| Васiль БОЛСУН:
      
					Сяргей РАСОЛЬКА
«У дзяржавы дастаткова мераў па рэгуляванню ў сферы вытворчасцi i абароту алкагольнай прадукцыi. I тым  не менш яны ў блiжэйшы час будуць яшчэ ўзмоцненыя» Як паведамляла днямi наша газета, у апошнi час на тэрыторыi Расii маштабы сапраўднай масавай эпiдэмii набылi выпадкi атручвання сурагатнай алкагольнай прадукцыяй. Паводле апошнiх звестак, у 12 суб’ектах Расiйскай Федэрацыi колькасць пацярпелых ужо вылiчваецца тысячамi, адзначаны многiя факты смяротнага атручвання падробленым алкаголем. Такая трывожная сiтуацыя дала падставы спiкеру нiжняй палаты Дзярждумы Расiйскай Федэрацыi Барысу Грызлову выказаць прапанову аб магчымасцi ўвядзення ў краiне дзяржаўнай манаполii не толькi на вытворчасць спiрту, але i на распаўсюджванне спiртазмяшчальнай прадукцыi. Так супала, што амаль адначасова ўсплёск выпадкаў атручвання сурагатным алкаголем быў зафiксаваны i ў Беларусi. Маштабы навалы, канешне, не такiя, як у суседзяў, аднак гэта сiтуацыя прымушае задумацца, наколькi мы з вамi як спажыўцы абаронены ад недабраякаснай прадукцыi i цi дастаткова мераў з боку дзяржавы ў справе барацьбы з сурагатным алкаголем. На гэтыя i iншыя пытаннi мы папрасiлi даць адказ намеснiка начальнiка галоўнага ўпраўлення арганiзацыi кантрольнай дзейнасцi, начальнiка ўпраўлення кантролю за падакцызнымi таварамi Мiнiстэрства па падатках i зборах Васiля БОЛСУНА. — На сёння ў нашай краiне ўстаноўлены дастаткова жорсткiя меры рэгулявання ў сферы вытворчасцi i абароту алкагольнай прадукцыi, — лiчыць Васiль Фядосавiч. — Гэты працэс ажыццяўляецца шляхам лiцэнзавання памянёнай дзейнасцi, квацiравання, падаткаабкладання, рэгулявання цэн, дзяржаўнай гiгiенiчнай рэгiстрацыi i абавязковага пацвярджэння адпаведнасцi патрабаванням тэхнiчных нарматыўных прававых актаў, дэкларавання аб’ёмаў вырабленага, экспартаванага, iмпартаванага спiртнога, а таксама кантролем за яго вытворчасцю i абаротам. Гэтыя меры былi ўстаноўлены Законам Рэспублiкi Беларусь «Аб дзяржаўным рэгуляваннi вытворчасцi i абароту алкагольнай прадукцыi», а таксама Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 9 верасня 2005 года № 11 «Аб удасканаленнi дзяржаўнага рэгулявання вытворчасцi, абароту i рэкламы алкагольнай, нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i нехарчовага этылавага спiрту». — У Расii, нагадаю, абмяркоўваюць магчымасць увядзення дзяржаўнай манаполii... — Што ёсць поўная манаполiя ў гэтай сферы? Гэта калi дзяржава цалкам кантралюе працэс ад вытворчасцi да рознiчнай рэалiзацыi. У нас такога няма, напрыклад, iндывiдуальным прадпрымальнiкам дазваляецца продаж парфумерна-касметычных тавараў, якiя могуць утрымлiваць нехарчовую спiрта- змяшчальную прадукцыю. Паўтаруся, на сёння ў нас дастаткова паўнамоцтваў, каб трымаць пытаннi вытворчасцi i абароту алкагольнай прадукцыi пад кантролем. Згодна з памянёным Дэкрэтам № 11 права на вытворчасць, экспарт, iмпарт, захоўванне (як вiд прадпрымальнiцкай дзейнасцi) алкагольнай прадукцыi, аптовы, рознiчны гандаль маюць толькi юрыдычныя асобы. У iндывiдуальных прадпрымальнiкаў засталося права толькi на рознiчны гандаль у прадпрыемствах грамадскага харчавання. Прынятыя меры дазволiлi зменшыць колькасць вытворцаў алкагольнай прадукцыi: лiцэнзii атрымалi толькi 108 юрыдычных асоб. Скарацiўся выпуск вiна нiзкага гатунку з канцэнтраваных сокаў. Iстотна знiзiўся аб’ём увозiмага спiртнога дзякуючы змяншэнню квот на iмпарт. I такая адмiнiстрацыйная мера, як штраф, у дачыненнi да парушальнiкаў заканадаўства ў памеры 5 тысяч базавых велiчынь (або 155 мiльёнаў рублёў) гаворыць сама за сябе. — I тым не менш, як паказвае жыццё, сурагатны алкаголь усё яшчэ трапляе ў рукi беларусаў... — Сапраўды, праблема нелегальнага абароту алкагольнай прадукцыi, на жаль, цалкам не вырашана, хоць меры, якiя прадпрымае ў гэтым накiрунку дзяржава, даюць свой плён. Так, па вынiках кантрольнай работы, праведзенай iнспекцыямi Мiнiстэрства па падатках i зборах, за студзень—верасень гэтага года было арыштавана 449,3 тысячы лiтраў алкагольнай прадукцыi (або 60 працэнтаў да студзеня—верасня 2005 года, што ў пэўнай ступенi сведчыць аб дзейнасцi мерапрыемстваў i прыведзеных