I гучыць паланез...
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Сельскiя Саветы з’яўляюцца першым звяном у структуры ўлады, i нагрузка, якую нясуць, добра вядома — яны маюць дачыненне да ўсяго, што адбываецца на іх тэрыторыi, ды i «наганяй» ад раённага начальства атрымлiваюць першымi.
Барыс Войцiк — старшыня Востраўскага сельскага Савета — на жыццё не скардзiцца. На тэрыторыi пражывае 2,5 тысячы чалавек. Ёсць i добрыя працаўнiкi, i беспрацоўныя, бо як iнакш, калi некалi ў мясцовым калгасе працавала 600 чалавек, а сёння, у тутэйшага фермера, толькi 100. У цэнтры Вострава — клуб, будынак Савета ды драўляная царква. — Папярэдзiў жонку, каб, калi памру, сыграла паланез Агiнскага, — сказаў Барыс Iванавiч, i гэта заiнтрыгавала, а затым выяснiлася адна цiкавая дэталь. Аказалася, што жонка Барыса Войцiка напiсала гiмн прафсаюзаў Беларусi, якi выконваецца на прафсаюзных з’ездах. — Прыйшла аднойчы дадому, уключыла тэлевiзар, а там конкурс аб’яўляюць, — расказала Iрына Войцiк. — Да гэтага я многа песень стварыла, але спявалi iх толькi свае, мясцовыя. Вось i рашыла прыняць удзел у конкурсе, за адзiн вечар напісала словы i музыку. На конкурс вылучылi свае творы некалькi дзесяткаў удзельнiкаў, але выкладчыцы музыкi з Вострава саступiлi ўсе, на апошнiм этапе Iрыне Мiкалаеўне прайгралi нават некаторыя прызнаныя кампазiтары. — Калi Iрына выйграла конкурс, то я сказаў, што свiней ужо буду кармiць сам, смяецца Барыс Iванавiч. Падчас размовы гаспадыня ўзяла баян нямецкай маркi i пачала спяваць. Гэты баян купiлi адразу ж пасля вяселля — усе грошы на яго аддалi. — Я заўсёды верыў у яе талент, — сказаў гаспадар, — хоць, калi працаваў старшынёй калгаса, дзялкi Iрына палола нароўнi з усiмi. Пра тое, што музыканту трэба рукі берагчы, неяк i не думалi. * * * На пустым месцы рэдка што вырасце. Дзед Iрыны Мiкалаеўны Канстанцiн Дыдышка пры царскiм часе быў дырэктарам школы i з Якубам Коласам меў добрыя адносiны, калi той працаваў на Палессi. Адзiн дзед iграў на скрыпцы, а другi — на кларнеце. З шасцi дачок Iрына была апошняй i ў музычную школу ездзiла з Лiпска на аўтобусе, а назад, здаралася, вярталася з Ляхавiч, вярталася пешшу, а гэта — трыццаць кiламетраў лесам ды балотам. Аднойчы бацька прадаў карову i прапанаваў купiць палiто, але дачка выбрала баян — свой, маладзечанскi. Кансерваторыi Iрына Мiкалаеўна не заканчвала. У яе дыплом Баранавiцкага музычнага вучылiшча пад першым нумарам. Але гэта было вельмi даўно — сёння ўнучцы Войцiкаў ужо 12 гадоў. — Бывае, прачнешся ноччу i думаеш, як там з лясгасам дамовiцца наконт штыкетнiка, — працягвае Барыс Войцiк, — ды чуеш, што жонка не спiць, устае i нешта пiша. — Ноччу лепш за ўсё думаецца, а каб не забылася да ранiцы, даводзiцца запiсваць словы, — удакладняе гаспадыня. — А музыку, вядома ж, пiшу днём. * * * Пасля конкурсу на прэс-канферэнцыi Iрыне Мiкалаеўне адзiн журналiст сказаў, што яе гiмн мае падабенства з марсельезай, а нехта намякнуў, што ў чымсьцi пераклiкаецца з паланезам Агiнскага. Такiя параўнаннi можна лiчыць за камплiмент, хоць аўтар прафсаюзнага гiмна — прыхiльнiца сiмфанiчнай музыкi. Моцарт — гэта яе любоў. ...Гаспадыня на развiтанне сыграла паланез, i мне падумалася, што i сапраўды, калi б гэты твор выканалi над труною, то ён замянiў бы слёзы з малiтваю. Але гукi музыкi засталiся ў доме, а на вулiцы старшыня сельскага Савета вярнуўся да сённяшняга дня. I пакуль iшлi да машыны, расказваў аб надзённым. Ляхавiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сельскiя Саветы з’яўляюцца першым звяном у структуры ўлады, i нагрузка, якую нясуць, добра вядома — яны маюць дачыненне да ўсяго, што адбываецца на іх
|
|