Спартанскiя ўмовы для спартсменаў
Вольга ШУТАВА
ФОРС-МАЖОР у раённым гарадку Дуброўна Вiцебскай вобласцi працуюць муж i жонка Юрый i Вольга Максакi. Абое — трэнеры дзiцячай спартыўнай школы алiмпiйскага рэзерву. Стаж работы ў суме — 60 гадоў i ўвесь час менавiта ў Дуброўне.Яны вырасцiлi не адзiн дзесятак лёгкаатлетаў, якiя паспяхова выступалi i выступаюць на чэмпiянатах краiны, Еўропы i свету. Гэтым летам iх выхаванцы, сёстры Алеся i Рыта Туравы на чэмпiянаце Еўропы прынеслi Беларусi два залатыя медалi. Старэйшая Алеся ўзяла «золата» на бегавой дарожцы, а малодшая Рыта стала першай у спартыўнай хадзьбе. У iх гонар гучаў гiмн нашай краiны. Сёстры затым пацвердзiлi сваю алiмпiйскую падрыхтоўку i на чэмпiянаце свету. Нядаўнi поспех трэнераў — i выступленне на чэмпiянаце Еўропы выхаванкi Вольгi Рэзкай. Яна цяпер сярод дваццацi мацнейшых бегуноў на кантыненце. Высокi ўзровень трэнерскай работы Максакi пацвярджаюць пастаянна. Сярод дзiцячых спартыўных школ Дубровенская школа звычайна ў лiку прызёраў. Так, мiнулай зiмой у Брэсце на рэспублiканскiх спаборнiцтвах каманда з Дуброўна паказала трэцi вынiк. Немалаважна i тое, што Максакi штогод адпраўляюць сваiх выхаванцаў з высокiм спартыўным патэнцыялам у школы алiмпiйскага рэзерву абласных цэнтраў. У Дубровенскiм раёне мясцовыя ўлады ганарацца дасягненнямi ў спорце. Абапiраючыся на таленавiтых трэнераў, тры гады таму тут прынялi рашэнне пашырыць спартыўную школу: папоўнiлi трэнерамi i адкрылi групы па самба, дзюдо, футболу. Цяпер у школе займаюцца ў 27 групах 324 дзiцяцi. Па лiчбах i фактах, наяўнасцi трэнераў трэба ўяўляць, што ў Дуброўне iснуе дзiцячая спартыўная школа алiмпiйскага рэзерву з багатай матэрыяльнай базай. Але гэта зусiм не так. Дайшло нават да анекдота. Нядаўна сюды прыехала чарговая рэвiзiя высокага ўзроўню. Рэвiзоры вырашылi праверыць матэрыяльную базу праслаўленай дзiцячай спартыўнай школы (пасля блiскучага выступлення сясцёр Туравых). Правяраючыя пабачылi трэнераў, групы дзяцей на трэнiроўках, а матэрыяльнай базы... не знайшлi. Сапраўды, спартыўная школа не мае свайго памяшкання. Дзецi займаюцца ў спартыўных залах дзвюх сярэднiх. Часцей за ўсё трэнiруюцца ў калiдорах школы, дзе i адпрацоўваюць тэхнiку бегу як на бегавой дарожцы. Прымiтыўныя ўмовы для заняткаў i на гарадскiм стадыёне, дзе ў добрае надвор’е спартсмены рыхтуюцца паказаць рэкордныя вынiкi на чэмпiянатах Еўропы i свету. Стадыён пабудаваны метадам народнай будоўлi ў 1989 годзе. З той пары капiтальна не рамантаваўся, i бегавыя дарожкi са спецыяльным пакрыццём ужо не прыгодныя для трэнiровак. Ды гэта яшчэ не галоўны клопат трэнераў. Яны ўжо каторы год патрабуюць, каб на стадыёне, дзе займаюцца групы дзяцей i праводзяцца масавыя мерапрыемствы, пабудавалi туалет. Дзецi, напрыклад, у час працяглых заняткаў бегаюць «па патрэбе» на аўтавакзал праз дарогу з iнтэнсiўным рухам. Не лепш iдуць справы i са спартыўным iнвентаром. Дырэктар спартыўнай школы Генадзь Моўчыкаў марыць пра трэнажоры. I нават не ў множным лiку, а хоць бы адзiн трэнажор займець. Але на сучасным этапе яму даводзiцца хадзiць па iнстанцыях i прасiць, каб выдзелiлi мiнiмум сродкаў на экiпiроўку спартсменам. Вольга Максак пацвердзiла фактычную беднасць. Расказала, што ў групу на 50 дзяцей выдзелiлi шэсць пар спартыўнага абутку. Падзялiць такую колькасць на ўсiх немагчыма. Таму аддалi абутак тым спартсменам, хто стаў першым на рэспублiканскiх спаборнiцтвах. А калi ў хлопца з небагатай сям’i на трэнiроўках рвуцца апошнiя кеды, то Вольга Мiронаўна купляе абутак за свае грошы, толькi б даць магчымасць яму займацца спортам. Як бачна, у спартанскiх умовах рыхтуюць спартсменаў у Дуброўне. З гэтай нагоды ў асяроддзi трэнераў i бацькоў бытуе думка, што раённыя ўлады не так заўзята, як трэба было б, дабiваюцца стварэння матэрыяльнай базы для школы. Жыхары Дуброўна падкрэслiваюць, што мясцовая ўлада мае права дабiвацца нармальнага забеспячэння, бо школа актыўна папаўняе Нацыянальную зборную краiны i школы алiмпiйскага рэзерву ў Вiцебску, Магiлёве i Мiнску. Намеснiк старшынi райвыканкама Людмiла Акуневец, якая курыруе сацыяльныя пытаннi, выказалася так: — Раён невялiкi, прамысловых прадпрыемстваў адзiнкi, бюджэт бедны. На апошнiм рабочым пасяджэннi выканкама меркавалi, дзе ўзяць сродкi, каб забяспечыць палiвам установы культуры, i як выплацiць заробак выхавальнiкам дзiцячага прытулку, якi нядаўна адкрылi ў Дуброўне. Пры такiм матэрыяльным становiшчы раёна капiтальны рамонт стадыёна са свайго бюджэту не зробiм (неабходна мiнiмум 300 мiльёнаў рублёў). Пабудаваць спартыўную школу таксама не можам па той жа прычыне. Усё, што мы можам, гэта прэмiраваць дзяцей за дасягненнi ў спорце. Першым у вобласцi наш раён стаў выплачваць прэмii юным спартсменам: за перамогу на чэмпiянатах краiны 25 базавых велiчынь, за месца ў прызёрах —15 базавых i г.д. Наконт экiпiроўкi спартсменаў цi мяккага iнвентару сiтуацыю патлумачыла галоўны бухгалтар раённага аддзела адукацыi Людмiла Старавойтава: — Сёлета выдзелена на гэтыя патрэбы 2 мiльёны 600 тысяч рублёў. У спартыўнай школе вучацца звыш 300 дзяцей. На кожнага трэба мiнiмум 150 тысяч рублёў. Такiм чынам, на год трэба хоць бы 45 мiльёнаў... Увесь бюджэт школы складае 98 мiльёнаў. З гэтых грошай 80 мiльёнаў iдзе на выплаты заробку трэнерам, астатняе — на аплату камандзiровачных пры паездках на спаборнiцтвы. I ўсё, грошай на iншае няма. Начальнiк фiнансавага аддзела Дубровенскага райвыканкама Уладзiмiр Шлык, каментуючы сiтуацыю, сказаў: — У раёнах з развiтой прамысловасцю могуць выдзелiць на развiццё фiзкультуры i спорту больш, чым у нас. А Дубровенскi раён узяў сёлета крэдыт на вялiкую суму. Выплачваем банку штомесячна толькi за карыстанне крэдытам па сем мiльёнаў рублёў. Начальнiк аддзела адукацыi райвыканкама Валерый Рыжанскi выказаў свой погляд на праблему: — Ёсць шанц паправiць матэрыяльнае становiшча дзiцячай спартыўнай школы праз мэтанакiраванае фiнансаванне адразу з вобласцi або рэспублiканскага бюджэту. У iншым выпадку, калi фiзкультура i спорт фiнансуецца па рэшткаваму прынцыпу, цяжка дабiцца станоўчых перамен. Завяршаючы даследаванне сiтуацыi па дзiцячай спартыўнай школе, прыходжу да высновы, што спартсмены з Дуброўна маглi б дасягнуць i вышэйшых вынiкаў на сусветных спаборнiцтвах, i гiмн краiны гучаў бы там часцей, калi б стварылi ўмовы для трэнiровак. Пакуль вiдавочна адно: дзецям пашанцавала на трэнераў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
у раённым гарадку Дуброўна Вiцебскай вобласцi працуюць муж i жонка Юрый i Вольга Максакi. Абое — трэнеры дзiцячай спартыўнай школы алiмпiйскага рэзерв |
|