Голас госця
Ларыса ЦIМОШЫК
«Лiстапад-2006» Сёння ў Палацы Рэспублiкi пакажуць лепшы фiльм фестывалю «Лiстапад», той, якi набраў больш галасоў. Але, ведаеце, не хацелася б агучваць балы i рабiць прыкiдкi — каго i на якое месца паставяць гледачы. Усё так адносна ў гэтым свеце! Фiльмы, паказаныя ў Мiнску, — розныя, па-рознаму кранаюць розныя глядацкiя аўдыторыi. Як гэта можна вымяраць баламi?Да закрыцця госцi ажывiлiся. А некаторыя, як Мiкiта Мiхалкоў, нават не сталi абмяжоўвацца зносiнамi з прэсай — уся творчая iнтэлiгенцыя сталiцы Беларусi мела магчымасць паслухаць разумнага чалавека. Мiкiта Мiхалкоў зняўся ў адным з конкурсных расiйскiх фiльмаў i стаў сёлета галоўным госцем фестывалю. Народны артыст Расii Мiкалай Бурляеў прыязджаў сёлета ў Мiнск яшчэ i таму, што ў рамках фестывалю адбыўся яго юбiлейны вечар, дзе дэманстраваўся фiльм «Iгрок» з удзелам акцёра. — Я часты госць на мiнскiм фестывалi, таму што вельмi яго паважаю. Калi б тут не было самай галоўнай складовай — маральнай — то мяне б тут таксама не было. «Лiстапад» звяртаецца да чалавечай душы i паказвае кiно, якое схiляе да разваг. Пра гэта думала на «Лiстападзе» расiйская актрыса Iнга Аболдзiна. Яна прыехала прадставiць новы фiльм Аляксея Балабанава «Мне не балюча» i некалькi дзён у Мiнску прысвяцiла менавiта таму, каб глядзець кiно: — Я ў Мiнску была на тэатральных гастролях, прынамсi, са спектаклем Някрошуса «Вiшнёвы сад». Па энергетыцы i аддачы ад гледача адчуваю, што гэта добры горад. На жаль, пазнаёмiцца з iм лепей у мяне магчымасцi не было — вельмi хацелася, калi я ўжо госць фестывалю, выкарыстаць звычайную чалавечую магчымасць паглядзець кiно. Фестываль — найлепшы час для гэтага. Тым больш што фiльмы цiкавыя. Асаблiва я вельмi рада, што ў Мiнску атрымала магчымасць паглядзець «Востраў» Паўла Лунгiна — я ў iм павiнна была iграць шаленаватую дзяўчыну, але не адбылося... Затое я бязмежна рада за артыстаў, якiм пашчасцiла сыграць у такiм фiльме, рада за рэжысёра, якi змог зняць такое незвычайнае для сябе кiно. Затое пашчасцiла сыграць у iм Вiктару Сухарукаву. Цi не дзеля такiх роляў гэты артыст адмовiўся сыграць Джэймса Бонда? Затое, гаворыць, атрымаў пад’ём у сябе на радзiме. Цара, напрыклад, сыграў. У Мiнск ён прыехаў, каб прадставiць разам з Наталляй Бандарчук яе фiльм. Але не толькi: — Я прыехаў дзякаваць Рэспублiцы Беларусь за дзве ўзнагароды, якiя атрымаў у папярэднiя гады на «Лiстападзе». Мяне тут ацанiлi, летась, напрыклад, я быў адзначаны за ролю другога плана ў фiльме Станiслава Гаварухiна «Не хлебам адзiным». Але я не змог атрымаць свае ранейшыя ўзнагароды асабiста, было шмат працы. Праўда, мне дасталiся граматы, а вось прыза нейкага асаблiвага ад вас я не атрымаў. А хацелася б — я вельмi люблю розныя фiгуркi, сувенiры! Буду здымацца далей... Цэзары ПАЗУРА, прэзiдэнт Гiльдыi акцёраў польскага кiно: — Калi меркаваць па праграме, то гэта буйны фестываль — столькi фiльмаў! У Польшчы няма такога, галоўны фестываль кiно ў нас — фестываль польскага кiно ў Гдынi. Я здзiўлены, што ёсць «Лiстападзiк» — у нас падобнага ўвогуле няма. На жаль, госцi, якiя маюць час i жаданне, каб пазнаёмiцца адзiн з адным, пасябраваць, не ведаюць, дзе i як гэта зрабiць, таму што няма клуба, дзе мы маглi б сустракацца i нешта абмяркоўваць. Таму што iдэi ёсць. Напрыклад, мая мара — зрабiць праект, якi будзе злучаць нашы краiны, нашых артыстаў у сумесныя праекты.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў Палацы Рэспублiкi пакажуць лепшы фiльм фестывалю «Лiстапад», той, якi набраў больш галасоў. Але, ведаеце, не хацелася б агучваць балы i рабiць
|
|