Трымайце талiю!
Святлана БАРЫСЕНКА
14 лiстапада, у Сусветны дзень барацьбы супраць дыябету, спецыялiсты нагадваюць, якое захворванне знаходзiцца на трэцiм месцы ў лiку смяротных захворванняў пасля раку i хвароб сардэчна-сасудзiстай сiстэмы.
Паводле слоў галоўнага пазаштатнага эндакрынолага Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь, кандыдата медыцынскiх навук, дацэнта 1-й кафедры ўнутраных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта Зоi ЗАБАРОЎСКАЙ, вылечыць цукровы дыябет немагчыма, аднак можна трымаць хваробу пад кантролем. Галоўнае, каб пацыент разумеў, што вынiк лячэння ў многiм залежыць ад яго ўласнай актыўнасцi. Інфармацыя пра хваробу, магчымыя ўскладненні і правілы жыцця дазваляе хвораму адаптавацца ў грамадстве. Iнсулiн у дэфiцыце Цукровы дыябет — захворванне эндакрыннай сiстэмы, якое абумоўлена няхваткай у арганiзме iнсулiну, гармону падстраўнiкавай залозы. Гэта парушае абменныя працэсы — вугляводны, тлушчавы i бялковы. Адсутнасць цi недастатковая выпрацоўка iнсулiну прыводзяць да таго, што ў крывi назапашваецца вельмi многа цукру. Цукар, або глюкоза — гэта энергiя, якую наш арганiзм атрымлiвае з ежай. Нашы клеткi «маўчаць», калi дастаткова i ежы, i iнсулiну для яе засваення, а ў хворага чалавека парушаны механiзмы выпрацоўкi iнсулiну i дастаўкi цукру да клетак, таму ён хоць i багата харчуецца, але ўвесь час адчувае голад i нават страчвае вагу. Назапашванне незасвоенага цукру «згушчае» кроў i вымушае чалавека разжыжаць яе — шмат пiць. Чым вышэй узровень цукру ў крывi, тым мацней клетачная смага. Вылучаюць два тыпы цукровага дыябету. Першы называецца iнсулiназалежным, таму што арганiзм абсалютна не выпрацоўвае iнсулiн, з-за чаго ўзнiкае неабходнасць штодня ўводзiць яго ў арганiзм з дапамогай iн’екцый. У такiх хворых — павышанае ўтрыманне цукру ў крывi, смага, павышэнне апетыту. Дыябет другога тыпу — iнсулiнанезалежны, iнакш кажучы, уласны iнсулiн у чалавека ёсць, аднак клеткi не распазнаюць яго, а значыць, не атрымлiваюць карысныя рэчывы. Каля 85 працэнтаў хворых пакутуюць менавiта ад гэтага тыпу дыябету. У iх назiраецца атлусценне i павышаны артэрыяльны цiск. Непрыемныя ўскладненнi Ад «высокага» цукру ў крывi ў тканках вокавага дна ўтвараецца шмат сарбiту, якi затрымлiвае ваду i выклiкае ацёчнасць сасудаў. Так у розных участках вокавага дна здараюцца кровазлiццi, на месцы якiх утвараюцца рубцы. Такiм чынам, адно з ускладненняў дыябету — розныя формы расстройства зроку, слепата. Другое ўскладненне — перагружаныя ныркi. Доўгi час аналiзы не маюць нiякiх адхiленняў. Аднак у рэшце рэшт у мачы выяўляецца бялок. Пры адсутнасцi правiльнага лячэння лiтаральна праз 5—7 гадоў развiваецца сур’ёзная ныркавая недастатковасць, калi трэба рабiць гемадыялiз — ачышчаць кроў з дапамогай апарата «штучная нырка». Часта паражаюцца нервовыя канчаткi ў канечнасцях. Кiсцi i ступнi пастаянна мерзнуць i баляць, пазней — поўнасцю нямеюць. Сасудзiстыя, неўралагiчныя парушэннi ў нiжнiх канечнасцях прыводзяць да развiцця дыябетычнай ступнi, калi ўтвараюцца трафiчныя язвы, гангрэна. Змяненнi сасудаў правакуюць хутчэйшае развiццё парадантозу i парадантыту, калi нават зубы без карыесу расшатваюцца i выпадаюць. З чаго ўсё пачынаецца? Першы тып захворвання ўласцiвы дзецям i асобам маладога ўзросту. Спецыялiсты вылучаюць два «пiкi» дыябету гэтага тыпу — ва ўзросце 13—15 гадоў, калi заяўляюць пра сябе гарманальныя змяненнi i вiруснае iнфiцыраванне i ў 23—25 гадоў, калi можа выявiцца генетычная схiльнасць. Цукровы дыябет першага тыпу абумоўлены дэфектам iмуннай сiстэмы, пры якiм у арганiзме выпрацоўваюцца антыцелы супраць клетак падстраўнiкавай залозы. Iнсулiназалежны дыябет можа быць абумоўлены пухлiнамi падстраўнiкавай залозы, вострым цi хранiчным панкрэацiтам, перанесенымi вiрусамi эпiдэмiчнага паратыту, краснухай, гепатытам, выкормлiваннем дзiцяцi ў першыя месяцы жыцця каровiным малаком, пэўнай спадчыннай схiльнасцю. Другi тып найчасцей узнiкае ў людзей «ва ўзросце» з залiшняй вагой, хоць каля 15 працэнтаў такiх хворых маюць нармальную вагу. Высокую рызыку развiцця дыябету другога тыпу мае той, у каго ёсць выпадкi захворвання на цукровы дыябет у сям’i, хто пераядае, «губляючы талію». «Крытычным» паказчыкам аб’ёму талii для мужчын лiчацца, як вядома, 88 сантыметраў, а для жанчын — 80. Справа ў тым, што тлушч, якi назапашваецца ў брушной поласцi, расшчапляецца на тлустыя кiслоты, а тыя хутка пранiкаюць у кроў i перашкаджаюць дзейнiчаць iнсулiну. Медыкi нават сцвярджаюць, што поўным людзям дастаткова скiнуць 7—8 працэнтаў вагi, каб знiзiць рызыку парушэнняў абмену рэчываў. Для гэтага рэкамендуецца зменшыць у рацыёне прадукты з высокiм утрыманнем вугляводаў — мучное i салодкае, i перайсцi на багатыя клятчаткай арэхi, бабы, гароднiну, садавiну, хлеб з мукi грубага памолу. Канешне, варта нагадаць, што дыябет другога тыпу вельмі любiць адсутнасць фiзiчнай актыўнасцi: вучоныя даказалi нават на малекулярным узроўнi шкоднасць гiпадынамii. Паважае гэта захворванне i хранічнае знаходжанне ў стрэсе: вядома, што стрэс павялiчвае колькасць глюкозы ў крывi. Паводле слоў Зоi Забароўскай, пры павышаным артэрыяльным цiску абавязкова неабходна кантраляваць цукар у крывi. Пры гэтым варта памятаць, што здача аналiзу крывi нашча ранiцай не заўсёды адлюстроўвае наяўнасць праблемы. Цукар можа павышацца толькi з прыёмам ежы, а значыць, выявiць адхiленне ўдасца толькi ў хатнiх умовах з дапамогай глюкометра. Кантроль i самадысцыплiна Паводле слоў спецыялiста па сiстэмах кантролю ўзроўню глюкозы ў крывi Надзеi МАЛЕВIЧ, самакантроль за ўзроўнем цукру ў крывi з’яўляецца «важнейшым элементам у сучаснай метадалогii лячэння цукровага дыябету». Праверка ўзроўню цукру ў крывi раз на месяц не дазваляе ўрачу эфектыўна кантраляваць лячэнне i своечасова мяняць тыя цi iншыя прызначэннi. Для таго, каб хворы мог сам кантраляваць узровень цукру, сёння ва ўсiм свеце выпускаецца вялiкая колькасць партатыўных прыбораў — глюкометраў, якiя ёсць у свабодным продажы. Асноўны спосаб лячэння цукровага дыябету — падтрыманне нармальнага ўзроўню цукру ў крывi. Iснуе мноства метадаў i спосабаў падтрымкi «нормаглiкемii». Гэта, напрыклад, ужыванне прэпаратаў для знiжэння цукру, у тым лiку iнсулiну, вытрымлiванне дыеты, разумных фiзiчных нагрузак. Пад лячэбным харчаваннем варта разумець частыя — 4—5 разоў на дзень прыёмы ежы, больш-менш аднолькавыя па колькасцi вугляводаў i каларыйнасцi асноўныя прыёмы ежы, шырокае выкарыстанне асартыменту прадуктаў, якiя не ўтрымлiваюць вялiкай колькасцi цукру, замену цукру сарбiтам цi ксiлiтам. Каб узмацнiць пачуццё насычэння, неабходна ўключаць у дыету свежую цi квашаную капусту, салат, шпiнат, зялёны гарошак, агуркi, памiдоры. Для паляпшэння функцыi печанi неабходна ўжываць прадукты, якія ўтрым- ліваюць ліпатропныя фактары — тварог, аўсянку, а таксама абмяжоўваць мясныя i рыбныя булёны, смажаныя стравы. Забараняюцца цукеркi, шакалад, кандытарскiя вырабы, здоба, варэнне, мёд, марожанае (цукар дазваляецца ў невялiкай колькасцi па дазволу ўрача), тлушч, вострыя, вэнджаныя i салёныя закускi, перац, гарчыца, алкагольныя напоi, вiнаград, бананы, разынкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
14 лiстапада, у Сусветны дзень барацьбы супраць дыябету, спецыялiсты нагадваюць, якое захворванне знаходзiцца на трэцiм месцы ў лiку смяротных захворв
|
|