«Пенсiйныя» справы з нюансамi
Сяргей ГРЫБ
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае начальнiк галоўнага ўпраўлення пенсiйнага забеспячэння i сацыяльнага страхавання Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Валянцiна Вiкенцьеўна КАРАЛЁВА
(Працяг. Пачатак у нумары за 14 лістапада.) — З 1971 года i па сёння працую на ферме. 5 студзеня споўнiцца 54 гады. Цi змагу я тады выйсцi на датэрмiновую пенсiю? I другое пытанне. Таксама з 1971 года муж працаваў трактарыстам. Цi зможа ён выйсцi на пенсiю ў 55-гадовым узросце з улiкам таго, што ў апошнi год ён быў вымушаны змянiць месца працы? Ядвiга Iосiфаўна Мiшута, Глыбоцкi раён — Паўтаруся, што выйсцi на пенсiю пасля дасягнення 50-гадовага ўзросту могуць жанчыны, якiя працавалi даяркамi (або аператарамi машыннага даення), цялятнiцамi, свiнарамi-аператарамi ў калгасах, саўгасах i iншых сельгаспрадпрыемствах не менш чым 20 гадоў. I зноў-такi пры ўмове выканання нормаў абслугоўвання. Дарэчы, нагадаем, што агульнаўсталяваны пенсiйны ўзрост у нашай краiне складае 55 гадоў. I за год да яго дасягнення пенсiя можа быць прызначана толькi беспрацоўным жанчынам, якiя маюць права на дапамогу па беспрацоўю на працягу 52 каляндарных тыдняў (а гэта права iм даецца пры наяўнасцi стажу работы не менш чым 33 гады) па прапанаванню службы занятасцi пры адсутнасцi магчымасцi для працаўладкавання. Прычым у такiм выпадку пенсiя прызначаецца замест дапамогi па беспрацоўю. Што да другога пытання, то мужчыны трактарысты-машынiсты, непасрэдна занятыя ў вытворчасцi сельгаспрадукцыi ў калгасах, саўгасах i iншых сельгаспрадпрыемствах, могуць выходзiць на пенсiю ў 55-гадовым узросце. Абавязковымi ўмовамi для гэтага з’яўляюцца наяўнасць не менш чым 25-гадовага стажу ў цэлым, а таксама не менш чым 20-гадовага стажу трактарыста-машынiста. Прычым апошняе месца работы ў дадзеным выпадку значэння не мае. — Непакоiць былы машынiст I класа лакаматыва чыгункi адразу з некалькiмi пытаннямi. Па-першае, чаму ў дзяржслужачага самага апошняга класа пенсiя атрымлiваецца вышэй, чым у высокаквалiфiкаванага рабочага? Па-другое, калi будзе надбаўка да пенсii за работу па Спiсу № 2? I, па-трэцяе, чаму не прымаецца пад увагу той факт, што многiя не змаглi папоўнiць свой стаж толькi таму, што падчас вайны пражывалi на часова акупаванай тэрыторыi? Георгiй Канстанцiнавiч Голад, г. Брэст — Па-першае, дазвольце не пагадзiцца. У дзяржаўнага служачага апошняга класа пенсiя якраз маленькая. Таму такiя дзяржслужачыя атрымлiваюць пенсiю па ўзросту. Па другому пытанню. Якой-небудзь надбаўкi за работу па Спiсу № 2 сапраўды няма i не будзе. Справа ў тым, што асобам, занятым на работах з асаблiвымi ўмовамi працы па Спiсу № 2, вызначана iншая льгота — магчымасць выхаду на датэрмiновую пенсiю. Iнакш кажучы, пры выплаце ўзносаў на сацыяльнае страхаванне нароўнi з iншымi работнiкамi вы маеце права на атрыманне выплат за кошт гэтых сродкаў на 5 гадоў раней. I на прадастаўленне дадатковых гарантый у дадзеным выпадку проста няма грошай. Так, можна пагадзiцца, што гарантыi па Спiсу № 1 большыя. Але адначасова не сакрэт, што падчас занятасцi на работах па гэтаму Спiсу чалавек рызыкуе атрымаць i нашмат большую шкоду для ўласнага здароўя. I трэцяе. Час пражывання на часова акупаванай тэрыторыi падчас Вялiкай Айчыннай вайны ў працоўны стаж залiчваецца. Але толькi з таго часу, як чалавеку споўнiлася 16 гадоў — менавiта з такога ўзросту ў нас можна пачынаць працоўныя адносiны. — Усё жыццё адпрацаваў на Мiнскiм трактарным заводзе i ў 1992 годзе выйшаў на пенсiю. Аднак абставiны склалiся так, што ў 1994 годзе я з’ехаў на сталае месца жыхарства ў Iзраiль. Цi магу я атрымлiваць беларускую пенсiю зараз? Мiкалай Мiхайлавiч Мелiмука, г. Назарэт, Iзраiль (з аналагiчнымi пытаннямi ў рэдакцыю патэлефанавалi былыя жыхары Беларусi i цяперашнiя грамадзяне Дзяржавы Iзраiль Сямён Iсакавiч Розiн i Соф’я Сямёнаўна Алехма) — Паводле беларускага заканадаўства, права на пенсiйнае забеспячэнне ў Рэспублiцы Беларусь маюць як непасрэдна грамадзяне краiны, так i замежныя грамадзяне, а таксама асобы без грамадзянства, якiя стала пражываюць на яе тэрыторыi. Пацвярджэннем такога пражывання для грамадзян Беларусi з’яўляецца штамп аб сталай прапiсцы ў нацыянальным пашпарце. А для замежных грамадзян i асоб без грамадзянства — дазвол на жыхарства ў Беларусi (пасведчанне на права жыхарства). Адначасова пенсiйнае забеспячэнне асоб, пенсii якiм былi прызначаны ў Беларусi i якiя зараз пражываюць за яе межамi, робiцца на падставе пагадненняў з iншымi дзяржавамi. Пры гэтым пагаднення ў галiне пенсiйнага забеспячэння памiж Рэспублiкай Беларусь i Дзяржавай Iзраiль няма. Такiм чынам, выплата пенсiй асобам, што выехалi на сталае месца жыхарства за мяжу ў дзяржавы, з якiмi няма падобных пагадненняў, рэгулюецца артыкулам 92 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб пенсiйным забеспячэннi». Паводле гэтага артыкула, пенсii, прызначаныя грамадзянам да выезду на сталае месца жыхарства за мяжу, выплачваюцца толькi аднойчы — за 6 месяцаў наперад перад ад’ездам. — З верасня 2004 года жыву i працую ў Беларусi, маю беларускае грамадзянства. Дагэтуль жа жыў i працаваў ва Украiне. На пенсiю выходзiць з 2 студзеня 2009 года. Патлумачце, калi ласка, на падставе заканадаўства якой краiны яна будзе прызначацца? Леанiд Мiхайлавiч Малашэнка, г. Мазыр — Паводле мiжурадавага пагаднення ад 14 снежня 1995 года, пенсiйнае забеспячэнне асоб, якiя пераехалi на сталае месца жыхарства з Украiны ў Беларусь, робiцца па беларускаму заканадаўству. I пацвярджэннем сталага пражывання ў Беларусi з’яўляецца прапiска ў нацыянальным пашпарце. Дарэчы, Леанiд Мiхайлавiч, у ваш стаж будзе залiчвацца час працы, прадпрымальнiцкай, творчай i iншай дзейнасцi пры ўмове, што на працягу гэтых перыядаў рабiлася выплата ўзносаў сацыяльнага страхавання, i ў тым лiку — узносаў на пенсiйнае страхаванне ў Пенсiйны фонд Украiны. Пры гэтым варта нагадаць, што адначасова ў стаж залiчваюцца гэтак званыя «крэдытныя перыяды», на працягу якiх узносы не выплачвалiся. Гэта, да прыкладу, перыяды навучання, службы ў армii i некаторыя iншыя. Што да iндывiдуальнага каэфiцыента, то ён вызначаецца з заробку за перыяды працы, якiя ўвайшлi ў стаж. I ў выпадках, калi ў стаж уключаны перыяды працы за мяжой (i ў тым лiку пасля 1 студзеня 1992 года — на тэрыторыi краiн былога СССР), для вылiчэння пенсiй ёсць два варыянты. Першы. Пенсiя вылiчваецца з заробку ў Беларусi, цi ў вашым канкрэтным выпадку ў 2009 годзе — за любыя 15 гадоў запар з 25 апошнiх гадоў працы. Пры гэтым у перыяд, з якога выбiраецца заробак, не ўключаецца час працы за мяжой пасля 1 студзеня 1992 года. А да гэтага моманту праца, што адбывалася на тэрыторыi краiн былога СССР, разглядаецца як праца ў Рэспублiцы Беларусь. I другi варыянт. Калi працоўная дзейнасць за межамi Беларусi працягвалася не менш чым 5 гадоў з 15 апошнiх гадоў працы, пенсiя вызначаецца з разлiку сярэдняга заробку работнiка нашай краiны адпаведнай прафесii i квалiфiкацыi на момант звароту за пенсiяй. Нарэшце, наконт самой працэдуры прызначэння пенсii. Каб даведацца аб пералiку неабходных у дадзеным выпадку дакументаў, вам, Леанiд Мiхайлавiч, трэба звярнуцца ў аддзел кадраў па месцы працы цi ва ўпраўленне па працы i сацыяльнай абароне па месцы цяперашняга сталага жыхарства. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае начальнiк галоўнага ўпраўлення пенсiйнага забеспячэння i сацыяльнага страхавання Мiнiстэрства працы i сацыяльнай
|
|