21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

КЛУБок праблем у Чарневiчах: культурных i не толькi

25.08.2009 22:15 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей РАСОЛЬКА

Пiсьмо з каментарыем

Прывiтанне, паважаная рэдакцыя газеты «Звязда»! Пiша вам моладзь i людзi старэйшага ўзросту з вёскi Чарневiчы Глыбоцкага раёна . Справа ў тым, што ў нашай вёсцы яшчэ ў студзенi 2006 года зачынiлi будынак Дома культуры i бiблiятэкi. Мы спачатку тэлефанавалi i пiсалi ў раённыя iнстанцыi, потым — у Мiнiстэрства культуры. Будынак зачынiлi па прычыне аварыйнага стану. Старшынi СВК «Чарневiчы» I.В. Пустыннiкаву было дадзена даручэнне ўмацаваць кроквы i столь будынка. Гэта даручэнне выканкама не было выканана, паколькi кiраўнiк застаўся пры сваiм меркаваннi, г.зн. будынак не падлягае рамонту (з афiцыйнага адказу I.В. Пустыннiкава аддзелу культуры Глыбоцкага райвыканкама). Мiнiстэрства культуры перадало наша пiсьмо ў Глыбоцкi аддзел культуры, дзе нам адказалi, што быццам бы ў 2009 годзе плануецца будаўнiцтва аграгарадка, тады пабудуюць i ДК. А што рабiць зараз? Бiблiятэку праз 10 месяцаў адкрылi ў аварыйным будынку, зрабiўшы касметычны рамонт. Мы не супраць таго, што працуе бiблiятэка, але чаму нельга адкрыць Дом культуры?

Складваецца такое ўражанне, што праўленню СВК «Чарневiчы» выгаднае такое становiшча, паколькi яны працягваюць эксплуатаваць будынак, якi закрылi. У прыватнасцi, у лютым 2006 года быў праведзены сход калгаснiкаў i канцэрт. У вераснi будынак арандавалi на вяселле, 17 лiстапада быў праведзены канцэрт (самадзейных артыстаў з Мiёрскага раёна), а 18 лiстапада — «Агеньчык» у тым жа будынку, дзе, як сцвярджае I.В. Пустыннiкаў, нельга правесцi рамонт. Мы нiяк не можам зразумець, як гэта можа быць: праводзiць мерапрыемствы для ўсiх людзей — нельга, а для некаторых — можна. Многiя з нас з задавальненнем удзельнiчалi ў мерапрыемствах, у нас нават каманда КВЗ была (выступалi ў Глыбокiм), i «Дочкi-мацi», i «Рыцарскiя турнiры», ды i проста канцэрты. У нас у вёсцы была такая традыцыя: на свята 8 Сакавiка толькi адны мужчыны ўдзельнiчаюць у канцэрце — нам гэта падабалася. Хутка Новы год, а ў нас таксама была традыцыя збiрацца ў клубе напярэдаднi на мерапрыемства (гульнi, конкурсы, латарэя), а потым iсцi дадому сустракаць Новы год у сям’i, а затым зноў iсцi ў клуб, сустракацца з сябрамi i танцаваць да ранiцы. А сёлета давядзецца сядзець кожнаму ў сваiм кутку.

Перад правядзеннем «Агеньчыка» мы тэлефанавалi ў аддзел культуры, начальнiк аддзела адказала, што дапамагчы нiчым не можа, паколькi будынак знаходзiцца на балансе СВК «Чарневiчы». Вы ведаеце, нам было настолькi крыўдна, што ў «нашым» Доме культуры праходзiў «Агеньчык», а мы мусiлi пехатой iсцi за 7 кiламетраў у блiжэйшы клуб... Дапамажыце нам, калi ласка, у нас яшчэ засталася надзея на вашу дапамогу. Не лiчыце наша пiсьмо ананiмным, паколькi яно без подпiсаў. Мы, калi пiсалi ў мiнiстэрства, збiралi подпiсы i спадзявалiся на дапамогу, але многiя ўжо страцiлi надзею i не бачаць станоўчага вырашэння праблемы...

Перш-наперш мы патэлефанавалi начальнiку Глыбоцкага раённага аддзела па надзвычайных сiтуацыях палкоўнiку ўнутранай службы Уладзiмiру МIЦЬКО: цi праўда, што будынак Дома культуры i бiблiятэкi ў Чарневiчах знаходзiцца ў аварыйным стане? Пакуль Уладзiмiр Пятровiч падымаў патрэбныя дакументы, патэлефанаваў старшынi СВК «Чарневiчы» Iвану ПУСТЫННIКАВУ.

— Iван Васiльевiч, цi праўду пiшуць у лiсце, што будынак, якi знаходзiцца на балансе гаспадаркi, аварыйны?

— Так, уся справа ў яго падмурку, вось у мяне i заключэнне адпаведнай камiсii перад вачыма: падмурак непрыдатны. Паперу, сярод iншых, падпiсалi галоўны архiтэктар раёна, намеснiк старшынi райвыканкама па будаўнiцтву, прадстаўнiкi санстанцыi, пажарнай службы, сельсавета. Давайце ваш нумар факса, я скiну вам заключэнне (аўтар яго так i не атрымаў — С.Р.).

Паводле далейшых слоў Iвана Пустыннiкава вынiкала, што нейкiм чынам падправiць падмурак нельга — яго толькi зачапi, i давядзецца рабiць усё фактычна з нуля. А экспертыза, праектна-каштарысная дакументацыя каштуюць немалых грошай.

— Iван Васiльевiч, папраўце мяне, калi я не маю рацыi. Будынак прызнаны аварыйным, вы самi гэта пацвердзiлi. I ў iм праводзiцца агульны сход работнiкаў СВК, канцэрты, вяселле, як напiсана ў лiсце... Як такое магчыма?

— Усё праводзiлася па просьбе людзей, пад маю адказнасць. Людзi адпрацавалi год, няўжо мы не заслужылi магчымасцi разам сабрацца, паглядзець на выступленнi артыстаў?

— Безумоўна, заслужылi. Але будынак, нагадаю, у аварыйным стане. Тая ж моладзь скардзiцца, што iншыя мерапрыемствы праводзiць тут нельга...

— Паўтараю яшчэ раз: сход, канцэрт быў па просьбе, пад маю адказнасць. Калi каму трэба танцы, няхай iншыя за гэта i адказваюць.

— Добра, а што з бiблiятэкай? Наколькi я зразумеў, гэта адзiн будынак, з агульным падмуркам...

— Гэта адзiн будынак, але над бiблiятэкай асобная канструкцыя столi. Там была адрамантавана электраправодка, печ, месцамi — падлога.

Напрыканцы размовы я ўсё ж высветлiў у Iвана Васiльевiча, што ў вёсцы ёсць школа. Чаму б там было не правесцi ўсе памянёныя мерапрыемствы з удзелам работнiкаў СВК — у актавай цi спартыўнай зале? Нейкага дакладнага адказу на маё пытанне чамусьцi так i не прагучала.

...Начальнiк Глыбоцкага раённага аддзела па надзвычайных сiтуацыях Уладзiмiр Мiцько пацвердзiў, што напачатку фактычна забаранялася эксплуатацыя ўсяго будынка ў Чарневiчах, выносiлася адпаведнае прадпiсанне. Аднак затым дазвол на эксплуатацыю бiблiятэкi (пасля афiцыйнага звароту аддзела культуры, выканання ўсiх нормаў пажарнай бяспекi ў гэтым памяшканнi) пажарнай службай быў дадзены. Што да памяшкання клуба, нiхто афiцыйна наконт яго не звяртаўся, адпаведна, гэта памяшканне на дадзены момант да эксплуатацыi забароненае. Як тады ў iм маглi праводзiцца шматлюдныя мерапрыемствы? «Падчас планавых аб’ездаў памяшканне клуба было зачынена. А штодня iнспектара там дзяжурыць не пакiнеш».

* * *

У нас няма мэты закрыць бiблiятэку. Хоць мы цудоўна разумеем, што, iмкнучыся разабрацца ў сiтуацыi, ускосна i аўтары лiста ў рэдакцыю (выходзiць, яны iнфармацыяй аб афiцыйным дазволе на эксплуатацыю гэтага памяшкання не валодаюць?), i журналiст могуць нейкiм чынам паўплываць на гэта пытанне. Шчыра скажам, не хацелася б, каб адмоўна. Я разумею хваляванне дырэктара цэнтральнай бiблiятэчнай сiстэмы Глыбоцкага аддзела культуры Нiны ПРОТАС, якая гаварыла, што ў бiблiятэцы няма такой вiбрацыi, якая можа быць у клубе падчас танцаў, што тут няма такой вялiкай колькасці народу. «Мы не рызыкуем так, як рызыкуе клуб». Аднак, паважаная Нiна Андрэеўна, пагадзiцеся: пытанне наконт бяспечнасцi памяшкання бiблiятэкi мы павiнны былi задаць. I гэта зусiм не азначае, што мы ставiм пад сумненне чыюсьцi працу, намаганнi па вырашэнню шэрагу праблем.

Тая ж Нiна Андрэеўна расказвала далей, што ўжо ёсць дамоўленасць са старшынёй СВК: адзiн з вызваленых у наступным годзе дамоў, адкуль працаўнiкi пераедуць у новае пабудаванае жыллё, часова аддаць пад бiблiятэку. Бо iншых свабодных памяшканняў пакуль няма, гэта сапраўды праблема. Пра яе мы гаварылi i з першым намеснiкам старшынi райвыканкама Вiналiем ПЯТКЕВIЧАМ. У выканаўчым камiтэце цудоўна ведаюць i пра мясцовы клуб. Так, у перспектыве гаворка можа iсцi пра аграгарадок з неабходнай iнфраструктурай. А пакуль як моладзi бавiць вольны час?

* * *

Мы невыпадкова змясцiлi лiст нашых чытачоў амаль без скарачэнняў. У дадзеным выпадку не перашкодзiла i адсутнасць подпiсаў канкрэтных заяўнiкаў, бо ў аддзеле культуры райвыканкама пацвердзiлi — моладзь з вёскi Чарневiчы са сваiмi праблемамi ўжо звярталася. Гэта па-першае. Па-другое, i змест, i логiка лiста паказваюць, што пiсалi яго людзi адукаваныя, у якiх не толькi «танцы ў галаве». Нагадаем, яны i канцэрты ладзiлi, i гульнi, i латарэi. Можна, на наш погляд, не сумнявацца, што i ў неаднойчы ўжо сёння згаданую бiблiятэку ходзяць. А што, калi б паважаны Iван Васiльевiч Пустыннiкаў, старшыня СВК, папрасiў менавiта гэтую моладзь арганiзаваць святочнае выступленне перад сваiмi працаўнiкамi пасля агульнага сходу? З далейшымi наступнымi танцамi, канцэртамi? Ды не ў памяшканнi Дома культуры, а ў той жа школе? Няўжо яе адмiнiстрацыя не пайшла б насустрач, асаблiва калi б нашы заяўнiкi — «моладзь i людзi старэйшага ўзросту» — не толькi б арганiзавалі святочную вечарыну, але i забяспечылі парадак i належную культуру паводзiнаў? Абыякавыя людзi, упэўнены, не сталi б так хвалявацца за тое месца, дзе яны нарадзiлiся або жывуць. Красамоўны таму прыклад, за якiм, як кажуць, далёка хадзiць не трэба, — сямейны клуб «Востраў разумення», што дзейнiчае ў раёне i чые справы добра вядомыя чытачам «Звязды». Клуб аб’ядноўвае i моладзь, i людзей сярэдняга ўзросту, i нават сталага на глебе агульных iнтарэсаў. Удзельнiкi займаюцца экстрэмальнымi гульнямi (турысцкiя паходы, акунанне ў палонку, скачкi з парашутам, пад’ём на вышыню i апусканне на дно вадаёма i iнш.), прычым удала i паспяхова спалучаюць iх з ваенна-патрыятычным выхаваннем. Трэба заўважыць, што найперш iх уласная iнiцыятыва i жаданне нешта змянiць у сваiм жыццi i жыццi сяброў штурхаюць удзельнiкаў клуба на «штурм» усё новых праектаў... Даруйце, неяк само па сабе атрымалася, што мы быццам бы сапраўды вучым некага працаваць. Проста шкада, што iнiцыятыўная i неабыякавая моладзь у пэўным сэнсе засталася сам-насам з уласнымi праблемамi.

* * *

Напрыканцы мы папрасiлi аказаць магчымую дапамогу нашым заяўнiкам намеснiка начальнiка ўпраўлення культуры Вiцебскага аблвыканкама Iрыну КОЗIНУ. Пасля перамоў апошняй з намеснiкам старшынi Глыбоцкага райвыканкама Валянцiнай СЯМЧОНАК, якая курыруе сацыяльную сферу, Iрына Андрэеўна сказала, што будзе дасягнута дамоўленасць з кiраўнiцтвам мясцовай школы аб правядзеннi ў яе спартыўнай зале танцавальных вечароў. Для гэтага моладзi з вёскi Чарневiчы трэба звярнуцца да памянёнай Валянцiны Iванаўны. Мера гэта часовая, але iначай вырашыць праблему з клубам у блiжэйшы час наўрад цi атрымаецца. Хiба толькi чакаць 2009 года, калi запланавана ўзвядзенне сучаснага цэнтра культуры i вольнага часу?.. Сiтуацыю таксама ўзяла пад кантроль галоўны спецыялiст упраўлення народнай творчасцi Мiнiстэрства культуры Людмiла СТРАПКО, да якой мы таксама звярталiся па дапамогу.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прывiтанне, паважаная рэдакцыя газеты «Звязда»! Пiша вам моладзь i людзi старэйшага ўзросту з вёскi Чарневiчы Глыбоцкага раёна . Справа ў тым, што ў н
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика