21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Дзяўчынка-запальнiчка»

25.08.2009 22:07 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На беларускай поп-сцэне гэта маладая спявачка з’явiлася менш як пяць гадоў таму — а здаецца, што была тут заўжды, настолькi ўдала яна «трапiла» ў час, месца i вобраз. Дарэчы, яна адна з нямногiх артыстаў, хто не хаваецца за словам «эстрада», а са шчырай усмешкай прызнаецца: «Раблю папсовую музыку». Затое i напалеонаўскiх планаў, у адрозненне ад вялiкай колькасцi маладых ды раннiх, не будуе. Увогуле Вольгу Плотнiкаву нельга аднесцi да «раннiх» — да свайго сольнага выхаду на сцэну яна доўга рыхтавалася: займалася ў музычнай студыi, а потым некалькi гадоў спявала ў Бахрэйне ў складзе групы артыстаў.

— Оля, чаму беларускiх артыстаў цягне менавiта ў Бахрэйн? Там што, мёдам намазана?

— Насамрэч, мне здаецца, Бахрэйн — гэта вельмi добрая стартавая пляцоўка, прычым не толькi ў сэнсе практыкi, але i ў фiнансавым плане. Я заўжды марыла дзесьцi зарабiць грошай, бо ведала, што прыходзiць у шоу-бiзнэс без капейкi — бескарысна. Трэба валодаць нейкiм звышталентам, каб цябе заўважылi, i тое не факт, што ўдасца прабiцца... У маiм выпадку галоўная мэта была — зарабiць пачатковы капiтал, каб стартаваць тут. Я спявала па шэсць гадзiн у суткi штодня без выхадных. Нас было тры вакалiсткi, некалькi дзяўчат танчылi, хлопцы iгралi на музычных iнструментах; але ў асноўным 6-гадзiнная праграма трымалася на мне. У перапынках памiж выступленнямi я нават не магла размаўляць — настолькi былi напрацаваныя звязкi. Затое ўжо тут, у Беларусi, я адчула, што гэтая трэнiроўка мне вельмi дапамагла.

— Няўжо не было страшна элементарна сарваць голас i застацца без сцэны ўвогуле?

— Канешне, было страшна. Але мэта стаяла на першым месцы — я ведала, што трэба зарабiць грошай.

— Карацей, у казку пра Папялушку i добрых хросных ты не верыш...

— Ну чаму ж — у маiм выпадку якраз i атрымалася казка пра Папялушку: я выйшла замуж, можна сказаць, вельмi ўдала, сустрэла свайго прынца. Мы абодва ўклалi свае капiталы i намаганнi ў музычны праект, i яшчэ, працэнтаў на 50 проста склалiся шчаслiвыя абставiны.

— Дарэчы, пра чароўнага прынца: ходзяць чуткi, што Гена (Генадзь Маркевiч, муж i прадзюсар Вольгi. — Аўт.) зрабiў табе прапанову... без цябе.

— Гэта насамрэч так. Я пастаянна была ў раз’ездах, а Гену тым часам вельмi добра прыняла мая сям’я, ён такi чалавек, што лёгка ўжываецца ў любой кампанii, i ў маю адсутнасць ён нават ездзiў па ўсiх сямейных святах. Якраз на нейкiм сямейным свяце ён i папрасiў маёй рукi ў бацькоў. Я нiчога не ведала — вярнулася, i зноў жа на агульным сямейным савеце ён гучна паўтарыў сваю прапанову. Гэта было так рамантычна, што ўжо праз месяц мы ажанiлiся i павянчалiся.

Вянчанне — крок вельмi адказны, царква не прызнае разводаў. Але якраз да гэтага кроку, пасля двух гадоў жыцця на адлегласцi, Вольга была гатовая. Генадзь, хоць i шэпча, што яму якраз было страшнавата звязваць iхнiя лёсы не толькi перад людзьмi, але i перад Богам, з каханай пагаджаецца.

— Оля, ты памятаеш сваё першае вялiкае сольнае выступленне?

— Так, я нават дату памятаю: 11 снежня 2002 года. Гэта была вялiкая сцэна Палаца Рэспублiкi, здымкi «На скрыжаваннях Еўропы», дзе я дэбютавала з песняй «Двое ў начы» на словы Алеся Бадака i Генаву музыку. Я вельмi хвалявалася — так трэслася, што заразiла гэтым хваляваннем усю сваю каманду. Але ўсе перажываннi i нервы засталiся за кулiсамi, i сваiм першым сольным выступленнем я была задаволеная. А ўжо з 2003 года пачала канцэртаваць.

Альбом «Дзесьцi» ўбачыў свет у 2005 годзе. А што далей? Далей, расказвае Вольга, рыхтуецца другi. Планавалася, што ён выйдзе гэтай восенню, але перамовы з выдаўцамi пакуль не завершаныя, так што магчымыя дзве даты: вясна або восень 2007 года.

— Мне не хочацца выпусцiць альбом, каб ён проста прыгожа стаяў на палiцы. Я хачу даць адпаведную рэкламу, зрабiць прэзентацыю, выклiкаць цiкавасць у слухачоў, каб гэты дыск набывалi i слухалi.

— Слухачам i гледачам ужо цiкава: з чаго гэта Вольга Плотнiкава заспявала дуэтам з Дзiмам Врангелем?

— I гэта, дарэчы, не апошнi дуэт. (Смяецца.) Ён склаўся спантанна, аднак песня атрымалася надзiва запатрабаванай. Вынiк нас абнадзеiў, вырашылi працаваць далей. Магчыма, некалi нават выйдзе цэлая пласцiнка — зборнiк дуэтаў... Так, iснуе яшчэ некалькi «сакрэтных» дуэтаў з вядомымi ў беларускiм шоу-бiзнэсе спевакамi-мужчынамi. З дзяўчатамi пакуль абмяркоўваем гэта на словах — напрыклад, думалi праспяваць разам з Вольгай Барабаншчыкавай, бо нас часта параўноўваюць.

— Акрамя дуэтаў, было яшчэ i трыо — з Аляксандрам Сухаравым i Кiрылам Слукой. I спявалi вы, калi не памыляюся, па-беларуску?

— Быў такi жартаўлiвы праект — у той час, калi была вельмi папулярная песня «Belle» з мюзiкла «Нотр-Дам дэ Пары». Спачатку было прыемна слухаць яе, але потым лiтаральна дастала, стала невыносна. I Саша Сухараў з Кiрылам у лепшых традыцыях КВЗ або «Комедзi Клаб» пайшлi ад супрацьлеглага — селi, напiсалi парадыйны тэкст. У той жа дзень мы запiсалi песню, а ранiцай наступнага дня яна ўжо гучала на радыё «Мiр». Нейкi час яна рацiравалася, была, як модна казаць, «сцёбная», але потым мы вырашылi, што гэта надта жорсткi здзек з аўтараў i выканаўцаў, i песню знялi з эфiраў.

— Я да чаго вяду: па-беларуску ты больш не збiраешся спяваць?

— Я вельмi люблю беларускую мову, але, на жаль, у нашых умовах чамусьцi беларускамоўныя песнi нiкому не патрэбныя, i нават прыгожыя песнi не ўспрымаюцца слухачамi. На маю думку, толькi ў «J:mopc» атрымалася зрабiць гэта класна, i тое, здаецца, у iх усе кампазiцыi ёсць на дзвюх мовах. У мяне таксама ёсць тры беларускамоўныя песнi, прычым неблагiя, але я спяваю iх вельмi рэдка, на вялiкiх выступленнях.

Вольга спрабавала яшчэ спяваць па-польску — на конкурсе «Мальвы», куды была запрошана ў госцi. Але яна аказалася нефарматнай, «папсовай» для блюзава-джазавых традыцый конкурсу, i давялося перагледзець рэпертуар.

— Оля, у цябе моцны фан-клуб. Прыхiльнiкi збольшага дапамагаюць або i непрыемнасцяў ад iх хапае?

— Дзяўчаты, якiя прыходзяць на канцэрты i падтрымлiваюць мяне ў Iнтэрнэце — малайцы, дзякуй iм вялiкi. Яны заўжды гатовыя прыйсцi на дапамогу. Але ёсць i iншыя катэгорыi людзей, з якiмi звязаны сапраўды непрыемныя сiтуацыi. З-за iх я нядаўна змянiла нумар тэлефона i не даю яго нiкому, акрамя самых блiзкiх. На незнаёмыя нумары ўвогуле не адказваю, бо «трапляла» неаднаразова. Некалi была гiсторыя з фанаткамi Саладухi — мы здымалiся разам у праграме «Кропка», i мне потым пайшлi тэлефанаваннi накшталт «Пакiнь у спакоi нашага Сашу», хоць мне гэты Саша не быў патрэбны нi з якога боку, мы проста калегi i сябры. А нядаўна зноў пачалi тэлефанаваць незнаёмыя людзi з пагрозамi. Нават у дамафон званiлi, i я перапалохалася не на жарт.

— Можа, у такiм выпадку ёсць сэнс наняць целаахоўнiка?

— Шчыра кажучы, беларускiя артысты не столькi зарабляюць i маюць не такую значнасць у грамадстве, каб утрымлiваць ахоўнiкаў. Хiба што выканаўцы, хто вырваўся ў Маскву i ў каго папулярнасць зашкальвае, могуць сабе гэта дазволiць.

У беларускiм... давайце будзем называць гэта шоу-бiзнэсам... усталяваўся звычай: пару гадоў артыст працуе на радзiме, а потым спрабуе «прарвацца» ў Расiю цi ва Украiну. Вользе i Генадзю ў гэтым сэнсе пашанцавала — яны мелi душэўную размову з вядомым расiйскiм кампазiтарам i прадзюсарам Кiмам Брэйтбургам, якi прапанаваў: «Трымайцеся за тое, што ёсць у вас у Беларусi, i рабiце рашучыя крокi толькi калi будзеце гатовыя». Пара Плотнiкава—Маркевiч так i зрабiла, тым больш што Генадзь усё адно працуе з некаторымi расiйскiмi выканаўцамi, а Вольга плануе паступова раскручвацца праз вядомы Iнтэрнэт-партал «Топ-Хiт.Ру», якi дазвалаяе трапiць на расiйскiя радыёстанцыi.

— Мы вырашылi, што лепш працаваць з Масквой «наездамi», чым рвацца адсюль i ўсё згубiць. Бо я ведаю некалькi такiх выпадкаў — не буду называць прозвiшчы, каб не пакрыўдзiць артыстаў, — калi людзям абяцалi залатыя горы, а ў вынiку яны аказалiся нi там i нi тут.

— Пасля песнi «Гузiк» гучала многа заўваг, маўляў, вы яшчэ пра кiшэнi цi каўнер праспявайце. Як ты ўспрымаеш падобную крытыку?

— Будзе яшчэ песня «Нiтка»! (Смяецца.) Я самакрытычны чалавек, i таму на заўвагi рэагую вельмi востра, да слёз i нават да iстэрыкi. Праз некалькi дзён, калi ўсё прааналiзую, магу паслухаць спакойна. Увогуле, калi гаварыць пра творчасць, крытыка павiнна быць. Бо калi яе няма — значыць, усiм усё роўна, цябе не бачаць i не чуюць. А калi абмяркоўваюць, заўважаюць, што ў цябе дрэнна, гэта прыводзiць да станоўчых вынiкаў.

— Можна ж i пакрытыкаваць у адказ — тым больш, зараз у артысты падалiся ўсе, ад гiмнастак да тэнiсiстаў.

— Часам хочацца пабурчэць, што развялося тут артыстаў. Але спыняе думка, што калi я пачынала, было ўсё тое ж самае, i вакол мяне было мноства непрыемных размоў. Першыя крокi заўжды цяжка рабiць, асаблiва калi iм процiдзейнiчаць. Кожны мае права паспрабаваць свае сiлы, а натуральны адбор расставiць усё i ўсiх на належныя месцы. Ствараецца канкурэнцыя, i гэта добра: чым больш артыстаў, тым лепш i якасней павiнен быць твой матэрыял, каб быць заўважным.

...Памятаю, некалi мы ехалi з артыстамi на тэлевiзiйныя здымкi ў Мiр. Дарога была доўгая i цяжкая, усе стамiлiся i прыцiхлi — адна Вольга, «дзяўчынка-запальнiчка», шчабятала нешта вясёлае i паляпшала агульны настрой. Заўсёдная прыветнасць, усмешлiвасць — гэта, мiж iншым, такi ж абавязак папулярнага выканаўцы, як добры знешнi выгляд. I далёка не ўсе з iм спраўляюцца. «Спачатку было цяжка ўсмiхацца ўсiм, стамлялася трымаць усмешку, нават вусны балелi, — прызнаецца Вольга. — А зараз усё адбываецца само па сабе, мне прыемна кантактаваць з людзьмi, i я шчыра рада iх бачыць». I так усмiхаецца, што немагчыма не ўсмiхнуцца ў адказ.

Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На беларускай поп-сцэне гэта маладая спявачка з’явiлася менш як пяць гадоў таму — а здаецца, што была тут заўжды, настолькi ўдала яна «трапiла» ў час
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика