Фермеры, у гурт!
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Глыбiнка Чалавек зямлi заўсёды быў вялiкiм iндывiдуалiстам. Араў, сеяў... i хацеў каб не перашкаджалi працаваць. Але часта ў яго не пыталi, што ён думае i як хоча жыць. Сёння сiтуацыя паступова мяняецца, учарашнiя калгаснiкi становяцца фермерамi i працягваюць быць iндывiдуалiстамi.У райвыканкаме сабралiся фермеры Баранавiцкага раёна, каб абмеркаваць свае праблемы i аб’яднацца. На сходзе прысутнiчалi кiраўнiкi рэспублiканскай i абласной фермерскiх асацыяцый, i гэта надало размове пэўнае ажыўленне. У раёне зарэгiстравана 47 фермерскiх гаспадарак, але толькi трое фермераў, хоць і вядучых, да гэтага ўступiлi ў асацыяцыю, а ёй, як i любой арганiзацыi, патрэбна колькасць. Аб’яднанне ж неабходна, каб фермерам прасцей можна было вырашаць многiя праблемы. Напрыклад, фермеру патрэбны мiнеральныя ўгнаеннi, але ў абмежаванай колькасцi, як i хiмiкаты для аховы раслiн. Толькi вось чыноўнiкi няветлiва сустракаюць фермераў. — А што на вас заробiш? Лепш не дурыце нам галаву. Яно i зразумела, бо фермеру не патрэбен вагон угнаенняў, а ўсяго некалькi тон, але прывезцi iх чыгункай вельмi дорага. Загрузка, перавозка, разгрузка i захоўванне вылiваюцца ў вялiкую суму. Усё было б лягчэй, калi б у фермераў была свая арганiзацыя i ўсе заяўкi на тыя ж угнаеннi паступалi ў адны рукi i пастаўка рабiлася б для ўсiх фермераў раёна. Справа за малым — аб’яднаннем. I ў гэтым плане Брэстчына значна адстае ад фермераў Гродзеншчыны цi Гомельшчыны. — Вось мы выпускаем газету «Наш фермер», але купiць яе фермеры асаблiва не спяшаюцца, — паскардзiўся старшыня рэспублiканскай асацыяцыi К. Ярмоленка. «Наш фермер» знаходзiцца на шляху станаўлення, пры накладзе ў 299 экз. распаўсюдзiць газету сярод некалькiх тысяч фермераў, здавалася б, можна было б лёгка, але ж чалавека зямлi разварушыць няпроста. Хоць у эканамiчна развiтых краiнах фермеры даўным-даўно аб’яднаныя. Мабiльнасць дапамагае выжыць ва ўмовах рынку, ды i своечасовая iнфармацыя спрыяе гэтаму. А зараз звернем увагу на прадукцыю, якую прапанаваў на сходзе фермерскiм гаспадаркам Баранавiцкi аўтаагрэгатны завод. Моталябёдку, плуг, акучнiк ды сеялку-раскiдвальнiк рэкламавалi прадстаўнiкi завода. Цiкавасць выклiкала сеялка, якую скапiравалi з драўлянай, знойдзенай на адным з хутароў. Можа тая сеялка ў металiчным варыянце i добрая, але адзiн з фермераў адзначыў, што ў Польшчы такая ж сеялка каштуе 50 долараў i, напэўна, лепш прывезцi адтуль, чым плацiць за сваю 150 «зялёных». Рынак ёсць рынак, i не ўлiчваць кошт прадукцыi канкурэнтаў — пазiцыя блiзарукая. А цяпер аб праблемах, якiя ўзнялi фермеры. Тое, што яны не канкурыруюць адзiн з другiм, гэта добра. У сельгаскааператываў свая нiша, i ў гэтым плане ў нашых фермераў менш праблем са збытам прадукцыi. Фермеры Брэстчыны галоўным чынам вырошчваюць агароднiну, а вось жывёлагадоўляй займаюцца менш. А калi мала жывёлы, то не хапае арганiкi. Сёлета фермеры Баранавiцкага раёна сабралi з гектара ў сярэднiм па 13 цэнтнераў збожжа, а бульбы — у межах 200 ц/га. Мала, але справа тут не толькi ў тым, што ў фермераў не самая лепшая зямля. Адчуваецца недахоп угнаенняў i хiмiкатаў. Пакуль што фермерам раёна цяжка канкурыраваць з братамi Аўдзеямi з-пад Клецка, якiя збiраюць рэкордныя, нават па еўрапейскiх мерках, ураджаi гароднiны. У кожным раёне вобласцi ёсць па некалькi фермерскiх гаспадарак, якiя могуць быць прыкладам для iншых, але ж яны ў цэлым, пагоды не робяць. Баранавiцкi раён у плане фермерскiх гаспадарак — адзiн з самых моцных у вобласцi, хоць i тут толькi 4 фермеры маюць па 100 i больш гектараў зямлi. Фермеры скардзiлiся, што вельмi цяжка набыць спiсаную тэхнiку ў сельгаскааператывах цi iншых дзяржаўных арганiзацыях. — Я лепш трактар парэжу на металалом, чым прадам, — кажа iншым разам старшыня СВК, — клопату не буду ведаць. Мяне нiхто не будзе правяраць i падазраваць, што прадаў за хабар. Праўда, магчымасць прадаць ёсць, але па цане не нiжэй чым 30 працэнтаў ад кошту новай тэхнiкi. Вось тады ад кантралёраў прэтэнзiй не будзе. Але плацiць такiя грошы за дабiты трактар цi камбайн ужо не хочуць фермеры. I ўсё ж гэта не такая ўжо i вялiкая праблема, каб нельга было яе закрыць. Чаму б у раёне не арганiзаваць аўкцыён старой тэхнiкi, ды i рашэнне праўлення СВК, напэўна, мае сiлу. Хоць, як прапаноўваецца, фермеру пажадана прыйсцi на сход сельгаскааператыва, i калi людзi прагаласуюць, то тэхнiку прададуць. Немагчыма ў раёне атрымаць фермеру i тэхнiку па лiзiнгу. Напрыклад, адзiн з лепшых фермераў раёна С. Матус чакае трактар ужо 13 гадоў. З насеннем таксама не ўсё гладка, бо тут iснуе свая схема размеркавання, i фермеры не заўсёды ўключаюцца ў спiсы. Хоць прадстаўнiкi райвыканкама выказалi свае прэтэнзii да фермераў. Маўляў, цягнуць з падачай заявак да апошняга, хоць павiнны былi б пакласцi на стол iх даўно. Фермеры ў нас усё яшчэ пасынкi. — У нас галава найперш балiць за сельгаскааператывы, а не за фермераў, — адкрыта заявiў адзiн са спецыялiстаў райвыканкама. Яно i зразумела: за 11 месяцаў ад фермераў паступiла 42 млн рублёў падаткаў, а гэта 0,1 працэнта ад агульных паступленняў па раёну. Наконт адносiнаў з банкам фермеры дружна заявiлi, што тут усё нармальна. «Белаграпрамбанк» можа даць крэдыт, нават пад заклад будучага ўраджаю, а гэта крок наперад. Хацелася б, каб ад свайго аб’яднання фермеры атрымалi рэальную дапамогу.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чалавек зямлi заўсёды быў вялiкiм iндывiдуалiстам. Араў, сеяў... i хацеў каб не перашкаджалi працаваць. Але часта ў яго не пыталi, што ён думае i як х
|
|