Гэта вам не сэканд хэнд
Марына ПЫРКОВА
Што рабiць, калi апранацца ў стыльныя i прыгожыя рэчы з-за мяжы, якiя каштуюць у буцiках вялiкiя грошы, не дазваляюць фiнансы? Чаму ваша сяброўка цi сябар ходзяць ледзь не кожны дзень у новым фiрменным адзеннi, а вы — у адных i тых жа джынсах, пры тым, што заробак у вас прыкладна аднолькавы?
Паспрабуйце пацiкавiцца ў iх, цi не купляюць яны адзенне ў магазiнах-стоках? Што гэта за магазiны? Усё вельмi проста. Магазiны-стокi — гэта магазiны эканом-класа, у якiх прадаецца адзенне самых вядомых сусветных брэндаў па цане, нiжэйшай за сабекошт. «Як такое можа быць?» — падумаеце вы. Справа ў тым, што ў буйных магазiнах ЗША i Еўропы адзенне знаходзiцца на прылаўках на працягу максiмум трох месяцаў, а пасля — аўтаматычна трапляе ў катэгорыю тавару «сток», незалежна ад таго, простыя гэта джынсы цi шыкоўная сукенка. Пасля таго як тавар трапляе ў гэтую катэгорыю, цана на яго падае ў некалькi разоў, i тут з’яўляюцца людзi, якiя выкупляюць гэты тавар i рэалiзоўваюць яго ў так званых магазiнах-стоках. «У Мiнску, ды i ўвогуле ў Беларусi, такi вiд гандлю толькi-толькi з’яўляецца, — расказвае iндывiдуальны прадпрымальнiк аднаго з мiнскiх сток-магазiнаў Вольга Сцяпанава. — Таму ў нас няма пастаўшчыкоў сток-тавараў з-за мяжы, i нам даводзiцца супрацоўнiчаць з маскоўскiмi пастаўшчыкамi». Ва ўсiм свеце гэты вiд гандлю добра вядомы — такiм чынам людзi навучылiся эканомiць грошы. Той, хто прывык апранацца ў прыгожыя i якасныя рэчы, рэгулярна i з вялiкiм iнтарэсам, нават азартам, робiць пакупкi ў стокавых магазiнах. Тым больш што ў магазiнах такога роду прадукцыю вядомых мадэльераў можна набыць часам са скiдкай да дзевяноста працэнтаў! Трэба адзначыць, што сток-магазiны — гэта вам не сэканд-хэнд. Адзенне, якое прадаецца тут, яшчэ нiхто не насiў, на кожнай рэчы вiсiць фiрменная этыкетка фабрыкi-вытворцы. Акрамя таго, сток-магазiны адрознiваюцца ад сэканд-хэнда тым, як у iх прадаюць адзенне. Магазiн эканом-класа, як правiла, — светлае, чыстае i цёплае (што немалаважна) памяшканне, са зручнымi прымерачнымi кабiнкамi. Сток-магазiны не падобныя i да буйных сталiчных унiвермагаў. Часцей гэта кампактныя памяшканнi на 30—50 квадратных метраў. I знаходзяцца такiя магазiны ў людных месцах, непадалёк ад «народных сцежак», па якiх ходзiць шмат людзей — патэнцыяльных пакупнiкоў. Набыццю адзення ў стоках аддаюць перавагу прадстаўнiкi самых розных катэгорый: так званы «сярэднi клас» i студэнцкая моладзь, шматдзетныя мацi i маладажоны, школьнiкi i iх бацькi. Аднак, як заўважыла Вольга Сцяпанава, «нельга вылучыць якую-небудзь адну катэгорыю грамадзян, якая б часцей за iншыя прыходзiла ў наш магазiн. Цяга да фiрменных i недарагiх рэчаў прыводзiць у наш магазiн прадстаўнiкоў самых розных узростаў i сацыяльнага становiшча». Некаторыя з вас iзноў задумаюцца: «Як я буду насiць тое, што не прадалi недзе ў Еўропе, гэта ж ужо не модна!». Гэта не так, бо рэчы, якiя сёння прапануюць сток-магазiны, маглi б яшчэ доўгi час знаходзiцца ў самых модных магазiнах замежжа, калi б не правiла трохмесячнага тэрмiну. Тым больш што мода змяняецца не так кардынальна, каб добрыя рэчы ўмомант страчвалi сваю актуальнасць. Акрамя таго, ёсць адзенне, проста непадуладнае павевам зменлiвай моды, напрыклад, класiчнага стылю — яно заўсёды застаецца актуальным. I зусiм неабавязкова, што рэч, якую вы купiце ў сток-магазiне, будзе на кожным другiм чалавеку. Кожная рэч у такiх магазiнах прадстаўлена максiмум двума экзэмплярамi. Галоўная задача такiх магазiнаў — рэалiзаваць як мага больш тавару за кароткi тэрмiн. Таму асартымент стокаў абнаўляецца пастаянна. Спажыўцу цiкавая тая крама, якая здольная прапанаваць разнастайны тавар. У стокавы магазiн новыя партыi завозяцца не раз на тры месяцы, а практычна кожны тыдзень, а то i дзень. Такiя гандлёвыя кропкi можна назваць санiтарамi рынку моднага адзення. Асаблiвай рысай стокавых магазiнаў з’яўляецца эфектыўнасць так званага «сарафаннага радыё», калi адзiн пакупнiк «прыводзiць» iншых. Гэта сапраўды так, бо нельга не падзялiцца з iншымi iнфармацыяй аб тым, якiя якасныя рэчы можна купiць тут амаль што па смешнай для гэтых рэчаў цане. Заканамерна ў вас узнiкне пытанне: цi iснуюць у Мiнску такiя магазiны i дзе яны знаходзяцца? У Мiнску iснуе пакуль два сток-магазiны — гэта «Магiя дысконта» (вул. В. Харужай, 6) i «Сток-Маркет»(вул. В. Харужай, 21). У iх можна знайсцi адзенне такiх сусветных марак, як «ZARA», «MEXX», «Jenifer», «Pimkie», «Naf-Naf», «Bershka» i шмат iншых. Цэны таксама прыемна здзiвяць: штаны — 35—55 тысяч, джынсы — да 70 тыс. рублёў, спаднiцы, кашулi, свiтэры, майкi — 35 — 40 тысяч, курткi — у сярэднiм 80 тысяч рублёў. Але i гэта яшчэ не ўсё, нават у стокавых магазiнах бываюць скiдкi. Адбываецца гэта тады, калi рэч затрымлiваецца на прылаўку. А ў магазiне «Магiя дэсконта» дзейнiчае накапляльная сiстэма скiдак, якая дазваляе пастаянным пакупнiкам валодаць сярэбранай i залатой дысконтнай карткай, што дае права адпаведна на пяцi- i дзесяцiпрацэнтныя скiдкi. Акрамя таго, студэнтам i iмянiннiкам у дзень нараджэння скiдка пяць працэнтаў забяспечана.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што рабiць, калi апранацца ў стыльныя i прыгожыя рэчы з-за мяжы, якiя каштуюць у буцiках вялiкiя грошы, не дазваляюць фiнансы?
|
|