Што чакае Зямлю?
Iнга МIНДАЛЁВА
Вучоныя прагназуюць канец свету праз 1 мiльярд гадоў
На працягу чалавечай гiсторыi цiкавасць homo sapiens да iдэй апакалiпсiсу (канца свету) была бадай што цi не большай, чым да пошуку сэнсу жыцця. Розныя фiласофii i рэлiгii прапаноўвалi свае адказы на адвечныя пытаннi «навошта мы тут?» i «як (калi) усё завершыцца?» З развiццём навукi i навуковага мыслення пачалi з’яўляцца новыя версii, якiя грунтавалiся на вынiках даследаванняў i адкрыццяў у розных галiнах прыродазнаўства. Сваё слова сказалi i астрафiзiкi. Нiжэй мы прыводзiм некалькi найбольш цiкавых сцэнарыяў Апакалiпсiсу, прапануемых сучаснымi вучонымi. Пракаментаваць iх мы папрасiлi дырэктара Абсерваторыi БДУ, кандыдата фiзiка-матэматычных навук Ольгерда Паўлавiча КУЗНЕЧЫКА. «Горача» — «холадна» Першапачаткова — невялiкi астранамiчны «лiкбез», без якога цяжка будзе ўспрыняць прыведзеную нiжэй iнфармацыю. Яшчэ ў школе мы вывучалi тэорыю Сусветнага выбуху. Яе сутнасць у тым, што ў адной бясконца малой кропцы космасу пад уздзеяннем пэўных фактараў сканцэнтравалася вялiзная маса протарэчыва неверагоднай шчыльнасцi. Пры дасягненнi пэўнага крытычнага ўзроўню адбыўся выбух, у вынiку якога i ўтварылiся галактыкi, зоркi, планеты i ўсе астатнiя нябесныя целы. Спачатку наша Зямля была невыносна гарачай, а з паступовым яе астываннем на планеце ўзнiкла жыццё. Так званая «гарачая» мадэль з’яўлення Сусвету застаецца самай папулярнай у навуковых колах ужо больш за сотню гадоў. Аднак ёсць i другая, якую ўмоўна называюць «халоднай» мадэллю. Паводле яе, усе касмiчныя целы (i зоркі, i планеты, i каметы) «будуюцца» па аднаму прынцыпу — шляхам кандэнсацыi (злiпання) крупiнак протарэчыва. Пачатак працэсу ўтварэння аднолькавы, а вынiк залежыць ад масы «новаспечанага» аб’екта. Чым большая маса — тым большым будзе сцiсканне крупiнак. Калi радыус аб’екта становiцца большым за 1500 кiламетраў, пад уздзеяннем гравiтацыi ўнутры цела пачынаюцца хiмiчныя працэсы, адбываецца паступовы разагрэў i фармiраванне металiчнага ядра. Доля протарэчыва тады змяншаецца i ў выпадку, калi радыус протарэчыва не перавышае 1,5 кiламетра, хiмiчная актыўнасць паступова згасае (яскравы прыклад — Месяц, дзе аналагiчныя працэсы працякалi толькi першыя 2—2,5 мiльярда гадоў). У адваротным выпадку ўнутры буйнога цела пачынаецца тэрмаядзерная рэакцыя, якая прыводзiць да ўтварэння зоркi — спачатку чырвонага спектра (з нiзкай тэмпературай), потым аранжавага, зялёнага, жоўтага i г.д. Так разагравалася i Сонца. Што датычыцца Зямлi, разагравалася яна (у вынiку хiмiчных рэакцый) таксама знутры, таму «першасны булён» жыцця ўзнiк у вадзе пад iльдом, якiм спачатку была пакрыта Зямля (крыху больш за 2 мiльярды гадоў таму). Паводле «халоднай мадэлi», жыццё НА ПАВЕРХНI нашай планеты ўтварылася дзесьцi 320 мiльёнаў гадоў таму, калi Сонца перайшло ў жоўты спектр з тэмпературай 6000 градусаў па Кельвiну. «Халодная мадэль», на маю думку, значна больш прадуктыўная, чым «гарачая», — адзначае Ольгерд Паўлавiч. — Яна дазваляе не толькi лагiчна растлумачыць утварэнне ўсiх нябесных цел (ад micro да macro), але i з’яўленне гiдрасферы, атмасферы, бiясферы на Зямлi». Варыянты канца свету Паводле аднаго са сцэнарыяў апакалiпсiсу ад навукi, датай канца свету названа 31 кастрычнiка 2 252 006 года. Да такой высновы прыйшлi геолагi i палеантолагi, калi вывучалi акамянелыя выкапнi, чый узрост перавышае 22 мiльёны гадоў. Група экспертаў вызначыла, што сярэдняя працягласць жыцця млекакормячых — 2,5 мiльярда гадоў (з якiх 250 тысяч сучасны чалавек ужо «адбыў»). — Найперш, адзначу, што акамянелыя выкапнi нельга ўвязваць з iснаваннем самой планеты i жыцця на ёй, — каментуе Ольгерд Паўлавiч. — Жыццё на Зямлi забяспечваецца блiжэйшай зоркай, для нас гэта Сонца. Паводле «халоднай» мадэлi, Зямля i Сонца маюць узрост 4—4,5 мiльярда гадоў i ў перспектыве праiснуюць яшчэ крыху менш за 1 мiльярд гадоў. Вызначыць жа дату канца свету лiтаральна да дня ў астрафiзiцы немагчыма. Прыведзеную версiю не варта ўспрымаць сур’ёзна. Спецыялiсты Утрэхцкага ўнiверсiтэта заяўляюць, што пад уздзеяннем розных астранамiчных фактараў кожныя 2,5 мiльёна гадоў адбываецца зрушэнне зямной арбiты. Яно не дае Зямлi наблiзiцца да Сонца на патрэбную адлегласць. У вынiку Зямля як бы адштурхоўваецца ад Сонца i астывае, што нязменна згубна ўплывае на ўсе жывыя iстоты. Блiжэйшы ледавiковы перыяд у будучынi можа знiшчыць жыццё на нашай планеце. — Мне, напрыклад, вельмi цiкава, якiя дакладна «астранамiчныя фактары» маюцца на ўвазе i чаму яны прывядуць да пахаладання менавiта праз 2,5 мiльёна гадоў? Я згодны з тым, што змяненнi (пульсацыi) арбiты Зямлi ёсць, i абумоўлены яны канкрэтнымi нябеснымi целамi. У першую чаргу ўплывам Юпiтэра (самай буйной планеты Сонечнай сiстэмы, протазоркi, калi б маса Юпiтэра была крыху большай, мы б сёння мелi двайную зорку Сонца—Юпiтэр). У свой час выказвалiся меркаваннi, што менавiта дзякуючы ўздзеянню Юпiтэра Зямля «атрымлiвала» ледавiковыя перыяды. Аднак апошнiя даследаваннi даказалi, што аднаго гэтага недастаткова. Зрушэнне арбiты Зямлi з-за ўплыву Юпiтэра выклiкае змяненнi клiмату, аднак не настолькi значныя, каб абумовiць глабальнае пахаладанне. Ледавiковыя перыяды звязаны з акеанiчнымi цячэннямi. Па адной з версiй, апошнi ледавiк адышоў з Еўропы таму, што ўтварыўся Панамскi перашыек, якi заблакiраваў праход цёплага цячэння Гальфстрыма памiж Паўночнай i Паўднёвай Амерыкамi. Тады Гальфстрыму давялося абмiнаць Паўднёвую Амерыку i заходзiць у Еўропу. У 2029 годзе Зямля сустрэне госця — астэроід MN-4, арбiта якой пройдзе настолькi блiзка (36—39 тысяч кiламетраў ад цэнтра Зямлi), што нябеснага вандроўнiка можна будзе пабачыць простым вокам. Сутыкнення з Зямлёй пры гэтым, як даказалi аўстралiйскiя вучоныя, не адбудзецца. Аднак яно верагодна ў 2036 годзе — калi пад уздзеяннем зямной гравiтацыi MN-4 можа вярнуцца. У вынiку такога «ўдару з космасу» наша планета ператворыцца ў мёртвую пустыню. — Сутыкненне любой планеты з касмiчным целам дастаткова вялiкай масы з’яўляецца катастрофай, памеры якой будуць залежаць ад масы аб’екта. Паводле Турынскай шкалы маштабу астэроiднай небяспекi, вылучаюць катастрофу мясцовага значэння (дыяметр аб’екта менш за 500 метраў, напрыклад, падзенне Тунгускага «метэарыта»), рэгiянальнага (ад 500 метраў да 2 кiламетраў), мацерыковага (2 i больш кiламетраў) i глабальнага (прыблiзна 5 кiламетраў i больш). Вучоныя Цэнтра даследаванняў малых цел PASADENA ў ЗША i Iнстытута прыкладной астраномii РАН у Санкт-Пецярбургу пацвердзiлi верагоднасць сутыкнення MN-4 з Зямлёй. Аднак больш дакладныя вынiкi можна будзе зрабiць пасля завяршэння першага вiтка «госця». У любым выпадку прычын для панiкi няма. Ужо зараз iснуюць розныя спосабы папярэджання такога сутыкнення. З дапамогай скiраванага ўзрыву цi пратаранiўшы MN-4 штучным аб’ектам можна змянiць яго арбiту. Некаторыя для гэтага прапануюць замацаваць на MN-4 «ветразь», якi б улоўлiваў сонечны вецер. Ёсць iдэя пафарбаваць «госця», тады зменiцца каэфiцыент паглынання сонечных промняў, павялiчыцца адбiвальная здольнасць, арбiту можна будзе скарэктаваць. Можна закласцi ўнутр ядзерны зарад i проста раскалоць MN-4. Насамрэч, iстэрычныя настроi i выступленнi на гэтую тэму маюць пад сабой палiтычную i фiнансавую аснову (стварыць адзiны зямны ўрад i атрымаць грошы на даследаваннi). Амерыканскiя вучоныя астрафiзiк Дональд Браунлi i палеантолаг Пiтэр Уорд прадказалi канец свету праз 500 мiльёнаў гадоў. Яны параўналi жыццё на планеце з 24 гадзiнамi ў сутках. На iх думку, зараз 4.30 ранiцы (4,5 мiльярда гадоў iснавання жыцця на Зямлi). У 5 гадзiн флора i фауна загiне, у 8 гадзiн — выпарацца акiяны, у 12.00 — Зямлю паглыне Сонца. — З «нацяжкай» можна пагадзiцца з iх версiяй пра 500 мiльёнаў (хоць я падкрэслiваю, што нам засталося крыху менш за 1 мiльярд гадоў). Аднак жыццё на Зямлi iснуе не 4,5 мiльярда гадоў, на паверхнi планеты яно ўтварылася толькi 320 мiльёнаў гадоў таму. Адсюль i аналогiя з гадзiнамi сутак даверу не заслугоўвае. На думку прадстаўнiкоў даследчай групы доктара Роберта Смiта, Сонца двойчы будзе пагражаць Зямлi. Упершыню — праз 7,7 мiльярда гадоў. Тады яно стане ў 120 разоў большым па памеру i «праглыне» Меркурый i Венеру. У другi раз — яшчэ праз 100 мiльёнаў гадоў, калi Сонца стане «белым карлiкам» 10 тысяч мiль дыяметрам, а арбiта Зямлi зменiць траекторыю. Зямля перажыве Сонца, але яе паверхня пачне паступова астываць. Працуе «гарачая» мадэль. Я не бачу прычын, чаму Сонца абавязкова павiнна пашырацца. Паводле «гарачай» мадэлi, можа пашырыцца атмасфера Сонца i блiжэйшыя аб’екты могуць быць ёй захоплены. Увогуле праз 7,7 мiльярда гадоў нiякай пагрозы з боку Сонца быць не можа, бо не будзе самога Сонца. Цiкава, на чым яны грунтавалi свае прагнозы... Ёсць небяспека ад газаў. У 1998 годзе касмiчны тэлескоп HUBBLE перадаў магутны выкiд звышгарачага газу з цэнтра галактыкi М87. Гэты «стрэл» магутнасцю ў мiльярды Сонцаў знiшчаў усё на сваiм шляху. Калi б Зямля трапiла пад такi прамень, чалавецтва было б вынiшчана. — Згаданы выкiд адбыўся па-за межамi нашай Галактыкi, таму палохацца няма прычын. На арбiце Зямлi ёсць часцiцы плазмы з тэмпературай 10—20 тысяч градусаў па Кельвiну. Але зямляне гэтага не адчуваюць, бо ў нас ёсць свая «лiнiя абароны» — магнiтасфера Зямлi. Магнiтнае поле планеты генерыруецца за кошт унутраных працэсаў, што працякаюць у двух паясах на глыбiнi 2900 i 60 кiламетраў. Калi гэтыя працэсы спыняцца, планета страцiць магнiтасферу. Тады Зямля акажацца безабароннай перад жорсткiм выпраменьваннем (гама, рэнтгенаўскiя промнi), усё жывое будзе спалена. А якiм бачыцца канец свету самому Ольгерду Паўлавiчу? — Паводле «халоднай» мадэлi крыху менш чым праз 1 мiльярд гадоў металiчнае ядро Сонца складзе 50 працэнтаў масы. Тады Сонца разарвецца папалам. Частка ператворыцца ў туманнасць (так у вынiку выбуху звышновай у 1054-м утварылася Крабавiдная туманнасць), частка застанецца касмiчным целам. Зямля перастане iснаваць. Аднак вельмi верагодным дырэктар Абсерваторыi лiчыць варыянт, калi само чалавецтва знiшчыць сябе i планету куды хутчэй.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вучоныя прагназуюць канец свету праз 1 мiльярд гадоў |
|