Народжаны ўу храме
Ларыса ЦIМОШЫК
Не кожнаму так пашчасцiць. Нарадзiцца, працаваць, пражыць. Вiктар Роўда, народны артыст СССР i Беларусi, нарадзiўся... у храме. У Смаргонь з эвакуацыi пасля Першай сусветнай вайны вярнулiся яго бацькi. Пасялiлiся ў хатачцы, дзе былi два пакоi. У адным тата, святар, зрабiў царкву i служыў. 85 гадоў таму, 10 лiстапада па царкоўным календары, там i нарадзiўся сярэднi сын. Напэўна, першай кнiгай для дзяцей была Бiблiя, а калыханкай — спевы псалмоў цi малiтваў. Цi трэба доўга гадаць, што так спрыяла ў жыццi Вiктару Роўдзе, якi сродкам свайго служэння абраў харавую музыку?
— Мне давялося з дзяцiнства працаваць з хорам, яшчэ калi я быў семiнарыстам вiленскай духоўнай семiнарыi, — гаворыць Вiктар Роўда. — Мне, 16-гадоваму юнаку, рэктар айцец Мiкалай уручыў камертон — гэта быў мой пачатак. Тады не было нi раяляў, нi арганаў пры працы з харамi. Карысталiся скрыпкай i камертонам. Ды i скрыпка не ў кожнага рэгента была, а камертон узяў i задаў тон. Той камертон i цяпер ёсць у мяне. У Вiленскай духоўнай семiнарыi быў змешаны хор. Мы спявалi ў цэрквах, спявалi i па-за цэрквамi. Адпявалi сваю службу ў Траецкiм саборы ў Вiльнi i iшлi ў iншы сабор. Бывала, два хары разам спявалi. А пасля духоўнай семiнарыi наступнай прыступкай маёй працы стаў Дзяржаўны ансамбль спеваў i танца пад кiраўнiцтвам Рыгора Шырмы (потым яны падзялiлiся i з’явiлася Харавая капэла). Калi я быў семiнарыстам, Рыгор Раманавiч Шырма праводзiў працу з хорам рэгентаў царкоўных хароў. Многiя нашы семiнарысты пайшлi туды. У яго яшчэ быў хор беларускiх студэнтаў, дзе спявала мая будучая жонка. Гэта было яшчэ да вайны... — Як вы жылi ў акупацыi? — Вайну я перажыў у Вiльнюсе. Лiтоўцы тайна арганiзавалi курсы медыцынскага факультэта (1942—1943 гг.), я на iх вучыўся. Калi немцы даведалiся, пачалi рабiць аблавы. Мне ўдалося схавацца падчас адной з аблаў, я пайшоў у падвал, дзе стаялi урны з фармалiнам i трупамi для «анатамiчкi». Выйшаў, калi ўсё супакоiлася, аказалася, што многiх забралi i ўвезлi ў Германiю. Мне пашчасцiла. Але я пасля гэтага не стаў жыць у Вiльнюсе, паехаў у Ашмяны, жыў да таго часу, пакуль не настала магмымасць вярнуцца. Вiльнюс вызвалiлi, я вярнуўся i паступiў на вучобу ў кансерваторыю i на медыцынскi факультэт — мы атрымалi бронь на далейшы ўдзел у ваенных дзеяннях. А калi Рыгор Раманавiч Шырма адчуў, што вайне неўзабаве прыйдзе канец, ён вярнуўся ў Мiнск i даведаўся, што яго былыя супрацоўнiкi-семiнарысты жывыя-здаровыя. Ён запрасiў нас семярых да сябе ў хор. — Як атрымалася, што з дзвюх розных накірункаў перамагла музыка? Цi лёгка даўся гэты выбар? — Канешне, у кансерваторыi быў хор. Музычныя прадметы мне давалiся лёгка. Мяне выхоўвалi два музыканты — прафесар Конрад Кабяцкас i Канстанцiн Галкоўскi, вучань Рымскага-Корсакава. Але я займаўся больш медыцынай. Для яе патрэбная была практыка ў бальнiцах, на кансерваторскiя заняткi часу заставалася менш. Тым больш што там трэба было вывучаць такiя прадметы, як марксiзм-ленiнiзм. Я гэтага не рабiў. Мая сяброўка, якая вучылася ў кансерваторыi, Соф’я Антонаўна, будучая жонка, усё канспектавала. А я ў яе потым спiсваў... Але на хор я хадзiў. Былi непрыемнасцi ў мяне ў кансерваторыi. Мяне пакаралi за тое, што ў храме дырыжыраваў на Вялiкдзень. — Вы ж павiнны былi быць камсамольцам... — Не будучы камунiстам, цяжка было быць навiдавоку. На вас не цiснулi? — Калi адбылася гiсторыя ў кансерваторыi, то культурныя людзi, лiтоўскiя прафесары, не былi супраць мяне. I медыкi таксама. Я прыходжу паслухаць арган, гляджу — мае калегi-медыкi стаяць i моляцца ў касцёле, iм нiхто не перашкаджае. I раптам у кансерваторыi вырашылi мяне ўбраць. Прыслалi нейкую цётухну ў партыйную арганiзацыю кансерваторыi. Наладзiлi тара-рам. Сказалi папрацаваць год, потым прынесцi нейкiя «правiльныя» даведкi, i тады мяне адновяць. Я паехаў у iншы горад, дзе была база лётчыкаў, працаваў з жонкамi афiцэраў, зрабiў хор. Адпрацаваў, яшчэ i атрымаў нейкую капейчыну. Паперку далi станоўчую. Прыношу той самай цётухне, а яна: «Такая даведка нам не патрэбна». Кажу, а iншай не будзе... Мяне аднавiлi на правах экстэрна. — Калi ў вас былi такiя праблемы ў кансерваторыi, то як удалося пайсцi далей, у маскоўскую аспiрантуру? — Падышла да канца мая вучоба, i ў Вiльнюс якраз прыехаў Аляксандр Васiльевiч Свешнiкаў са сваiм хорам. Ён паслухаў хор, якiм я кiраваў, у храме. Мы паразмаўлялi. Тады ж я атрымаў запрашэнне да яго ў аспiрантуру. Але нават калi я паступiў у аспiрантуру, у Маскву яшчэ прыязджалi нейкiя з Вiльнюса. Аляксандр Васiльевiч расказваў: «Прыехала жанчына, сказала, што вы нiбыта жывяце на кватэры ў патрыярха». Я кажу: можна паехаць паглядзець, як i дзе я жыву. Прыязджае — у адным з пакояў, дзе некалi была камунальная кватэра, стаiць восем коек, адна мая. Ён адразу зразумеў, што гэта ўсё паклёпы. Пазней тая ж дама, якая паклёпнічала, мне падавала ручку для пацалунку: «Ну як, маэстра, пажываеце?..» — Але ж ваш маскоўскi кiраўнiк ведаў пра ваша паходжанне? — Калi паступiў у аспiрантуру маскоўскай кансерваторыi, Аляксандр Васiльевiч Свешнiкаў мяне выклiкаў, спытаўся: «Тата ваш свяшчэнствуе?» — «Свяшчэнствуе». — «А вы скончылi духоўную семiнарыю?» — «Так». — «Будзеце працаваць у кансерваторыi дырыжорам-хармайстарам, а таксама з хорам хлопчыкаў пры Маскоўскiм харавым вучылiшчы». I ўсе шэсць гадоў, якiя я прабыў побач з iм, нiхто мне не зрабiў нiякай заўвагi. Так, я працягваў хадзiць у храм. Хадзiў у госцi да патрыярха. Свешнiкаў гэта ўсё ведаў. Калi памерла яго мама, мы пайшлi ў храм на панiхiду, ён сам баяўся зайсцi i развiтацца з мацi, каб не ўбачылi — быў партыйны, рэктар жа. Я пераконваў, што трэба пайсцi. Яго сябры, мы ўсе настойвалi, i ён пайшоў. Усе ў Дзяржаўным хоры рускай музыкi ведалi, што я сын святара. Кулiчамi мяне частавалi велiкоднымi, яйкамi чырвонымi. Нiхто нiчым не перашкаджаў. Вялiкi вопыт я атрымаў, калi працаваў пры хоры, якiм кiраваў сам Свешнiкаў. Працы было багата: шмат гастроляў, канцэртаў. Я з задавальненнем ездзiў па ўсёй краiне ад Камчаткi да Мурманска. Памятаю, у Казахстане, у Алма-Аце ў мяне было першае асобнае выступленне з гэтым хорам. У оперным тэатры, а за iм стаялi вялiкiя снежныя горы. Уражанне незабыўнае... Нават пазней, калi я ўжо не працаваў i хор пад кiраўнiцтвам Свешнiкава прыязджаў на гастролi ў Мiнск, Аляксандр Васiльевiч мне давяраў: «А далей прадырыжыруе Вiценька...» (Ён так называў мяне з першага дня знаёмства.) Калi вярнуўся ў Беларусь i стаў працаваць тут, было намнога складаней. Адна жанчына пры пасадзе мяне называла «паповiчам». Потым даведаўся, што з-за гэтага мяне пазбаўлялi розных узнагарод. Калi ўжо была перабудова, чалавек з ЦК партыi, якi вёў iдэалогiю i адказваў за ўзнагароды, падышоў да мяне на адным прыёме: «Граху не замалю перад вамi, што столькi разоў ставiў заслону перад узнагароджаннем...» Потым i былы мiнiстр культуры прасiў прабачэння. Навошта мне было пра гэта казаць? Прайшло ўсё. Я шмат разоў са сцэны гаварыў, што ў мяне свецкiх узнагарод няма, затое ёсць духоўныя ордэны, я iмi ганаруся. — Але ж вы народны артыст Беларусi! — Гэтае званне мне прысвоiлi, ужо калi змянiлiся часы i адносiны да царквы. I прафесара «далi» — у адзiн дзень Масква вырашыла пытанне. Вось атрымаў i з Амерыкi медаль Гонару. Яго нашу часам. Аднойчы пайшоў на Вялiкдзень па запрашэнню Уладыкi Фiларэта. Мы выйшлi з храма, i ён сказаў: «Прафесар, гэты медаль насiце законна». Гэта ж не Буш падараваў, а грамадскi iнстытут. Людзi, значыць... — Вы паслухмяны прыхаджанiн, слухаецеся мiтрапалiта? — З Уладыкам Фiларэтам даўно сябрую, 55 гадоў як мы знаёмыя. Аднойчы ў Загорску мы давалi канцэрт. Свешнiкаў асцярожны быў чалавек: «Вiценька, паязджайце, прадырыжыруйце...» На тым канцэрце быў Кiрыл Варфаламеевiч Вахрамееў, тады яшчэ студэнт, без вусоў, без барады. А калi ён прыехаў у Беларусь служыць, даведаўся, што я тут, запрасiў да сябе. Кажа: «Я вас пазнаў па руках». Цяпер, калi я дырыжырую, глядзiць заўсёды на мае рукi. Яму падабаецца, што я не размахваю рукамi, як Дон Кiхот у барацьбе з ветракамi. Я i зараз хаджу ў храм. Ад Бога не адступаў нiколi. Атрымлiваецца, што ад Бога мы бяром, а потым назад яму аддаём памножанае. Заўсёды ж народнае i царкоўнае iдзе побач. У любым царкоўным творы ёсць элемент народнасцi. Чытаеш тэкст любой праваслаўнай кнiгi i разумееш, што ўсё непарыўна звязана з чалавечай гiсторыяй. Хрыстос жа быў з народа. Цi Майсей. — Зараз вы працуеце з маладымi. Цi адчуваюць яны духоўную музыку? — У хоры Белтэлерадыёкампанii, дзе я працую, многiя спяваюць у царкоўных харах, некаторыя самi рэгенты. Канешне, пры вывучэннi духоўнага твора мне лёгка з iмi размаўляць. Кажу: станьце на каленi, вазьмiце свечку i праспявайце гэты твор, як малiтву. Толькi такiм чынам яго адчуеце. Словы пра Мацi Божую — гэта ж як пра вашу мацi. Я iм усё тлумачу. Бывае, не ведаюць, што значыць «Амiнь». Маўляў, гэта ж канец. А я кажу: Гэта значыць «Iсцiна». I ўжо зусiм па-iншаму будзе выпявацца гэтае слова... Харавое мастацтва — складанае. Яно не дазваляе працаваць на сцэне сваiм целам, як у эстрадных спевах. Мы павiнны строга стаяць i перадаваць экспрэсiю за кошт мiмiкi, каб твар быў адухоўлены. У дзяцiнстве мяне выхоўвалi ў строгасцi, каб я слухаў дырыжора, уважлiва слухаў сваiх калег па партыях, каб адчуваў, што дырыжор i я — адно агульнае. Я выхоўваўся фактычна пры манастыры яшчэ з семiнарыi. Там усё трымаецца на паслухмянстве. Як i ў хоры. — Вы маглi б стаць святаром? — Не выключана. Як усе сыны святароў, я прыслужваў бацьку, кадзiла раздуваў, хадзiў хрэсныя хады, насiў харугвы. Я не прыняў сана — вайна перашкодзiла. Як было б далей, не ведаю. Яшчэ i раней адбылiся нейкiя падзеi, якiя змянiлi жыццё. У 1939 годзе — якраз быў канцэрт у Смаргонi — адчувалася навокал нейкае ўзрушэнне, потым мы даведалiся, што Беларусь далучылi да Савецкага Саюза. У тыя часы на веласiпедзе мы з татам ездзiлi з Вiльнi, дзе бацькi на ўсякi выпадак набылi дом, у Смаргонь i назад. Мама сядзела адна, баялася. Вакол звозiлi людзей... Нас не ўзялi. Святароў не краналi, тата не баяўся. Мама вельмi перажывала за сыноў — нас трое было. Старэйшы мой брат цяпер жыве ў Польшчы, а малодшага нядаўна пахавалi ў Вiльнюсе ў адным склепе з бацькамi. У роднай Смаргонi, дзе некалi служыў мой тата, цяпер будуецца новы храм, вялiкi i прыгожы. Справа святара Роўды працягваецца. Напэўна, праца сярэдняга сына Вiктара — таксама працяг. 23 лiстапада, у свой 85-ы дзень нараджэння, прафесар Вiктар Роўда выйдзе на сцэну Белдзяржфiлармонii ў юбiлейным канцэрце разам з хорам Белтэлерадыёкампанii i хорам Беларускай акадэмii музыкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не кожнаму так пашчасцiць. Нарадзiцца, працаваць, пражыць. Вiктар Роўда, народны артыст СССР i Беларусi, нарадзiўся... у храме. У Смаргонь з эвакуацыi
|
|