Падарожжа ў гiсторыю i... сённяПазнай свой край Чалавек заўсёды стварае асабiсты план на будучае жыццё. I таму людзi, якiя не ведаюць, што яны будуць рабiць вечарам наступнага дня цi, напрыклад, у выхадныя, выклiкаюць хiба што спачувальную ўсмешку. Звычайна, мы называем iх «вар’ятамi». I так ёсць на самай справе. Стаўшы навучэнцам ВНУ, я кожны раз адчуваю гэта на сабе. Увогуле студэнцкае жыццё — адно вар’яцтва. Цяжка прадбачыць, дзе будзеш начаваць сённяшняй ноччу, у якiм месцы прачнешся ранiцай.Як заўсёды па суботах пасля заняткаў я сустрэўся з сябрамi. Але добрых прапаноў наконт вечара ад iх не пачуў. I вось нехта вырашыў пажартаваць, маўляў: «А што, калi нам iрвануць у падарожжа?». Але цi можна сярод студэнцкай моладзi выказваць уголас падобныя iдэi. «У Гальшаны!» — падтрымаў другi. Вырашана: едзем у мястэчка на Гарадзеншчыне вывучаць гiсторыю роднай Беларусi. Прапанову дабiрацца на папутках падтрымалi трое чалавек. Часу на зборы зусiм не заставалася: вечарэла. Дома паспеў пакласцi ў заплечнiк толькi коўдру i апрануць свiтэр, а ў кiшэнi пакiнуў праязны i дзве тысячы рублёў. Мае таварышы ўзялi бохан хлеба i бляшанку паштэту. Так спазнялiся, што забылi самае галоўнае — мапу Беларусi, а прагноз надвор’я аб тым, што будзе снег, нiхто не ўспрыняў за праўду. Пакуль дабралiся да шашы за «мiнскiм кальцом», сонца ўжо цалкам схавалася за гарызонт. Думкi аб тым, што ў цемры вадзiцелi папутчыкаў бяруць вельмi рэдка, ды яшчэ i траiх дарослых хлопцаў, нас не расчароўвалi. Назад дарогi не было, толькi ўперад, нават, калi давядзецца iсцi пешшу. Калi чакаеш на холадзе дзве гадзiны, хочацца ўсё кiнуць i ехаць дадому, да цёплага ложка. Але нам пашанцавала. Двое мужчын, вадзiцель i яго брат, не адмовiлiся падкiнуць нас да Валожына. Высветлiлася, што браты прапусцiлi свой паварот на Смаргонь, i нiчога больш не заставалася, як шукаць iншы шлях, на якiм i сустрэлi турыстаў, г.зн. нас. Разумеючы, што дабрацца да Гальшан у цемры будзе праблематычна, а таксама даведаўшыся, што мы не маем начлегу, Вiталiй (вадзiцель) прапанаваў ехаць да яго, у Смаргонь. Адмовiцца ад такой прапановы сапраўды цяжка. Па дарозе дадому мы вырашылi наведаць начное Крэва, каб пабачыць руiны старажытнага замка. Пад зорным небам i ў святле нашага маленькага лiхтарыка цёмныя рэшткi абарончых вежаў выглядаюць сапраўды велiчна, так, што нават па скуры прабягаюць мурашкi, калi бачыш усё гэта на свае вочы. На адной са сцен заўважаем папярэджванне: «Трымацца за два метры ад рэшткаў: магчыма абрушэнне камянёў!». Але цi здольныя мы стрымаць сябе ў такiя хвiлiны, каб хоць пальцам не дакрануцца да жывой гiсторыi. Першы раз даводзiлася ў поўнай цемры з лiхтарыкам у руках вывучаць архiтэктурную спадчыну Беларусi. Усё гэта вельмi здзiўляе i адначасова расчароўвае, таму што нiкому няма анiякай справы да таго, што з кожным днём стан замка становiцца ўсё горшым i горшым... Але час прымушае рушыць далей. Нягледзячы на стомленасць, Вiталiй не мог не пазнаёмiць нас з роднай Смаргонню. Паўтары гадзiны экскурсii на машыне па начному, але добра асветленаму гораду, сталi для нас, дылетантаў, сапраўднай казкай. Выязджаючы са сталiцы, мы i ўявiць не маглi, што гэтая ноч запомнiцца назаўсёды як адна з самых лепшых у нашым жыццi. На кватэры ў нашага праваднiка ўсiх чакала смачная вячэра i цёплы ложак. Падарожжа, якое толькi пачыналася, ужо не на жарт здзiўляла мяне. Дзе яшчэ можна знайсцi такога даверлiвага чалавека ў наш час, якi б згадзiўся падвезцi ноччу траiх зусiм невядомых хлапцоў, запрасiць iх да сябе на начлег, накармiць, напаiць ды яшчэ пакiнуць iм ключы ад кватэры, каб «вар’яты» змаглi выспацца, набрацца сiл i крочыць далей? Але сцiпласць не дазволiла нам застацца адным у чужой хаце. I разам з гаспадаром, якi спяшаўся ранiцай на працу, мы пакiнулi ўтульны дом. Задача на новы дзень — Гальшаны. Але машыны ў напрамку мястэчка ходзяць рэдка. Таму больш зручна дабiрацца праз перасадачныя пункты. Вырашылi даехаць да Ашмян, а адтуль — нацянькi да месца прызначэння. На жаль, мы не ўлiчылi той факт, што да раённага цэнтра транспарт ходзiць з такiм жа поспехам, як да Гальшан. Толькi праз тры гадзiны нам пашчасцiла апынуцца ў гарадку на лiтоўскай мяжы. Доўга затрымлiвацца ў Ашмянах было небяспечна: мы не мелi на руках пропускаў, якiя дазваляюць знаходзiцца ў прыгранiчнай зоне. Таму, хутка азнаёмiўшыся з горадам i яго жыхарамi, рушылi ў бок Гальшан. Як на лiха, пайшоў невялiкi, але брыдкi дождж. Над прамоклымi турыстамi праз дзве гадзiны чакання ўсё ж такi зжалiўся пажылы мужчына з жонкай i давёз студэнтаў да канцавога пункта нашага маршруту. Вось яны, Гальшаны — родны дом Белай Панны, якая па сёння пужае мясцовых жыхароў i вабiць такiх жа дылетантаў, як i я, з розных куткоў Беларусi ў легендарнае мястэчка старажытнага роду Сапегаў. На цэнтральнай плошчы, якая цалкам запоўнена турыстычнымi аўтобусамi, размяшчаецца касцёл i кляштар. Калi ў каталiцкай святынi право- дзяцца рэстаўрацыйныя работы, то стан двухпавярховага манастыра пакiдае жадаць лепшага. Амаль што не маючы грошай у кiшэнi, мы вырашаем далучыцца да адной з экскурсiйных груп. Праслухаўшы гiсторыю гiда i азнаёмiўшыся з касцёлам, накiроўваемся з прыезджымi дзяўчатамi да музея, якi знаходзiцца на першым паверсе кляштара. Са шматлiкiм натоўпам пранiклi ў залу, па перыметру якой выстаўлялiся работы маладзечанскiх мастакоў. Вось тут нас i раскусiлi, што мы не заплацiлi грошай за наведванне i экскурсiю. Выдаў нас мой вялiкi заплечнiк з коўдраю, таму што адказныя турысты пакiнулi рэчы ў аўтобусах. I ўсё ж мы зноў вырашылi згубiцца ў натоўпе i ўсё ж такi дагледзелi выставу i музейныя экспанаты. Да Гальшанскага замка, якi знаходзiцца ў двух кiламетрах ад вёскi, дабiрацца давялося пешшу, у той час як усе астатнiя ехалi на аўтобусах. Стрэлкi на гадзiннiку паказвалi на лiчбу тры. Пацiху пачаў падбiрацца голад. Вырашылi перакусiць на адным з высокiх месцаў у вёсцы, адкуль адкрываўся выгляд на закiнуты замак, прыхаванымi на чорны дзень у заплечнiку хлебам i паштэтам. Пасля якога-нiякога абеду наведалi руiны. Спрабавалi знайсцi славутыя падземныя хады, але безвынiкова: усё навокал завалена каменнямi. I гледзячы на ўсё гэта, зноў прыходзiць такое ж пачуццё, як у выпадку з Крэўскiмi рэшткамi... Пад адной з дзвюх захаваных вежаў схавалiся ад дажджу, а пасля, калi замак пакiнулi апошнiя турысты, пайшлi шукаць начлег. Зноў я пераканаўся ў гасцiннасцi беларусаў. Мы хутка знайшлi, дзе пераначаваць i павячэраць. Ранiцай наступнага дня прачнулiся ад холаду. Выглянуўшы ў акно, вачам сваiм не паверылi: на дварэ ляжаў снег, а ўсе лужыны ператварылiся ў лёд. Апранутыя не па надвор’ю ды яшчэ i ў мокрых ад дажджу куртках, мы развiталiся з гаспадарамi. Задача на дзень — дабрацца да Мiнска як мага хутчэй. Верхняя вопратка адразу зморшчылася ад марозу, ногi акачанелi, рукi без пальчатак анямелi. Без мапы цяжка знайсцi правiльную дарогу назад. Запыталiся ў мясцовых, як даехаць да мiнскай шашы. Адказ, на жаль, нас вельмi расчараваў. Карацейшы шлях пралягаў праз шматлiкiя вёскi, а машыны, вядома, ходзяць па лясных дарогах добра калi раз у паўгадзiны. Накiнуўшы на сябе коўдру, мы ўтрох рушылi ў напрамку блiжэйшага населенага пункта (за 10 км). I зноў падарунак лёсу! Не прайшло i дзвюх хвiлiн, як мы спынiлi машыну. Стары мужчына трымаў шлях на Баруны — яшчэ адно са славутых мястэчак Беларусi. Даведаўшыся пра наша падарожжа, ён распавёў гiсторыю роднай вёскi, паказаў галоўную барунскую славутасць — касцёл Пятра i Паўла i кляштар, стан якога пакiдае жадаць лепшага. Як паведамiў наш праваднiк, многiя з вёсак у Ашмянскiм раёне пераўтвараюць у аграгарадкi, але баруноўцаў гэтае не датычыцца. Справа ў тым, што кляштар знаходзiцца ў непрывабным выглядзе, i, каб вёска атрымала прыстаўку «агра», патрэбна яго рэстаўрацыя цi ўвогуле знясенне з твару зямлi, каб не мазолiў вочы. Але пакуль што на яго аднаўленне мясцовых сродкаў недастаткова. Яшчэ ад мужчыны мы даведалiся, што шлях, якi мы зрабiлi, не што iншае, як адно з гiстарычных кольцаў Беларусi — «Крэва—Смаргонь—Ашмяны—Гальшаны—Баруны». Пашкадаваўшы пакiдаць нас на марозе, добры вадзiцель згадзiўся падкiнуць нас да шашы за 20 км ад Баруноў. Часу, каб злавiць машыну на Мiнск, многа не спатрэбiлася: ужо другая была наша. Прыемны малады чалавек, у мiнулым пераможца Беларусi па мотакросу, за паўтары гадзiны даставiў нас у сталiцу. Цудоўная казка для нас на гэтым скончылася. Але гэта далёка не апошняе падарожжа ў мiнулае. Сваiм безадмоўным учынкам — адправiцца ў шлях без цёплай вопраткi i без грошай у кiшэнi — мы хацелi даказаць, што ў Беларусi ёсць месцы, якiя заслугоўваюць нашай з вамi ўвагi, што ёсць куткi, куды цiкава з’ездзiць i паглядзець кожнаму жыхару нашай краiны. Але галоўнае, што першапачаткова не планавалася, мы даказалi: свет не без добрых людзей i знайсцi iх можна ў самым цэнтры Еўропы. Жывiце сённяшнiм днём, бярыце ад яго ўсё, што ён прыносiць, i тады вы абавязкова будзеце ўзнагароджаны. Уладзiслаў КУЗЬМIН, студэнт журфака БДУ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чалавек заўсёды стварае асабiсты план на будучае жыццё. I таму людзi, якiя не ведаюць, што яны будуць рабiць вечарам наступнага дня цi, напрыклад, у в
|
|