вышэй заканадаўчых актаў i прынятых у iх выкананне iншых заканадаўчых актаў) на суму 1598 мiльёнаў рублёў, 228,1 тысячы лiтраў нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i спiрту этылавага (69 працэнтаў да адпаведнага перыяду 2005 года) на суму 1563,5 мiльёна рублёў. У даход дзяржавы па вынiках дзевяцi месяцаў года вернута 253,2 тысячы лiтраў алкагольнай прадукцыi на суму 1100,6 мiльёна рублёў, або 98,8 працэнта да колькасцi арыштаванай; 212,7 тысячы лiтраў нехарчовай спiртазмяшчальнай прадукцыi i спiрту этылавага на суму 1335,7 мiльёна рублёў (93,3 працэнта да колькасцi арыштаванай к узроўню 2005 года). I тым не менш нягледзячы на тое, што з часу ўступлення ў сiлу Дэкрэта № 11 прайшло менш за год i карысць ад яго палажэнняў вiдавочная, зараз падрыхтаваны некаторыя папраўкi ў гэты дакумент, якiя будуць датычыцца дзейнасцi не толькi iндывiдуальных прадпрымальнiкаў у гэтай сферы, але i па некаторых пунктах — юрыдычных асоб. Дэкрэт зараз знаходзiцца на разглядзе ў Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, таму казаць яшчэ нешта па гэтых пытаннях, лiчу, заўчасна. — Васiль Фядосавiч, а што з пiвам? Зараз яно аднесена да алкагольнай прадукцыi... — Так, аднак само па сабе пiва з’яўляецца напоем, якi выпрацоўваецца шляхам натуральнага браджэння, г.зн. без дабаўлення спiрту. Таму ўводзiць пiва ў пералiк алкагольнай прадукцыi, магчыма, i немэтазгодна. Верагодна, з таго пералiку пенны напой i будзе выключаны. Хоць пытанне гэта не такое i адназначнае: свой погляд на праблему ў некаторых спажыўцоў, тым больш — у вытворцаў. — Напрыканцы размовы, калi ласка, нагадайце нашым чытачам, як iм адрознiць самастойна па знешняму выгляду сурагатны алкаголь. — Алкагольныя напоi, якiя рэалiзуюцца на тэрыторыi нашай краiны, абавязкова павiнны быць прамаркiраваны акцызнымi маркамi або спецыяльнымi маркамi Рэспублiкi Беларусь. Усяго дзейнiчае больш за 40 iх разнавiднасцяў. Пры набыццi алкаголю трэба звярнуць увагу на адпаведнасць акцызнай маркi ўзору, якiм павiнен маркiравацца адпаведны вiд прадукцыi, i аб’ёму яго разлiву. Агульны фон акцызнай маркi для маркiроўкi каньякоў, брэндзi, каньячных напояў, вiн i вiнных напояў, вырабленых у Рэспублiцы Беларусь, выкананы фарбай фiялетавага колеру (маркi ўзору 2004 года — ружовага). Для маркiроўкi гарэлкi i лiкёра-гарэлачных вырабаў выкарыстоўваецца фарба колеру охра. Акцызныя маркi на вырабы, што ўвозяцца ў краiну, — шэра-зялёныя. Спецыяльныя маркi для алкагольных напояў, звернутых у даход дзяржавы, — карычневыя. Акцызныя маркi, за выключэннем прызначаных для маркiроўкi алкагольных напояў у сувенiрнай тары, маюць юнiграму. Пры накладаннi на яе iдэнтыфiкатара схаванага адлюстравання праяўляюцца надпiсы: «Акциз» i «Акцыз» (акцызная марка для маркiроўкi гарэлкi i лiкёра-гарэлачных вырабаў, вырабленых у Рэспублiцы Беларусь); «Акцыз вiно» (для абазначэння каньякоў, вiн i вiнных напояў, вырабленых у нашай краiне); «Iмп.» (для ўвезеных алкагольных напояў). На этыкетцы, акрамя наймення алкагольнага напою, яго моцнасцi i ёмiстасцi, павiнны ўказвацца найменне прадпрыемства-вытворцы, яго адрас, знак адпаведнасцi, дата вырабу, састаў. Этыкетка павiнна быць прыклеена да бутэлькi акуратна. Калi паглядзець на яе з унутранага боку, дык у заводскай часцей можна ўбачыць роўныя палоскi клею (сустракаецца i суцэльнае пакрыццё). У хатнiх умовах клей наносiцца звычайна пэндзлем, таму палоскi выходзяць няроўныя. Заводскi корак не пракручваецца вакол сваёй восi, iначай гэта брак. Калi вы набылi бутэльку, на якiм корак «алка» (з «язычком»), паглядзiце ўважлiва, як прагнуты знiзу яго краi. У падробак — няшчыльна i з дробнымi «хвалямi». У сапраўднай гарэлкi яны гладкiя i падагнаны да ўпору. А лакiраванае пакрыццё не павiнна мець драпiн. А самы лепшы спосаб не нанесцi ўласнаму здароўю шкоду — набываць алкагольную прадукцыю толькi ў спецыялiзаваных магазiнах. — Дзякуй за гутарку. 
 Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код: На вашем ресурсе это будет выглядеть так «У дзяржавы дастаткова мераў па рэгуляванню ў сферы вытворчасцi i абароту алкагольнай прадукцыi. I тым  не менш яны ў блiжэйшы час будуць яшчэ ўзмоцне 
 | 
		
		
		 |