Сельсавет — у IНТЭРНЭТ!
Аляксандр ПУКШАНСКI
ЦIКАВА ВЕДАЦЬ Цэлы сельсавет у Вiцебскай вобласцi цяпер iснуе на сайце ў інтэрнэце, i тысячы карыстальнiкаў камп’ютарнай сеткi з многiх краiн свету заходзяць сюды ў госцi. На самай справе даўно ўжо няма Выдрэйскага Савета: вёска Вялiкая Выдрэя (тут жывуць чалавек 65) i пасёлак пры чыгуначнай станцыi (жыхароў 25) уваходзяць у склад Крынкаўскага сельсавета Лёзненскага раёна. А ў інтэрнэце ён ёсць дзякуючы стваральнiкам сайта. Працавалi над iм выхадзец з гэтых мясцiн — былы афiцэр Генадзь Агнiшчанка i малады камп’ютаршчык, жыхар Лёзна Вiктар Мiхальчанкаў. Апошнi, дарэчы, прыкаваны да iнвалiднага крэсла... Але ж, нягледзячы на цяжкае захворванне, стварыў сайт Лёзна, размясцiў у інтэрнэце кнiгу «Памяць. Лёзненскi раён. Дапамагае Вiктару яго старэйшая сястра Iрына, якая таксама мае групу iнвалiднасцi.Выдрэйскi сельскi Савет знаходзiўся на паўднёвым захадзе ад Лёзна, кiламетраў за 40 ад Вiцебска. Раней яго цэнтрам была вёска Вялiкая Выдрэя. Сельсавет быў створаны ў жнiўнi 1924 года. Ён уваходзiў у Высачанскую воласць Аршанскага павета Магiлёўскай губернi. Потым — у 1931-м у сувязi з лiквiдацыяй Высачанскага раёну ўся яго тэрыторыя была далучаная да Лёзненскага раёна. З 1939-га Выдрэйскi сельсавет быў лiквiдаваны i ўвайшоў у склад Крынкаўскага. А ў пасляваенныя гады яго дзейнасць была зноў адноўлена з цэнтрам у Вялiкай Выдрэi. Восенню 1959-га тэрыторыя сельсавета была перададзена Стасеўскаму сельсавету, а з 1965-га зноў перайшла ў Крынкаўскi... Сайт Выдрэйскага сельскага Савета www.vydreya.narod.ru па якасцi афармлення i iнфармацыйнасцi мае вельмi высокi ўзровень. Сярод рубрык на галоўнай старонцы ёсць такiя, якія паведамляюць аб геаграфiчным становiшчы, клiматычных умовах, рыбных запасах... Расказваецца таксама i аб населеных пунктах, вёсках, што, на жаль, знiклi, сельскай гаспадарцы... Рарытэтнымi можна лiчыць карту мясцовасцi ХVI стагоддзя i гiсторыю ў старой фатаграфii. *** Шмат цiкавых матэрыялаў знайшоў у архiве Генадзь Агнiшчанка. Аб сабе ён расказвае, што нарадзiўся ў вёсцы Бор Выдрэйскага сельсавета напачатку 1942-га. Бацькi яго з сялянскай сям’i. Тата — Цiмафей Пятровiч — працаваў рахункаводам у калгасе, мама — рабочай. Са шчырай цеплынёй успамiнае краязнаўца свайго дзеда па мацi Яфiма Iванавiча Агейчанку. Дзед Яфiм быў узнагароджаны трыма (!) георгiеўскiмi крыжамi, у гады Першай сусветнай вайны быў «пластуном», што значыць разведчыкам. Жонка дзеда Дар’я памерла пасля рэвалюцыi i пакiнула яго з маленькiмi дзецьмi i немаўляткам. I Яфiм Iванавiч выгадаваў дзяцей. Ды як! Меў за плячыма толькi 4 класы царкоўнапрыходскай школы, але ж i гэтага хапiла, каб дапамагаць у станаўленнi дзяцей. У прыватнасцi, адзiн з яго сыноў — Дзмiтрый — стаў кандыдатам фiзiка-геалагiчных навук, а малодшы — Фёдар — быў прафесарам медыцыны. Не ўтойвае аўтар сайта, што дзед Яфiм быў раскулачаны па даносах аднавяскоўцаў з Вялiкай Выдрэi, адсядзеў каля 5 