21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Выратавальная мiсiя тэлефона даверу

25.08.2009 22:16 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гутарыў Леанiд ЛАХМАНЕНКА

Неўзабаве споўнiцца дзесяць гадоў як у Мiнску з’явiўся тэлефон даверу 215 00 00 для дзяцей i падлеткаў, а таксама iх бацькоў. Званкi прымаюць вопытныя псiхолагi. Амаль з пачатку адкрыцця гэтай лiнii маладзёжную аўдыторыю слухае i дапамае па меры магчымасцi псiхолаг дзiцяча-падлеткавай псiханеўралагiчнай лабараторыi мiнскага гарадскога псiханеўралагiчнага дыспансэра Алена Станiшэўская. З ёй сустрэўся наш карэспандэнт.

— Алена Яўгенаўна, тэлефон даверу, як вядома, працуе круглыя суткi. Якi самы напружаны час?

— Складана размежаваць i цяжка вывесцi заканамернасць. Псiхiчны крызiс у маладога чалавека можа наступiць у любы момант. Таму тэлефон дзейнiчае 24 гадзiны ў суткi. Але з майго вопыту магу сказаць, што часцей за ўсё патрэба размовы з псiхолагам на цяжкую тэму ўзнiкае блiжэй да ночы. Хоць актыўна пачынаюць тэлефанаваць пасля заняткаў у школе i да прыходу дамоў бацькоў. З 6 да 9 вечара актыўнасць спадае. Потым зноў шквал званкоў. А ноччу, як правiла, тэлефануюць заклапочаныя неадэкватнымi паводзiнамi дзяцей бацькi, якiя шукаюць у нас парады.

— Ну, а па днях тыдня якi расклад?

— Чамусьцi шмат трывожных званкоў выпадае на святы. Асаблiва на Новы год. Вiдаць, ад любога свята чакаеш нечага незвычайнага, здзяйсненне мараў, надзей, задумак, а няўдача разглядаецца як трагедыя. Напрыклад, не атрымаў той падарунак, на якi разлiчваў. Часта ў святы тэлефануюць па прычыне безадказнага кахання, здрады каханага, просяць парады як спадабацца, прывабiць юнака цi дзяўчыну, якiм чынам звярнуць на сябе ўвагу.

Нам часта тэлефануюць таму, што мы працуем на ўмовах ананiмнасцi. Для большай зручнасцi ў размове пытаемся як завуць суразмоўцу, але не цiкавiмся яго анкетнымi дадзенымi. Нам трэба аказаць экстранную дапамогу, магчыма, выратаваць чалавека ад непапраўнага кроку. I тут не да другараднай iнфармацыi i ўдакладненняў. Бо калi табе голас падлетка кажа, што жыццё абрыдла, то, паверце, канцэнтруешся выключна на пошуку выйсця з небяспечнай сiтуацыi.

— Тэлефон даверу — вынаходнiцтва беларускiх псiхолагаў?

— Не. Мы перанялi мiжнародную практыку яго выкарыстання. I гэта быў своечасовы i правiльны крок. Сёння псiхiка падлетка ў наш няпросты час, прабачце за банальны выраз, незалежна ад яго ўвагi i волi пастаянна знаходзiцца пад уздзеяннем розных фактараў. I не заўсёды юнак цi дзяўчына здольныя процiстаяць негатыўнаму ўплыву абставiнаў. Гэта могуць быць непрыемнасцi ў сям’i, школе, непаразуменнi з сябрамi, разрыў з каханым цi каханай i г.д. У вынiку, калi колькасць пераходзiць у якасць, адбываецца псiхiчны зрыў. Юнацтву ўвогуле ўласцiва залiшне драматызаваць сiтуацыю, прыходзiць у стан адчаю ад дробных, на погляд дарослых, праблем i непрыемнасцяў. Таму мы iмкнёмся мiнiмiзаваць наступствы вострай псiхiчнай рэакцыi. Не больш. У некаторых краiнах, напрыклад Iталii, псiхолаг з тэлефона даверу можа некаторыя даныя размовы перадаць у палiцыiю, iншыя праваахоўныя органы для прыняцця мераў. Мы ж дзейнiчаем як хуткая псiхалагiчная дапамога. У першую чаргу iмкнёмся выслухаць, зразумець, супакоiць, паспачуваць, пагутарыць, падказаць нейкае выйсце.

— Ведаеце, але гэта па сiлах многiм людзям-непсiхолагам.

— Згодна. Вельмi часта да нас звяртаюцца падлеткi, якiх дома не захацелi проста выслухаць, адмахнулiся ад iх «дробных» праблем як ад надакучлiвай мухi. Крызiс магла б папярэдзiць шчырая i зацiкаўленая размова па душах.

— Размова размовай, але што рабiць пасля яе падлетку?

— Мы звычайна рэкамендуем звярнуцца для больш грунтоўнай i прадметнай гутаркi да псiхолага ў палiклiнiку па месцы жыхарства. Таксама падказваем iншыя адрасы, дзе падлеткi могуць атрымаць квалiфiкаваную кансультацыю, дапамогу. Усе нашы амаль 30 псiхолагаў псiханеўралагiчнай лабараторыi працуюць у раённых дзiцячых палiклiнiках. Так больш зручна для юных наведвальнiкаў. Я, напрыклад, прымаю падлеткаў у 4-й палiклiнiцы.

Днямi завяршылася дэкада псiхiчнага здароўя. Паўсюдна адбылiся сустрэчы псiхолагаў у школах, iнтэрнатах, дзiцячых дамах, там, дзе могуць узнiкнуць пытаннi да нас.

— Можна акрэслiць кола праблем, якiя больш за ўсё турбуюць вашых ананiмных знаёмых? Iнакш кажучы, класiфiкаваць прычыны зваротаў падлеткаў, раскласцi iх, так бы мовiць, па палiцах?

— Канешне. Часцей за ўсё нам тэлефануюць з-за вострых канфлiктаў i непаразуменняў з бацькамi, скасавання iх шлюбу, настаўнiкамi, сябрамi, братам цi сястрой, бабуляй цi дзядулем, пра безадказнае каханне ўжо казала. Прырода гэтых сутыкненняў характараў i асабiстых драм часта амаль аднолькавая: адсутнасць даверу, цеплынi, павагi да дзяцей i падлеткаў у сем’ях i школе.

— Вiдаць, званкi адрознiваюцца па складанасцi ўзнiмаемых праблем i адказаў на iх?

— Так. Бываюць зусiм элементарныя. Скажам, у мяне моцна балiць жывот, бацькоў няма дома, што рабiць? Раю пазванiць па 03. Цi — як мне кiнуць курыць? Накiроўваем у спецыяльныя цэнтры, да спецыялiстаў, якiя займаюцца гэтай праблематыкай. Недастатковая знешняя прывабнасць — прычына многiх званкоў дзяўчат-падлеткаў. То яна занадта хударлявая цi тоўстая, у яе непрыгожы нос, ногi i г.д.

На жаль, нярэдкiя такiя паведамленнi: мяне моцна б’юць п’яныя бацькi. Дарэчы, лупяць дзяцей здараецца i цвярозыя бацькi, скажам, за дрэную адзнаку па матэматыцы. Вось тэлефануе такое зацюканае дзiця i кажа плаксiвым голасам: я атрымаў(ла) двойку i баюся iсцi дамоў. Што рабiць, як бацькам сказаць пра гэта?

Няпроста размаўляць з цяжарнымi школьнiцамi, якiя баяцца сказаць аб гэтым бацькам, а хаваць далей цяжарнасць ужо няма магчымасцi. А да 15 гадоў без мамы не прымаюць у гiнеколага. Адно выйсце — звярнуцца да псiхолага. I ў мяне няма iншага, як пераканаць яе прызнацца мацi, магчыма, па тэлефону, калi не хапае духу сам-насам. Не пагаджаецца. Тады раiм расказаць iншаму блiзкаму чалавеку, напрыклад, мамiнай сястры цi блiжэйшай сяброўцы.

Вельмi складана захоўваць спакой, калi чуеш расказ згвалтаванай прыёмным бацькам дзяўчыны, якой нельга паскардзiцца мацi, бо яна абвiнавацiць ва ўсiм дачку. Не магу забыць размову з адной мацi, якая абуралася тым, што яе муж рэгулярна гвалцiць непаўналетнюю дачку. На пытанне, што рабiць, я параiла: ганiце яго прэч, звярнiцеся ў мiлiцыю. А ў адказ: не магу. Бо дзiця без бацькi застанецца.

— Ну, а хто самыя цяжкiя суразмоўцы?

— Шмат гадоў працую псiхолагам, але кожны раз адчуваю найвышэйшае маральнае напружанне, калi час ад часу чую ад падлетка навiну аб яго рашэннi звесцi рахункi з жыццём. З патэнцыяльным самагубцам заўсёды цяжка размаўляць. Вельмi хочацца дапамагчы юнаму чалавеку, а з iншага боку, баiшся ўпусцiць час. Ты не ведаеш, што зараз адбываецца, можа ў дадзены момант ужо iдзе суiцыдальны працэс i гэта апошнi званок у жыццi падлетка. Праўда, у ходзе бягучага суiцыду тэлефануюць вельмi рэдка, часцей хочуць з намi падзялiцца думкамi аб самагубстве. I тут ёсць шанцы выратаваць.

— Чаму падлеткi задумваюцца аб самагубстве?

— Галоўная прычына — страта веры ў сэнс жыцця. Навошта iснаваць, для чаго i каго? Гэтыя пытаннi мы пастаянна чуем ад патэнцыяльных самагубцаў. Ведаеце, цяжка пераканаць у зваротным за адну няхай, бывае, i паўтарагадзiнную размову. Але мы абавязкова iмкнёмся пераканаць юнака цi дзяўчыну не рабiць непапраўную памылку, засумнявацца ў правiльнасцi свайго рашэння.

Акрамя гэтага, iснуе такая секта цi групоўка (не ведаю як i назваць) пад назвай готы. Яе ўдзельнiкi апранаюцца ва ўсё чорнае, месцам сустрэч часта выбiраюць могiлкi, распаўсюджваюць i прапагандуюць чорныя думкi аб жыццi адным днём, а добраахвотнае развiтанне з жыццём у маладыя гады — гэта смела i радыкальна.

— А як часта па параду да вас звяртаюцца дарослыя?

— Хоць наш тэлефон даверу разлiчаны ў першую чаргу на маладзёжную аўдыторыю, тым не менш, на другiм канцы провада часта даводзiцца чуць усхвалявыны голас дарослых. Звычайна iх турбуюць сур’ёзныя, часам палохаючыя iх перамены ў паводзiнах дзяцей. Скажам, як выцягнуць дачку з-пад уплыву рэлiгiйнай секты, сына з багны наркаманii. Калi абагульнiць усе пытаннi дарослых, ачысцiць iх ад канкрэтыкi i дэталяў, то, як гаворыцца, у сухiм астатку застаецца адно галоўнае пытанне: як вярнуць давер дзяцей, знайсцi з iмi агульную мову?

Бывае раiм бацькам у iнтарэсах дзiцяцi праявiць дыпламатычны талент. Аднойчы нам пазванiла мацi i расказала, што ў школе настаўнiк прыдзiраецца да яе сына, нават здзекваюцца. Да хлопца пачалi дрэнна адносiцца асобныя аднакласнiкi. Мы параiлi спачатку наведаць школу i пагаварыць з настаўнiкам пра асаблiвасцi характару сына, разам пашукаць выйсце. Наша парада аказалася дзейснай. Сiтуацыя з сынам нармалiзавалася.

Карыстаючыся выпадкам хачу звярнуцца да бацькоў так званых праблемных дзяцей: не шкадуйце часу на нефармальнае выхаванне, калi не ўмееце, то вучыцеся iх слухаць, старайцеся загадзя прадбачыць негатыўныя наступствы ў паводзiнах падлеткаў. Надзвычай важна, каб не баялiся вам казаць праўду, якой бы горкай яна нi была. I такiм чынам, як гэта ні банальна гучыць, не даводзiць сiтуацыю да тупiка. Каб потым не давялося шукаць нумар нашага тэлефона даверу i прасiць парады з нагоды таго, што сын цi дачка збеглi з дома i якiм чынам вярнуць iх назад.

— Такiя выпадкi, на жаль, не адзiнкавыя. Чаму ўсё ж бягуць?

— Здараецца, бягуць з-за псiхалагiчнай схiльнасцi да бадзяжнiцтва, хоць дома i поўная чаша, i бацькi чулыя, спагадлiвыя. Але гэта рэдкiя выключэннi.

Часцей за ўсё таму, што дарослыя ў сваiм «выхаваўчым» iмкненнi так моцна цiснуць на псiхiку дзiцяцi цi падлетка, пераходзяць тую рысу, пасля якой у юнага чалавека пачынаецца вострая рэакцыя пратэсту, адмаўлення. I здараецца ён бяжыць куды вочы глядзяць, абы не бачыць бацькоў. Потым, калi бегляцоў знаходзяць, яны часта адмаўляюцца вяртацца дамоў.

Скажу больш, сярод нармальных падлеткаў вялiкая колькасць тых, хто марыць пасля школы з’ехаць з дому на вучобу ў iншы горад, на працу за мяжу. Чаму? Проста дома, паводле iх слоў, ужо «дасталi».

— Ведаеце, падлеткi часта перабольшваюць свае праблемы ў сям’i. Непаразуменнi пачынаюцца з дробязяў: бацькi забараняюць гучна ўключаць жудасную, на iх погляд, музыку, не дазваляюць доўга размаўляць па тэлефону i г.д.

— А не здаецца вам, што бацькi тут не заўсёды маюць рацыю? Гучыць гучна не адну гадзiну музыка? Выберыце патрэбны тон i ўгаварыце калi не выключыць магнiтафон, то збавiць гук. Заняты доўгi час тэлефон? Не рабiце з гэтага трагедыю, а растлумачце, што вы чакаеце важны званок. Часта падлеткi нам гавораць аб неразуменнi забароны на тэлефонныя размовы. Яны кажуць: мы ж нiчога дрэннага не робiм, не курым, не п’ём, позна не гуляем, сядзiм дома, як хочуць бацькi. Дык што i нават па тэлефону нельга пагаварыць з сябрамi?

— Часта здараюцца паўторныя званкi на тэлефон даверу?

— Так. Са словамi падзякi тэлефануюць пасля вырашэння нейкай актуальнай для падлетка праблемы. Здараецца, што раздаюцца другi i трэцi званкi. Бывае, тэлефануюць i праз некалькi месяцаў, праз паўгода i нават праз год. Нам, зразумела, i важная i прыемная гэтая зваротная сувязь. Яна пацвярджае старую iсцiну, што чалавек нiколi не бывае такi няшчасны, як яму гэта здаецца цi такi шчаслiвы, як яму гэта хочацца. Значыць, мы ў нечым пераканалi падлетка.

— Алена Яўгенаўна, а як вы сабе адчуваеце пасля змены на тэлефоне даверу? I як вы здымаеце эмацыянальную нагрузку?

— Пасля 12-гадзiннай змены, асаблiва ноччу, адчуваеш сябе не лепшым чынам. Дома вельмi не хочацца размаўляць па тэлефону, лiтаральна ўздрыгваеш ад кожнага званка. Стрэс здымаць дапамагаюць заняткi ёгай, доўгiя прагулкi ў лесе, назiранне за вадой рэк, азёр.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Неўзабаве споўнiцца дзесяць гадоў як у Мiнску з’явiўся тэлефон даверу 215 00 00 для дзяцей i падлеткаў, а таксама iх бацькоў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика