На Палессi сiноптыкi «згубiлi» зiму
Сяргей КУРКАЧ
Рэспублiканскiм гiдраметцэнтрам распрацаваны стратэгiчны прагноз змянення клiмату Беларусi да 2010 года
Спецыялiсты падлiчылi, што на працягу ўсяго ХХ стагоддзя да канца 80-х гадоў кароткачасовыя перыяды пацяпленняў чаргавалiся з падобнымi перыядамi пахаладанняў. Аднак, пачынаючы з 1989 года, на планеце пачалося самае моцнае i самае працяглае пацяпленне. За час глабальнага пацяплення клiмату сярэднегадавая тэмпература паветра ў свеце павялiчылася на 0,6 градуса. Паводле падлiкаў начальнiка аддзела клiмату Рэспублiканскага гiдраметцэнтра Алены КАМАРОЎСКАЙ, у нашай краiне тэмпературны фон за 17 гадоў павялiчыўся на 1,1 градуса. Раней сярэднегадавая тэмпература паветра ў Беларусi была 5,8 градуса, а зараз — 6,9. Спецыялiсты ўпэўнены, што тэндэнцыi на глабальнае пацяпленне клiмату захаваюцца ў нас i ў блiжэйшыя 5—10 гадоў. Якiя тэндэнцыi мы маем зараз? Павелiчэнне сярэднегадавой тэмпературы прыпадала галоўным чынам на першыя чатыры месяцы года. Самым анамальна цёплым для сезона ў апошнiя 15 гадоў ужо традыцыйна стаў студзень, якi прыплюсоўвае каля 3,5 градуса да нормы. Значна пацяплеў люты, сакавiк i крыху — красавiк. У апошняе дзесяцiгоддзе павялiчылiся тэмпературы летнiх месяцаў, але не вельмi моцна: ад плюс 0,1 градуса ў чэрвенi да плюс 0,8 градуса ў жнiўнi. У лiстападзе пачало назiрацца нязначнае панiжэнне тэмпературы: узгадаем хоць бы сёлетняе пахаладанне з 3 па 10 лiстапада, калi гаспадарылi сур’ёзныя начныя маразы i снег. Аналiз даных шматгадовых назiранняў паказвае, што змяненне сярэднегадавой тэмпературы на градус iстотна павялiчвае вегетацыйны перыяд, што адпавядае зруху на тэрыторыi аграклiматычных зон прыкладна на 150—200 кiламетраў. Заўсёды лiчылася, што тэрыторыя Беларусi падзелена на аграклiматычныя зоны: Паўночную, Цэнтральную i Паўднёвую. Паводле меркавання спадарынi Камароўскай, у вынiку пацяплення адбыўся распад Паўночнай зоны i з’явiлася новая больш цёплая аграклiматычная зона на поўднi Палесся. Новая зона мае самую кароткую i цёплую ў межах Беларусi зiму i самы працяглы i цёплы вегетацыйны перыяд. Спецыялiстамi распрацавана стратэгiя развiцця сельскагаспадарчай вытворчасцi з улiкам iснуючага змянення клiмату. Сярод станоўчых момантаў адзначаецца павышэнне тэмпературы паветра ў зiмовыя i першыя месяцы вясны, скарачэнне на 24—28 дзён зiмовага перыяду, што знiжае выдаткi на стойлавае ўтрыманне жывёлы i паляпшае ўмовы перазiмоўкi азiмых i траў, рост тэмпературы паветра i павелiчэнне колькасцi сухiх дзён у лiпенi—жнiўнi паскарае паспяванне i тэрмiны ўборкi збожжа, паляпшае яго якасць. Існуюць i адмоўныя наступствы пацяплення клiмату. Гэта слабае загартоўванне раслiн, павелiчэнне магчымасцi пашкоджання ўсходаў раннiх пасеваў замаразкамi, калi цёпла было ўжо ў красавiку, а потым назiраецца панiжэнне тэмпературы ў маi. Стануць не вельмi добрымi ўмовы вырошчвання сярэднiх i познiх гатункаў бульбы, iльну i капусты, другога ўкосу траў. Разам з тым самым моцным i станоўчым вынiкам пацяплення клiмату ў сацыяльна-эканамiчнай сферы стала эканомiя палiўна-энергетычных рэсурсаў на ацяпляльныя патрэбы. Сёння эксперты падлiчылi, што за апошнiя 17 гадоў ацяпляльны перыяд скарацiўся на 6—9 дзён за кошт больш ранняга пацяплення вясной.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэспублiканскiм гiдраметцэнтрам распрацаваны стратэгiчны прагноз змянення клiмату Беларусi да 2010 года |
|