21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Скрынка з пафасам, або Дзякуй нам, што мы ёсць у вас

25.08.2009 22:06 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Выхад у свет

Чырвоная дывановая дарожка, шэраг дарагiх аўто, шампанскае i тэлекамеры... У такой атмасферы напрыканцы мiнулага тыдня ў модным сталiчным клубе прайшла ўрачыстая цырымонiя ўзнагароджання асоб, якiя трапiлi ў спiс Топ-50 самых прыгожых i паспяховых людзей Мiнска.

Уваходным бiлетам на цырымонiю i шоу «Дольчэ Вiта», дарэчы, служыла... абгортка ад шакаладкi. (Правiльна, што найлепей iлюструе выраз «салодкае жыццё», як не ласункi?) Шакалад аказаўся сапраўды смачным, а «фанцiк» прыгожым i крэатыўным. Абавязковай умовай быў таксама «шакаладны» дрэс-код — белы, чорны, класiчны. Упершыню на нашай памяцi практычна ўсе запрошаныя яго выканалi — праўда, збольшага зоркi аддалi перавагу чорна-белай гаме. А вось крэатыў у арганiзатараў, мяркуючы па ўсiм, на гэтым i скончыўся...

Смешна было яшчэ на папярэднiм пасяджэннi экспертаў. Амаль 30 чалавек складалi спiс 50, прычым кандыдатаў набралася больш як 180. Сярод прэтэндэнтаў у асноўным траплялiся асобы са свету шоу-бiзнэсу (артысты, дыджэi, тэлевядучыя, дырэктары клубаў) i проста бiзнэсу (медыцынскага, аўтамабiльнага, магазiннага i г.д.). Некалькi спартсменаў ды выкладчыкаў пагоды ў цэлым не рабiлi. Здзiвiла, што ў многiх конкурсных анкетах не было фота (а як тады ацэньваць прыгажосць кандыдатаў?), а ў iншых траплялiся незразумелыя памылкi: напрыклад, старшыню савета дырэктараў TUT.BY назвалi Сяргеем. Але вяршыняй здзiўлення стала анкета са здымкам, дзе чорным па беламу напiсалi: «Яўген Калдун, пераможца «Фабрыкi зорак-6». Толькi на самой цырымонii высветлiлася, што Дзiму Калдуна нiхто ў Топ-50 заносiць i не думаў (паспяховасцю не выйшаў?), а на ўвазе меўся зусiм iншы чалавек, дырэктар уласнага турагенцтва Яўген Колтун.

Мы спецыяльна ўдакладнiлi ў iнiцыятара i генеральнага прадзюсара акцыi Ларысы Грыбалёвай: будуць занесены ў спiс усе выбiтныя беларусы або толькi прадстаўнiкi сталiцы? «На першы раз абмяжуемся Мiнскам», — запэўнiла Ларыса. Уяўляеце, з якiм недаўменнем мы сустрэлi ў спiсе кандыдатаў магiляўчан Кацю Лiтвiнаву i Наташу Падольскую, ураджэнца Бабруйска Руслана Аляхно, гродзенца ДзiДзюЛю i iншых зусiм не мiнскiх персон?.. А пытанне, як вымяраецца паспяховасць кандыдатаў i чаму, напрыклад, Уладзiмiр Пугач («J:Mopc») паспяховы, а Сяргей Мiхалок («Ляпис Трубецкой») — не, увогуле засталося па-за межамi разумення. Урэшце, мы не ўвайшлi ў лiк экспертаў, якiя ацэньвалi прыгажосць i паспяховасць удзельнiкаў Топ-50, таму на ход падзей паўплываць нiяк не маглi. Заставалася толькi назiраць.

На цырымонii мы нечакана ўгледзелi ў натоўпе «шакаладных» гасцей падзабыты, але знаёмы твар культавага беларускага радыёдыджэя Сяргея Кузiна. Зараз ён жыве ў Кiеве i працуе ў вялiкiм тамтэйшым медыяхолдынгу.

— Ды проста так супала, што мне ўсё адно трэба было прыехаць у Мiнск, у падатковую iнспекцыю зазiрнуць, — аджартаваўся Сяргей на заканамернае пытанне «якiмi вятрамi». Да ўключэння яго ў Топ-50 вядучы паставiўся спакойна, аддаючы куды больш энтузiязму размове з сынам Жэнем. Апошнi, дарэчы, не выключае, што таксама перабярэцца ў Кiеў — вучыцца. Праўда, па бацькаваму шляху iсцi не збiраецца, хоча засвоiць рэстаранны бiзнэс.

