21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Жыццё працягваецца

25.08.2009 22:07 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Валянцiна ДОЎНАР

Простая мова

ЖЫЦЦЁ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

...Будаўнiкi досыць доўга тады шчыравалi: невялiчкi лапiк зямлi абляпiлi дамамi — утварыўся двор. Пасярод яго — неяк ацалела з дзесятак дрэў, потым падсадзiлi яшчэ — маладзенькiх. Прыгожа было, зелена...

Гады два таму, па вясне, не «прачнуўся» «бараметр» — ясень. Захварэў, вiдаць. Зрэзалi.

Тады ж, здаецца, i нiцую вярбу. Яна ля самага пад’езда расла. Вось некаму i здалося, што гэта з-за яе (плакучай) там нябожчыкаў столькi...

З дзвюх сястрычак-бяроз, што паводдаль раслi, таксама адна засохла. Цяжка бачыць было. Асаблiва летам. Калi ўсе вакол — зелянелi, шапацелi лiстотай, а яна...

Зiмой (вiдаць, чарга падышла?) да яе пад’ехалi «спяцы», рашылi спiлаваць. Цяжка сказаць, у якiм яны стане былi i куды глядзелi, до, што зрэзалi... жывую, мёртвая — i вясну яшчэ прастаяла.

...Дрэвы, як людзi: жывуць (дзе пасадзяць, цi вецер «пасее»), гiнуць (з-за хвароб ды чужой дураты) i помняцца. Нават потым. Калi не стане.


«Труд должен быть трудным»

Навiну пра тое, што з аўторка ля магазiна будуць стаяць нарыхтоўшчыкi, будуць прымаць яблыкi, дзед Пракоп пачуў у суседа. Тут жа падхапiўся з лавы, як дуж, пашыбаваў дамоў. Дастаў кашы, мяшкi i з не малымi адпачынкамi (86 як нiяк!) стаў шчыраваць. Паўднёвiк панядзелка, увесь аўторак i ранiцу серады ён (з кiёчкам) збiраў па раллi ападкi, вядзерцам насiў у веранду. Потым — пайшоў па суседа.

Той (за барыша, зразумела ж) запрог каня, пад’ехаў да дзедавай хаты, ускiнуў на падводу мяшкi.

«Здавацца» дзед вырашыў сам.

Прымала яблыкi досыць маладая прыгожая дзеўка. Перш чым узважыць дзедавы, падышла да воза, развязала адзiн з мяшкоў, скрывiлася:

— Дзе вы iх бралi гэткiя брудныя? Я не прыму...

— Як? — разгубiўся стары — I што ж мне рабiць, дзеткi?

— Што хочаце, — пацiснула плячыма тая.

Дзед адышоўся, крыху пасядзеў на возе, падумаў i паехаў назад. Шумнуў суседа, каб памог разгрузiцца («за дадатковую плату»), увесь вечар серады i ранiцу чацвярга цягаў са студнi ваду, налiваў у начоўкi, мыў i на расцеленай цыраце прасушваў яблыкi. Пад абед павёз здавацца яшчэ раз.

Мяшкi дзеўка больш не развязвала (хоць ён i хацеў), узважыла, прыняла, адлiчыла грошы. Iх хапiла, каб тут жа, у магазiне, узяць... тры бутэлькi «пладова-выгаднага»: дзве — суседу за каня i паслугi. Адну — сабе. Каб выпiць.

...З радасцi цi з гора, унучцы не сказаў.


Яблык ад яблынькi

Цырульняў — што сабак цяпер — аж тры побач з домам. Дзве, так бы мовiць, старыя, дзяржаўныя, адна — прыватная. Што, шчыра кажучы, у вочы i не кiдаецца. Хiба што сцiплым памерам залы, цi ўзростам, знешнiм выглядам майстрых...

Да адной (у крэсла насупраць) баба «ўвалiлася» — заспаная зранку, страшная, у стаптаных лакавых «шпiльках», зялёных спартыўных шараварах i скамечанай, абыяк зашпiленай кофце.

— Даўно не заходзiлi, — прызнала яе цырульнiца. — Што, часу не было?.. Дык вы там, мо, дачку сваю замуж аддалi?

— Не, — абарвала яе клiентка. — Яна не хоча.

— Бо нiхто не бярэ, — цiха адзначыла другая майстрыха.

I ўсе, хто гэта пачуў, усмiхнулiся, яшчэ раз глянулi на мацi i зразумелi, здаецца, чаму.


Быць чалавекам

Той дзень не па-людску пачаўся. Не паспела, як след, агледзецца, у печы падпалiць, знаёмы ў хату ўвалiўся, з парога загалёкаў:

— Сямёнаўна, ратуй! Сямёнаўна, выручай! Дай трыста тысяч! Ну хочаш — на каленi стану! Да панядзелачка толькi... Ты ж ведаеш — у мяне грошы ёсць, я не з тых, я аддам.

— А што ў цябе зрабiлася? — заклапочана спытала кабета.

— Табе, — сумеўся мужчына, — сказаць не магу. Не зразумееш ты.

...Як у ваду глядзеў — не зразумела. Хоць i сказаў.

Сказаў, што наконаднi — ён у горадзе быў. На вулiцы маладзiцу прыгожую ўбачыў... Дагнаў, жартам прапеў каля вуха: «Ах, какая женщина, какая женщина! Мне б такую...». А яна i брывом не варухнула, сказала: «Трыста тысяч — паўгадзiны твая... Мне грошы патрэбны». Адрас назвала. Час прызначыла. Сёння... А ў яго — нi капейкi, лiчы.

— Спасай, Сямёнаўна! Будзь чалавекам! — ледзь не кленчачы, умольваў мужык.

...Пазычыла.

Потым — пашкадавала, падумала, што, вiдаць, не трэба было.

А галоўнае ж (i насамрэч!) — ну нiяк зразумець не магла, якая (па памеру) бяда да такiх вось заробкаў можа падштурхнуць жанчыну? Якiя пачуццi могуць пагнаць да яе мужыка? Не дурнога, як быццам, не пустога, сталага. Чалавек жа...

Цi вось гэта якраз, у асобных, знешняе?..


Горкi мёд

«Будзь больш просты i да цябе — пацягнецца народ!» Не ведаю, чые гэта словы, але чую — часта. А ў адной з камандзiровак — нават бачыла.

Старшыня калгаса з гаспадаркай знаёмiў, паказваў мехдвор, палеткi, фермы... I ўсюды, дзе б нi з’явiўся, гэты самы народ (хай даруе! — Аўт.), бы са шчылiн вылазiў. Жанчыны выходзiлi пагаварыць, мужыкi — павiтацца (пацiснуць руку), нават дзецi ў садку — каб паказацца на вочы, каб падставiць галоўкi пад вялiкую цёплую дзядзькаву далонь i адказаць на пытаннi.

Зрэшты, у старшынi iх хапала да ўсiх — не пра справы, дык здароўе, не пра ўнукаў, дык гарод...

З год назад чуткi прыпаўзлi, што не кiруе ён больш, звольнiўся. Чаму? Забаяўся... Падумаў (даслоўна) — «забяспечу лiчбы», нешта прыпiшу, — пасадзяць, «не забяспечу» — здымуць. Дык я ўзяў ды сышоў. Сам... Чалавекам... Па добрай волi.

Дома цяпер. Пчоламi займаецца. З аказiяй гасцiнец прыслаў — слоiчак мёду.

Горкага-горкага.


Як усе

...Паўгазетнай старонкi ў чорных «цаглiнках». Кшталту: калектыў (назваў шмат i розных...) выказвае глыбокiя спачуваннi...

Аднаму i таму ж чалавеку. I ў сувязi — з ужо непапраўным — заўчаснай смерцю дачкi.

Не трагiчнай. Не раптоўнай. Значыць, хварэла. Мо, нават доўга.

I бацька, нягледзячы на свае магчымасцi (высокую пасаду, сувязi, грошы, дзiця сваё (не пажадаеш ворагу!) уратаваць не змог.

...Кажуць, некалi ў старажытным Рыме падчас трыумфальнага шэсця за каляснiцай палкаводца бег адзiн з рабоў i крычаў яму: «Глядзi — хаця не звалiся!», «Глядзi...».

Навошта гэта было?

Ды каб нагадаць (яшчэ раз), што той — як усе, чалавек, i яму, як усiм, забалiць, калi ўпадзе; каб зменшыць гардыню...

Асобным «трыумфатарам» такi напамiн не зашкодзiў бы i зараз. Але...

«Каляснiцы» не тыя. Не тыя хуткасцi. Ды i вушы, у многiх... Не здольныя — слухаць...


Без каментарыяў

...Двое сыноў-падлеткаў, жонка з заробкам медсястры.

Сабе, на зiму, трусiную шапку ён справiць не мог, а хацеў — машыну. Выйсце знайшоў, як сякеру пад лаўкай — «радзiму прадаў» пасля смерцi бацькоў.

На iншамарцы цяпер... Возiць жонку на рынак, сам, у выхадныя, ездзiць на рыбалку альбо да сяброў — на лецiшчы, у вёскi. Прыглядаецца паўсюль... Хоча нешта купiць (ну, потым, як з’явяцца грошы) — хутар, дачу, домiк у вёсцы.

I нiдзе нiчога не бачыць. Не тыя мясцiны, не тыя спрэс людзi, не тая зямля! Лес не той, рэчка, ягады i грыбы, рыбалка...

Тыя былi толькi там. Дзе была Радзiма.


Магу — падмятаць...

Дзiўна: мужчына той быў у яркай спецвопратцы, з венiкам, а згледзела найперш не гэта — рукi... Цяжэй за лыжку ён, вiдаць, нiчога не трымаў. Як у дзiцяткi яны — маленькiя, далiкатныя, пульхныя. I твар такi ж — сыты, гладкавыбрыты, з маленькiмi вочкамi...

Яны ля кiёска бутэльку згледзелi. Мужчына пакiраваў туды, азiрнуўся, як злодзей, падняў. Потым, цягнучы венiк ззаду, занёс яе ў сумку, што стаяла пад слупам, вярнуўся назад. Каб месцi прыпынак далей.

Не, заганы ў тым — анiякай: месцi дык месцi (да слова — снег i лiсты — мой любiмы занятак...). Але ж здароваму (на твары «напiсана») мужыку, ды ў нейкiя там 60...

У вёсцы, здалося, ён знайшоў бы больш годную справу: па-ранейшаму працаваць, трымаць свой дом, гаспадарку, аддацца любiмаму захапленню (пчалярнiчаць, сталярнiчаць, вырошчваць часнок, маляваць цi плесцi кашы...).

У горадзе — для маладых — выбар большы. I меншы — для старых, пажылых...

Цi гэта здаецца?


Сцежкi, што мы выбiраем

Яшчэ раз, прабачце...

Ля прыпынку дом ўзвялi, тэрыторыю вакол разраўнялi, сцежкi выклалi — чытай — прадпiсалi жыхарам роўненька, метраў з пяць прайсцi ад пад’езда, потым — рэзка павярнуць, прашыбаваць паўз дом, яшчэ раз рэзка павярнуць...

У войску, пад наглядам начальства, людзi так, кажуць, ходзяць. У цывiльным жыццi — не. Хiба ў гразь, калi моцна шкада чаравiкi. А так... Наўпрост, нацянькi. Як дыктуе здаровы сэнс.

Зрэшты, справа «мастакоў» маляваць. Прымаць не прымаць той малюнак — асабiстая справа кожнага.

Думалася так — у вераснi. У кастрычнiку — ужо iначай, бо тыя, самыя кароткiя, самыя простыя нашы сцежкi завярнулi зямлёй, чужыя ж, «намаляваныя» — абсадзiлi кустоўем. Гэта значыць, натоўп — не кiем, дык палкай — «скiравалi», «загналi» ў патрэбнае рэчышча, пазбавiлi, так бы мовiць, «свабоды выбару»...

Да пачатку лiстапада частку кустоў (на самым рагу), нехта скраў, зямля ўляглася... Жыццё (чытай — барацьба) працягваецца.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Будаўнiкi досыць доўга тады шчыравалi: невялiчкi лапiк зямлi абляпiлi дамамi — утварыўся двор. Пасярод яго — неяк ацалела з дзесятак дрэў, потым па
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика