21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Дарослае жыццё

25.08.2009 22:06 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Магiлёўскай вобласцi праводзяць эксперымент: з лiку выпускнiкоў прафтэхвучылiшчаў стварылi аграатрады, якiя накiравалi ў гаспадаркi сельскiх раёнаў. Прычым значная частка маладых людзей — сiроты. Iх уладкоўваюць у аграгарадках, ствараюць iм умовы, забяспечваюць працай i гэтым даюць магчымасць добрага старту ў дарослым жыццi. Як сiроты карыстаюцца гэтым шанцам, i якiя першыя вынiкi эксперыменту?

На вулiцы Васькiна ў аграгарадку Малашкавiчы, што ў Клiмавiцкiм раёне, стаяць новенькiя дамы, пафарбаваныя ў прыемныя для вока светлыя колеры. Тут пасялiлi i дзяўчат-сiрот, якiя некалькi месяцаў таму прыехалi ў гаспадарку ў складзе аграатрада.

Дзве Iрыны: швачка i цырульнiк

Дом — светлы i ўтульны. Што вельмi важна — з новай мэбляй i бытавой тэхнiкай. Свежыя фiранкi, чыстая падлога — нiякага тыповага дзявочага беспарадку. Пакоi ўпрыгожаны сiмпатычнымi цацкамi i постэрамi любiмых артыстаў. Тут ёсць каналiзацыя i вада. На кухнi дзве дзяўчыны гатуюць сабе няхiтрую ежу: капуста з грыбамi ды пельменi. Яны прыйшлi з працы на абед.

На плячах Iрыны Белахвоставай утульна ўладкаваўся малады рыжы кот. Незвычайную гумарную мянушку «Чачэнец» кату прыдумалi за неспакойны характар i пастаяннае iмкненне «партызанiць». Кот — тутэйшы, прыжыўся каля Iрыны. Кацяня знайшло надзейнае i цёплае плячо, а дзяўчына — вясёлага спадарожнiка жыцця.

Мацi 18-гадовай Iрыны памерла, бацька недзе на Поўначы, а яе апякункай стала цётка, якая жыве ў Магiлёве. Вывучылася на цырульнiка, ажыццявiўшы сваю дзiцячую мару. Па заканчэннi лiцэя дзяўчына трапiла ў аграатрад.

— Я ўсё жыццё пражыла ў вялiкiм горадзе, а тут закiнулi неведама куды, — шчыра расказвае Iрына. — Першыя днi было проста дзiка. Уразiла, што са мной вiталiся на вулiцы людзi, хоць я тут нiкога не ведала. А цяпер ужо трохi прызвычаiлася.

Яе суседка Iрына Анэлькiна мае прафесiю швачкi. Гiсторыi дзяўчат падобныя. Мацi другой Iрыны даўно пазбаўлена бацькоўскiх правоў, бацька памёр, i яе прытулiла цётка, якая жыве ў Клiмавiцкiм раёне.

— Я, канешне, хацела трапiць у сваю вёску, але трэба ў Малашкавiчах адпрацаваць год, — гаворыць Iрына. — Тры месяцы прайшло, i скажу, што тут няма нi асаблiва дрэннага, нi добрага, а проста нам цяжка прызвычаiцца да новага жыцця.

Абедзве дзяўчыны ўладкавалiся ў «Бытавых паслугах»: у аграгарадку ўсталявалi кiёск, дзе адна Iрына прымае заказы на пашыў i рамонт адзення i бялiзны, а iншая — стрыжэ вяскоўцаў. Жаночая стрыжка ў выкананнi маладой майстрыцы каштуе 3,5 тысячы рублёў, мужчынская — амаль 2 тысячы.

— Я як паглядзела на гэтыя галовы, — строга каментуе малашкавiцкi стыль у прычосках Iрына, — дык проста жах! А як пачынаеш нармальна стрыгчы, дык прыспешваць: маўляў, хопiць, давайма хутчэй. Хочаце хадзiць нязграбнымi — калi ласка. А цяпер увогуле амаль нiхто не заходзiць: вiдаць, на зiму валасы росцяць...

За сваю працу Iрына разлiчвае атрымаць тысяч 150 рублёў за месяц. Пакуль жа грошы i харчы дзяўчына прывезла ад сваякоў. Яе суседка бярэ ў сельскай краме харчы пад новы заробак. Але прызнаецца, што не ведае, як за свае «кроўныя» апрануцца на зiму. Да таго ж грошы патрэбныя на дровы i iх распiлоўку.

Iрына Белахвостава не хавае, што прыехала ў Малашкавiчы толькi таму, што трэба адпрацаваць год паводле дзяржаўнага размеркавання, i лёс свой звязваць з аграгарадком не збiраецца. У яе планах — далейшая вучоба. Яна вырашыла абраць зусiм iншую прафесiю, але якую — не кажа, баiцца сурочыць.

Другая Iрына, шчыра сказаць, пра свой лёс яшчэ нiчога не вырашыла. Яна цягнецца да апякунскай сям’i, якой бязмерна ўдзячная за тое, што ўзялi i не вярнулi ў iнтэрнат, як iншых. Увагi апекуноў ёй цяпер i не хапае, прызнаецца дзяўчына. Надышоў час iсцi на свой хлеб, ствараць сваю сям’ю, а яна яшчэ да гэтага не зусiм гатова.

— Сiраце ўсё роўна куды ехаць, — разважае. — Трэба спачатку займець свой кут, а ўсяму астатняму свой час. Дзяржава, мне падаецца, зрабiла для нас усё, што магла, а далей трэба самiм. Трэба пачынаць прызвычайвацца да новага жыцця.

«А куды мне ехаць?»

У суседнiм доме таксама жывуць дзве 19-гадовыя дзяўчыны-сiраты. Толькi адно адрозненне: на заднiм ганку iх чакаюць мясцовыя кавалеры, i таму з распiлоўкай дроў у дзяўчат праблем не будзе.

Наташа Акушэвiч родам з Кiраўскага раёна: мацi забiлi пяць гадоў таму, бацька жыве з iншай жанчынай, а яе разам з малодшым братам даглядае бабуля. У лiцэi Наташа атрымала дыплом прадаўца, а ў Малашкавiчах уладкавалася прыбiральшчыцай у канторы гаспадаркi. Дзяўчына скардзiцца на блытанiну: маўляў, ехала прадаўцом, а высветлiлася, што трэба працаваць даяркай.

— Я кароў баюся i даiць iх не ўмею, — прызнаецца Наташа. — Таму спачатку хадзiла на зерняток, а цяпер буду атрымлiваць 80 тысяч за прыбiранне канторы. Мне гэта мала падабаецца, але сказалi, што трэба адпрацаваць год, каб потым не давялося дзяржаве аддаваць 3 мiльёны.

З iншага боку, Наташы падабаецца новы дом i тое, што не трэба купляць абстаноўку. Ды i сама вёска дзяўчыне прыйшлася па душы.

Яна лiчыць, што ёй патрэбен клопат дзяржавы, i скардзiцца, што вельмi цяжка жыць без бацькоў. Гаворыць, што калi б мацi была жывая, то знайшла б ёй працу дома альбо адправiла вучыцца далей: мара дзяўчыны — стаць выхавальнiцай у дзiцячым садку. У цяперашняй сiтуацыi яна спадзяецца на iншае працоўнае месца: «Мне б добрую працу, я б працавала болей, я на гэта здатная!»

Ганну Пазняк бацькi кiнулi, калi ёй было 5 месяцаў. Яны пазбаўлены бацькоўскiх правоў: мацi цяпер памерла, а бацька ў вышуку. Дзяўчына вывучылася ў Бялынiчах на даярку. Малашкавiчы, куды яна прыехала з аграатрадам, падалiся дзяўчыне не самым цудоўным месцам на зямлi, але дзе, як не ў сельскай мясцовасцi, працуюць даяркi?

Спачатку Ганна працавала разам з сяброўкай на зернетаку, а цяпер толькi яшчэ мяркуе пра новае месца. Спадзяецца на цялятнiцу, але наўрад цi маладой работнiцы давераць такую адказную працу.

— Ды мне ўсё роўна, дзе працаваць, — спакойна гаворыць Ганна. — Толькi была б праца пад рукой i плацiлi грошы. Тысяч 70 мне на месяц хопiць. Мне, калi шчыра, тут падабаецца, i я вырашыла застацца. Куды мне ехаць? Усё роўна нiхто не дапаможа...

Свой новы дом Ганна ўспрымае як падарунак лёсу. Мяркуе, што вясной пасадзiць грады i справiцца з хатняй гаспадаркай. Замуж дзяўчыне пакуль не хочацца, хоць справiць вяселле ў Малашкавiчах яна зусiм не супраць.

— Нам, сiротам, дапамагаюць, а астатнiм — не, таму мы знаходзiмся ў лепшым становiшчы ў параўнаннi з iншымi маладымi людзьмi, — гаворыць Ганна. — Мы ўсё гэта разумеем, i гатовы пераканаць усiх, што мы можам працаваць добра i праб’ёмся!

Эксперымент i рэальнасць

На жаль, шчыра гавораць у Клiмавiцкiм раёне, сiроты пакуль больш гавораць пра працу, чым насамрэч працуюць. Хоць, натуральна, такая заўвага датычыцца далёка не ўсiх. Увогуле тут размова iдзе пра жывых людзей, iх розныя характары i лёсы, а не пра сухiя лiчбы статыстыкi.

Паводле афiцыйных звестак, сёлета ў Клiмавiцкi раён прыехалi ў складзе аграатрада 23 сiраты. Для iх створаны ўсе ўмовы ў двух аграгарадках — Малашкавiчах i Макеевiчах. Але нягледзячы на новыя дамы, бытавую тэхнiку i пад’ёмныя грошы, прыкладна палова сiрот з аграатрада так i не змагла прызвычаiцца да жыцця ў новых варунках.

— Мне падаецца, што наша сiстэма працы з сiротамi, прабачце за праўду, даволi пяшчотная, — выказаў сваё меркаванне старшыня Клiмавiцкага райвыканкама Вiталь Грышанаў. — Яны пакрыўджаныя лёсам, i iм ствараюць цяплiчныя ўмовы. Яны не прыстасаваныя да рэальнага жыцця i не разумеюць цану капейкi, якую трэба зарабiць. Тут яны трапiлi ў абсалютна новае асяроддзе, i не ўсе здолелi да яго прыстасавацца...

Сама iдэя — накiраваць сiрот у аграгарадкi i даць iм жыллё i працу — вельмi добрая. Нiхто ў гэтым не сумняваецца. Але жыццё ўносiць карэктывы ў эксперымент. У Клiмавiчах лiчаць, што трэба ў будучым у тых навучальных установах, дзе вучацца сiроты, ствараць падсобныя вытворчасцi. Каб маладыя людзi ведалi, як зарабiць на кавалак хлеба надзённага. Каб яны, напрыклад, умелi вырошчваць бульбу, шыць рукавiцы i араць на трактары. Карацей, трэба прывучаць да працы.

— Па крайняй меры, мы не стаiм на месцы i шукаем шляхi, — ацэньвае эксперымент кiраўнiк раёна. — I правiльна, што сiрот адправiлi ў вёску. Яны тут на вiду. У вялiкiм горадзе яны маглi б разгубiцца i трапiць у дрэнную кампанiю. А тут, у вёсцы, нiбыта пад мiкраскопам. I калi ёсць праблемы, iм дапамогуць.

Улада не можа ўказваць сiротам, дзе iм жыць — падкрэслiваюць у райвыканкаме. Але тут робяць шмат для таго, каб яны прыжылiся. Сярод аграатрадаўцаў ужо ёсць людзi, якiя заявiлi аб сваiм цвёрдым жаданнi застацца. Але большасць яшчэ мяркуе, што iм рабiць i дзе жыць далей.

Вольныя людзi

— Сiротам няма куды ехаць, бо нiхто не створыць для iх такiя ўмовы жыцця, якiя ёсць у iх сёння, — упэўнена начальнiк аддзела па справах моладзi Клiмавiцкага райвыканкама Марына Мардэсава. Яна лiчыць першыя вынiкi эксперыменту не самымi лепшымi. З прычыны таго, што сiроты не прывучаны працаваць i жыць самастойна.

— Там, дзе дзецi працуюць, пытанняў няма. У нас ёсць майстар па рамонту абутку, якi добра сябе зарэкамендаваў. А яшчэ аднаму маладому чалавеку ў гаспадарцы давяраюць працу iнжынера, — расказвае Марына. — А там, дзе сiроты нават не кожны дзень ходзяць на працу, пра якi заробак можна казаць? Грошы на сябе трэба зарабляць: колькi працаваў — столькi i атрымай.

Усе сiроты атрымалi больш за мiльён рублёў пад’ёмных. Гавораць, што мала хто з iх патрацiў грошы разумна, на добрыя рэчы. Астатнiя iх проста пражываюць. Напрыклад, адна дзяўчына набыла «круты» тэлефон, але забылася на цёплую куртку i боты. Калi атрымлiваюць заробак — тыдзень шыкуюць, тры — няма чаго есцi. Скардзяцца, што скончылася бульба i няма дроў. «Дзецi яшчэ, адным словам», — шкадуюць iх у раёне.

Марына Мардэсава мяркуе, што ў вынiку эксперыменту застанецца прыкладна трэць сiрот. I ў iх лiку будуць дзяўчаты, якiя тут пойдуць замуж. Цяпер жа яна iмкнецца давесцi да сiрот, што новы абстаўлены дом — гэта той падмурак, на якiм можна пабудаваць сваё жыццё. Стварыць сям’ю, нарадзiць дзяцей, даць малым тое, чаго пазбаўленыя самi — цеплыню i ўвагу родных людзей.

Пра гэта размаўляе са сваiмi дзяўчатамi i дырэктар гаспадаркi Зiнур Салiхзянаў. Ён, дарэчы, i сам жыве на вулiцы Васькiна, акурат насупраць дамоў, куды засялiлi сiрот.

— Ты чаму на працы не была? — пытаецца Зiнур, убачыўшы адну дзяўчыну на ганку.

— Дадому ездзiла! — адказвае тая.

— А хто цябе адпускаў? Чаму заяву не напiсала?

А ў адказ — толькi ўсмешкi вольнай працаўнiцы...

Зiнур сам прывёз сiрот у Клiмавiцкi раён i таму лiчыць сябе за iх хроснага бацьку. Таму спачатку кiраўнiк гаспадаркi падымаў дзяўчат на працу. Але потым такую справу кiнуў: лiчыць, што надышоў час iм самiм клапацiцца пра сваё жыццё. Пры гэтым у дапамозе не адмаўляе i заклiкае iх звяртацца з праблемамi да кiраўнiцтва саўгаса.

— У iх свой погляд на жыццё i мне, калi шчыра, ён падаецца некалькi ўтрыманскiм, — прызнаецца Зiнур. — Каб атрымаць добрую працу i заробак, трэба мець рэпутацыю адказнага чалавека. Угаворваць я нiкога не буду: калi чалавек хоча працаваць — ён будзе працаваць. Мы калiсьцi з жонкай пачыналi з нуля i нават не марылi, каб нам давалi такое жыллё. Таму гэтым дзяўчатам можна пазайздросцiць. Iм трэба прызвычайвацца да дарослага жыцця. Раней iх забяспечвалi i ўсё за iх вырашалi, а цяпер трэба самiм! Яны — нядрэнныя дзяўчаты, мабыць i прыжывуцца...

— Дзяржава зрабiла для iх усё, што магчыма, — падхоплiвае Марына. — Яны ўладкаваныя, i дах ёсць над галавой. Цяпер iх чарга паказаць, на што яны здатныя.

Патрэбны час i цярплiвасць

Дарэчы, сiроты цяпер маюць права не адпрацоўваць тэрмiн пасля вучобы i пры гэтым не вяртаць дзяржаве грошы, якiя былi выдаткаваныя на навучанне. Гэта яшчэ адзiн падарунак сiротам пры ўступленнi ў дарослае жыццё.

Паводле iнфармацыi ўпраўлення адукацыi Магiлёўскага аблвыканкама, сёлета з навучальных устаноў прафтэхадукацыi выпушчана 368 сiрот, з якiх 95 працэнтаў працаўладкаваныя.

Эксперымент па ўладкаванню сiрот у аграгарадках начальнiк аддзела прафесiйна-тэхнiчнага навучання Iрына Галiбус лiчыць вельмi карысным. Яна згодная, што з цягам часу i з набыццём вопыту ў iм будуць нешта мяняць, але даць дзецям, якiя пазбаўлены клопату бацькоў, жыллё i працу — гэта вельмi важна.

— Неабходныя для працы навыкi яны атрымалi ў навучальнай установе, — лiчыць Iрына. — Але ўсё ж сiроты трапiлi ў зусiм iншую жыццёвую сiтуацыю. Раней iх забяспечвалi харчаваннем, апраналi i ўсё патрэбнае выдавалi. Яны атрымлiвалi няхай не ўсё, але неабходны мiнiмум, без вялiкiх намаганняў, а цяпер трэба здабываць усё самiм. Многiя з iх проста не гатовыя да гэтага. Але няхай адразу ўсё не складваецца так, як хочацца, пройдзе час i яны пачнуць жыць самастойна i працаваць для таго, каб атрымаць дастойны заробак. У большасцi сiроты застаюцца на месцы, таму што там ёсць добрае жыллё i iншага iм нiхто не дасць.

Ва ўпраўленнi адукацыi ўпэўненыя, што трэба цярплiва ставiцца да сiрот. Маладыя людзi, канешне, прызвычаiлiся да ўважлiвага стаўлення, цяплiчных умоў i маюць завышаныя патрабаваннi, але з iмi трэба знаходзiць агульную мову.

Беларуская дзяржава iмкнецца вырашыць праблему сiроцтва рознымi шляхамi. Усё больш людзей хочуць узяць на выхаванне дзяцей, якiя засталiся без бацькоў. Але так хутка сiтуацыя не выправiцца, грамадству патрэбен час. Як i сiротам, каб стаць дарослымi людзьмi i добрымi працаўнiкамi.

Iлона IВАНОВА,

Клiмавiцкi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магiлёўскай вобласцi праводзяць эксперымент: з лiку выпускнiкоў прафтэхвучылiшчаў стварылi аграатрады, якiя накiравалi ў гаспадаркi сельскiх раёнаў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика