А на мой погляд...
Сяргей СТАРЫНАЎ
Распродажы выгадныя i гандлю, i пакупнiкам. Але скiдкi павiнны быць большымi, а тавар — толькi якасным
Пэўны час аб такой з’яве ў гандлi, як распродаж, мы калi што i ведалi, дык выключна па вопыту заходнiх краiн — калi пакрысе пачалi падарожнiчаць па свеце. Там прадавец у канцы сезона iшоў на iстотныя скiдкi, абы толькi ачысцiць палiцы магазiнаў i складоў ад прадукцыi, якая ў наступным сезоне ўжо не будзе карыстацца попытам, эканомячы такiм чынам сродкi па яе захаванню. Гэтага моманту ў многiх краiнах пакупнiкi спецыяльна чакалi, каб потым «змесцi» з прылаўкаў упадабаныя рэчы па сiмвалiчнай цане. У апошнiя гады нешта падобнае нарэшце пачало назiрацца i ў нас. Шэраг гандлёвых прадпрыемстваў iмкнецца прывабiць пакупнiка, даючы скiдкi на пэўныя тавары ў канцы чарговага сезона. А вы наведваеце распродажы? Як вы ўвогуле ставiцеся да iх — лiчыце патрэбнымi, не заўважаеце, iнш.? Валянцiна БРАНIЦКАЯ, вядучы спецыялiст па рабоце з насельнiцтвам раённага цэнтра занятасцi Уздзенскага райвыканкама: — Канешне, распродажы патрэбныя. Гэта выгадна i прадаўцу, якi пазбаўляецца ад тавараў, i нам, спажыўцам, бо рэчы каштуюць менш. Хоць скiдкi, якiя прапаноўваюцца, хацелася б бачыць крыху большымi (смяецца). Цi наведваю я асабiста такiя распродажы? Калi гаварыць, напрыклад, пра рынкi, то на падобныя аб’явы, шчыра кажучы, я ўвагi не звяртаю, гатова заплацiць i поўную цану, абы толькi набыць тое, што мне падабаецца, пасуе. Дарэчы, у нашым невялiкiм гарадку магазiны прапаноўваюць скiдкi не так ужо i часта. Хоць да Дня мацi наша цэнтральнае гандлёвае прадпрыемства аб’явiла акцыю: пры набыццi ювелiрных вырабаў i скургалантарэi на агульную суму не менш як 50 тысяч рублёў будзе прадастаўлена скiдка 10 працэнтаў. Але сумак, што мяне маглi б зацiкавiць, там не было, астатнiя ж тавары я не планавала набываць. Таму i не пайшла. А можа, i часу не хапiла (смяецца). Дарэчы, не ведаю, як у вас там у Мiнску, але ў нас на харчовыя тавары скiдкi нiколi не прадастаўляюць. Так i будзе ляжаць тая каўбаса... Калi зрэдку бываю ў Мiнску, спецыяльна iнфармацыю аб скiдках не шукаю. Але калi такая акцыя пры набыццi патрэбнага мне тавару праводзiцца, чаму б ёй не скарыстацца?! Таццяна ДАРОШКА, начальнiк лабараторыi хлебазавода «Аўтамат», г. Мiнск: — Распродажы я практычна не наведваю, бо на такiя мерапрыемствы элементарна, з-за спецыфiкi працы (ранiцай пайшла на працу, увечары — вярнулася) не хапае часу. Калi ж зрэдку надараецца такая магчымасць, адзначаю, што выбар тавараў са скiдкай мог бы быць i большым. Рэчы абавязкова павiнны быць якаснымi, а не з невялiкiм бракам (ад таго i ўцэненыя), як часам бывае. Ды i скiдкi тыя, калi пералiчыць, бываюць, умоўна кажучы, не больш за 200—300 рублёў. А я лiчу, што ў канцы сезона яны павiнны быць больш iстотнымi, рэчы павiнны рэалiзоўвацца модныя i якасныя. Каб была магчымасць, скажам, у канцы вясны набыць унуку на будучую зiму нешта з адзення, i яно да таго часу маральна не састарэла б. Карысць ад такiх распродажаў была б i для нас, пакупнiкоў, i для гандлю — грошы пастаянна паступалi б у абарот. Вiктар ВАЙТУЛЕВIЧ, намеснiк дырэктара па жыллёвых пытаннях Лiдскага гарадскога ўнiтарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркi: — Шчыра кажучы, я не звяртаю ўвагi на такiя рэчы. Калi мне што трэба, нейкая рэч, iду i купляю. Галоўнае, каб яна была якаснай. А ўвогуле, канешне, няхай бы распродажаў тавараў у канцы сезона праводзiлася больш. З iх дапамогай кожны змог бы выбраць сабе нешта па сродках i разам з тым моднае. Максiм ТАБОРАЎ, дырэктар выдавецкага дома «Тур-iнфа»: — Што ёсць распродаж па свайму глыбiннаму сэнсу? Гэта своеасаблiвая гульня памiж вытворцам-прадаўцом i пакупнiком-спажыўцом. Па-першае, у ёй прысутнiчае псiхалагiчны элемент. Напрыклад, можна абвясцiць, што цана са 100 знiжана да 20 i рэчаў засталося ўсяго тры адзiнкi. За кошт такога кроку прадавец можа лёгка «спiхнуць» нейкi тавар. Па-другое, ёсць i эканамiчны момант. Умоўна кажучы, з 10, 20, 100 тысяч найменняў тавараў, якiя ёсць у гiпер- цi супермаркеце, скiдкi аб’яўлены толькi на 100 найменняў, прычым максiмальныя. Чалавек, якi прыехаў у магазiн, можа не сумнявацца, паралельна набудзе яшчэ нешта. На Захадзе на гэтым эфекце гульнi людзi лiтаральна памешаныя, там гэта своеасаблiвы спосаб баўлення часу: адсочваць у газетах, па тэлебачанню аб’явы аб скiдках. Праўда, бывае, што спажывец заглынае такую iнфармацыю, як рыба кручок, i набывае тавар, якi яму, магчыма, увогуле не патрэбны. Калi я бываю за мяжой, паводжу сябе як звычайны беларускi турыст. Мэтанакiравана за скiдкамi не палюю, як, напэўна, было калiсьцi, але ведаю, што на Захадзе сезонныя скiдкi абвяшчаюцца ў пэўныя месяцы, скажам, на летнiя калекцыi — у жнiўнi. Яскравая рэклама спрацоўвае на такiх распродажах, як стоп-сiгнал: так, што тут можна купiць вельмi танна?! У нас я ведаю сетку салонаў па продажы спартыўнага адзення, якiя рэгулярна праводзяць скiдкi — своеасаблiвы аўкцыён па панiжэнню цаны. Яны могуць знiзiць кошт на 50 працэнтаў, але пакрысе: у першы тыдзень — на 10 працэнтаў, у другi — на 20 працэнтаў. Калi ласка, можаш чакаць i 50 працэнтаў, але ёсць рызыка, што ўпадабаны тавар можа нехта перахапiць раней за цябе. Увогуле ж распродажы, безумоўна, карысныя як для магазiнаў, так i для грамадзян, бо грошы пачынаюць працаваць у эканомiцы менавiта ў час куплi. А такiя акцыi iх якраз i стымулююць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Распродажы выгадныя i гандлю, i пакупнiкам. Але скiдкi павiнны быць большымi, а тавар — толькi якасным |
|