«Доктар у Беларусi павiнен ведаць беларускую мову»Ёсць пытанне Кожная «круглая» дата дае магчымасць цi то чалавеку, цi то цэламу калектыву яшчэ раз азiрнуцца назад, пераасэнсаваць усё зробленае, дасягнутае. I вельмi прыемна, калi твая праца была недарэмнай.У вераснi 1991 года ўпершыню ў гiсторыi медыцынскай адукацыi нашай краiны ў раскладзе заняткаў Гродзенскага медiнстытута з’явiўся новы прадмет — беларуская мова. Што з’яўлялася цалкам лагiчным: Беларусь — стала суверэннай дзяржавай, беларуская мова — адпаведна — першай дзяржаўнай, якой (паводле Канстытуцыi) павiнен валодаць кожны. А тым больш — спецыялiст з вышэйшай адукацыяй. Сярод студэнтаў, аднак, карцiна была... Каля 60 адсоткаў нашых першакурснiкаў былi вызвалены ў школах ад вывучэння роднай мовы. Для iх, а таксама для студэнтаў з iншых краiн былога Саюза па iнiцыятыве першага прарэктара iнстытута прафесара У.С. Васiльева i пры поўнай падтрымцы рэктара прафесара Д.А. Маслакова быў арганiзаваны факультатыўны курс. На працягу двух гадоў студэнты вывучалi беларускую арфаграфiю, марфалогiю, папаўнялi лексiчны запас. У пэўнай ступенi разглядалася беларуская медыцынская тэрмiналогiя. У канцы курса студэнты здавалi экзамен i атрымлiвалi адзнаку ў дыплом. Iшоў час i ў краiне многае мянялася. Прынамсi, у хуткасцi на першы курс стала прыходзiць моладзь ужо з добрым веданнем мовы. Таму з 1995 года прыярытэтнымi сталi вуснае маўленне, веданне беларускай медыцынскай тэрмiналогii, уменне па-беларуску афармляць шматлiкiя медыцынскiя дакументы. У вучэбных планах з’явiлася такая дысцыплiна, як «Беларуская мова. Прафесiйная лексiка». Кафедрамi беларускай i рускай моў Беларускага i Гродзенскага ўнiверсiтэтаў была распрацавана Праграма па беларускай мове для медыцынскiх ВНУ, пачаўся працэс стварэння вучэбных дапаможнiкаў. Студэнты, трэба зазначыць, разумелi ўсю неабходнасць добрага валодання дзяржаўнай мовай i досыць прыязна аднеслiся да новай дысцыплiны. Прынамсi, пры штогадовым анкетаваннi на пытанне «Цi лiчыце беларускую мову роднай?» больш за 80 адсоткаў адказваюць «так». Столькi ж — лiчаць, што доктар у Беларусi павiнен ведаць беларускамоўную тэрмiналогiю i вывучаць мову ва ўнiверсiтэце... Пятнаццаць гадоў выкладання яе — круглая дата i яшчэ адна прычына, каб азiрнуцца на дасягнутае. Дзякуючы кiраўнiцтву ўнiверсiтэта, на кафедры маюцца ўсе ўмовы для плённай вучобы студэнтаў, выпушчана больш за дзесяць вучэбна-метадычных дапаможнiкаў, створаны, запатрабаваныя сёння многiмi «Русско-белорусский медицинский словарь», у якiм упершыню ўзняты вялiкi пласт (каля трох тысяч) менавiта беларускiх медыцынскiх тэрмiнаў. А першага верасня ў аўдыторыi зноў прыйшлi першакурснiкi, зноў пачалiся заняткi. Значыць наперадзе — новыя гады плённай працы. Вiктар ВАРАНЕЦ, старшы выкладчык кафедры беларускай i рускай моў. г. Гродна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожная «круглая» дата дае магчымасць цi то чалавеку, цi то цэламу калектыву яшчэ раз азiрнуцца назад, пераасэнсаваць усё зробленае, дасягнутае. I вель
|
|