырашыць свае жыллёвыя праблемы. Мiкалай ЛIТВIНАЎ. (Заканчэнне будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае начальнiк упраўлення арганiзацыi медыцынскай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Аляксандр Кiрылавiч ЦЫБIН |
|