Колькi трэба мець здароўя, каб трапiць да ўрача?
Надзея НIКАЛАЕВА
У пачатку XX стагоддзя мiнскiя ўрачы зараблялi 2400 рублёў у год. Па аплаце працы яны стаялi на трэцiм месцы пасля гарадскога главы i кiраўнiка прадстаўнiцтва Санкт-Пецярбургскага банка.
Па iнфармацыi Мiнiстэрства аховы здароўя, у вераснi 2006 года сярэдняя заработная плата беларускiх урачоў складала 883,9 тысячы рублёў або 413 долараў ЗША, але трэба мець на ўвазе, што сярэднiя заробкi ўрачоў фармiруюцца з улiкам павышаных нагрузак (работы больш чым на стаўку, сумяшчальнiцтва), начных, сутачных дзяжурстваў i гэтак далей. У сярэдняга медыцынскага персаналу сярэдняя заработная плата складала 499,4 тысячы рублёў або 233 долары ЗША, а ў малодшага медыцынскага персаналу — 317 тысяч рублёў або 148 долараў. Цалкам лагiчна было, калi б гэта пытанне задалi нам хворыя, перад якiмi востра стаiць праблема, як дастаць талончык да таго цi iншага «вузкага» спецыялiста. Але такое пытанне паставiў перад сваiмi калегамi намеснiк галоўнага ўрача 34-й сталiчнай палiклiнiкi Вячаслаў Гранькоў, выступаючы на нядаўнiм з’ездзе беларускiх тэрапеўтаў. Што больш важна: якасць цi даступнасць медыцынскай дапамогi? I цi ўзаемазвязаныя яны памiж сабой? Цiкава, што падчас праведзенага сярод пацыентаў апытання, пераважная большасць людзей зрабiлi свой выбар на карысць якасцi медыцынскай дапамогi. Хутчэй за ўсё, так разважалi пацыенты, якiя патрэбную медыцынскую дапамогу ўжо атрымалi. Бо ў процiлеглым выпадку, можна не сумнявацца, iх бы больш хвалявала недаступнасць урачэбнай дапамогi. Сёння па забяспечанасцi насельнiцтва ўрачэбнай дапамогай Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце (наперадзе нас толькi Iталiя, Нарвегiя i В’етнам). На 10 тысяч насельнiцтва ў нас прыпадае 46 урачоў. Аднак пры агульным высокiм узроўнi забяспечанасцi ўрачамi ўсiх профiляў слабым месцам ў айчыннай сiстэме аховы здароўя застаецца яе першаснае звяно, якое адчувае хранiчны кадравы голад. Найбольш востра праблема забеспячэння кадрамi першаснага звяна стаiць у буйных гарадах. У сталiцы ўвогуле ўчастковая служба па колькаснаму i ўзроставаму саставу знаходзiцца ў крытычным стане: так, калi ў сярэднiм па краiне колькасць работнiкаў пенсiйнага ўзросту складае ва ўстановах аховы здароўя 18 працэнтаў, то ў мiнскiх палiклiнiках яна дасягае 45 працэнтаў ад агульнай колькасцi. За апошнiя шэсць гадоў укамплектаванасць участковай службы ў Мiнску застаецца практычна нязменнай (плюс—мiнус 2 працэнты). Летась, напрыклад, патрэба ў кадрах па фiзiчных асобах была задаволена толькi на 72,3 працэнта i на 90 працэнтаў — па штатных пасадах. У Мiнску не маюць «свайго» ўчастковага тэрапеўта каля 394 тысяч чалавек — медыцынская дапамога аказваецца iм урачамi з суседнiх участкаў толькi «па сумяшчальнiцтву»... Дарэчы, спроба ўвогуле адмовiцца ад талоннай сiстэмы прынесла зваротны эфект: чэргi не знiклi, а толькi плаўна перацяклi ад рэгiстратуры ў калiдоры палiклiнiк. На думку начальнiка ўпраўлення аказання медыцынскай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Аляксандра Цыбiна, кiраўнiк медустановы не мае права сядзець у кабiнеце. Рэгуляваць патокi пацыентаў — гэта яго непасрэдная функцыя i задача. Камiтэт аховы здароўя Мiнгарвыканкама спрабуе знайсцi спосабы выпраўлення складанай сiтуацыi — у палiклiнiках адкрываюцца даўрачэбныя кабiнеты, для паляпшэння планавання аказання медыцынскай дапамогi пашыраецца папярэднi запiс на прыём, да таго ж паступова ўкараняецца i такая новая форма, як заказ талонаў да спецыялiстаў праз Iнтэрнэт. Вось толькi ўсе участковыя тэрапеўты аднадушныя ў сваiм меркаваннi — калi размова iдзе пра меддапамогу, то ў гэтым выпадку колькасць зусiм не пераходзiць у якасць. Для якаснага аказання дапамогi ва ўчастковага ўрача павiнна быць найперш дастаткова часу для зносiнаў з пацыентамi. Зараз у Беларусi на кожнага жыхара прыпадае 12,4 наведванняў палiклiнiк за год, i гэта без улiку наведванняў ведамасных медыцынскiх службаў цi прыватных медыцынскiх устаноў. Для параўнання, у эканамiчна развiтых еўрапейскiх краiнах на аднаго жыхара прыпадае ў сярэднiм па 5—7 наведванняў урачоў, а ў Расiйскай Федэрацыi — 9. З аднаго боку, гэта сведчыць аб даступнасцi для жыхароў нашай краiны ўрачэбнай дапамогi. Але з iншага боку, беларусы чамусьцi ўсё роўна не могуць пахвалiцца добрым здароўем. Iнструкцыя адводзiць на першасны прыём аднаго пацыента максiмум 15 хвiлiн, на паўторны — 11 хвiлiн i 9 хвiлiн — на прафiлактычны агляд. Але на практыцы пры цяперашнiх нагрузках урачу ўдаецца «вырываць» для пацыента на прыёме ў лепшым выпадку 5—7 хвiлiн. I што паспееш за iх зрабiць? Хiба што «перахрысцiць» хворага фанендаскопам? На думку спецыялiстаў, для паўнацэннага першаснага прыёму пацыента патрабуецца ад 25 да 30 хвiлiн, для паўторнага — ад 15 да 20 хвiлiн. Акрамя таго нарматывы часу павiнны разлiчвацца з улiкам узроставай структуры насельнiцтва, скажам, сярэднi час абслугоўвання пацыента ва ўзросце старэйшым за 65 гадоў складае недзе каля паўгадзiны. Праўда, адразу ўзнiкае пытанне, а дзе тэрапеўту знайсцi дадатковы час для падаўжэння прыёму? Участковыя ўрачы лiчаць, што на сёння iх патэнцыял выкарыстоўваецца нерацыянальна: трэцюю частку свайго працоўнага часу высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты вымушаны марнаваць на неабгрунтаваныя вiзiты. Справа ў тым, што для выклiку ўрача на дом у нас не iснуе нiякiх абмежаванняў. У 34-й сталiчнай палiклiнiцы вырашылi прааналiзаваць эфектыўнасць такой працы i высветлiлi, што 89 працэнтаў усiх выклiкаў участковых тэрапеўтаў не былi звязаны з вострым хранiчным захворваннем цi яго абвастрэннем. Толькi 0,3 працэнта выклiкаў суправаджалiся накiраваннем на шпiталiзацыю. 72 працэнты былi выклiканы неабходнасцю выпiскi пацыентам рэцэптаў на льготныя i бясплатныя лекi, а ў 63 працэнтах выпадкаў стан пацыентаў дазваляў iм самастойна прыйсцi на прыём да ўрача. Але каб не сядзець у палiклiнiках у шматгадзiнных чэргах, значна прасцей выклiкаць урача на дом. Гэта не сакрэт. Атрымлiваецца замкнёнае кола... Да таго ж i на прыёме 70 працэнтаў працоўнага часу ў тэрапеўта займаюць не агляд i кансультацыя, а запаўненне розных дакументаў, выпiска льготных рэцэптаў i выдача даведак, з чым цалкам маглi б справiцца фельчар цi медыцынская сястра. У Мiнску ў некалькiх палiклiнiках зараз праходзiць эксперымент па пашырэнню ролi сярэдняга медперсаналу. Фельчары здзяйсняюць вiзiты на даму, ацэньваюць стан пацыента, неабходнасць кансультацыi ў тэрапеўта i выпiсваюць, калi ёсць такая неабходнасць, рэцэпты. Але каб вызвалiць ад непатрэбнай работы ўрача i прадаставiць сярэдняму медперсаналу больш шырокiя паўнамоцтвы, патрабуюцца арганiзацыйныя i юрыдычныя рашэннi на ўзроўнi Мiнiстэрства аховы здароўя. Нярэдка ўчастковыя ўрачы выконваюць толькi функцыi «стрэлачнiкаў» — выдаюць накiраваннi да больш «вузкiх» спецыялiстаў. Хранiчная перагрузка ўчастковага тэрапеўта, натуральна, негатыўна адбiваецца на якасцi меддапамогi. Пры гэтым прэстыж работы ўчастковага тэрапеўта застаецца надзвычай нiзкiм. Адпрацаваўшы па размеркаванню належны iм час, маладыя спецыялiсты спрабуюць працаўладкавацца ў больш «спакойных» месцах. Гэта на Захадзе ўрач зацiкаўлены ў тым, каб да яго прыйшло як мага больш пацыентаў, а наш урач зацiкаўлены, каб усё было наадварот, бо яго заробак не залежыць ад аб’ёмаў i якасцi аказваемай дапамогi. Для сiстэмы аховы здароўя павiнна быць распрацаваная свая, адметная ад iншых сфер сiстэма аплаты працы, якая б адлюстроўвала спецыфiку працы медыцынскiх работнiкаў, аб’ёмы, складанасць i якасць аказваемай насельнiцтву медыцынскай дапамогi — медыкi ўжо даўно спрабуюць гэта даказаць на самых розных узроўнях. А пакуль што па сярэдняй колькасцi адпрацаваных гадзiн беларускiя медыцынскiя работнiкi саступаюць толькi работнiкам сельскай гаспадаркi. Для таго, каб атрымаць больш-менш годныя грошы, яны вымушаны, як кажа Вячаслаў Гранькоў, «араць, араць и еще раз араць». Старшыня Беларускага таварыства тэрапеўтаў Мiкалай Сарока лiчыць, што ва ўчастковых урачоў — самы цяжкi, самы адказны i пры гэтым самы няўдзячны ўчастак працы. 80 працэнтаў усiх пацыентаў распачынаюць i завяршаюць сваё лячэнне менавiта ў тэрапеўта. Таму галоўным тварам беларускай медыцыны з’яўляецца на сёння тэрапеўтычная служба.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пачатку XX стагоддзя мiнскiя ўрачы зараблялi 2400 рублёў у год. Па аплаце працы яны стаялi на трэцiм месцы пасля гарадскога главы i кiраўнiка прадст
|
|