Беларусь i Iран разлiчваюць у перспектыве павялiчыць узаемны тавараабарот да $1 млрд5 лiстапада пачаўся трохдзённы афiцыйны вiзiт Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь у Iсламскую Рэспублiку Iран. «Беларусь — суверэнная незалежная дзяржава, для нас няма нiякiх абмежаванняў для супрацоўнiцтва з Iранам у якой-небудзь сферы дзейнасцi, — сказаў Прэзiдэнт. — У нашых краiн вельмi добрыя адносiны на ўзроўнi дыпламатаў, нармальныя палiтычныя адносiны, у нас супадаюць пункты гледжання па асноўных мiжнародных праблемах. I пад гэту палiтычную i дыпламатычную аснову трэба падвесцi магутны фундамент у выглядзе гандлёва-эканамiчных адносiнаў». Цяперашняя беларуска-iранская сустрэча на вышэйшым узроўнi з’яўляецца трэцяй па лiку за даволi непрацяглы перыяд часу. Паводле ацэнкi беларускага боку, гэтыя кантакты падкрэслiваюць зацiкаўленасць дзвюх краiн у плённым супрацоўнiцтве. Прэзiдэнты абмеркавалi сумесныя праекты ў галiне энергетыкi, якiя, на думку спецыялiстаў, могуць атрымаць канкрэтнае напаўненне ў самы блiжэйшы час. На сустрэчы ў фармаце «сам-насам» Аляксандр Лукашэнка i Махмуд Ахмадзiнежад дамовiлiся, што асабiста возьмуць на кантроль супрацоўнiцтва памiж дзвюма дзяржавамi. У выпадку неабходнасцi будуць назначаны давераныя асобы для кантролю за рэалiзацыяй прынятых рашэнняў. На перагаворах у пашыраным складзе Прэзiдэнт Беларусi канстатаваў, што цяпер беларуска-iранскiя адносiны развiваюцца асаблiва дынамiчна. Тым не менш, ёсць асобныя пытаннi, у тым лiку ў мытнай i банкаўскай сферах, якiя яшчэ трэба будзе вырашыць у блiжэйшыя месяцы. Калi гэта ўдасца, то ўзаемны тавараабарот можа з часам дасягнуць $1 млрд, перакананы Аляксандр Лукашэнка. Для гэтага ёсць рэальныя падставы. Фактычна размова iдзе аб маючым адбыцца прарыве ў гандлёва-эканамiчных адносiнах. Для параўнання: у 2005 годзе аб’ём двухбаковага гандлю склаў $38,4 млн i вырас на 4,7 працэнта. Беларускi экспарт дасягнуў $35,6 млн i павялiчыўся на 7,1 працэнта, iмпарт склаў $2,7 млн. Аляксандр Лукашэнка запрасiў iранскага калегу наведаць Беларусь з вiзiтам. Розныя аспекты двухбаковага ўзаемадзеяння падрабязна абмяркоўвалiся ў той жа дзень на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкi з Вярхоўным лiдарам Iсламскай рэвалюцыi аяталой Алi Хаменеi, якi з’яўляецца кiраўнiком дзяржавы, палiтычным i духоўным лiдарам у Iране i кантралюе дзейнасць усiх галiн улады. Адбыўся выключна канструктыўны i добразычлiвы дыялог. Вечарам у Тэгеране адбыўся афiцыйны абед ад iмя Прэзiдэнта Iсламскай Рэспублiкi Iран у гонар Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Аляксандра Лукашэнкi. 7 лiстапада Аляксандр Лукашэнка наведаў маўзалей iмама Хамейнi, дзе ўсклаў вянок i пакiнуў запiс у Кнiзе ганаровых гасцей. Пасля гэтага кiраўнiк дзяржавы прадоўжыў перагаворы з прэзiдэнтам Iрана Махмудам Ахмадзiнежадам, якiя пачалiся ў Тэгеране 6 лiстапада. Асноўныя моманты развiцця двухбаковых адносiнаў замацаваны ў сумесным камюнiке, якое прэзiдэнты Беларусi i Iрана падпiсалi пасля завяршэння сустрэчы. Важным вынiкам вiзiту беларускай дэлегацыi ў Тэгеран стала заключэнне шэрагу пагадненняў i дамоўленасцяў. У прысутнасцi прэзiдэнтаў, у прыватнасцi, падпiсаны: Дагавор памiж Рэспублiкай Беларусь i Iсламскай Рэспублiкай Iран аб прававой дапамозе па грамадзянскiх i крымiнальных справах, мiжурадавае Пагадненне аб супрацоўнiцтве ў галiне папярэджання i лiквiдацыi прыродных катастроф, стыхiйных бедстваў i iншых надзвычайных сiтуацый, Мемарандум аб узаемаразуменнi памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь i Урадам Iсламскай Рэспублiкi Iран аб супрацоўнiцтве ў галiне нафтавай прамысловасцi. Пагадненне аб супрацоўнiцтве заключылi Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА) i Iранскае агенцтва навiн (IРНА). Дакументальна аформiлi намер аб супрацоўнiцтве таксама Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанiя Беларусi i Вяшчальная кампанiя Iсламскай Рэспублiкi Iран. Акрамя таго, напярэдаднi, 6 лiстапада, у Тэгеране быў падпiсаны Мемарандум аб узаемаразуменнi памiж ЗАТ «Беларуская калiйная кампанiя» i Iранскай кампанiяй падтрымкi сельскагаспадарчага развiцця. Ён дае магчымасць значна павялiчыць пастаўкi беларускiх калiйных угнаенняў на iранскi рынак. Падводзячы на прэс-канферэнцыi вынiкi перагавораў, прэзiдэнты Беларусi i Iрана далi iм самую высокую ацэнку. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў свайму iранскаму калегу i Вярхоўнаму лiдару Iсламскай рэвалюцыi за падтрымку, што аказваецца двухбаковаму супрацоўнiцтву. «Мы дастаткова далёка рушылi наперад у супрацоўнiцтве ў сферы палiтыкi. У нас вельмi добра працуюць дыпламаты, у нас адзiны пункт гледжання па пытаннях светаўладкавання. Але любая палiтыка мае патрэбу ў магутным падсiлкоўваннi ў выглядзе гандлёва-эканамiчных адносiнаў. Таму нараўне з палiтычнымi пытаннямi мы асноўную ўвагу ў час вiзiту ўдзялiлi эканамiчным праблемам», — падкрэслiў беларускi лiдар, каментуючы па просьбе журналiстаў вынiкi тэгеранскiх сустрэч. Кiраўнiк беларускай дзяржавы канстатаваў, што эканомiкi дзвюх краiн з’яўляюцца ўзаемадапаўняльнымi. «У гэтым ключы iшлi ўсе перагаворы, i мы дасягнулi каласальных дамоўленасцяў. Толькi ў вынiку гэтага вiзiту мы заключылi з iранскiм бокам пагадненняў i кантрактаў на суму прыкладна $350 млн», — заявiў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён дадаў: «$1 млрд — гэта той узровень узаемнага тавараабароту, на якi мы можам i абавязаны выйсцi, i мы выйдзем». У Тэгеране прэзiдэнты таксама дамовiлiся аб тым, што Iран можа разлiчваць на падтрымку Беларусi ў цэнтры Еўропы таксама, як i наша рэспублiка можа разлiчваць на падтрымку Iрана на Усходзе. Адказваючы на пытаннi прадстаўнiкоў СМI, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што памiж двума прэзiдэнтамi склалiся адкрытыя i дружалюбныя адносiны. «Мы разумеем тыя праблемы, якiя перад намi стаяць i якiя мы поўныя рашучасцi вырашыць. Што датычыцца ўзаемнага iнтарэсу, то нашы дзяржавы iмкнуцца да цеснага ўзаемадзеяння. Для гэтага ёсць i суб’ектыўныя прычыны — адносiны прэзiдэнтаў, i аб’ектыўныя — тая абстаноўка, сiтуацыя, у якой мы знаходзiмся. Скажам шчыра, яна нас падштурхоўвае да самага цеснага супрацоўнiцтва», — сказаў беларускi лiдар. У якасцi iлюстрацыi магчымасцяў для пашырэння беларуска-iранскага гандлю кiраўнiк дзяржавы прывёў такiя лiчбы: на сённяшнi дзень Iран iмпартуе тавараў на $40 млрд. «Цi ж мы ў гэтым iмпарце не можам заняць пэўную нiшу? Няхай нават — 10 працэнтаў. Гэта было б $4 млрд для развiцця эканомiкi Беларусi», — падкрэслiў Прэзiдэнт. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што Беларусь павiнна больш актыўна адкрываць у Iране — якi iнтэнсiўна будуецца i прыцягвае замежных спецыялiстаў, замежныя iнвестыцыi — сумесныя вытворчасцi i зборачныя прадпрыемствы з далейшай перадачай тэхналогiй у галiне машынабудавання, вытворчасцi халадзiльнага абсталявання, тэлевiзiйнай i iншай бытавой тэхнiкi. Як было адзначана, дасягнута дамоўленасць аб сумеснай распрацоўцы нафтавых радовiшчаў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, «гэта пытанне нацыянальнай бяспекi Беларусi». «Мы тут атрымалi самую поўную падтрымку. Хачу прама сказаць: я паабяцаў прэзiдэнту Iрана, што калi мы рэалiзуем дамоўленасцi, дасягнутыя ў час вiзiту, то беларускi бок гатовы для Iрана зрабiць усё тое, аб чым ён нас папросiць», — дадаў ён. Высокую ацэнку вiзiту кiраўнiка беларускай дзяржавы ў Тэгеран даў Махмуд Ахмадзiнежад, назваўшы яго «паспяховым i рэзультатыўным». 7 лiстапада беларуская дэлегацыя на чале з Аляксандрам Лукашэнкам вярнулася ў Мiнск. Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусi няма закрытых тэм у супрацоўнiцтве з Iранам. Мы гатовы не толькi абмяркоўваць, але i дагаворвацца па ўсiх аспектах, якiя цiкавяць Беларусь
|
|