Вiкторыя — значыць, пераможа?Прыгожае жыццё Беларусь на конкурсе «Супермадэль свету» прадставiць 15-гадовая мiнчанка Да фiналу конкурсу «Супермадэль свету ў Беларусi» па вынiках кастынгаў, якiя праходзiлi ва ўсiх рэгiёнах рэспублiкi, былi дапушчаны 30 дзяўчат — прадстаўнiцы Мiнска, Магiлёва, Гродна, Гомеля, Брэста, Вiцебска, Салiгорска, Мастоў i Светлагорска. Перад журы, якое ўзначальваў прадстаўнiк агенцтва «Форд Модэлс» у Парыжы Сiрыл Джордж, стаяла сапраўды нялёгкая задача выбраць толькi адну дзяўчыну, якая прадставiць Беларусь на конкурсе «Супермадэль свету» ў студзенi 2007 года ў Нью-Йорку. Ну а гледачам прапанавалася проста атрымаць задавальненне ад шоу i магчымасць выбраць «Мiс глядацкiх сiмпатый», для якой канал АНТ падрыхтаваў спецыяльны прыз — грашовую прэмiю. Цалкам лагiчна, што для дэфiле фiналiстак, падзеленага на чатыры часткi — «Зiма», «Вясна», «Лета» i «Восень» — у якасцi музычнага суправаджэння былi выбраны ўрыўкi з «Пораў года» Вiвальдзi. Загадкай была роля хлопчыкаў, якiя ў дэфiле «Вясна» дарылi букецiкi (чамусьцi не ўсiм, а толькi выбраным удзельнiцам: цi то дзяўчаты так хутка iшлi, цi то хлопцы на iх заглядзелiся). Зiму сiмвалiзавалi насамрэч сiмвалiчныя (прабачце за каламбур) кавалачкi футра на мiнi-касцюмчыках дзяўчат, вясну — амаль бязважкiя сукенкi пяшчотных колераў, лета — натуральна, купальнiкi, восень — вячэрнiя ўборы. Думаю, на гэтых дэфiле большасць прысутных у зале дзяўчат замучыў комплекс непаўнацэннасцi. На фоне худзенькiх мадэляў i гэткай жа «мiкрагабарытнай» вядучай Наталлi Радзiнай звычайнай нармальнай жанчынай на сцэне выглядала спявачка Iна Афанасьева, якая разам з астатнiмi зоркамi беларускай эстрады цягнула час, даючы магчымасць фiналiсткам пераапрануцца. Iскуi Абалян чамусьцi ператварылася ў дакладную копiю колiшняй Лiкi Ялiнскай. Пераможца «Фабрыкi зорак-6» Дзiма Калдун блiшчэў вачыма з-пад чуба i абяцаў галасаваць за самую абаяльную канкурсантку, Пётр Ялфiмаў у гонар прыгажосцi выканаў не поп-рок-баладу, а раманс, Аляксандра Гайдук таксама аддала перавагу лiрыцы. Нават «Тяни-Толкай» у такой атмасферы скiнулi свае хулiганiстыя кепачкi i выканалi песню «Дзявочае сэрцайка». Зрэшты, хто iх слухаў, гэтыя песнi — значна цiкавей было гадаць, у чым на гэты раз выйдуць на подыум фiналiсткi... Самыя пiльныя гледачы заўважылi дзве асаблiвасцi: па-першае, у шэрагах 30 прыгажунь заўважна не хапала бландзiнак (або iх перафарбавалi прыдзiрлiвыя стылiсты), па-другое, да фiналу былi дапушчаны дзве зусiм маленькiя — 14-гадовыя — дзяўчыны, вiдаць, у якасцi выключэння з правiлаў. А пакуль публiка перашэптвалася аб сваiм, журы незаўважна рабiла сваю работу, вынiкi якой абвясцiў са сцэны парыжскi госць Сiрыл Джордж. Забаўная дэталь: камплiменты i падзякi арганiзатарам, удзельнiцам, гледачам i ўсiм-усiм старшыня журы прамаўляў па-французску, а для абвяшчэння пераможцы перайшоў на англiйскую мову. Нiякiх «разрыванняў канвертаў» i iншых доўгiх цырымонiй не было — проста прагучала iмя канкурсанткi пад нумарам 26, мiнскай школьнiцы Вiкторыi Махота (на фота). Дарэчы, Вiка ўсяго пару дзён як адзначыла 15-годдзе, так што, атрымлiваецца, сама сабе зрабiла падарунак. «Я нiколi раней не займалася мадэльным бiзнэсам, дэбютавала толькi на гэтым конкурсе», — прызналася крыху разгубленая дзяўчына. Яна раней не думала стаць прафесiйнай мадэллю, але за час падрыхтоўкi да фiналу Вiкторыi настолькi спадабалася сяброўская атмасфера, якая склалася ў дзявочым калектыве, што зараз дзяўчына не выключае для сябе менавiта мадэльнай кар’еры. Зрэшты, паводле слоў дырэктара «Студыi моды Сяргея Нагорнага» Вольгi Паповай, большасць фiналiстак таксама зможа паспрабаваць сябе ў мадэльным бiзнэсе, праўда, пакуль што толькi ў Беларусi — агенцтва запрасiла дзяўчат да супрацоўнiцтва. Пераможца леташняга конкурсу «Супермадэль свету» мiнчанка Кацярына Даманькова «па сакрэту» сказала ўдзельнiцам беларускага адбору, што першыя крокi — самыя цяжкiя, але затое падобны конкурс для iх — выдатная стартавая пляцоўка. Усе без выключэння фiналiсткi «Супермадэлi свету ў Беларусi» атрымалi кветкi i падарункi, а глядацкiя сiмпатыi i грашовая прэмiя ад АНТ засталiся Вользе Вайнiловiч — не толькi мадэлi, але i спявачцы з гурта «Топлес». Кажуць, Вольга — у мiнулым прафесiйная мадэль — засталася не вельмi задаволена вынiкамi конкурсу... Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь на конкурсе «Супермадэль свету» прадставiць 15-гадовая мiнчанка |
|