«Знайсцi свой прычал...»
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Вёска паступова становiцца ўсё больш прывабным месцам для жыцця. У аграпрамысловай вытворчасцi растуць паказчыкi, а значыць, павялiчваюцца i заробкi. Сёння ў шэрагу месцаў у работнiкаў i па мiльёну рублёў у месяц выходзiць. Хто робiць — той i зарабляе. Мэтанакiравана аднаўляецца сацыяльная сфера. Вясковы сэрвiс нiколькi не будзе саступаць гарадскому — такая ставiцца задача. Тутэйшыя жыхары павiнны карыстацца ўсiмi «выгодамi цывiлiзацыi». Дзякуючы таму, што гаспадаркi пачалi рэальна зарабляць грошы, пэўную частку сродкаў можна ўкласцi i ў «сацыялку». Такая магчымасць сёння з’явiлася нават у былых аўтсайдараў, або адстаючых гаспадарках.
Паспяховая «рэанiмацыя» Рэфармаванне стратных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — iдэя зусiм не новая. Яшчэ ў сярэдзiне 1990-х гадоў гэтую справу спрабавалi вырашыць праз аб’яднанне некалькiх тагачасных калгасаў у нейкую адну «структуру». Аднак той вопыт аказаўся няўдалым, рэальнага фiнансавага аздараўлення не адбылося, а ў шэрагу выпадкаў паказчыкi наадварот пагоршылiся. Стала зразумела, што без укладання значных сродкаў проста не абысцiся. Аднак дзе iх узяць? Выйсце было знойдзена некалькi гадоў таму, калi аграпрамысловых аўтсайдараў пачалi перадаваць iнвестарам (у тым лiку i прыватным структурам). Трэба заўважыць, што большасць новых гаспадароў — гэта дзяржаўныя прадпрыемствы. У многiх з iх не было нават мiнiмальнага вопыту сельскагаспадарчай дзейнасцi, таму спачатку такi варыянт рэфармавання выклiкаў пэўны недавер. Аднак час паказаў, што шлях «рэанiмацыi» быў абраны правiльны. Летась сельскагаспадарчы комплекс «Ляскавiчы» стаў адным са структурных падраздзяленняў нацыянальнага парку «Прыпяцкi». Гэта прадпрыемства было ўтворана на базе некалькiх гаспадарак — былога саўгаса «Ляскавiчы», СВК «Брынёва» i СГП «Хлупiн». Усе яны лiчылiся стратнымi i паступова прыходзiлi ў заняпад. Добрай тэхнiкi тут амаль не было, затое былi вялiкiя даўгi банкам i затрымкi з выплатай «умоўных» заробкаў. Гаспадаркi размяшчалiся на тэрыторыi двух раёнаў (Петрыкаўскага i Жыткавiцкага) i мелi памiж сабой пэўную адлегласць. Гэта, канешне, справу ўскладняла, аднак цяжкасцi былi паспяхова пераадолены. Сёння сельскагаспадарчы комплекс «Ляскавiчы» — адзiн з лiдараў i прызнаны аўтарытэт у сваёй галiне. Прыехаўшы ў гаспадарку, мы трапiлi на пасяджэнне па перспектывах правядзення веснавой сяўбы. Як кажуць, рыхтуй драбiны ўзiмку. Глебы тут не надта ўрадлiвыя, таму «традыцыйнымi» збожжавымi займацца нявыгадна. Праўда, сеюць тут пакрысе тыя ж пшанiцу, авёс, ячмень, трыцiкале, але гэта хутчэй для разнастайнасцi рацыёну жывёлы. Паколькi менавiта жывёлагадоўля ў «Ляскавiчах» на першым месцы, усё земляробства падпарадкавана ёй. Камп’ютарная «мацi» Кантора сельскагаспадарчага комплексу размешчана ў вёсцы Ляскавiчы. Гэта адмiнiстрацыйны i вытворчы цэнтр гаспадаркi. На ўсiх астатнiх участках вырашана ў асноўным развiваць выключна нарыхтоўку кармоў, чым там паспяхова i займаюцца. У гэтым годзе, як мяркуюць у «Ляскавiчах», сярэднi надой на карову складзе не менш чым 4 тысячы лiтраў, а налета тут плануюць наблiзiцца i да пяцiтысячнай мяжы. — Пэўны час таму прыйшлося «ствараць» статак лiтаральна «з нуля», паколькi прадукцыйнай жывёлы ўвогуле не было, — заўважае дырэктар сельскагаспадарчага комплексу «Ляскавiчы» Уладзiмiр Хамякоў. — Закупiлi кароў у Брэсцкай вобласцi i пачалi пацiху нарошчваць пагалоўе. Зараз статак прыходзiць у норму. У гаспадарцы прымяняюць самыя прагрэсiўныя методыкi — кароў на пашу ўвогуле не выганяюць. Кармленне ў iх аднатыпнае, незалежна ад пары года. Дзякуючы гэтаму, удаецца трымаць высокi ўзровень вытворчасцi малака i пастаянна «плюсаваць» па надоях. Такiх паказчыкаў, узгадвалi вяскоўцы, тут не было нават у савецкi час. Кармы ў «Ляскавiчах» уласнай вытворчасцi — ёсць уласны млын са спецыяльнымi шалямi i дазатарам. Для кожнага ўзросту жывёлы прымяняецца iндывiдуальны рацыён. На жывёлагадоўчым комплексе многiя працэсы камп’ютарызаваныя. — Працаваць стала намнога лягчэй, — кажа начальнiк комплексу Алена Загорац. — Умовы вельмi прыстойныя — мы тут ужо i боты не абуваем, можна ў чаравiках паўсюль хадзiць. Раней я працавала ў краме i нi за што не пагаджалася сюды прыйсцi. А зараз усiм кажу, што памылялася. На комплексе ўсталявалi сучасную даiльную залу i зараз з усiм працэсам (трэба двойчы на дзень падаiць 235 кароў) без усялякiх цяжкасцяў спраўляюцца дзве (!) даяркi. У цялят некалькi тыдняў таму з’явiлася сапраўдная камп’ютарная «мацi». На ашыйнiку ў кожнага замацаваны спецыяльны чып, дзе дакладна «распiсаны» ўвесь рацыён. Калi малое падыходзiць да кармушкi, то камп’ютар адразу перадасць iнфармацыю наконт таго, якi «заказ» трэба выдаць. Як сказала Алена Загорац, адаптацыя да сучасных тэхналогiй у цялят прайшла вельмi хутка i яны ўжо прызвычаiлiся да рэжыму дня — да кармушкi падыходзяць у строга вызначаны час. Штодня ў «Ляскавiчах» атрымлiваюць каля 2,5 тоны «белага золата», больш чым палову яго перапрацоўваюць ва ўласным малочным цэху. Пакуль што тут выпускаюць толькi пастэрызаванае малако ў пакетах, аднак ужо ў блiжэйшы час мяркуюць наладзiць выпуск смятаны i кефiру. Быў бы попыт, а прапанаваць у «Ляскавiчах» ёсць што. Навошта шукаць лепшае? Зараз у сельгаскомплексе працуюць каля 200 чалавек. Заробкi тут па мясцовых мерках добрыя — у сярэднiм за верасень людзi атрымалi больш чым па 300 тысяч рублёў. Адзначаюць, што гэта адзiн з лепшых паказчыкаў па аплаце працы сярод аграпрамысловых прадпрыемстваў Петрыкаўскага раёна. А што з сацыяльнай сферай? Думаю, вяскоўцам таксама няма на што паскардзiцца. Тым больш што вёска Ляскавiчы налета стане аграгарадком. Прызнаюся, такiх маштабных работ, якiя зараз адбываюцца тут, бачыць пакуль не даводзiлася. Мабыць, таму ўсё запланавана зрабiць на працягу двух гадоў — аб’ём надта вялiкi. Затое Ляскавiчы дакладна набудуць зусiм iншы выгляд. У службовым кабiнеце ў старшынi Ляскавiцкага сельскага Савета Аляксандра Чарняўскага ёсць генеральны план будучага аграгарадка. — Перамены i сапраўды адбудуцца вельмi значныя, — заўважае Аляксандр Мiкалаевiч. — Плануецца пракласцi сiстэму водазабеспячэння i запусцiць станцыю абезжалезвання. Актыўна будуецца жыллё: узво-дзяцца i катэджы, i шматкватэрныя дамы. Шмат робiцца па добраўпарадкаванню. Сапраўдная «фiшка» праекта — у Ляскавiчах з’явiцца ўласны прычал. Цяпер катэры i маторныя лодкi змогуць заплываць сюды прама з Прыпяцi. А тое, што ў Ляскавiчы пацягнецца народ, дык гэта дакладна. Па-першае, проста з цiкаўнасцi. Кажуць, што ў аграгарадку выкапаюць два вялiкiя штучныя вадаёмы i ўзвядуць развадны мост. У мясцовай школе, расказаў Аляксандр Чарняўскi, з’явiцца ўласны стадыён. Магчыма, пабудуюць i басейн. Давядуць да ладу i асобны корпус для пачатковых класаў. Пачне працаваць кафэ. Карацей кажучы, будуць створаны ўсе ўмовы для таго, каб моладзь паехала ў гэтыя мясцiны. Дарэчы, ужо едзе — у СГК «Ляскавiчы» працуюць маладыя спецыялiсты. Заатэхнiку Уладзiмiру Шыбайле тут вельмi падабаецца. Ён працуе па спецыяльнасцi пасля заканчэння Рэчыцкага сельгастэхнiкума. Зарабляе 435 тысяч рублёў «чыстымi» i марыць пабудаваць уласны дом. — За вёскай будучыня, — кажа хлопец, — я ў гэтым абсалютна перакананы. Навошта шукаць нешта лепшае, калi тут мая зямля... Петрыкаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска паступова становiцца ўсё больш прывабным месцам для жыцця. У аграпрамысловай вытворчасцi растуць паказчыкi, а значыць, павялiчваюцца i заробкi
|
|