гадоў у вiцебскай турме. Дзед Яфiм дапамагаў i яму вучыцца да 7-га класа. У 1958-м Генадзь Агнiшчанка скончыў Выдрэйскую сямiгодку, потым паступiў у ваеннае вучылiшча ў Арджанiкiдзе. Афiцэрскi шлях прайшоў ад камандзiра ўзвода да памочнiка начальнiка штаба палка. Жыў у Грозным да вясны 1992-га... I вярнуўся на радзiму. У Вiктара Мiхальчанкава адукацыя няпоўная сярэдняя. Пра сябе адзначае, што ён — чалавек iнiцыятыўны, камунiкабельны, адказны, ведае некалькi камп’ютарных офiсных праграм, у тым лiку i абслугоўвання палiграфii, можа ажыццяўляць тэхнiчныя пераклады з рускай на англiйскую мову. Знаёмыя Вiктара гавораць, што хлопец не любiць скардзiцца на свой лёс. Камп’ютар дапамаглi купiць бацькi-пенсiянеры. Збiралi грошы некалькi гадоў. Карыстацца камп’ютарам ён навучыўся самастойна з дапамогай спецыяльных кнiг, чым ганарыцца. А колькiм землякам i жыхарам далёкага замежжа дапамог Вiктар знайсцi могiлкi сваiх продкаў, аднавiць сямейныя i сяброўскiя кантакты, ажыццявiць перапiску! Выдрэйскi i Лёзненскi сайты ўжо наведалi дзесяткi тысяч чалавек. *** Вялiкi iнтарэс выклiкаюць даныя аб нацыянальным саставе жыхароў Выдрэйскага сельсавета, аб iх маёмасцi, пiсьменнасцi. Нават ёсць звесткi аб тых, хто ў 1929 годзе быў пазбаўлены выбарчага права. Ёсць iнфармацыя аб улiку ваеннаабавязаных, коней. Мiж iншым, ад воiнскiх заняткаў вызвалялiся «непрацоўныя элементы», тыя, хто не падыходзiць па ўзросту, служачыя чыгункi, навучэнцы тэхнiкумаў. Таксама можна прачытаць прозвiшчы былых памешчыкаў i даведацца аб членах iх сем’яў. Усе яны былi рэпрэсiраваныя i высланыя з гэтай мясцовасцi. Ёсць спiс асоб, якiя наймалi батракоў. Першым старшынёй Выдрэйскага Савета быў Васiль Агнiшчанка. З першага дня свайго iснавання Савет праводзiў вялiкую работу па лiквiдацыi непiсьменнасцi: непiсьменныя павiнны былi наведваць школу. Актыўна змагалiся i з... самагонаварэннем. Займаўся сельсавет i забеспячэннем людзей дровамi, аказвалася дапамога лесам для будаўнiцтва i рамонту. Цытата: «Прадстаўнiкi сельскага Савета добрасумленна i цвёрда вырашалi ўсе жыццёва важныя пытаннi людзей без цяганiны i бюракратызму»... Вялiкая работа адзначаецца па паляпшэнню ўмоў жыцця людзей — i гэта нягледзячы на даволi нiзкi агульнаадукацыйны ўзровень самiх прадстаўнiкоў той улады... Калi рыхтаваўся артыкул, давялося пагутарыць з прадстаўнiкамi мясцовай улады. Некаторыя ўпершыню ад мяне пачулi аб iснаваннi сайта. Канешне, самi камп’ютары, не гаворачы пра інтэрнэт для многiх сельсаветаў пакуль што мара. Але ж сучаснае тэхналагiчнае забеспячэнне хутка прыйдзе ў кожны сельскi Савет Вiцебшчыны. I магчыма, iх кiраўнiкi таксама падумаюць аб тым, каб i пра iх орган мясцовага самакiравання можна было даведацца праз камп’ютарнае «павуцiнне».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цэлы сельсавет у Вiцебскай вобласцi цяпер iснуе на сайце ў інтэрнэце, i тысячы карыстальнiкаў камп’ютарнай сеткi з многiх краiн свету заходзяць сюды ў
|
|