Час «царыцы палёў»
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Сёлета ў цэнтральным рэгiёне будзе сабрана каля 100 тысяч тон кукурузнага зерня, а налета — у 3—4 разы больш.
Як плануецца, да 2010 года валавая вытворчасць збожжа ў Мiнскай вобласцi выйдзе на ўзровень 3 мiльёнаў тон. У такiм разе цэнтральны рэгiён зможа поўнасцю забяспечыць уласную патрэбу ў паўнаважкiх кармах. Земляробства поўнасцю падпарадкавана «заказу» жывёлагадоўлi. Такi прынцып вядзення сельскагаспадарчай вытворчасцi шырока распаўсюджаны ў свеце. З поспехам прымяняюць яго i на Мiншчыне. ВЫГАДНАЯ СПРАВА — Зараз у рэгiёне працуюць 22 свiнагадоўчыя комплексы, 20 комплексаў па адкорму буйной рагатай жывёлы i 23 птушкафабрыкi рознай формы ўласнасцi, — адзначае галоўны саветнiк-iнспектар старшынi Мiнскага аблвыканкама Кузьма Дзягiлеў. — Каб мець мяса i малако, трэба забяспечыць пагалоўе добрымi, iнтэнсiўнымi кармамi. Iх патрабуецца нямала: толькi для птушкафабрык i свiнакомплексаў для таго, каб вытрымлiваць збалансаваны рацыён, штогод неабходна каля мiльёна тон збожжа. Таму мы павiнны аператыўна выйсцi на належны ўзровень яго вытворчасцi. Ужо сёлета на Мiншчыне практычна будзе вырашана стратэгiчная задача — забеспячэнне на зiмоўку 1,5-гадовага запасу кармоў. Стратэгiчную стаўку ў вобласцi робяць на кукурузу. Па-першае, атрымлiваюць добры сiлас, таксама зараз яе ўбiраюць i на зерне. На асобных участках удаецца атрымлiваць па 10 тон зерня. Яго выкарыстоўваюць для прыгатавання корму для жывёлы. Раней яго завозiлi (з Украiны, Расii) i выдаткоўвалi значныя сродкi. Зараз пачалi паспяхова спраўляцца самi — як паведамiў Кузьма Дзягiлеў, сёлета ў цэнтральным рэгiёне мяркуюць атрымаць каля 100 тысяч тон кукурузнага зерня. Налета гэты паказчык, упэўнены спецыялiст, павялiчыцца ў 3—4 разы, для чаго створаны ўсе перадумовы. Усе сельгасвытворцы на ўласным вопыце пераканалiся, што гэта вельмi выгадная справа. Ужо зараз тона кукурузнага зерня на рынку «важыць» ад 150 долараў, а ўвесну, як прагназуюць спецыялiсты, яе кошт узляцiць i да 200 «зялёных». Улiчваючы неўраджайны год, цана можа быць i большай. Сабекошт уласнай вытворчасцi ацэньваецца дзесьцi ў 90—100 долараў за тону. Такiм чынам, у залежнасцi ад сезона рэнтабельнасць «кукурузнага» накiрунку складае 50—100 працэнтаў. Далёка не кожная сельскагаспадарчая культура здольная прыносiць такiя вынiкi. «НЕМЦАЎ» ТРЭБА ПАДТРЫМАЦЬ На Случчыне намалацiлi больш за 4 тысячы тон кукурузнага зерня. Сёлета пад гэтай культурай тут занята 13,5 тысячы гектараў. Налета адпаведную плошчу ў раёне плануюць павялiчыць да 18 тыс. га. — Ужо зараз гаспадаркi нарыхтавалi па 23 цэнтнеры адзiнак травянiстых кармоў у разлiку на ўмоўную галаву жывёлы, — заўважае старшыня Слуцкага райвыканкама Аляксандр Драко. — На зiмоўку назапашана 220 тысяч тон выдатнага сiласу. Зараз малоцiм кукурузнае зерне — у сярэднiм па раёну выходзiць па 60 цэнтнераў з гектара. У апошнiя некалькi гадоў на Случчыну прыйшла самая сучасная тэхнiка. Зараз у гаспадарках раёна працуюць больш чым 30 нямецкiх камбайнаў «Клаас». Выкарыстоўваюцца яны i для абмалоту кукурузы. Аднак для больш якаснай уборкi «немцаў» неабходна абсталяваць добрымi прыстаўкамi. Без гэтага губляецца да 10—15 працэнтаў ураджаю. Пасля праходу тэхнiкi тую частку кукурузных пачаткаў, якая засталася на палетку, даводзiцца збiраць уручную. Як паведамiў Аляксандр Драко, плануецца закупiць неабходную колькасць прыставак. Яшчэ адна не менш важная задача — захаванне сабранага ўраджаю. Напрыклад, на Любаншчыне паспяхова займаюцца плюшчэннем кукурузнага зерня. Нездарма гэты раён з’яўляецца ў вобласцi лiдарам па яго вытворчасцi — зараз намалочана каля 10 тысяч тон. Прымянiць вопыт суседзяў плануюць i слуцакi. Таксама на Случчыне пэўнай тэхнiчнай мадэрнiзацыi патрабуе i сушыльная гаспадарка. Агрэгаты, на якiх ўдаецца паспяхова дапрацоўваць збожжа, не спраўляюцца з кукурузным зернем. Таму неабходна новая, больш прадукцыйная тэхнiка. «ЗАЛАТОЕ ЗБОЖЖА» Аграфiрма «Лучнiкi» — прадпрыемства, добра вядомае не толькi на Случчыне, а i далёка за межамi раёна. Тут увасабляюцца самыя сучасныя тэхналогii сельскагаспадарчай вытворчасцi. Шмат у чым усё гэта ўдаецца рабiць дзякуючы кiраўнiку — як-нiяк Мiкалай Iльiч Васiлевiч узначальвае гаспадарку тры дзесяткi гадоў. За гэты час тут нiводнага разу не было затрымак з выплатай заработнай платы. Сёлета аграфiрма «Лучнiкi» прызнана пераможцам рэспублiканскага спаборнiцтва па нарыхтоўцы кармоў. Гэта яшчэ адно пацвярджэнне высокага ўзроўню вытворчасцi. Ацэнка справядлiвая: зараз у гаспадарцы нарыхтавана 42 цэнтнеры адзiнак травянiстых кармоў у разлiку на ўмоўную галаву жывёлы — практычна двухгадовы запас. — Мы жывёлу на пашу не выганяем, — заўважае Мiкалай Васiлевiч. — Кармоў для гэтага хапае. На нарыхтоўцы зараз працуюць два спецыяльныя атрады. Дзякуючы таму, што ў гаспадарцы ёсць сучасная тэхнiка, мы травы звычайна ўбiраем дзесьцi за 15 дзён. Назапашваем якасныя кармы. Даўно займаемся i кукурузай. Па зерневай тэхналогii яе вырошчвання паспрабавалi займацца яшчэ гадоў 10—15 таму, калi набылi насенне амерыканскай фiрмы «Пiянер». Цяпер жа ў «Лучнiках» робяць стаўку на насенне французскай селекцыi. Такая кукуруза вырастае да трох метраў у вышыню i больш. А ў вялiкiх пачатках — да паўтысячы зярнят. Так што «на выхадзе» атрымлiваецца прыстойны намалот — да 120 цэнтнераў з гектара. — Выязджаем зараз на поле не так ужо i рана — дзесьцi ў адзiнацць гадзiн, — кажа механiзатар Мiкалай Валасач (ён убiрае кукурузу на нямецкiм камбайне «Клаас»). — За дзень намалочваю да 100 тон. Кукуруза сёлета ўрадзiла, таму бункер напаўняецца вельмi хутка. У гаспадарцы ўжо атрымалi каля тысячы тон кукурузнага зерня. Раней на айчынных агрэгатах для таго каб давесцi зерне да належнай кандыцыi даводзiлася яго па два-тры разы «праганяць». I несцi вялiкiя затраты. Зараз у «Лучнiках» узвялi самую сучасную нямецкую сушылку, таму i з дапрацоўкай нiякiх праблем не ўзнiкае. — А вы ведаеце, што ў кукурузе i мiкраэлементы золата ёсць, — сказаў на развiтанне Мiкалай Васiлевiч. — Стратэгiчная культура, што i казаць... Слуцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета ў цэнтральным рэгiёне будзе сабрана каля 100 тысяч тон кукурузнага зерня, а налета — у 3—4 разы больш |
|