«Сто грамаў» або дзецi?
Наталля ВЯСЁЛКIНА
ЦЯЖКIЯ ДАРОСЛЫЯ Перспектыва назаўсёды страцiць дачку ператварыла магiляўчанку, якая злоўжывала спiртным, ва ўзорную мацiАлена Платава за свае амаль 40 гадоў некалькi разоў пачынала жыццё з чыстага лiста. Адным махам яна перакрэслiвала чарнавую старонку i зноў перапiсвала ўласны лёс, паўтараючы пры гэтым адны i тыя ж памылкi. I толькi калi ўсвядомiла, што з-за сваiх бязглуздых паводзiнаў яна вось-вось страцiць дачку, змагла «завязаць» са спiртным. Дзесяць гадоў таму на Алену аглядвалiся прахожыя — рэспектабельная дама. Яна i сапраўды жыла прыпяваючы: кожны год з мужам i сынамi Дзiмам i Сашам ездзiлi адпачываць на мора, а яе гардэробу зайздросцiлi сяброўкi. Потым неўзабаве захварэла свякроў, i Лена, каб даглядаць жанчыну, была вымушана пакiнуць працу. З таго часу ў сям’i Платавых i пачалася чорная паласа. За восем месяцаў у доме тройчы спраўлялi памiнкi — спачатку памерла свякроў, потым раптоўна — Ленiн бацька, а на 40 дзён па бацьку — свёкар. У распараджэннi маладой сям’i аказалiся дзве кватэры ў цэнтры Магiлёва. Страта блiзкiх падкасiла Алену... Пасля смерцi свекрывi яна пазычыла буйную суму грошай, як аказалася пазней, пад працэнты. Каб расплацiцца, Платавы прадалi «двушку» бацькi каля аўтавакзала, а самi пераехалi ў трохпакаёвы «палац» на вулiцы Першамайскай. Пасля продажу кватэры Лене на працу выходзiць i зусiм не захацелася. Лёгкiя грошы, атрыманыя ад жыллёвай здзелкi, ускружылi галаву. Жанчыне здавалася, што з пачкам долараў у кiшэнi яна пачне новае шчаслiвае жыццё. Але замест гэтага неяк незаў-важна Платавы прызвычаiлiся да выпiўкi. Спярша вiно куплялi самае дарагое i з нагоды, але паступова адчулi такi смак, што для падняцця настрою сталi пiць ўсё запар i бутэлькi на дваiх было малавата. — Я цвёрда была перакананая, што ў любы момант змагу сказаць сабе «стоп», — успамiнае Лена. — Здавалася, сёння вып’ю, а адмовiцца ад спiртнога заўтра будзе лёгка. Але я выпiвала i заўтра... Вакол Платавых невядома адкуль з’явiлася мноства «добрых» людзей, гатовых падтрымаць кампанiю i дапамагчы прапiць «кватэрныя» грошы. Грашовыя запасы раставалi на вачах. Пайшлi ў нiкуды долары, дарагiя рэчы i працоўныя ўзнагароды свекрывi. У адзiн «цудоўны» дзень у Платавых не аказалася грошай нават на хлеб... I яны чарговы раз вырашылi змянiць жыццё. Абмянялi «палацы» на Першамайскай на нядрэнную кватэру з даплатай на ўскрайку горада. Акрыленыя пераменамi, Лена з Алегам пайшлi ў наркалогiю. Пасля месяца лячэння гэтую пару нельга было пазнаць — «адшылi» ранейшых сяброў, купiлi патрыманы «форд». Алег уладкаваўся на працу ў iнстытут, i жыццё падалося зусiм наладжаным. Прайшло некалькi месяцаў, i Алег неяк сказаў: «Давай адзначым наша новае жыццё хоць бы шампанскiм. Вып’ем за ўдачу, каб i далей усё так iшло». Але шампанскага аказалася мала, дакупiлi бутэльку вiна. I панеслася... У хуткiм часе Алег пакiнуў працу. Грошы скончылiся, i Платавы сталi прапiваць усё, што можна. У п’янай галаве пастаянна круцiлася думка: трэба мяняць кватэру на меншую. I аднойчы на парозе кватэры з’явiлiся людзi, гатовыя дапамагчы з абменам. Яны i прапанавалi «добры домiк»... Глядзець жыллё Лену прывезлi адну, п’яную. У такiм стане ёй нават не прыйшло ў галаву пацiкавiцца элементарным: цi ацяпляецца дом, цi ёсць у iм выгоды. Працверазiўшыся, жанчына зразумела, што «палац на свежым паветры», якi ёй абяцалi, аказаўся ўсяго толькi сцiплай халупай. Ды i кантынгент у акрузе падабраўся адпаведны — суцэльныя аматары выпiць. Грошай не стала — Платавы прапiвалi мэблю. З часам прыйшла ў непрыгоднасць печка... Але больш за ўсiх цярпелi сыны Лены i Алега. Усе чатыры гады бадзянняў па розных кватэрах хлопчыкi адчайна змагалiся за бацькоў. Але хто на iх звяртаў увагу? Браты ад безвыходнасцi навучылiся варыць суп, мыць бялiзну, прасаваць кашулi i нават лячыць прастуду. Таму што мацi, паводле яе ж прызнання, у перыяд бурнага вяселля зусiм не цiкавiлася жыццём сыноў. Аднойчы дзецi перасталi хадзiць у школу... Сваякi спрабавалi паўздзейнiчаць на Платавых. Сястра Лены неаднойчы паўтарала: «Хопiць мучыць дзяцей!». А потым стала дзейнiчаць. I органы апекi пазбавiлi Платавых бацькоўскiх правоў на 12-гадовага Дзiму i 14-гадовага Сашу. Хлопчыкi трапiлi ў санаторную школу i адтуль пiсалi бацькам пiсьмы, у кожным нязменна паўтараючы: не пiце, iдзiце працаваць, забярыце нас дамоў.... Лена да гэтага часу плача, чытаючы гэтыя радкi. Тады яна рэальна спалохалася. Але была надзея: пройдзе месяц, i сыноў вернуць, усё наладзiцца. Але нiчога не атрымлiвалася — спiртное не адпускала... — Мы з Алегам амаль цi не «паўзком» зноў адправiлiся ў наркалогiю, — прызнаецца Алена. — Таму што другiм варыянтам для нас была смерць. Адно з двух. Нi грошай, нi працы, нi дзяцей у нас не засталося — абсалютны тупiк, безвыходнасць... Падлячыўшыся, Лена стала наведваць таварыства ананiмных алкаголiкаў. Муж уладкаваўся на працу... Даведаўшыся аб сваёй цяжарнасцi, Лена, на грэх, хацела пазбавiцца ад дзiцяцi, пераконваючы мужа: не пракормiм. Але Алег такое рашэнне прыняў у штыкi, асаблiва калi даведаўся, што народзiцца дзяўчынка. Так з’явiлася на свет Лiза. Жыццё сям’i як быццам наладжвалася. Хлопчыкаў сталi адпускаць дамоў на выхадныя i канiкулы. Але назаўсёды Платавым дзяцей чамусьцi не вярталi, гаварылi — рана. Лiзачцы было паўгода, калi Лена ўпершыню пасля доўгага перапынку на ад- ным з сямейных свят прыгубiла вiна. I ўсё пачалося зноўку... Праз тры днi чужыя людзi патэлефанавалi ў органы апекi, i забiраць Лiзу прыехаў УАЗiк. Лена бiлася ў iстэрыцы. То стаяла на каленях, молячы пакiнуць ёй дачку, то зрывалася на крык i пагрозы. I нягледзячы на тое, што ў гэты момант яна была на добрым падпiтку, страшная думка не давала спакою — яна страчвае дзiця! Ужо на наступны дзень Платавы зноў былi ў нарколага. Месяц пайшоў на лячэнне. Лена закадзiравалася i паклялася, што нi кроплi спiртнога больш у рот не возьме. Яна разумела, што гэта — апошнi шанц выратаваць сям’ю. За кароткi тэрмiн жанчына прывяла ў парадак дом — знайшлiся людзi, якiя паверылi ў Лену i пазычылi на свой страх i рызыку патрэбную для гэтага суму. Хтосьцi з суседзяў прыцягнуў «бэушную» пральную машыну, з’явiлася нейкая мэбля. Алег уладкаваўся на працу. I адбыўся цуд: практычна за некалькi гадзiн да суда, дзе Платавых павiнны былi пазбавiць бацькоўскiх правоў на дачку, органы апекi адазвалi сваю заяву... З таго часу мiнула пяць гадоў. Хлопчыкi паступiлi вучыцца, а Лiза ходзiць у дзiцячы садок, любiць глядзець мультфiльмы i есцi прысмакi. Платавы жывуць усё ў тым жа доме i мараць аб уласнай кватэры. У сямейства свой участак, i яны восенню збiраюць нядрэнны ўраджай. Па-ранейшаму Платавых кантралююць органы апекi — пастаянна заходзяць у госцi, каб пераканацца, што ў гэтым доме ўсё нармальна. Дапамагаюць — i грашыма, i гуманiтаркай, нядаўна печку ў парадак прывялi. Мясцовы ўчастковы мiлiцыянер спачатку нават заходзiў да Платавых i днём, i вечарам... — Страх страцiць дачку куды мацнейшы за жаданне выпiць, — прызнаецца Лена. — Цяпер у мяне ў жыццi з’явiлiся зусiм iншыя iнтарэсы i планы. Я шкадую аб страчаных, пражытых упустую гадах i нiколi не магу дараваць сабе, што адняла ў дзяцей самае шчаслiвае i дарагое — дзяцiнства. Лена гаворыць, што для поўнага шчасця ёй трэба няшмат — дзецi, крыху здароўя i ўпэўненасць, што малодшыя Платавы нiколi не паўтораць лёс сваiх бацькоў... Iмёны герояў зменены па этычных прычынах. Наталля IГНАЦЕНКА, намеснiк старшынi камiсii па справах непаўналетнiх Кастрычнiцкага раёна Магiлёва: — Я вельмi добра ведаю гэту сям’ю i не шкадую, што тады дапамагла Алене. Яна зрабiла немагчымае: за месяц на 180 градусаў перавярнула ўласнае жыццё. Радуе, што жанчына да гэтага часу не сарвалася, хоць праблем у яе жыццi хапае. Па меры магчымасцi мы дапамагаем ёй i iншым падобным сем’ям. На жаль, толькi трэцяя частка аналагiчных гiсторый заканчваецца шчаслiва. За 9 месяцаў гэтага года ў нашым раёне адбылося каля 40 пазбаўленняў бацькоўскiх правоў. Хоць колькасць адноўленых у правах бацькоў апошнiм часам павялiчваецца: у 2004 годзе такiх наогул не было, летась вярнулi сабе дзяцей трое магiляўчан, а сёлета — ужо шасцёра.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перспектыва назаўсёды страцiць дачку ператварыла магiляўчанку, якая злоўжывала спiртным, ва ўзорную мацi |
|