На Браславах магiльнiка не будзе
Юлiя ХАДНЕВIЧ
Вяртаемся да тэмы Хоць месцазнаходжанне новай пляцоўкi пакуль дакладна не вызначанаВынiкi выбуху на Чарнобыльскай АЭС для нашай краiны не страцiлi сваёй актуальнасцi i праз 20 гадоў. Сярэднестатыстычнага беларуса пужае ўжо напамiн аб усiм, што датычыцца ядзернай энергетыкi. Нездарма звесткi пра будаўнiцтва сховiшча для ядзерных адходаў у Лiтве — так званага «магiльнiка на Браславах» — у нашай краiне ўспрынялi з засцярогай. Пра сучасны стан гэтага пытання згадзiлася расказаць Вольга ГУРКО, начальнiк аддзела рэгулявання ядзернай i радыяцыйнай бяспекi Праматамнагляду Рэспублiкi Беларусь. ДА ГIСТОРЫI ПЫТАННЯ Спыненне эксплуатацыi ядзерных рэактараў «чарнобыльскага тыпу», размешчаных, у прыватнасцi, на Iгналiнскай АЭС (IАЭС), — адна з умоў уступлення Лiтвы ў ЕС. Першы блок не дзейнiчае з 31 снежня 2004 г., другi спынiцца ў 2009 г. Пытанне аб неабходнасцi будаўнiцтва сховiшча для ядзерных адходаў узнiкла менавiта з прычыны паэтапнага спынення работы энергаблокаў. Маланаселенае мястэчка Галiлуке, размешчанае на адлегласцi менш за 1 км ад беларускай i каля 9 км ад латвiйскай гранiц, поўнасцю задавальняла лiтоўскi бок. Жалезабетонныя бункеры, абкружаныя воданепранiкальным слоем глiны, разлiчаныя на 100 тыс. кубаметраў адходаў, планавалася размясцiць на сховiшчы плошчай 3 га. Будаўнiцтву магiльнiка, як будаўнiцтву любога аб’екта атамнай энергетыкi, папярэднiчае комплекс сур’ёзных мераў: вядуцца гiдра- i геалагiчныя пошукi, правяраюцца магчымасцi тэктанiчных рухаў, ажыццяўляецца праверка на выпадак надзвычайных абставiнаў. I хоць, паводле меркаванняў вучоных, напрыклад, тых жа землятрусаў у блiжэйшыя 300 гадоў на тэрыторыi Лiтвы не чакаецца, прадугледзець усе пазаштатныя сiтуацыi — немагчыма. Вадзяны сток, вятры — усё скiравана ў бок Беларусi i адлегласць у 700 метраў — занадта малая для аб’екта такой катэгорыi. Безумоўна, iснавала сур’ёзная патэнцыяльная радыёэкалагiчная небяспека для прыроды i насельнiцтва Беларусi, таму наша краiна i выказала занепакоенасць. З iншага богу, iснаванне магiльнiка значна паменшыла б экалагiчную каштоўнасць Нацыянальнага парку «Браслаўскiя азёры». НОВАЯ ПЛЯЦОЎКА ДЛЯ АДХОДАЎ РАЗМЕСЦIЦЦА ЛЯ СТАБАЦIШКАЎ У канцы студзеня 2005 г. пасольства нашай краiны ў Лiтве паведамiла пра намер лiтоўцаў будаваць сховiшча для адпрацаванага палiва ў раёне IАЭС. Нормы мiжнароднага права не прадугледжваюць магчымасцяў радыкальных перашкод будаўнiцтву магiльнiка, але ўдзел Лiтоўскай Рэспублiкi ў «Аб’яднанай канвенцыi аб бяспецы звароту з адпрацаваным палiвам i аб бяспецы звароту з радыеактыўнымi адходамi» накладвае на яе абавязацельствы выканання мiжнародных патрабаванняў, што прад’яўляюцца да такога кшталту аб’ектаў. У прыватнасцi: пры выбары пляцоўкi для размяшчэння сховiшча адпрацаваўшага палiва праводзiць кансультацыi з дзяржавамi, што знаходзяцца непадалёк ад такой устаноўкi i прадастаўляць па iх запыту агульныя даныя, неабходныя для ацэнкi магчымага ўплыву на бяспеку iх тэрыторыi. Акрамя таго пры праектаваннi i будаўнiцтве ўстаноўкi для звароту з адпрацаваным палiвам выкарыстоўваць тэхналогii, пацверджаныя вопытам, iспытамi i аналiзам. Галоўнае ж, што адпаведна не толькi патрабаванням мiжнароднага права, але i заканадаўству Лiтвы, для ўсiх пералiчаных праектаў павiнна быць праведзена ацэнка ўплыву на асяроддзе. Нашу краiну не задавальняла месцазнаходжанне будучага сховiшча па прычыне блiзкай адлегласцi. Таму ў маi 2005 г. па iнiцыятыве Беларусi адбылася сустрэча беларускiх спецыялiстаў з прадстаўнiкамi кампетэнтных органаў Лiтвы па пытанню будаўнiцтва магiльнiка. У снежнi таго ж года прадстаўнiк Праматамнагляду як назiральнiк прыняў удзел у складзе мiсii МАГАТЭ па выбары месца i ацэнцы бяспекi праектуемага сховiшча радыеактыўных адходаў IАЭС. Канешне, усе пляцоўкi знаходзяцца вельмi блiзка да мяжы з Беларуссю, але кансенсус усё ж такi быў знойдзены: тэрыторыя, што прылягае да вёскi Стабацiшкi. Але адназначна аб месцы размяшчэння сховiшча можна будзе казаць толькi пасля прыняцця канчатковага рашэння. Тады ж будуць прадстаўлены i адпаведныя дакументы па ацэнцы ўплыву будучага аб’екта на асяроддзе, у тым лiку, у трансгранiчным кантэксце. Усе зацiкаўленыя дзяржаўныя i грамадскiя аб’яднаннi, у тым лiку ў Рэспублiцы Беларусь, — рабочая група Мiнпрыроды, НАН Беларусi i МНС — правядуць неабходныя экспертызы i ацэнкi. У сувязi з незавершанасцю праектных работ iнфармацыя, прадстаўленая Лiтвой, пакуль не дазваляе рабiць ацэнкi адпаведнасцi плануемых праектаў мiжнародным патрабаванням, а таксама прагназаваць рэальную небяспеку для экалогii i здароўя насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хоць месцазнаходжанне новай пляцоўкi пакуль дакладна не вызначана
|
|