Другiм нечаканым (дакладней, чакаемым, але да апошняга моманту малаверагодным) госцем вечарынкi стаў рэзiдэнт маскоўскага «Комедзi Клаб» Вадзiм Галыгiн. Ён, праўда, завiтаў у Мiнск таксама ўсяго на пару дзён, i паводзiў сябе так, быццам трапiў на Топ-50 выпадкова.

Пачуўшы ў спiсе «адзначаных» iмя Анжэлiкi Агурбаш, журналiсты ажно падабралiся — няўжо ўмудрылiся прапусцiць прыезд спявачкi? Аказалася, не, замест артысткi ўзнагароду — шкляную статуэтку, букет i дыплом — атрымала яе мiнскi дырэктар Вольга Смаляк. Гэтаксама Макс Мiрны, якi змагаўся ў той вечар на кортах Пецярбурга, дэлегаваў на вечарынку бацьку, Мiкалая Мiрнага. А вось за «Супермадэль свету 2006» Кацю Даманькову ўзнагароду чамусьцi нiхто не атрымаў — хоць Каця якраз-такi мiнчанка, i яе бацькоў упаўне можна было б запрасiць парадавацца чарговаму поспеху дачкi.

Генеральны прадзюсар тэлеканала АНТ Ягор Хрусталёў, спявачка Corriana, модны пластычны хiрург Дзмiтрый Бацюкоў, артыстка цырка Ганна Бандарчук, уладальнiк салонаў сувязi «БелЕвроСеть» i знаўца ШДК Алесь Мухiн, вядучая i пiсьменнiца Тамара Лiсiцкая, капiтан нацыянальнай футбольнай зборнай Сяргей Штанюк, дыджэй Даша Пушкiна, балярына Вольга Гайко, прэс-сакратар СТБ Васiлiна Калугiна, тэлерадыёвядучы Дзмiтрый Шунiн, джазавая спявачка Танi Фарэдо... Увесь спiс Топ-50 у мэтах эканомii газетнай плошчы называць не будзем. Але склалася ўстойлiвае ўражанне, што яго ўдзельнiкi выбiралiся па розных крытэрыях: адны сапраўды прыгожыя, другiя сапраўды паспяховыя, i невялiкая частка тых, хто сумясцiў першае i другое.

Было заяўлена, што ў рамках вечарынкi «Дольчэ Вiта» адбудзецца шоу-паказ асенне-зiмовай калекцыi з мiнскiх буцiкаў, а таксама выступленне выбраных артыстаў. I тое, i другое атрымалася занадта ўжо выбраным. Пяць хвiлiн дэфiле — гэта быў мадэльны паказ, а дзве песенькi ад Corrian’ы i 40-хвiлiнны жывы канцэрт «J:Mopc», вiдаць, трэба было разумець як канцэртную праграму. Перад фiнальным музычным «акордам» прайшоў яшчэ розыгрыш прызоў ад спонсараў вечарынкi, прычым галоўным падарункам якомусьцi шчаслiўчыку стала арганiзацыя бясплатнага карпаратыўнага свята ад Святочнага бюро Ларысы Грыбалёвай. Увогуле Ларыса i яе супрацоўнiкi так вiдавочна старалiся наладзiць вечарынку па-людску, што госцi шчыра рабiлi выгляд, быццам iм усё гэта цiкава. «Топавыя» асобы ў асноўным хавалiся ад прыцэлу тэлекамер i фотаапаратаў па кутах, балбаталi ў сваiх вузкiх кампанiях на ўтульных нiзенькiх канапах, i практычна нiхто не спяшаўся падзялiцца, якi ён шчаслiвы i радасны з нагоды ўключэння ў спiс самых-самых. Па нашых настойлiвых просьбах самыя цiкаўныя вырашылi паглядзець, што iм было ўручана ў дадатак да кветак i статуэткi. Як высветлiлася, у загадкавых скрынях, перавязаных леапардавымi стужкамi, ляжаў дыплом удзельнiка Топ-50 i... набор купонаў скiдак у розныя модныя ды забаўляльныя ўстановы Мiнска. У абмен на запрашальнiкi некалькi «скiдачных» квiткоў выдалi i нам, але цэны ў гэтых самых установах такiя, што гэта пяць працэнтаў скiдкi ад кошту парахода. Зрэшты, не будзем занадта крытычныя да цырымонii Топ-50 — першы раз усё-ткi. Можна сказаць, рэпетыцыя. Вось назапасiм вопыту i пафасу, i на наступны год будзем выбiраць «Топ-100» ужо зусiм з iншым настроем.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чырвоная дывановая дарожка, шэраг дарагiх аўто, шампанскае i тэлекамеры... У такой атмасферы напрыканцы мiнулага тыдня ў модным сталiчным клубе прайшл
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика