Старасць не радасць, а нялёгкая ноша для сваякоў
Наталля КАРПЕНКА
ЁСЦЬ ПЫТАННЕ Каб чытачу было зразумела, чаму на працягу апошнiх трох гадоў мы ўжо чацвёрты раз заяртаемся да тэмы медыка-сацыяльных (герыятрычных) аддзяленняў, пададзiм развiццё падзей у храналагiчным парадку.У кастрычнiку 2003 г. у рэдакцыю нашай газеты звярнуўся па дапамогу жыхар горада Мiнска Сяргей Уладзiмiравiч Вакула. Яго мацi трапiла ў аддзяленне неў-ралогii бальнiцы хуткай медыцынскай дапамогi (БХМД) з цяжкiм захворваннем галаўнога мозга. Праляжала там 9 дзён, пасля чаго сыну прапанавалi забраць яе дадому. А як забiраць? Жанчына не магла не тое што хадзiць — нават з ложка падымацца. Ёй патрэбны былi кругласутачны догляд i падтрымлiваючая тэрапiя... Тады ўрачы i параiлi Сяргею Уладзiмiравiчу перавесцi мацi ў медыка-сацыяльнае аддзяленне для пажылых людзей, якое ў бальнiцы хуткай дапамогi тады яшчэ функцыянавала. Ён так i зрабiў. Жанчыне правялi рэабiлiтацыйны курс лячэння i ў лiтаральным сэнсе паставiлi на ногi. Пазней цяжкахворая яшчэ некалькi разоў ляжала ў медыка-сацыяльным аддзяленнi БХМД, дзе ёй забяспечвалi належны догляд i лячэнне. А потым Сяргею Уладзiмiравiчу паведамiлi аб тым, што ў сувязi з загадам гарадскога камiтэта па ахове здароўя аддзяленне будзе закрыта: маўляў, бальнiца хуткай медыцынскай дапамогi павiнна аказваць толькi экстранную дапамогу, таму размяшчэнне на яе плошчах аддзялення па догляду i рэабiлiтацыi старых — гэта нонсенс. У вынiку ў Мiнску на той час засталося толькi адно медыка-сацыяльнае аддзяленне — на базе 2-й гарадской бальнiцы, куды i параiлi Сяргею Уладзiмiравiчу перавесцi сваю мацi. Але ў сувязi з павелiчэннем патоку пажылых хворых, якiя мелi патрэбу ў пастаянным доглядзе, у 2-й бальнiцы ўтварылася чарга, i трапiць туды без папярэдняга запiсу аказалася не так проста — чакаць людзям даводзiлася па месяцу i болей. ...Пасля публiкацыi артыкула ў рэдакцыю прыйшоў адказ з гарадскога камiтэта па ахове здароўя, дзе гаварылася, што аддзяленнi медыка-сацыяльнай дапамогi не павiнны размяшчацца на плошчах медустаноў, якiя аказваюць экстранную дапамогу. I што ў блiжэйшай перспектыве пад патрэбы медыка-сацыяльнай службы будзе адведзены асобны будынак... Праз два гады (восенню 2005-га) у рэдакцыю звярнулася жыхарка Мiнска Таццяна Анатольеўна Солтан — на гэты раз пагроза закрыцця навiсла ўжо над медыка-сацыяльным аддзяленнем 2-й гарадской бальнiцы. «Нiкога не мiнуць хвароба i старасць. Сёння ў нас гора, а заўтра гэта гора можа пастукацца i ў iншыя дамы. Просiм захаваць медыка-сацыяльнае аддзяленне ў 2-й гарадской бальнiцы г. Мiнска i паставiцца з разуменнем да нашай праблемы. За падобнымi загадамi (аб закрыццi — Н.К.) стаяць жыццi i пакуты цяжкахворых людзей i iх родных. Перш чым нешта знiшчыць, неабходна спачатку стварыць», — напiсалi ў газету людзi. Пазней, седзячы ў рэдакцыйным кабiнеце, яны не стрымлiвалi слёз. Размова iшла не проста аб закрыццi аддзялення. Лiквiдавалася адзiнае ў горадзе месца, дзе кругласутачна даглядалi старых з найцяжэйшымi неўралагiчнымi, кардыялагiчнымi i сасудзiстымi захворваннямi, траўматалагiчнымi наступствамi. Родныя хворых проста малiлiся на аддзяленне — многiх яно лiтаральна выратавала, пакiнуўшы магчымасць не звальняцца, не браць бясконцыя водпускi за ўласны кошт i не пакутаваць ад штохвiлiнных перажыванняў: як там дома? I ўсё ж медыка-сацыяльнае аддзяленне 2-й гарадской бальнiцы ў мiнулым годзе таксама закрылi — як нам патлумачылi тады, у сувязi з неабходнасцю пашырэння бальнiчных плошчаў для аказання экстраннай хiрургiчнай дапамогi. Каментуючы гэты факт, намеснiк старшынi камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама Вячаслаў Шыла падкрэслiў, што нiякiм чынам не прымяншае важнасць i неабходнасць медыка-сацыяльных аддзяленняў, тым больш што насельнiцтва старэе i людзям, адпаведна, неабходны догляд. «З цягам часу мы пастараемся знайсцi асобнае, спецыяльна прыстасаванае для аказання такога роду паслуг памяшканне», — паабяцаў Вячаслаў Дзмiтрыевiч. Хворых жа, якiя на той час знаходзiлiся ў медыка-сацыяльным аддзяленнi 2-й бальнiцы, размеркавалi (са згоды iх родных) па iншых медыцынскiх i сацыяльных установах горада: нехта трапiў пад крыло Дома мiласэрнасцi, нехта — у Дом-iнтэрнат для iнвалiдаў i ветэранаў, iншых забралi сваякi... З таго часу мiнуў год. Гэта, на наш погляд, дастатковы тэрмiн, каб зрушыць з месца дадзеную праблему. I адначасова падстава зноў патурбаваць камiтэт па ахове здароўя Мiнс-кага гарвыканкама. Так, пагадзiлася начальнiк аддзела спецыялiзаванай медыцынскай дапамогi камiтэта па ахове здароўя Алена Рудкова, мы праблему ведаем i робiм усё магчымае, каб зняць яе вастрыню. Спачатку мелася на ўвазе арандаваць для медыка-сацыяльных ложкаў стацыянар медсанчасцi завода iмя Вавiлава. Аднак да сярэдзiны гэтага года Мiнiстэрства аховы здароўя прыняло рашэнне аб перадачы ў сiстэму аховы здароўя бальнiц, якiя раней знаходзiлiся ў падпарадкаваннi Упраўлення Беларускай чыгункi. Такiм чынам, у падначаленне гарадскога камiтэта па ахове здароўя пераходзiць чыгуначная бальнiца па вулiцы Казiнца. У сувязi з гэтым у камiтэта з’явiцца магчымасць на падставе паўнапраўнага гаспадара (а не арандатара) адкрыць тут медыка-сацыяльнае аддзяленне. — Мы сфармiруем крыху iншую структуру гэтай медустановы, якая будзе адпавядаць нашым патрабаванням — зробiм там i рэабiлiтацыйнае аддзяленне, i аддзяленне сястрынскага догляду. Але гэта пакуль што ў планах. Спадзяёмся, што пра рэальныя зрухi можна будзе гаварыць у 2007 годзе, — сказала Алена Рудкова. Сёння, паводле слоў Алены Юр’еўны, медыка-сацыяльная дапамога людзям пажылога ўзросту (а iх у сталiцы больш за 270 тысяч) забяспечваецца ўсёй сiстэмай аховы здароўя: гарадскiмi герыятрычнымi цэнтрам i кабiнетамi, стацыянарнымi i амбулаторна-полiклiнiчнымi ўстановамi, дыспансэрамi. А само пытанне знаходзiцца на пастаянным кантролi камiтэта па ахове здароўя. Часткова дапамагаюць у вырашэннi гэтай праблемы бальнiца сястрынскага догляду Мiнскага раёна (пасёлак Калодзiшчы) i Дом мiласэрнасцi — праўда, нi ў адной з гэтых устаноў няма дастатковых магутнасцяў, каб аказваць дадзены вiд дапамогi ўсiм жадаючым цяжкахворым. Сёлета ў сталiцы быў адкрыты хоспiс для дарослых, якiя пакутуюць ад анкалагiчных захворванняў. У той цi iншай ступенi (аддзяленне разлiчана на 30 ложкаў) установа здымае напружанне, якое ўтвараецца ў сувязi з неабходнасцю спецыфiчнага догляду за такiмi людзьмi. Акрамя таго, 72 пацыенты абслугоўваюцца на даму. Можна сказаць, што нiводзiн чалавек з анкалагiчным захворваннем не кiнуты сам-насам са сваiмi праблемамi. Знаходжанне ў хоспiсе бясплатнае, але абмежаванае ў часе. Устаноўлены тэрмiн — прыкладна месяц. У выключных выпадках хворыя застаюцца тут да апошняга дня. За ўвесь час iснавання ўстановы яшчэ нiкому не было адмоўлена ў шпiталiзацыi... Акрамя таго, медыцынскую i псiхалагiчную дапамогу пажылым людзям аказваюць 30 герыятрычных кабiнетаў. (Дарэчы, за 9 месяцаў гэтага года там пабывала каля 62 тысяч чалавек.) — Асаблiва вострай праблема догляду цяжкага хворага з’яўляецца для працуючых родных — сёння мы стараемся дапамагчы iм усiмi магчымымi сродкамi, — гаворыць Алена Рудкова. — Справа ўскладняецца тым, што ў сталiцы працягваецца рэструктурызацыя сiстэмы медыцынскiх устаноў. А для адкрыцця медыка-сацыяльных аддзяленняў неабходны дадатковыя плошчы, якiх пакуль не хапае. Многiя клiнiчныя бальнiцы знаходзяцца на капiтальным рамонце, i пакуль адны ўводзяцца ў строй, iншыя толькi пачынаюць рамантаваць. Але хачу запэўнiць жыхароў сталiцы, што рэструктурызацыя адбываецца дзеля ўдасканалення i паляпшэння ўсёй сiстэмы аховы здароўя — i ўмоў знаходжання хворых, i непасрэдна медыцынскай дапамогi, i аснашчэння абсталяваннем. Нягледзячы на ўсе складанасцi, у камiтэце па ахове здароўя Мiнгарвыканкама спадзяюцца, што ў наступным годзе аддзяленне медыка-сацыяльнай дапамогi нарэшце пачне працаваць. Праўда, пра магутнасцi яго гаварыць яшчэ рана — усё вырашыцца толькi пасля таго, як у распараджэнне камiтэта пера- дадуць чыгуначную бальнiцу...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб чытачу было зразумела, чаму на працягу апошнiх трох гадоў мы ўжо чацвёрты раз заяртаемся да тэмы медыка-сацыяльных (герыятрычных) аддзяленняў, пад
|
|