Адна вёска на дваiх
Iлона IВАНОВА
У глыбiнi Кiраўскага раёна, далёка ад цэнтральных аўтадарог, прытулiлася каля лесу вёска Зелянiца. Даўным-даўно тут пасялiлiся сяляне з Прапойскага краю (цяпер гэта Слаўгарадскi раён), распрацавалi зямлю i паставiлi хаты. А цяпер ва ўсёй вёсцы засталiся толькi дзве бабулi, якiя жывуць прыкладна за кiламетр адна ад адной. Лёсы апошнiх зелянiцкiх жыхарак, дарэчы, дзiўным чынам падобныя: яны амаль равеснiцы, перажылi вайну i палон, пасля вельмi цяжка выжывалi, працавалi на пошце i ў калгасе, нарадзiлi па чацвёра дзяцей i даўно засталiся ўдовамi, а цяпер на схiле жыцця жывуць адны...
Паўлаўна Цiшыня навокал такая, што гарадскому жыхару, якi прызвычаiўся да няспыннага шуму людзей i транспарту, аж на вушы цiсне. Зелянiца падобна на кiнутыя пасля Чарнобыля вёскi: хаты з пустымi аканiцамi, на прысядзiбных участках — буянства кустоўя i хмызняку. Сярод гэтых шэрых фарбаў — акуратная дагледжаная хатка, нават са сваiм тэлефонным слупом. Дом пад нумарам 13, а назва вулiцы даўно страчаная за непатрэбнасцю. Брамка зачыненая, i падаецца, што нiкога няма. На крыкi «Паўлаўна!» з дому выбягае жвавая хударлявая бабуля. Гаспадыня вiтаецца: «Дзякуй, што прыехалi!» Акрамя гандляркi з аўталаўкi двойчы на тыдзень i дзяцей у выхадныя днi, жанчына людзей не бачыць. Паглядзець на гасцей выйшлi i дзве кошкi, малады сабачка здзiўлена пагаўкаў. Ганне Паўлаўне Калеевай хутка споўнiцца 75 гадоў. «Тут, у Зелянiцы, я нарадзiлася, тут i памру», — звычайная бабулiна прыказка. Яе бацькi былi простымi калгаснiкамi. Бацьку забралi на фронт у самую першую мабiлiзацыю, ён прайшоў усю вайну i, як напiсана ў пахавальнай, загiнуў напярэдаднi 1945 года. Вось толькi невядома дзе. Мацi Ганны актыўна дапамагала партызанам харчамi i глядзела параненых, за што немцы спачатку спалiлi яе хату, а потым пасадзiлi разам з трыма дзецьмi за калючы дрот у Бабруйску. Пасля палону жанчына памерла ад тыфу, не дабраўшыся да дому, у лесе. — Есцi тады не было чаго: нi солi, нi хлеба, кладзiся i памiрай, — узгадвае тыя часiны Ганна Паўлаўна. — Мы збiралi на палях гнiлую бульбачку, мылi i пяклi. Потым дзядзька з вайны вярнуўся, ён у калгасе заробiць якi кiлаграм жыта, мы яго на жорнах змелем. Бабуля наломiць бацвiння i згатуе. Так i елi: жываты вялiкiя, а самi пухнем з голаду. Таму малодшых дзяцей аддалi ў дзiцячы дом, а я пасля трох класаў пайшла насiць пошту. Хадзiла ў лапцях, i асаблiва ўзiмку было цяжка: як задзьме, прыходзiла па пояс мокрая... Вось якое было жыццё, а цяпер людзi жывуць добра, скардзiцца няма чаго! Дзяўчына вырасла i пайшла замуж за трактарыста. Ён таксама быў небарака гаротны: сям’я без бацькi, дзе пяцёра дзяцей, жыла вельмi бедна. А ў Ганны была хатка: былыя партызаны паклапацiлiся пра сiрот. Аднак муж трапiў у аварыю, трактар перакулiўся i ён памёр. Так што Ганна Паўлаўна ўжо больш за 25 гадоў удава, i без мужа ўжо жыве болей, чым з iм. У Калеевых нарадзiлася чацвёра дзяцей. Цяпер старэйшаму з iх 52 гады, у Ганны Паўлаўны — 4 унукi i 3 праўнукi. Яна багатая на сям’ю, але пераязджаць да дзяцей не хоча. Гаворыць, што яны жывуць у сцiплых двухпакаёўках, дзе проста няма месца яшчэ i для бабулi: «Дзецi мае добрыя, мяне шкадуюць, але лепш я буду сядзець у сваёй хаце». Калi становiцца сумна (а гэта лiтаральна штодня), Ганна Паўлаўна дастае пакунак з сямейнымi фотаздымкамi i ў соты раз разглядае сваякоў на вяселлях i святах. Сярод iх ёсць i старыя фота: напрыклад, маладой Ганны разам з сястрой. Прыгажунi — прычоскi з локанамi, паркалёвыя сукенкi ў дробную кветачку, белыя шкарпэткi i томiк Аляксея Талстога ў руках. Васiльеўна Зоi Васiльеўне Нiкаленка не сядзiцца на месцы. Клапатлiвая гаспадыня рэжа яблыкi, каб не пагнiлi, i робiць нарыхтоўкi на зiму. Лёгкi беспарадак упрыгожваюць кветкi, што растуць у старых чыгунках, на якiх добра праглядаецца надпiс: «Цана 1 р. 19 кап.» Старая адразу скардзiцца на маркоту: «Сяджу тут адна як пень, гарую!» Аднак, калi шчыра, на гаротнiцу яна не вельмi падобная: усмiхаецца i жартуе. У мацi Зоi было дзесяць дзяцей, i яна — пятая. Пасля вайны бацька вярнуўся з фронту паранены i хутка памёр. Каб не галадаць, разам з братамi i сёстрамi яна пайшла ў калгас, дзе жала рукамi. Потым даiла кароў на ферме i была паштальёнкай. — Наша вёска была добрая, але каго немцы пабiлi, а хто з’ехаў, — гаворыць Зоя Васiльеўна. — А мы засталiся. Навошта? Цяпер я шкадую, каюся. Што я тут пiльнавала? А пiльнавала яна хату — вялiкую, якую будавала пасля вайны разам з мужам. Больш за ўсё на свеце бабуля любiць сваiх дзяцей i гэту хату. Гаворыць, што кiне яе, толькi калi памрэ. Дзецi Зоi Васiльеўны жывуць у Мiнску, Клiчаве i нават у Якуцii. Дачка з Клiчава разам з зяцем прыязджаюць часта i штогод, перад зiмой традыцыйна ўгаворваюць бабулю з’ехаць з вёскi. Альбо хоць бы пазбавiцца каровы, якая патрабуе штодзённых догляду i працы. Маладыя ўрэшце вырашылi кiнуць угаворы, а ўжыць «строгiя» меры: сёлета не касiлi сена для каровы. Аднак абураная мацi паабяцала не пусцiць iх больш на ганак i лёгка перамагла: зяць прывёз сена. Але зноў дзецi пераконваюць кiнуць пустэльнiцтва. — Я памру там! — упэўнена пярэчыць старая. — Тыя, хто паехалi са сваiх родных мясцiн, вельмi хутка памерлi. Ёсць такая заканамернасць! Зоя Васiльеўна атрымлiвае 240 тысяч рублёў пенсii, гаворыць — ёй на ўсё хапае. Аўталаўка прывязе харчы, дзецi даставяць усё неабходнае. Ежа ў бабулi ёсць: малочныя прадукты свае, капусты ў слоiкi накрышыла, кашу з гарбузоў можна варыць хоць штодня. З-за хваробы i адзiноцтва есцi i не хочацца — прызнаецца Зоя Васiльеўна. Таму вельмi часта стравы са стала гаспадынi перападаюць яе хатнiм жывёлам. Толькi потым, скардзiцца гаспадыня, сытыя каты не хочуць лавiць мышэй. Зелянiца Гэта была вялiкая i прыгожая вёска, узгадваюць жанчыны. Тут пасля вайны налiчвалася сотня двароў. Маладыя людзi, нягледзячы на цяжкасцi, умелi весялiцца: гралi, грукалi i спявалi прыпеўкi так, што ў лесе трашчала. Кожная вёска ў акрузе мела сваё вялiкае свята, i ў Зелянiцу гасцей запрашалi на кастрычнiцкiя — гатавалi пiва i накрывалi сталы. У вёсцы былi школа, клуб, крама, а цяпер не засталося нiчога. — Мне падаецца, што вёска стала пусцець, калi зачынiлi школу, — гаворыць Калеева. — Маладыя раз’язджалiся, таму што не было сiл вучыць дзяцей у iншых месцах. Мы вось не пераехалi, але я ўсё сваё жыццё, пакуль пагадавала дзяцей, правяла з кайстрамi ў руках: накладала харчы i цягнула ў iнтэрнаты. Зелянiца, канешне, магла б стаць выдатным месцам для адпачынку — свежае паветра, спакой, аддаленасць ад цывiлiзацыi, мноства грыбоў i ягад. У гэтых мясцiнах расце шмат журавiн: тутэйшыя жыхары ва ўсе часiны цягнулi з балота мяхi ягад i здавалi за грошы. — Няхай бы тут каго пасялiлi, хоць бы лецiшчы зрабiлi, — хвалюецца за лёс роднай Зелянiцы Ганна Паўлаўна. — Тут жа столькi добрай зямлi. Яе нашы прадзеды распрацоўвалi, а цяпер яна зарастае хмызняком. Мы тут параджалiся, пагадавалiся i пастарэлi... — Канешне, нiякага будучага ў Зелянiцы няма, — кажа праўду старшыня Баравiцкага сельскага Савета Васiль Таркан. — Тутэйшыя землi пойдуць у запас i пад лесапасадкi. Мы разбурылi i пахавалi ўсе кiнутыя хаты, якiя было можна. У астатнiх ёсць спадчыннiкi, якiя будуць вызначацца, што рабiць з пабудовамi. I трэба смела сказаць, што нiхто ў Зелянiцу не паедзе i вёска знiкне... Самае галоўнае для мясцовай улады, падкрэслiвае старшыня, гэта забяспечыць нармальныя ўмовы жыцця для вяскоўцаў, няхай iх тут толькi i засталося два чалавекi. I такiх вёсак, як Зелянiца, навокал нямала: 3, 12 i нават 15 чалавек — гэта ўжо неперспектыўна. Цяпер уся ўвага — паселiшчам, дзе больш за 300 жыхароў. Там будуюцца аграгарадкi з усiмi зручнасцямi, каб у сельскай мясцовасцi засталiся i жылi маладыя людзi. Але i ў малых вёсках людзей нiхто на волю лёсу не кiне, абяцаюць у Савеце. Улетку ў Зелянiцы жыве больш людзей: у Ганны Паўлаўны арганiзоўваецца невялiкi дзiцячы садок, бо дзецi i ўнукi кiдаюць малых бабулi. А вось унукi Зоi Васiльеўны ў Зелянiцу ехаць у глухмень не хочуць: свежым паветрам яны мала цiкавяцца, а дыскатэкi тут няма. I толькi адзiн дзень на год у Зелянiцы шмат людзей. На Радаўнiцу — праваслаўны дзень памiнання продкаў прыязджаюць усе сваякi бабуляў, каб прыбраць магiлы памерлых, памянуць iх у бацькоўскi дзень. Жыццё суседскае Калi зусiм туга адолее, бабулi ходзяць адна да адной у госцi. Часцей да Паўлаўны iдзе Васiльеўна, якая шукае ў палях сваю карову i за адным разам забягае да адзiнай суседкi. Яна, калi шчыра, зайздросцiць Ганне Паўлаўне. Дакладней — яе тэлефону, як сувязi з «вялiкай зямлёй». Хоць ён трашчыць i награецца, а ўсё ж дзякуючы тэлефону можна даведацца пра ўсе навiны. Ставiць тэлефон яшчэ i ў доме Зоi Васiльеўны няма сэнсу: ёсць спадзяваннi, што хутка i Зелянiца ўвойдзе ў зону працы мабiльнай сувязi. — Мы тут з Анютай мiрымся, — запэўнiвае Зоя Васiльеўна. — Мы вайну перажылi, i ў нас адно гора на дваiх. Лёс у бабуляў нiбыта аднолькавы, а характары — зусiм розныя. Зоя Васiльеўна — энергiчная, эмацыйная, не лезе па слова ў кiшэню. А Ганна Паўлаўна хоча ўсiм дагадзiць — лепш прамаўчыць, чым запярэчыць, каб было добра i спакойна. Жанчыны паважаюць адна адну i могуць спадзявацца на дапамогу суседкi. Тэлевiзар — асноўны забаўляльнiк зелянiцкiх бабуль. Газеты не чытаюць, бо «вочы не бачаць». Ды i не будзе паштавiк дзеля дзвюх падпiсчыц хадзiць пешшу дзесятак кiламетраў. Затое глядзяць з задавальненнем тэлевiзiйныя серыялы, навiны, праграмы пра судовыя разборы i асаблiва пра здароўе. Увогуле бабулi любяць пагутарыць пра свае хваробы i падрабязна апiсваюць свае дыягназы i вiзiты да дактароў. Каб паехаць у раённую бальнiцу на прыём да медыкаў i каб купiць лекi, улады выдзяляюць iм транспарт. А так — бабулi днямi корпаюцца па гаспадарцы. Ганна Паўлаўна знайшла сабе хобi: iрваць старыя анучы i вязаць «кругi». Дзецi любяць упрыгожваць рознакаляровымi палавiчкамi свае гарадскiя кватэры. Зоя Васiльеўна любiць вышываць, але яе дзецi неахвотна бяруць вышыванкi дадому: гавораць, што гэта нямодна (хоць i вельмi памыляюцца!). А вось старыя ступа i жорны (дзеючыя!), якiя захоўваюцца ў пунi, маглi б упрыгожыць экспазiцыю мясцовага краязнаўчага музея. Дзецi прыязджаюць да старых часта, хоць шлях да Зелянiцы, прама скажам, няблiзкi. Ад цэнтра сельсавета ў Баравiцах — 25 кiламетраў, i калi няма свайго аўтамабiля, iншага шляху, акрамя як пехатой 12 кiламетраў ад вёскi Гарадзец, тут няма. Нядобрых людзей жанчыны не баяцца. Ёсць сабакi i запоры. Каля хат усталяваны паводле сацыяльных стандартаў лiхтары — можна пабачыць, хто грукае ў дзверы. Сельскi Савет дапамог жанчынам з дровамi i не пакiдае без увагi нiводнай iх просьбы. А цяпер самая вялiкая просьба — чысцiць дарогу ад снегу. Бабулi баяцца, што ўзiмку замяце, не будзе ездзiць аўталаўка i давядзецца сядзець без хлеба. На гэты выпадак Васiльеўна нават вырашыла запасцiся мукой. Аднак да такога не дойдзе, запэўнiваюць мясцовыя ўлады, жанчынам абавязкова дапамогуць. — Я калi маладая была, здаровая i пошту насiла, то думала, што нiколi мне веку не будзе, — шчыра прызнаецца Зоя Васiльеўна. — Сала i хлеб у руку — i пайшла дарогай. А цяпер думаю, што самае лепшае ў свеце для чалавека — гэта здароўе, i больш нiчога не трэба. — Я ўсiм людзям жадаю толькi добрага, — гаворыць Ганна Паўлаўна. — А маё жыццё пражыта, i я прашу толькi, каб да смерцi хадзiць i дзяцей не мучыць сваiмi хваробамi. — Колькi нам засталося — невядома, — падхоплiвае Зоя Васiльеўна. — А жыць трэба! Кiраўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У глыбiнi Кiраўскага раёна, далёка ад цэнтральных аўтадарог, прытулiлася каля лесу вёска Зелянiца. Даўным-даўно тут пасялiлiся сяляне з Прапойскага
|
|