Журналiсцкае слова за дэмаграфiчную бяспеку
Святлана БАРЫСЕНКА
Да 2010 года дэмаграфiчная сiтуацыя ў краiне павiнна стабiлiзавацца. Дасягнуць гэтага дапаможа Нацыянальная праграма дэмаграфiчнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь на 2006—2010 гады, пра мэты i задачы якой расказаў намеснiк прэм’ер-мiнiстра Рэспублiкi Беларусь Аляксандр КОСIНЕЦ. Адбылося гэта ўчора на Рэспублiканскiм семiнары для кiраўнiкоў i спецыялiстаў рэспублiканскiх i рэгiянальных СМI. Адкрываючы яго, мiнiстр iнфармацыi Уладзiмiр РУСАКЕВIЧ падкрэслiў, што такi семiнар мiнiстэрства плануе зрабiць пастаянна дзеючым.
Паводле слоў А. Косiнца, не сакрэт, што дэмаграфiчная бяспека любой дзяржавы грунтуецца на павелiчэннi нараджальнасцi, працягласцi жыцця, знiжэннi смяротнасцi, актывiзацыi мiграцыйных працэсаў. Аднак не менш важным з’яўляецца i правядзенне дасканалага ўлiку ўсiх гэтых працэсаў, у прыватнасцi, штодэкаднага збору звестак па кожнаму «пункту». Усё ж такi чалавечы рэсурс застаецца капiталам, якi забяспечвае развiццё эканомiкi, i мы не можам дапусцiць яго страты, адзначыў падчас свайго выступлення Аляксандр Мiкалаевiч. З 1993 па гэты год колькасць нашага насельнiцтва зменшылася на 543 тысячы чалавек i на 1 студзеня склала 9 мiльёнаў 750 тысяч чалавек. Паводле прагнозных паказчыкаў, калi не прыняць неабходных мераў, у 2020 годзе Беларусь будзе насяляць 8 мiльёнаў 850 тысяч чалавек. Колькасць насельнiцтва ва ўзросце да 15 гадоў, якая зараз складае каля 1 мiльён 595 чалавек, у 2020 годзе складзе прыкладна 1 мiльёна 269 тысяч чалавек. Ужо зараз дзецi складаюць у нас усяго 17,8 працэнта, а 20-працэнтны парог сведчыць аб надыходзе старасцi для грамадства. З 1991 года ў краiне ўтварыўся так званы «беларускi крыж», калi смяротнасць па многiх рэгiёнах у два-тры разы перавышае нараджальнасць. У 1940 годзе, напрыклад, на 1 тысячу насельнiцтва выпадала 27 нованароджаных i 13,7 памерлых. Зараз жа на 1 тысячу чалавек прыпадае 9,2 нованароджаных i 14,5 памерлых. Паказчыкi гэтыя адрознiваюцца па абласцях, хоць у цэлым сiтуацыя застаецца адмоўнай. З дапамогай вышэйпамянёнай праграмы плануецца сцiснуць «нажнiцы», каб нараджальнасць i смяротнасць наблiзiлiся да 10—11. Дзякуючы нават першым прынятым крокам, упершыню за 12 гадоў нараджальнасць перавысiла смяротнасць у сталiцы: 9,8 i 9,3 адпаведна. Дарэчы, у Iзраiлi на 1 тысячу насельнiцтва прыпадае 20,6 нараджэнняў i 5,6 выпадкаў смерцi, у ЗША адпаведна — 14 i 8, Аўстрыi — 9,4 i 9,4, Германii — 8,7 i 9,5. Аднак у еўрапейскiх краiнах чалавечы патэнцыял падтрымлiваюць мiграцыйныя працэсы. За мяжой сёння знаходзiцца каля 3,5 мiльёна нашых суайчыннiкаў. Што датычыцца знiжэння смяротнасцi, то яно, зразумела, цесным чынам звязана з умацаваннем здароўя. 56 працэнтаў смярцей абумоўлены ў нас зараз сардэчна-сасудзiстымi захворваннямi, 13 працэнтаў — анкалагiчнымi хваробамi i каля 12 працэнтаў — траўматызацыяй. У лiку знешнiх прычын гiбелi людзей называюцца няшчасныя здарэннi на транспарце, выпадкi гiбелi на вадзе, у полымi, атручэннi алкаголем, iншымi рэчывамi, забойствы. Зразумела, што Нацыянальная праграма дэмаграфiчнай бяспекi прадугледжвае ўмацаванне не толькi лячэбнага, але i прафiлактычнага накiрунку. Так, з аднаго боку, будзе развiвацца, скажам, кардыяхiрургiя, аднак будуць стварацца i школы гiпертонiка, дзе патлумачаць, чаму нельга пры галаўных болях бескантрольна ўжываць анальгiн i як карыстацца танометрам, якi павiнен быць у кожнай сям’i. Прадугледжана i правядзенне татальнай дыспансэрызацыi. Медагляды, якiмi зараз ахоплены толькi 5 мiльёнаў 300 тысяч насельнiцтва, павiнны стаць масавымi i скiраванымi на ранняе выяўленне захворванняў, своечасовае забеспячэнне лячэбных мераў. Важная роля ў прафiлактыцы захворванняў i выхаваннi ў беларусаў пачуцця адказнасцi за ўласнае, здаровае жыццё адводзiцца сродкам масавай iнфармацыi. Як заўважыла ў сваiм звароце да прадстаўнiкоў СМI першы намеснiк мiнiстра iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь Лiлiя АНАНIЧ, давайце ствараць культ сям’i, дзiцяцi, здароўя. З дапамогай слова, якое ў поўнай меры можна залiчыць у шэраг дзейсных медыкаментозных сродкаў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 2010 года дэмаграфiчная сiтуацыя ў краiне павiнна стабiлiзавацца. Дасягнуць гэтага дапаможа Нацыянальная праграма дэмаграфiчнай бяспекi Рэспублiкi |
|