21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Хоспiс — гэта дом жыцця

25.08.2009 22:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наталля КАРПЕНКА

СВЯТЛО Ў АКНЕ

З гэтай бядой я сутыкнулася толькi аднойчы, i тое ўскосна. У суседкi з трэцяга паверха (наша сям’я жыла на другiм) памiраў ад анкалагiчнага захворвання муж. Адыходзiў ён цяжка i пакутлiва — «хуткая дапамога» некалькi разоў на дзень прывозiла да хворага медсястру, якая калола яму моцныя абязбольвальныя. Але i гэта ўжо не дапамагала — працяглыя стогны, здавалася, буравiлi сцены, пранiкаючы ва ўсе кватэры пад’езда. З таго часу рак асацыiруецца ў мяне з вар’яцкiм болем, якi нельга трываць...

Дажыць прыгожа

Гэта тэма заўсёды непрыемная, розум нармальнага, здаровага чалавека заўсёды iмкнецца адштурхнуць думкi аб смерцi або невылечнай хваробе, бо чалавек i на долю секунды не жадае дапусцiць, што гэта можа здарыцца з iм або блiзкiмi яму людзьмi. Нават калi падобнае адбываецца, мы да апошняга спадзяёмся на цуд. Цуд — выздараўленне, вылечванне — сёння таксама не выключэнне, асаблiва калi хвароба выяўляецца на ранняй стадыi. Але шанцуе не ўсiм. Участковыя ўрачы, якiя наведваюць пацыентаў дома, ведаюць, праблемы iснуюць у сем’ях, дзе ёсць цяжкiя хранiчныя хворыя. Сiтуацыя абвастраецца ў апошнiя месяцы i днi iх жыцця, калi стан чалавека пагаршаецца, змяняецца псiхалагiчнае ўспрыманне блiзкiх, ён становiцца раздражнёным, капрызлiвым, можа ўпасцi ў дэпрэсiю або стаць агрэсiўным. Акрамя ўсяго iншага, яго паглынаюць хвалi болю...

А што родныя? З вечара да ранку сутыкаючыся з хворым, блiзкiя людзi стамляюцца. I не таму, што яны такiя дрэнныя, няўдзячныя дзецi, бацькi цi жонкi. Людзi сапраўды не ведаюць, як справiцца з сiтуацыяй, як навучыцца не крыўдзiцца на свайго блiзкага, як падпарадкавацца разуменню, што гэта не той чалавек, якога яны ведалi год цi два таму. Як яго даглядаць, кармiць, варочаць, пераапранаць? I што рабiць, каб самому не ўпасцi ў дэпрэсiю? Для таго, каб дапамагчы родным вырашыць усе гэтыя праблемы, i была створана служба палiятыўнага догляду, або хоспiс.

У адрозненне ад звычайнай медыцынскай установы, у калiдоры тут нешматлюдна i цiха. Пафарбаваныя ў пастэльныя колеры сцены, выкладзеная плiткай без шчарбiнак i трэшчынак падлога, дабротная мэбля — усё сведчыць аб тым, што ўстанова толькi адкрылася. На першым паверсе наведвальнiкi здымаюць верхняе адзенне, абуваюць пакаёвыя тапачкi i паднiмаюцца з авоськамi наверх, у стацыянарнае аддзяленне... Чамусьцi не магу глядзець на iх твары — баюся ўбачыць слёзы...

— Ну навошта так песiмiстычна? Хоспiс — гэта дом жыцця, а не прыстанiшча смерцi, сюды прыходзяць жыць, а не памiраць, — расстаўляе кропкi над «i» галоўны ўрач установы Вольга Мычко. — I настрой мы тут падтрымлiваем рабочы.

Бальнiца палiятыўнага догляду «Хоспiс» — установа для аказання медыцынскай, сацыяльнай, духоўнай i псiхалагiчнай дапамогi хворым, якiя знаходзяцца ў тэрмiнальным стане. Напэўна, большасцi з вас не даводзiлася сутыкацца з азначэннем «тэрмiнальны» — гэта калi сумны зыход захворвання ўжо вядомы, магчымасцi афiцыйнай медыцыны вычарпаны і працяг спецыяльнага лячэння не прывядзе да паляпшэння, а толькi пагоршыць самаадчуванне хворага. Тэрмiнальны стан сведчыць аб тым, што да зыходу засталiся лiчаныя месяцы цi тыднi. I хоспiс прызначаны забяспечыць — пры дапамозе медыцынскiх i немедыцынскiх метадаў — якасць жыцця на гэтым этапе. Прычым не толькi хвораму, але i членам яго сям’i.

Услед за Расiяй i Еўропай...

Палiятыўная дапамога — тая нiша, якая да гэтага часу ў Рэспублiцы Беларусь запоўнена не была. Тут мы, на жаль, пакуль толькi даганяем i Расiю, i — тым больш — еўрапейскае супольнiцтва, i свет у цэлым. Каля 50 гадоў таму ў шэрагу краiн палiятыўная дапамога сфармiравалася ў накiрунак, мэта якога — падтрыманне якасцi жыцця пацыента ў апошнiя месяцы i днi. У Беларусi толькi ў 2005-годзе рашэннем Мiнгарвыканкама была арганiзавана адпаведная ўстанова для дарослых — першая ў рэспублiцы i першая ў горадзе Мiнску. I ўзначалiць яе прапанавалi Вользе Вiктараўне Мычко.

— Хвалявалiся?..

— Чаму ж не? Канешне, хвалявалася. Прыйшла на гэта месца, убачыла замест будынка руiны, села на падаконнiк i давай плакаць... Якi палiятыў?! Нiводнага падручнiка па палiятыўнай дапамозе ў рэспублiцы не было, давялося пачынаць з нуля, перапiсвацца з расiйскiмi, англiйскiмi, аўстрыйскiмi медыкамi i вучыцца, вучыцца... А паралельна ўпрэгчыся ў рамонт.

Палiятыўная дапамога — гэта не проста прызначэнне аднаго «кубiка» морфiю два разы на дзень. Тут зусiм iншыя падыходы, iншая сiстэма ўзаемадзеяння са службамi, з хворымi, памiж сабой, памiж медустановамi — велiзарны кавалак работы... У сакавiку гэтага года пры хоспiсе адкрылася выязная служба, у чэрвенi — дзённы стацыянар i толькi 1 жнiўня — непасрэдна стацыянарнае аддзяленне (гэты дзень i стаў днём нараджэння ўстановы).

Паслугi без грошай

Выязная служба хоспiсу складаецца з 5 урачэбна-сястрынскiх брыгад. У кожную брыгаду ўваходзiць адна патранажная сястра, а ўсiх пецярых курыруе ўрач. Работа будуецца так, каб у першы раз да хворага ўрач з сястрой прыязджалi разам. На месцы яны вызначаюцца з праграмай наведванняў, а потым сям’ю (а не толькi хворага!) па меры неабходнасцi назiрае сястра. У выпадку, калi боль у пацыента пачынае нарастаць, урача запрашаюць на паўторную кансультацыю. Адна патранажная сястра курыруе 12—13 сем’яў. На сцяне ў рэгiстратуры вiсiць вялiкая карта Мiнска, дзе рознакаляровымi магнiтамi пазначаны адрасы дапамогi. Агульная iх колькасць — восемдзесят.

— Участковая палiклiнiка з гэтай формы дапамогi не выпадае, — удакладняе Вольга Мычко. — Мы працуем не замест яе, а разам з ёю. Наша медсястра, улiчваючы велiзарную псiхалагiчную нагрузку i пераезды па гораду, можа наведаць хворага 1—3, ад сiлы 5 разоў на тыдзень. А медыкаментозным лячэннем (наркатычны прэпарат уводзiцца 2—3 разы ў дзень) займаецца палiклiнiка.

Дзённы стацыянар хоспiсу разлiчаны на 20 месцаў. Тут на працягу дня, з 8 ранiцы да 8 вечара, хворыя могуць атрымаць i лячэнне, i псiхалагiчную падтрымку, i масаж — не класiчны, а кантактны, калi да цябе дакранаюцца, каб зняць напружанне i заспакоiць. Псiхалагiчныя праблемы хворых i iх родных спрабуюць вырашаць з дапамогай распрацаваных методык: праз малюнак, музыку i задушэўшую размову. З дзённым стацыянарам ушчыльную супрацоўнiчаюць валанцёры, духоўныя асобы, прадстаўнiкi розных канфесiй. Айцец Аляксандр, настаяцель царквы Георгiя Пабеданосца, падтрымлiвае не толькi хворых, але i медперсанал.

Анкалагiчнае захворванне нельга параўнаць нi з якiм iншым — настолькi яно жорсткае. Ступень пакут, якiя пераносiць хворы, здароваму чалавеку ўсвядомiць немагчыма. Тое, што зведваюць у апошнiя днi пацыенты стацыянарнага аддзялення (яно знаходзiцца на другiм паверсе хоспiсу), патрабуе асаблiвай увагi медыкаў. Толькi яны могуць пракантраляваць усе сiмптомы i прыняць рашэнне аб той цi iншай форме дапамогi. Тут уступаюць у дзеянне пэўныя схемы падбору абязбольвальнай тэрапii, купiруюцца рвота i страўнiкавыя расстройствы, лечацца пролежнi...

Нягледзячы на тое, што ў шпiталiзацыi яшчэ не было адмоўлена нiводнаму анкалагiчнаму хвораму, у якога мелася спецыяльнае ўрачэбнае накiраванне, стацыянарнае аддзяленне, разлiчанае на 30 чалавек, не запоўнена.

— Многiя людзi проста не ведаюць аб iснаваннi такой медыцынскай установы. Iншыя ведаюць, але чамусьцi лiчаць, што медыцынскiя паслугi тут платныя. Падкрэслiваю — абсалютна ўсе паслугi, у тым лiку i знаходжанне ў стацыянарным аддзяленнi, у нас бясплатныя i прадастаўляюцца ўсiм жыхарам Мiнска, хворым на анкалогiю, па паказаннях. Паказаннем жа з’яўляецца IV клiнiчная група гэтага захворвання, пацверджаная адпаведнай дакументацыяй, — гаворыць Вольга Вiктараўна.

Плюс камфорт, мiнус казёншчына

Яна ўпэўнена, што хоспiс не можа быць вялiкай бальнiцай, скажам, на 1000 ложкаў. Гэта ўвогуле не ў прынцыпах палiятыўнай службы. Ва ўсiм свеце хоспiсы — маленькiя ўстановы, дзе колькасць ложкаў не перавышае 30. У iдэале iх павiнна быць 15—20. Гэта, па-першае, абараняе персанал, як тут кажуць, ад выгарання (якая нервовая сiстэма вытрымае вялiкую колькасць цяжкахворых?). Па-другое, стварае ўтульную атмасферу для самiх хворых i iх родных.

Хоць да сапраўднага камфорту, лiчыць Вольга Вiктараўна, тут яшчэ далёка. Хацелася б, напрыклад, мець больш электрычных i механiчных матрацаў для прафiлактыкi пролежняў. Неабходны спецыяльны лiфт для перакладвання i мыцця хворых, каб не цягаць iх на руках з аднаго паверха на другi. Галоўнага ўрача раздражняе казёншчына, з якой падыходзяць у нас да абсталявання бальнiчных пакояў — яны ўсе падобныя адзiн на аднаго, мiж тым як у iншых краiнах такiя палаты абсталяваны пад хатнiя пакойчыкi, iнтэр’ер якiх нiколi не паўтараецца. Там нават медсёстры не ходзяць у белых халатах, каб не псаваць хворым настрой.

— Нам жа, — уздыхае Вольга Вiктараўна, — чамусьцi трэба ўсё падганяць пад трафарэт.

Надзённыя патрэбы хоспiсу — лекi, прадукты, зарплату супрацоўнiкам — забяспечвае гарадскi бюджэт. А спецыяльнае абсталяванне — стульчыкi, падкатныя столiкi, памперсы i iншыя сродкi гiгiены, якiя не вырабляюць пакуль што ў рэспублiцы — дасылаюць калегi з-за мяжы i адпаведныя грамадскiя аб’яднаннi.

Аддаць хвораму «кавалак» душы, зняць напружанне з таго, хто ўжо асуджаны, — гэта ахвяраванне не вымераеш нi штукамi, нi кiлаграмамi, нi кiламетрамi... Выпадковыя людзi тут не затрымлiваюцца, звальняюцца, не вытрымаўшы выпрабавальны тэрмiн. Некаторыя — праз дзень-два. Таму i молiцца айцец Аляксандр аб тым, каб не ачарсцвелi душы ўрачоў i сястрычак, каб даў Бог iм сiлы.

Серыялы адпачываюць

З тымi, хто застаецца працаваць, галоўны ўрач абавязкова размаўляе «па душах». У вынiку такiх размоў высветлiлася, што амаль кожны з яе падначаленых перажыў падобную трагедыю — страту блiзкага. Псiхолагi называюць гэта «сiндромам адпрацоўкi» — калi чужому чалавеку ты iмкнешся аддаць усё тое, што недадаў свайму...

Валянцiна Бранiславаўна Пракапенка, старшая медсястра стацыянарнага аддзялення палiятыўнай дапамогi, раней была перавязачнай сястрой. Да новага аддзялення ўжо прырасла, але сутыкацца са смерцю так i не прывыкла.

Фiзiчную работу ў аддзяленнi Валянцiна Бранiславаўна нагрузкай не лiчыць — пасля гэтага можна выспацца, адпачыць. Самае ж складанае — патэлефанаваць родным i паведамiць аб смерцi блiзкага чалавека.

Медсёстры працуюць па 12 гадзiн. Iх задача — абязбольванне па гадзiнах, выкананне ўрачэбных прызначэнняў, дапамога ў кармленнi, перасцiланнi, пераварочваннi. А самае галоўнае — маральная падтрымка пацыентаў.

— Адна хворая ўжо 6 гадоў з ложка не ўстае, i ўвесь час яе трэба варочаць. А бываюць пацыенты вагой больш за 100 кiлаграмаў — iх пераварочваюць некалькi чалавек.

Тут усе ўмеюць рабiць усё, не цураюцца брудных прасцiн i спецыфiчнага паху.

— А малодшага медбрата па догляду хворых Андрэя Матавiльца мы i нашы пацыенты гатовы на руках насiць. Андрэй Вiтальевiч не грэбуе нiякай работай — i палату прыбярэ, i катэтар памые, i хворага пераапране...

Афiцыйна прайшло крыху больш за 100 дзён пасля нараджэння хоспiсу — а ён ужо жыве сваiм жыццём. Пацыенты тут сыходзяцца, сябруюць, разыходзяцца, мiрацца i нават вянчаюцца... Як гаворыць Вольга Вiктараўна, серыялы адпачываюць. Многiя памятаюць першую пацыентку Тамару — у чаканнi адкрыцця хоспiсу яна ў прамым сэнсе слова жыла на прыступках, а чуллiвыя медсёстры падкормлiвалi яе малаком i батонам.

У палаце Тамара пражыла да самай смерцi (крыху больш за месяц). Яна была вельмi ўдзячна персаналу за тое, што ўпершыню за шмат гадоў смачна паела i пахадзiла ў чыстым халаце.

Была пацыентка — ветэран вайны — над якою сястрычкi плакалi, а яна iх падтрымлiвала i падбадзёрвала да канца. Светлы, пазiтыўны чалавек...

Была неверагодна прыгожая 38-гадовая жанчына, чыю знешнасць хвароба пашкадавала, а вось жыццё — не.

Быў мужчына, якога прывезла ў аддзяленне дачка. Адыходзячы, яна пакiнула бацьку «гасцiнец» — слоiк зялёнага гарошку. Калi бацька памёр, так яе i не дачакаўшыся, прыйшла i забрала некрануты слоiк.

Многае было i прайшло, многае яшчэ будзе. I жыццё, i любоў, i слёзы, ...

— Ведаеце, — прызналася на развiтанне Вольга Вiктараўна, — мяне таксама не абмiнуў «сiндром адпрацоўкi». Мой бацька пайшоў з жыцця ад анкалогii мозгу, мама «згарэла» яшчэ раней... Зараз думаю: калi б тады побач з намi была нейкая кропка апоры, чалавек, якi змог бы падтрымаць, знайсцi правiльныя словы... Магчыма, i iм, i мне было б не так балюча. Так што тэма хоспiсу ў мяне выпакутаваная...

P.S. Разлiковы рахунак дзяржаўнай установы «Бальнiца палiятыўнага догляду «Хоспiс»:

у беларускiх рублях — 3642000000054, валютны — 3642000000067 у фiлiяле 511 ААБ «Беларусбанк», пр-т Партызанскi, 26, код 815. УНП 190657716



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З гэтай бядой я сутыкнулася толькi аднойчы, i тое ўскосна. У суседкi з трэцяга паверха (наша сям’я жыла на другiм) памiраў ад анкалагiчнага захворванн
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика