Органы студэнцкага самакiравання цi ўзаемадзеяння?
Правiлы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы не змянялiся i змяняцца не будуць — аб гэтым афiцыйна заявiў на сустрэчы са студэнцкiм актывам, якая прайшла ў Беларускiм дзяржаўным педагагiчным унiверсiтэце, мiнiстр адукацыi нашай краiны Аляксандр Радзькоў.
— Мы прасiлi, i Прэзiдэнт нашу пазiцыю падтрымаў, пакiнуць дзеючыя правiлы прыёму нязменнымi хоць бы на некалькi блiжэйшых гадоў, — падкрэслiў Аляксандр Радзькоў. — Мы доўга iшлi да стварэння стабiльных правiлаў прыёму, аб гэтым нас прасiлi i абiтурыенты, i iх бацькi. I яны ў нас былi «выпакутаваныя» ў поўным сэнсе гэтага слова. Зразумела, што нiколi правiлы прыёму не будуць задавальняць усiх без выключэння абiтурыентаў. Але правiлы i не ствараюцца пад нейкага асобнага абiтурыента, а iмкнуцца максiмальна ахапiць iнтарэсы ўсiх. Дарэчы, вышэйшыя навучальныя ўстановы ўжо распрацавалi i зацвердзiлi на аснове дзеючых правiлаў прыёму свае ўнутраныя парадкi паступлення. I з iмi можна азнаёмiцца ў Iнтэрнэце на сайтах навучальных устаноў. Магу запэўнiць, што i там нейкiх кардынальных змен не адбылося. Адзiнае адрозненне ад папярэдняга года заключаецца ў тым, што многiя ВНУ адмовiлiся ад правядзення свайго ўнутрывузаўскага экзамену i ўсе тры ўступныя iспыты будуць праводзiць у форме цэнтралiзаванага тэсцiравання. Дарэчы, мы плануем, што ў наступным годзе ўдзельнiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання змогуць даведацца пра свой тэставы бал з дапамогай аператараў мабiльнай сувязi. Сёлета сайт Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў не вытрымаў нацiску абiтурыентаў i проста «завiс». А мабiльны тэлефон ёсць сёння амаль у кожнага маладога чалавека... Трэба зазначыць, што пасля правядзення ў нашай краiне першага Рэспублiканскага студэнцкага форуму сустрэчы мiнiстра адукацыi з прадстаўнiкамi беларускага студэнцтва паспелi ўжо пераўтварыцца ў добрую традыцыю. Прычым нават цяжка вызначыць, для каго яны ўяўляюць большую цiкаўнасць: для маладых людзей, якiя асабiста могуць задаць мiнiстру хвалюючае iх пытанне, цi для кiраўнiкоў мiнiстэрства, у якiх з’яўляецца ўнiкальная магчымасць убачыць тую цi iншую злабадзённую праблему вачамi самай крытычна настроенай, iнiцыятыўнай i сацыяльна актыўнай часткi беларускага грамадства i наладзiць са студэнтамi дыялог. Для прыкладу, падчас апошняй сустрэчы маладых людзей цiкавiла пытанне, цi не пацерпiць якасць прафесiйнай падрыхтоўкi ў вынiку пераходу першай ступенi вышэйшай школы на чатырохгадовы тэрмiн навучання? Якiя гарантыi маюць выпускнiкi пры ўладкаваннi на першае працоўнае месца? Цi абавязаны заказчык, з якiм абiтурыент заключыў дагавор на мэтавую падрыхтоўку, прыняць затым выпускнiка i прадаставiць яму пасаду, якая б адпавядала профiлю i квалiфiкацыi маладога спецыялiста? Чаму для студэнтаў-завочнiкаў прадугледжана адтэрмiноўка ад прызыву ў войска, а завочнае навучанне ў аспiрантуры такога права не дае? Чаму статус сiраты дзейнiчае толькi да спаўнення 23 гадоў? У прыватнасцi, такое ўзроставае абмежаванне не павiнна распаўсюджвацца на навучэнскую моладзь. Студэнты прапаноўвалi залiчваць iм працу ў будатрадзе ў якасцi вытворчай практыкi. Гучалi з боку студэнтаў i такiя прапановы, якiя быццам бы не датычацца напрамую студэнцкай моладзi, напрыклад, прапанова выкладаць у школах курс палавога выхавання падлеткаў. Намеснiк мiнiстра адукацыi Таццяна Кавалёва задала студэнтам сустрэчнае пытанне: «А якiя веды, на вашу думку, патрэбныя старшакласнiкам i ў якой форме iх выкладаць?» Справа ў тым, што сёння ў iдэi заняцца палавым выхаваннем падлеткаў ёсць як «гарачыя» прыхiльнiкi, так i не менш «гарачыя» апаненты. Абсалютна вiдавочна, што заходнi вопыт на нашай глебе прыжыцца не зможа. Трэба шукаць нейкiя свае шляхi, з папраўкай на наш менталiтэт i хрысцiянскiя традыцыi, каб нiкога не абразiць. Нельга ўсё забараняць, але нельга таксама i ўсё дазваляць. Цiкавiла студэнтаў таксама i законнасць уведзенай у сценах ВНУ забароны на курэнне. Шкодзiць цi не шкодзiць уласнаму здароўю кожны вырашае сам, гэта яго асабiстае права — такая думка яшчэ даволi трывала жыве ў студэнцкiм асяродку. Але Аляксандр Радзькоў iмгненна парыраваў: «А маё права — дыхаць чыстым паветрам. Хочаце курыць — рабiце гэта там, дзе вы не парушаеце маё права на здароўе i чыстае паветра». Рэктар Беларускага педагагiчнага ўнiверсiтэта iмя М. Танка Пётр Кухарчык падзялiўся сваiм «рэцэптам» барацьбы з курцамi: у педунiверсiтэце курылку размясцiлi як мага далей, каб у студэнтаў-курцоў проста не хапала часу на яе частае наведванне. «Гарачая» дыскусiя разгарэлася вакол органаў студэнцкага самакiравання. Мiнiстр свядома яе распалiў, выказаўшы свае сумненнi ў тым, што студэнцкiя органы самакiравання могуць вырашаць прынцыповыя задачы: «Паколькi студэнцкiя органы самакiравання з’яўляюцца пасрэднiкам памiж студэнтам i адмiнiстрацыяй, магчыма, усё ж такi больш правiльна было б называць iх органамi ўзаемадзеяння?» — запытаўся ва ўдзельнiкаў сустрэчы Аляксандр Радзькоў. Студэнты-актывiсты падзялiлiся з мiнiстрам бачаннем сваёй задачы — самiм знайсцi праблему, самiм яе прааналiзаваць, выпрацаваць шляхi яе вырашэння i толькi затым паставiць кiраўнiцтва ВНУ перад фактам. Цiкава, што самi студэнты даюць высокую ацэнку дзейнасцi органаў студэнцкага самакiравання. Надзея НIКАЛАЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Правiлы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы не змянялiся i змяняцца не будуць — аб гэтым афiцыйна заявiў на сустрэчы са студэнцкiм актывам, якая пр |
|