Аляксандр Лукашэнка: «У 2007 год мы павiнны ўвайсцi з аптымальным прагнозам i бюджэтам»
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Учора Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб праектах прагнозу сацыяльна-эканамiчнага развiцця, бюджэту i асноўных накiрункаў грашова-крэдытнай палiтыкi краiны на 2007 год.
Асноўная мэта гэтых дакументаў, адзначыў кiраўнiк дзяржавы, — забеспячэнне рашэнняў сацыяльна-эканамiчных задач, што былi вызначаны трэцiм Усебеларускiм народным сходам. Пры гэтым ён не хаваў, што распрацоўка i абмеркаванне праектаў iшлi не зусiм проста, а таму неабходна засяродзiць увагу на найбольш праблемных момантах. Галоўны з дакументаў, якi ўчора разглядаўся, — праект прагнозу сацыяльна-эканамiчнага развiцця, на базе якога i распрацоўвалiся два iншыя дакументы. Паводле слоў А. Лукашэнкi, пры распрацоўцы прагнозу надзвычай важна «аб’ектыўна прааналiзаваць тэндэнцыi, што складваюцца ў эканомiцы, прынцыпова ацанiць вынiкi, з якiмi мы завяршаем першы год пяцiгодкi». А. Лукашэнка ўзгадаў статыстыку, згодна з якой сёлета захавалiся высокiя тэмпы развiцця народнай гаспадаркi i паспяхова выконваецца большасць з прагнозных паказчыкаў. Аднак праяўляюцца i негатыўныя моманты, i сур’ёзныя праблемы, якiя «якраз i вызначаюць якасны бок нашага гаспадарання». Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў: «Тое, што не ўпiсваецца ў выпрацаваную намi мадэль развiцця i дасягненне нашай галоўнай мэты (iстотнае паляпшэнне ўсiх бакоў жыцця людзей, стварэнне дзяржавы для народа), адобрана мной не можа быць». Кiраўнiка дзяржавы цiкавiлi прыярытэты, якiя былi вызначаны на будучы год у рамках дзяржаўнай пяцiгадовай праграмы, а таксама тое, наколькi прапрацаваны шляхi iх рэалiзацыi. Важным з’яўляецца i праблема энергазберажэння, рацыянальнага выкарыстання ўсiх рэсурсаў i ўкараненне навукаёмiстых тэхналогiй, тое, якiм чынам будзе актывiзавана праграма iмпартазамяшчэння i дасягнення станоўчага знешнегандлёвага сальда. Асаблiвая ўвага была звернута на праблему фiнансавага аздараўлення прадпрыемстваў, на якую А. Лукашэнка ўказвае ўраду пастаянна. Ён адзначыў, што за ростам валавага ўнутранага прадукту хаваюцца стратныя прадпрыемствы, большасць якiх знаходзiцца ў невялiкiх гарадах. Галоўнае патрабаванне да бюджэту на наступны год — яго сацыяльная накiраванасць. У iм, адзначыў А. Лукашэнка, павiнны быць закладзены падыходы да рэалiзацыi важнейшай задачы цяперашняй пяцiгодкi: «Чалавек — iнавацыйнае развiццё — дабрабыт». Падатковая сiстэма павiнна ўдасканальвацца, а расходы канцэнтравацца на прыярытэтных накiрунках сацыяльна-эканамiчнага развiцця Беларусi — росце грашовых даходаў насельнiцтва, жыллёвым будаўнiцтве, пад’ёме малых i сярэднiх гарадоў, падтрымцы iнавацый, рэалiзацыi праграмы адраджэння вёскi. Што датычыцца грашова-крэдытнай палiтыкi, то ў ёй неабходна «весцi размову аб замацаваннi рэальных станоўчых тэндэнцый апошнiх гадоў». Гады паслядоўнай працы, адзначыў А. Лукашэнка, у канчатковым вынiку прывялi да панiжэння iнфляцыi, стабiлiзацыi абменнага курса нацыянальнай грашовай адзiнкi, росту зберажэнняў. У 2007 год, заявiў ён, краiна павiнна ўвайсцi з аптымальным прагнозам i бюджэтам. Мiнiстр эканомiкi Мiкалай Зайчанка падвёў вынiкi развiцця краiны за 9 месяцаў гэтага года. Паводле яго слоў, выкананы 13 з 16 галоўных паказчыкаў сацыяльна-эканамiчнага развiцця краiны. Нявыкананым аказаўся прагноз па вытворчасцi сельскагаспадарчай прадукцыi, iмпарту тавараў i паслуг, а таксама энергаёмiстасцi вытворчасцi. М. Зайчанка звярнуў увагу на тое, што ў параўнаннi з папярэднiм годам знiзiлася колькасць стратных прадпрыемстваў (з 19,8 працэнта да 15,4 працэнта). Увагу кiраўнiка дзяржавы прыцягнуў прагнозны рост ВУП па вынiках гэтага года. М. Зайчанка адзначыў, што за 9 месяцаў яго рост склаў 109,6 працэнта, аднак па вынiках года прагнозны паказчык зменшаны да 109,2 працэнта. А. Лукашэнка лiчыць, што падобныя прагнозы пастаўлены для падстрахоўкi, а таму тэмпы i дынамiка росту ВУП павiнны быць захаваныя, тым больш што «на фiнiшы мы заўсёды прыбаўлялi». Менавiта на гэтым i павiнны будавацца прагнозы на наступны год. У наступным годзе, адзначыў М. Зайчанка, запланаваны рост ВУП у памеры 108—109 працэнтаў. Узровень росту iнфляцыi павiнен адпавядаць 6—8 працэнтам. Рост iмпарту прадукцыi i паслуг на 3,5 працэнта дазволiць выйсцi на станоўчае сальда ў гандлi. Рэальныя заробкi павялiчацца на 8—9 працэнтаў. Увод жылля запланаваны ў памеры 4,2—4,7 млн кв. метраў. Прычым 75 яго працэнтаў — гэта жыллё для грамадзян, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, а прыкладная цана такога панэльнага дома — 400 долараў за квадратны метр. А. Лукашэнка са свайго боку назваў гэту лiчбу для панэльнага жылля максiмальнай, i яе можна знiзiць да 320 долараў, якiя стануць прымальнымi для насельнiцтва. Адступаць ад нормаў дагавора нельга, адзначыў ён, прыводзячы прыклады, калi падрадчыкi не толькi не ўкладваюцца ў вызначаныя тэрмiны будаўнiцтва, але яшчэ i патрабуюць даплаты. А таму калi грамадзянiн будзе звяртацца ў падобных выпадках у суд, апошнi павiнен станавiцца на бок першага. Мiнiстр фiнансаў Мiкалай Корбут далажыў кiраўнiку дзяржавы, што бюджэт на наступны год захоўвае сацыяльную накiраванасць. Бюджэтныя даходы плануецца павялiчыць на 13 працэнтаў, а ў цэлым яны складуць каля 40 трлн рублёў. Расходы павялiчацца на 14 працэнтаў i будуць адпавядаць суме ў 41,7 трлн рублёў. Каментуючы змест расходнай часткi бюджэту, А. Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што траты не павiнны быць залiшнiмi, а грошы неабходна накiроўваць туды, дзе яны будуць прыносiць найбольшы прыбытак. Мяркуемы дэфiцыт бюджэту-2007 — 1,4 трлн рублёў, або 1,5 працэнта. Па вынiках нарады А. Лукашэнка падкрэслiў канструктыўнасць размовы, што адбывалася на ёй. Абмеркаванне фiнансавых дакументаў краiны на наступны год будзе працягнута, i праз некаторы час кiраўнiк дзяржавы правядзе сустрэчу ў больш вузкiм фармаце. У цэлым жа, адзначыў кiраўнiк дзяржавы, прагнозы адпавядаюць планам на пяцiгодку, а таму iх неабходна выконваць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб праектах прагнозу сацыяльна-эканамiчнага развiцця, бюджэту i асноўных накiрункаў грашова |
|