Развязаць клубок жаночых хвароб
Айчынная служба аховы мацярынства i дзяцiнства дапамагае захаваць здароўе жанчыне любога ўзросту. Першы раз мацi павiнна адвесцi дзяўчынку да дзiцячага акушэра-гiнеколага ў шэсць гадоў — на звычайны прафагляд. Падставай для больш ранняга вiзiту могуць стаць пэўныя праблемы, скаргi дзiцяцi, якiя клапатлiвая матуля, безумоўна, не пакiне без увагi. Абавязкова наведаць дзiцячага жаночага доктара павiнна 11—12-гадовая дзяўчынка, у якой назiраюцца праблемы з надыходам менархе i кожная дзяўчына ва ўзросце 14—15 гадоў. Пасля 18 надыходзiць час, калi вiзiт да ўрача жаночай кансультацыi па месцы жыхарства становiцца пажадана-абавязковым адзiн раз на год. Такое рэгулярнае наведванне дазваляе праводзiць прафiлактыку парушэнняў менструальнай функцыi, а здача мазкоў на онкацыталогiю i мiкрафлору, агляд малочных залоз дазваляюць своечасова выяўляць «жаночыя» захворваннi, папярэджваць анкалогiю.
Аптымальным перыядам для родаў лiчыцца перыяд з 19 да 35 гадоў, хоць сярэднестатыстычным часам дзетанараджэння з’яўляецца 21—26-гадовы ўзрост. Пасля 47 гадоў, калi назiраюцца гарманальныя змяненнi, абумоўленыя надыходам клiмактэрычнага перыяду, могуць узнiкаць пэўныя парушэннi функцыянавання палавой сiстэмы. Таму агляды ва ўрача раз на год застаюцца абавязковымi — дзеля прафiлактыкi парушэнняў клiмактэрычнага перыяду, якi не заўсёды працякае фiзiялагiчна. У паталагiчных выпадках праводзiцца спецыяльнае лячэнне, якое дазваляе не дапусцiць сур’ёзных змяненняў — тых жа прылiваў, парушэнняў абменных працэсаў з атрафiяй скуры, сухасцю слiзiстых, што гадоў праз 7—10 прыводзiць да развiцця остэапарозу, захворванняў сардэчна-сасудзiстай сiстэмы, атэрасклерозу сасудаў галаўнога мозга. Падчас нашай яшчэ адной медыцынскай «прамой лiнii» званкi прымала галоўны акушэр-гiнеколаг Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь, дацэнт, кандыдат медыцынскiх навук Святлана Дзмiтрыеўна ШЫЛАВА. — Добры дзень! Непакоiць Лiдзiя Iванаўна са Старых Дарог. Мне 54 гады. Зрабiла ў дыягнастычным цэнтры 9-й клiнiкi ўльтрагукавое даследаванне. У мяне парушаны менструальны цыкл, i на працягу вось ужо гадоў дзесяцi — фiбрамiёма маткi, 2 сантыметры. Цi трэба рабiць бiяпсiю? — Участковы гiнеколаг павiнен даць накiрунак на стацыянарнае лячэнне, падчас якога вам зробяць раздзельнае дыягнастычнае выскрабанне. Праз два тыднi будзе атрыманы гiсталагiчны адказ, на падставе якога ўрач прызначыць лячэнне фiбрамiёмы. — Таццяна Iванаўна, Мiнск. Каля 10 гадоў таму выдалiлi матку з фiбрамiёмай, кiстозна зменены яечнiкi. Цi можна прымаць антыаксiдантны комплекс? — Перш-наперш вы павiнны звярнуцца да ўчастковага гiнеколага, каб удакладнiць дыягназ. З цягам часу сiтуацыя мяняецца, таму мы, гiнеколагi, i рэкамендуем перыядычна назiрацца ва ўрача. Калi вам паказана ўжыванне вiтамiннага комплексу, ваш урач абавязкова пра гэта скажа. Самастойна ж прызначаць сабе любыя прэпараты не варта. — Раiса Фёдараўна, Лепель. Хачу запытацца пра сваю 33-гадовую нявестку. Чатыры гады таму маладая сям’я страцiла дзiця, якое памерла ад раку галаўнога мозга. Зараз у нявесткi хранiчны запаленчы працэс. Дзесяць дзён яна лячыла яго ў Вiцебску, бо хоча нарадзiць другое дзiця. Падкажыце, дзе можна эфектыўна пралячыцца, каб наступiла цяжарнасць? — Сям’я павiнна звярнуцца да спецыялiстаў: яна — да ўчастковага гiнеколага, ён — да ўролага, каб абследавацца з нагоды бясплоднасцi. Можна атрымаць накiрунак i ў Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр «Мацi i дзiця», якi знаходзiцца ў Мiнску, дзе абодва атрымаюць кансультацыю. У цэнтры, дарэчы, сканцэнтраваны лепшыя магчымасцi для лячэння бясплоднасцi. — Зоя Канстанцiнаўна, Нясвiжскi раён. Дзе ў Мiнску можна абследавацца па гiнекалогii? Мяне непакояць болi ўнiзе жывата. — Вы павiнны звярнуцца да ўчастковага гiнеколага ў Нясвiжы. — Я была на прыёме. Але ў мяне ёсць сумненнi па дыягназу. — Калi так, то ваш доктар павiнен даць накiрунак у радзiльны дом Мiнскай вобласцi, дзе вы атрымаеце абследаванне i кансультацыю на iншым, так званым «трэцiм» узроўнi. — Алена, Гомельская вобласць. 24 гады. Цi можна раджаць з вегетасасудзiстай дыстанiяй i цi ёсць верагоднасць нараджэння здаровага дзiцяцi? — На жаль, я вас не бачу i нiчога пра вашу дыстанiю не ведаю. Магу толькi сказаць, што звычайная вегетасасудзiстая дыстанiя — адхiленне, дарэчы, досыць распаўсюджанае — не з’яўляецца процiпаказаннем для цяжарнасцi i родаў. Асабiста вам я раю да надыходу плануемай цяжарнасцi наведаць тэрапеўта, каб удакладнiць дыягназ, i акушэра-гiнеколага, якi вас абследуе i прызначыць прыгравiдарную падрыхтоўку. Цяжарнасць, як вядома, узмацняе псiхалагiчную нагрузку, таму што ў гэты час змяняецца нервова-псiхiчная дзейнасць жанчыны. Яна становiцца плаксiвай, раздражнёнай... — Соф’я Iосiфаўна, Валожын. У 22-гадовай дачкi — нерэгулярныя месячныя, з вялiкiмi перапынкамi. Дзе ёй эфектыўна пралячыцца? Цi магчыма трапiць у РНПЦ «Мацi i дзiця»? — Такая магчымасць ёсць. Але ўчастковы ўрач можа спачатку абследаваць вашу дачку па тэстах функцыянальнай дыягностыкi i пасля накiраваць на кансультацыю ў радзiльны дом Мiнскай вобласцi, дзе на кафедры акушэрства i гiнекалогii Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi працуе высокаквалiфiкаваны прафесарска-выкладчыцкi састаў. Магчыма, калi там палiчаць неабходным, будзе выдадзены накiрунак i ў цэнтр «Мацi i дзiця». Запiсала Святлана БАРЫСЕНКА. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Айчынная служба аховы мацярынства i дзяцiнства дапамагае захаваць здароўе жанчыне любога ўзросту. Першы раз мацi павiнна адвесцi дзяўчынку да дзiцячаг |
|