Алё, народ на провадзе!
Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар
«...Калi б хто спытаў, за што я люблю гэту рубрыку, — чытаем у лiсце Лiзаветы Дземянчук з Кобрына, — адказала б адразу. За тое, што яна дае магчымасць не проста адпачыць душой, нешта даведацца, пасмяяцца, але i задумацца, па-новаму нешта ўбачыць».
Што? З «падачы» аўтара гэтага лiста — нi больш, нi менш... Радзiму. Не верыце? То ў чарговы раз — слухайце. I думайце. «А мы што — горай?» У аўтобусе «Брэст—Гродна» нас, пасажыраў, было тады трое. У Кобрыне дабавiлася парачка яшчэ. — Здарова, Гнат! — з парога зашумеў адзiн з зайшоўшых. — Ты адкуль гэта? I куды? — Ды дадому... А адкуль?.. З Бельгii. — Авохцi мне! Якiм жа ветрам цябе, брат, загнала? Ды аж туды!.. — Якiм-якiм?.. Дачка замуж пайшла. — Во, лiха! Цi не?.. Дык раскажы: цi добра жыве там?.. Сама ды i людзi? — А што тут казаць? Багата... Вось едзе аўтобус за трыста вёрст i вязе аднаго чалавека. Жывуць... — А мы што — горай? — свае «пяць капеек» уставiла ў размову кабета. — Нас таксама ж вязуць! Паглядзi — пяць чалавек усяго! Хто сядзiць, хто ляжыць на двух крэслах. А аўтобус якi?!. Так што маўчаў бы ты са сваёю Бельгiяй! Мужык спрачацца не стаў — зацiх, паглядзеў у вакно на прыгожыя лясы, на прыбраныя палi. Задрамаў потым, а спадарожнiкi — цiшком пагаманiлi: — Ён вось тую Бельгiю хвалiць, — даверлiва казаў кабеце адзiн з пасажыраў. — А чаму? Бо яго дачка там, замужам... — А мы сваю Беларусь, — бо тут нашы... I замужам, i жанатыя... Лiзавета Дземянчук, г. Кобрын Нумар не прайшоў Юрка з Саўкам па-суседску жылi, сябравалi — у iх агульнае хобi было — зранку ўжо шныхарылi, каб недзе чарку знайсцi. У той дзень яна (i не адна, вiдаць!) была гарантаванай — бабулька ў вёсцы памерла. Хто магiлу выкапае? Зразумела ж, яны, сябры: прывычна ўскiнулi на плечы рыдлёўкi, зрабiлi ўсё чын-чынаром, пахавалi. Потым — на жалобную вячэру пайшлi. I не горшыя месцы занялi. Аднаго шкада iм было — не «адарвешся» тут, не пасядзiш па той бок ночы, не пагамонiш... А самае крыўднае, што не вяселле ж, не хрэсьбiны, — назаўтра — пахмялiцца не даюць. — А давай мы з табою тут шапкi забудзем, пакiнем на цвiчках, — пайшоў на хiтрыкi Саўка. — Давай, — узрадаваўся Юрась. Засынаў ён дома i бачыў, як ранiцай прачнецца, як паклiча Саўку, як разам яны пойдуць па шапкi, а там... Каму-каму, а iм, далакопам, дочкi нябожчыцы, па шклянцы ж нальюць?.. Ранiцай, ледзь сонца ўзышло, абое былi на нагах, абое рушылi да брамак. I абое ж — ля iх спынiлiся: Юркава шапка вiсела ў яго на штыкецiнцы, Саўкава — у яго. Нумар не прайшоў. «Мы з табой разумныя, — зазначылi сябры, — але i бабы цяпер не дурныя. Абвялi вакол пальца». З гэтым (нельга ж парушаць традыцыю?) хлопцы палезлi ў кiшэнi i неяк наскрэблi-такi на бутэльку вiна. Леанiд Анцiпенка, г. Шклоў Перш, чым сказаць «Так» У 50-я гады мiнулага веку ледзь не ўся наша моладзь рынулася ў Казахстан на асваенне цалiнных зямель. Вабiлi туды так гучна абяцаныя i перспектывы, i добрыя заробкi, i ўмовы жыцця. Грэх было на iх не купiцца. З нашай вёскi таксама людзi паехалi — трое хлопцаў i двое дзяўчат. У iх, у бараку, асобны пакойчык быў. А ведама ж нашы — маладыя, бялявыя, прыгожыя. Мясцовыя кавалеры (казахi) з iх вачэй не спускалi. Высачылi неяк, дзе жывуць. У дзверы пастукалi. Дзеўкi затаiлiся i нi «гу-гу»: не хацелi сябраваць з iмi. Тыя патапталiся ў калiдоры, яшчэ раз пастукалi. А потым адзiн з iх i кажа: — Дэвушкi, а дэвушкi! Вы здэсь iлi нэт? Еслi вас нэт, скажi, што нэт, i мы ўйдём. Дружны рогат «сказаў» iм больш. Хлопцы падбадзёрылiся i свае заляцаннi пачалi спачатку. ...На цалiне тыя нашы дзяўчаты так i засталiся. I дзецям сваiм пра першыя спатканнi з iх бацькамi расказвалi, як анекдот. Наталля Капуста, в. Урублеўшчына, Валожынскi раён
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«...Калi б хто спытаў, за што я люблю гэту рубрыку, — чытаем у лiсце Лiзаветы Дземянчук з Кобрына, — адказала б адразу. За тое, што яна дае магчымасць
|
|