Якога сёння?Добры дзень, родныя словы! Чытачы папрасiлi ўдакладнiць...Вось i мiнуў гарачы час працы ў полi, а ў каго — заслужанага адпачынку: канiкулаў, аксамiтнага сезона. Выпаў час трохi пасунуцца iншым рубрыкам у газеце, даючы месца i нашай рубрыцы. Жыхарка сталiцы, пенсiянерка, ветэран працы Соф’я ЯШЧАНКА пытаецца: «Як вы гледзяце на такi выраз: Якое сёння чысло? Ён не-не ды мiльгане сям-там у друку». Адказваем: мы таксама, як i вы, не бачым асаблiвай патрэбы ў слове чысло. У беларускай мове ў яго няма падтрымкi той гурмы слоў, якая ёсць, скажам, у яго рускага цёзкi: числить(ся), числовой, численный, численность, числительное, числитель i г.д. У нас i ў граматыцы, i ў матэматыцы пяршынствуе слова лiк. Згадайма хоць бы: единственное, множественное, двойственное число — адзiночны, множны, парны лiк; четное, нечетное число — цотны, няцотны лiк i доўгi-доўгi шэраг iншых тэрмiнаў: дробное число — дробавы лiк; мнимое число — уяўны лiк; именованное число — найменны лiк; теория чисел — тэорыя лiкаў i г.д. Часта на дапамогу лiку прыходзiць слова колькасць. В большом числе — у вялiкай колькасцi; превосходить числом — пераважаць колькасцю; собралось большое число гостей — сабралася вялiкая колькасць гасцей. Тым больш што ў рускай мове якраз словы число i количество супадаюць, калi ўжываюцца пры назвах прадметаў, якiя паддаюцца падлiку. Напрыклад, число рабочих тое самае, што количество рабочих. I г.д. Вядома, слова лiк любiць свой кантэкст. I калi в их числе можа мець адпаведнiк у iх лiку, то ўсё ж лепш гучыць: сярод iх, мiж iх. Один из числа — адзiн з iх; он был в числе первых — ён быў адзiн з першых; в числе присутствующих его не было — сярод прысутных яго не было. Падамо i яшчэ некалькi прыкладаў. Средним числом — у сярэднiм; без числа побач з параю без лiку мае i безлiч, i мноства, i незлiчона... Несть числа — вялiкае мноства; через число — вельмi шмат, праз (цераз) меру, не ў меру, без меры, цераз край i iнш. Як вiдаць, нам зусiм не выпадае ўжываць слова чысло толькi дзеля адзiнага значэння — для абазначэння дня месяца, даты. Напрыклад: запишите дату (год, месяц, число) — запiшыце дату (год, месяц, дзень). I таму так натуральна, не рэжучы вуха iншамоўем, гучыць: — Якога сёння? I адпаведна на родны склон пытальнага займеннiка чуваць у адказ родны склон парадкавага лiчэбнiка: — Другога снежня. Мiж iншым, пытанне «Якога (каторага)?» гэтак жа задаюць i ў iншых заходнееўрапейскiх мовах, напрыклад, у чэшскай: Коlikatego je dnes? (лiтаральна: каторага сёння?) Або, можа, каму ўспомнiцца са школы аналагiчна нямецкае: «Den wievielten haber win? (лiтаральна: каторага маем мы?), хоць нi аб нiякiм уплыве адной мовы на другую гаворка тут не iдзе. Гэтак жа в первых числах июня — у першых днях чэрвеня (першымi днямi чэрвеня) — поўнае супадзенне з нямецкiмi in den ersten Tagen des juni. Або яшчэ iншы беларускi адпаведнiк вышэй згаданаму: у пачатку чэрвеня (па-нямецку Anfang Juni, па-англiйску early in June). Дзень, дата — тут словы напашэве. Поставь число — пастаў дату. Заўважым: у беларускай мове слова дата куды шырэй сустракаецца побач з агульнымi для рускай i беларускай моў ужываннямi: дата нараджэння, смерцi; гiстарычная, векапомная, памятная. А пра панядзелак, аўторак i г.д у нас пытаюцца: «Якi дзень тыдня?» Дарэчы, гэтак можна спытацца i пра дату: якi дзень месяца? Мiж iншым ёсць аналогiя ў англiйскай: What is the day of the month? Адным словам, у нас усё, як у людзей. I, дарагiя навучэнцы, студэнты! Глыбей вывучайце родную мову! З ёю лягчэй вывучаць i замежныя. I пад канец згадаем яшчэ адзiн рускi фразеалагiзм са словам число. Всыпать по первое число — што значыць моцна, сурова пакараць. Гэты ўласна рускi фразеалагiзм вырас з гiсторыi школы Расii. Даўней у школах Расii дзяцей штотыдня лупцавалi, не зважаючы, вiнаваты вучань цi не. Калi выхаваўцы адчувалi, што «перастаралiся», то лупцоўка залiчвалася вучню i на далейшыя тыднi аж да першага дня наступнага месяца. (Гл.: Н.М. Шанский и др. Опыт этимологического словаря русской фразеологии. М.: Русский язык, 1987. Стар 107—108). А беларускiя адпаведнiкi гэтаму рускаму выслоўю дапаможа падабраць двухтомны «Фразеалагiчны слоўнiк беларускай мовы» I.Я. Лепешава (Мн. Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi, 1993): усыпаць гарачых, даць дыхту, гарту, чосу, пытлю, у косцi, у скуру, спусцiць скуру (шкуру, сем шкур) i г.д. А пiшу гэта, каб чалавек, якi легкадумна ставiцца пры адборы слоў, згадаў, што магло б яго чакаць, як таго вучня, даўней. Рубрыку вядзе Анатоль КЛЫШКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось i мiнуў гарачы час працы ў полi, а ў каго — заслужанага адпачынку: канiкулаў, аксамiтнага сезона. Выпаў час трохi пасунуцца iншым рубрыкам у газе
|
|