Не больш, чым патрэбна
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Нездарма я адчувала нейкую няёмкасць, калi пры дзецях нашу сям’ю называлi ШМАТдзетнай. Тлумачальны слоўнiк пацвердзiў мае здагадкi. Адно са значэнняў слова «многа» — больш, чым патрэбна. Хто ж з маёй тройцы — лiшак? Няўжо — Дашка, якой учора Мiкiта строга выгаворваў за сталом: «Ты з’ела толькi адну рыбную катлету?! Гэта — жудасна! Сядай i з’еш яшчэ адну!» А Цiмох яму падтакваў сваiм падлеткавым баском: «Так: усiм па дзве бульбiны i па дзве катлеты».
Дзецi ўчора вячэралi без дарослых. На канiкулы да нас прыехала мужава пляменнiца i мая хроснiца, а камп’ютар з кухнi пакуль так i не ўбралi. Вось таму мы ўшасцярых там не ўмяшчаемся, i вырашылi накрыць дзецям асобна. Я гартала кулiнарную кнiгу ў суседнiм пакоi i ўсмiхалася з таго, як хлопцы кармiлi малодшую сваю сястру. Цi гэта — шмат? Увогуле, пра якую такую колькасць дзяцей можна сказаць «больш, чым патрэбна»? Гэта проста дзiкунства. Канешне, я i сама не заўсёды так думала. Добра памятаю хвiлiну, калi сядзела на канапе зусiм стомленая, на дыване перада мной гулялiся хлопцы, мае першыя двое. Адзiн быў зусiм маленькi, ён увесь час лез да старэйшага, цi то ўкусiць яго хацеў, цi то разламаць яго машынку, у пакоi стаялi вiск, скаргi, крык. А я сядзела i спрабавала ў думках да гэтай мешанiны з дзяцей i цацак дадаць яшчэ адно малое... I не магла. У мяне не хапала ўяўлення. Магчыма ў тую хвiлiну мне i падалося, што яшчэ адно — гэта будзе больш, чым патрэбна. Але тое было яшчэ ДА нараджэння Дашкi. А калi яна нарадзiлася, то я зразумела, што справа была ў абмежаванасцi майго ўяўлення. Увогуле ўласна я перажыла некалькi перыядаў асэнсавання сябе ў якасцi мацi траiх дзяцей. Магчыма, сённяшнiя трохдзетныя жанчыны перажываюць iншае. Бо сёння, што нi кажыце, на трэцяе вырашаюцца часцей, чым дзесяць гадоў таму. I адносiны да такiх сем’яў змянiлiся. Мне здаецца, што сябе я магу аднесцi да пакалення мацярок, якiя, што называецца, ламалi лёд. У сярэдзiне дзевяностых вырашыцца на трэцяе — было нешта кшталту выклiку. Узгадваю здзiўленне, змешанае з жалем, старой выхавацелькi дзiцячага садка, калi яна ўбачыла мяне з... двума! Часы былi такiя дзiўныя, што людзi нават другое дзiця лiчылi вынiкам легкадумнасцi. Таму я падчас цяжарнасцi Дашкай iмкнулася пазбягаць знаёмых. Затое потым адыгрывалася. Пачуццё незаслужанага сораму пасля нараджэння дачкi змянiлася пачуццём такога ж незаслужанага гонару. Прычым у першыя ж iмгненнi. Дашка была не самым прыгожым дзiцём у нашай палаце: чорныя вочкi невялiкiя i трохi раскосыя, а тварык жаўтаваты, да таго ж у хуткасцi ён пакрыўся чырвонымi плямкамi — алергiя на прызначаныя мне антыбiётыкi. Я заўважала, што мая суседка па ложку стрымана маўчыць, каб не сказаць, наколькi яе бялявая дзяўчынка прыгажэйшая. Але мне было з гэтага смешна. Мне так мiлыя былi i невядома адкуль узятыя дзiўныя мангольскiя вочкi, i смуглявая скурка, усё гэта я не прамяняла б нi на што ў свеце. I потым некалькi гадоў захоўвалася непераадольнае жаданне ўсiм расказаць, што я нарадзiла i маю траiх дзяцей! Напэўна, тое было ад таго, што я сама сабе здзiўлялася. Здзiўлялася таму пачуццю нейкай паўнаты, якое падарыла нараджэнне Дашкi. Вось яшчэ што: памятаю, як было цяжка, калi было двое дзяцей, але не памятаю гэтага пасля нараджэння трэцяга. Нельга сказаць, што цяжка не было. Хутчэй, змянiлiся мае адносiны да жыццёвых праблем. Вось, напрыклад. Нашай сям’i вядома, што такое нястача грошай. Асаблiва востра гэта адчувалася, калi трэба было разлiчвацца з пазыкай на будаўнiцтва кватэры. Не тое, каб мы бедавалi, але здаралiся час ад часу днi, што грошай у доме не было зусiм. Прычым такое было i пры адным дзiцяцi, i пры двух, i пры трох. Калi было толькi адно дзiця i здарылася, што не хапала грошай на праязны бiлет, я вырашыла здабыць iх наступным чынам. Пазычыла чырвонец у суседкi i атаварыла талоны на гарэлку. Потым узяла гарэлку i свякроў у якасцi аховы i пайшла на Камароўку. Але не паспела прадаць там i двух бутэлек, як мяне гандляркi «здалi» мiлiцыянеру. У двухдзетны перыяд было наступнае. Старэйшы сын упусцiў амаль што цэлы рулон туалетнай паперы ва ўнiтаз. I я на яго накрычала, магчыма, нават, шлёпнула, пры чым сама ледзь не плакала. Кожны раз, як узгадваю, робiцца балюча сорамна. I вось што было, калi скончылiся грошы з трыма малымi на руках. Настаў дзень, калi скончылiся не толькi грошы, але i ежа. Уся справа была ў тым, што мужу не заплацiлi своечасова за работу, мы чакалi грошай, а iх не было i не было. Напярэдаднi ўвечары я са здзiўленнем (але без усякай панiкi) адзначыла, што заўтра абсалютна не будзе чаго паесцi. Я не хвалявалася за дачку, бо яна смактала грудзi i ежа, самая якасная, ёй была забяспечана ў любую хвiлiну незалежна ад стану сямейнага бюджэту. Але заставалiся яшчэ чатыры чалавекi, якiм неабходна на працягу дня падсiлкавацца. Я добра памятаю гэты невытлумачальны ўнутраны спакой. Бо не ведала ж, не магла ведаць, што ў той жа вечар зусiм нечакана прыйдзе аднакурснiца, з якой мы i гутарылi зрэдку, i прынясе пачак кiтайскай рысавай макароны. Смак i пах гэтай макароны не забуду нiколi. Яна, аднакурснiца, нi да, нi пасля нiколi не прыносiла нiякую ежу ў наш дом. Чаму ёй прыйшло ў галаву гэта зрабiць менавiта тады? А вы кажаце — больш, чым трэба. Дарэчы, пасля выпадку з кiтайскай макаронай я нiчога не баялася. Ды i грашовыя нашы справы паступова пайшлi на лад. Тое ж датычыцца i стомленасцi, i вольнага часу. Калi я ўпершыню аддала першага сына ў вёску, то месца сабе не знаходзiла, пакутавала самым жорсткiм чынам. А цяпер, як толькi дзецi выходзяць з кватэры, мы пераглядаемся з мужам нiбы ў першы шлюбны тыдзень. Яны вельмi розныя, усе трое. Старэйшы клапоцiцца аб малодшых. Ён хвалюецца за iх больш, чым дарослыя. Неяк выгаворваў нам за тое, што мы, дазволiўшы Мiкiце самому ехаць да бабулi на iншы край горада, не далi яму сотавы тэлефон. Старэйшага гэта так узрушыла, што ён, не даеўшы абед, пабег шукаць брата. Дзед збянтэжана паглядзеў яму ўслед i пабег даганяць. Мiкiта сочыць, каб сям’я часцей збiралася разам. Гэта з-за яго мы паставiлi стол на сярэдзiну кухнi, каб маглi ўсе рассесцiся. З-за яго набылi на барахолцы горныя лыжы i кожны сезон ахвяруем грошы на здаровы лад жыцця ў Сiлiчах i Лагойску. А Дар’я... З некаторага часу мы ўзялi за правiла перад ежай чытаць «Ойча наш» (калi дома няма чужых). Падчас малiтвы, як бы мы нi стамiлiся, Дашка заўсёды бярэ ў адну руку тату, у другую — мяне. Мне тады ўзгадваецца слова «праваднiк» з фiзiкi. Звычайна я не паспяваю дадумаць: памiж чым i чым Дашка праваднiк. Проста недзе ўнутры сябе ўсмiхаюся. Можа гэта праз дачку перадаецца ўсмешка яе бацькi? Бо твару яго я не бачу — мы стаiм перад абразом. А можа яна не «праваднiк» — а звёначка ў ланцужку? Гэтым адчуваннем паўнаты жыцця хочацца падзялiцца з iншымi, але яго цяжка патлумачыць. Магчыма, людзi думаюць, што я жартоўна раю iм займець траiх, каб не адной быць такой. Таму жартоўна адмахваюцца, i я адчуваю, што яны не вераць. Ды i што тут патлумачыш? Гэта той выпадак, калi тэсты не прымянiмыя. Калi б у тэсце стаяла пытанне: цi цяжэй з трыма, чатырма дзецьмi, чым з адным, двума, то адказ, шчыры, быў бы — «так». Але ён быў бы няправiльны. I не таму, што ў вялiкай сям’i старэйшыя дзецi даглядаюць за малодшымi, адзiн аднаго забаўляюць i навучаюць. Не толькi таму. Проста чамусьцi робiцца радасна, што нават вялiкай каструлi баршчу на два днi ўжо не хапае. Што для аладак лiтра кефiру мала, а пачак макароны з’ядаецца за раз. Яшчэ наконт часу для сябе. Праз паўгода пасля выхаду з апошняга дэкрэтнага водпуску я паехала ў чатырохдзённую камандзiроўку. Раптам апынулася без дзяцей. У пакоi гатэля я доўга стаяла перад люстэркам i ўглядалася ў свой твар. Я спрабавала ўзгадаць, калi бачыла сябе апошнi раз. I не магла. Напэўна, я не глядзелася ў люстэрка апошнiя гады тры. Я пахiстала галавой i падумала, што сяброўкi, напэўна, мяне за гэта неадобрылi б. Але ў жанчыны, якая паглядала на мяне з таго боку шкла, вочы чамусьцi смяялiся, i мне было за яе спакойна. Потым часу стала больш. Нядаўна я нават перачытала «Вайну i мiр» i дачытваю зараз «Ганну Карэнiну». Парадак цяпер захоўваецца ў кватэры даўжэй. Але апошнiм часам я ўсё часцей лаўлю сябе на думцы, што ў доме нечага не хапае. Цi некага. Iншае значэнне слова «многа» — дастатковая колькасць. Тое ж датычыцца i слова «шмат». Я не ўпэўнена, што гэта так.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нездарма я адчувала нейкую няёмкасць, калi пры дзецях нашу сям’ю называлi ШМАТдзетнай. Тлумачальны слоўнiк пацвердзiў мае здагадкi. Адно са значэнняў
|
|