Самае каштоўнае «золата» Таццяны МасквiнойП’едэстал Яна калекцыянуе слонiкаў, акуляры i медалi. Наконт колькасцi першых дзвюх рэчаў дакладна не ведаю, а вось залатых узнагарод у самбiсткi сабралася ўжо дзесяць. Праўда, Таццяна Масквiна сцвярджае, што самае каштоўнае ў яе жыццi «золата» здабыта не на чэмпiянатах свету: сёлета, у Год мацi, у спартсменкi нарадзiлася дачушка. З гэтай нагоды i пачалася наша размова:— Дзiця ў мяне было запланавана i таму стала доўгачаканым i, як кажуць, у тэму, пасля медалёвага юбiлею. Шанталь — маё чарговае «золата». Праўда, прыгожае спалучэнне — Шанталь Шцiль? — для Таццяны гэта пытанне рытарычнае, ды i, здаецца, аб сваёй дачушцы яна можа расказваць гадзiнамi. — Самае смешнае: калi дачцэ споўнiлася два месяцы, мы прыйшлi ў палiклiнiку, i ўрач паведамiў, што гэта ўжо другая Шанталь за дзень (раней прыходзiла нямецкая дзяўчынка). У нас таксама тата з Германii, таму i iмя замежнае. — Цi мае нейкае дачыненне да спорту бацька Шанталь? — Па прафесii ён будаўнiк. Раней, як усе немцы, з задавальненнем гуляў у футбол, але парваў звязкi ў калене i на гэтым давялося спынiцца. Зараз ён мае дачыненне да спорту як спонсар каманды па дзюдо, за якую я выступаю, — «Дынама-Брандбург». Дарэчы, у Германii гэты вiд спорту вельмi любяць: дзюдо на другiм месцы па папулярнасцi пасля футбола. Гэта трэба бачыць: поўныя трыбуны, усе «хварэюць» вельмi тэмпераментна. Калi суддзя няправiльна ацэньвае дзеяннi спартсмена, на татамi з залы ляцiць усё, што магчыма. — Улiчваючы, што ваш выбраннiк жыве ў Германii, не магу не пацiкавiцца: цi збiраецеся прадстаўляць на чэмпiянатах i Алiмпiядзе гэту краiну? Ёсць прыклады, калi спартсменка пераязджала за мяжу i працягвала выступаць за Беларусь (веславальшчыца Кацярына Карстэн), цi, наадварот, абараняла колеры чужога сцяга (плыўчыха Алена Попчанка). — Чаму так атрымалася з Ленай, ведаю, бо мы сябруем. Яна вельмi хацела выступаць за Беларусь, але ў краiне тады не было патрэбных умоў. Сапраўды, ёсць шэраг прыкладаў, калi спартсмены трэнiруюцца за мяжой, а прадстаўляюць нашу краiну. Узгадаем хоць бы Ваню Iванкова. Што датычыцца мяне, то не змагу выступаць на Алiмпiядзе за iншую дзяржаву, бо ў мяне амаль 20 гадоў прафесiйнай кар’еры ў Беларусi, ды i зараз кiраўнiцтва рэспублiкi робiць усё магчымае для спартсменаў, каб нам было камфортна i ўтульна трэнiравацца i спаборнiчаць. — У асноўным спартсмены iмкнуцца завяршаць сваю кар’еру на аптымiстычнай ноце. Вы ўжо дзесяць разоў станавiлiся мацнейшай у свеце, сёлета здабылi новы тытул — мацi i ёсць падстава пакiнуць спорт прыгожа... — Нараджэнне дзiця для любой жанчыны — самы важны крок, якi трэба зрабiць у сваiм жыццi. Зараз я лiчу сябе паўнацэнным чалавекам. Мне ўжо не сорамна перад Госпадам i перад сабой. Аднак наперадзе Алiмпiяда ў Пекiне, таму завяршаць сваю кар’еру я пакуль не збiраюся. Дзякуючы мацi, якая можа пасядзець з дачкой, я магу працягваць трэнiроўкi i зарабляць грошы. — Некаторых жанчын пужае цяжарнасць з-за таго, што можна распаўнець. У вашым вiдзе спорту наогул вельмi важна прытрымлiвацца пэўнай вагi (вагавая катэгорыя Таццяны 48 кiлаграмаў). Цяжка было не згубiць форму? — Хачу сказаць усiм жанчынам на будучае: нельга прыкрывацца сваёй цяжарнасцю, быццам мне дазваляецца есцi ўсё, калi хочацца. Трэба рабiць тое, што карысна дзiцяцi, а сябе стрымлiваць. Дыета для падтрымання формы — не самае галоўнае, важны i кантроль над сабой. Вялiкае значэнне мае i канстытуцыя жанчыны, таму нельга бегчы на смачны пах i з’ядаць шмат пiрожных, калi вы схiльныя да паўнаты. Я трымала сябе ў форме, таму лiшнiя кiлаграмы мяне не пужалi. — Цi праўда, што вы нават бегалi кросы на чацвёртым месяцы цяжарнасцi? — Прафесiйныя спартсменкi трэнiруюцца i ў гэты тэрмiн. Я не выключэнне, бо калi жанчына бiялагiчна здаровая, на чацвёртым месяцы цяжарнасцi плоду нiчога не пагражае нават пры iнтэнсiўных занятках спортам. Гэта, наадварот, вельмi карысна, бо ў кроў выдзяляецца гармон дабрынi, з’яўляецца цудоўны настрой. Адзiнае, што мой вiд дастаткова траўматычны (удары трапляюць i ў жывот), таму я ўжо не займалася на татамi, а бегала кросы ў добрым тэмпе да шасцi месяцаў. Нават з большай хуткасцю, чым дагэтуль. У мяне з’явiлася шмат дадатковай сiлы. — Значыць, цяжарнасць сапраўды спрыяе рэкордам i дасягненням у спорце? — Спецыялiсты ведаюць, што праз год пасля цяжарнасцi пачынаецца пiк фiзiчнай актыўнасцi, бо аднаўляецца кроў, павышаецца гарманальны фон, тонус жанчыны. Як правiла, усе спартсменкi пры такой форме выступаюць лепей, чым раней. — Барацьба не надта жаночы вiд спорту. Чаму вы выбралi яго? — У некаторых спартсменак такi стыль барацьбы, што яны пастаянна ходзяць з сiнякамi. Гэта, канешне, выглядае не па-жаноцку. Аднак мне падабаецца кантактны вiд барацьбы. Спачатку мяне з пяцi гадоў мацi насiла на спартыўную гiмнастыку, бо хадзiць туды я катэгарычна адмаўлялася. Бацькоў радавала, што пасля трэнiровак я сябе паводзiла спакойна (узгадвае з усмешкай). У залу барацьбы я трапiла «за кампанiю», ды i мода тады прыйшла на самба, дзюдо. Чаму так i засталася ў барацьбе? Яна загартоўвае характар. Магу за сябе пастаяць i яшчэ за таго хлопца. На шчасце, па-за спаборнiцтвамi не даводзiлася абараняцца. У мяне, пэўна, такi выгляд, што нiхто нават не хоча мяне пакрыўдзiць. Мяне, дарэчы, мала хто асацыiруе з самбiсткай цi дзюдаiсткай, быццам барцы павiнны заўжды быць вялiкiмi i тоўстымi. Калi ж людзi даведваюцца, што я яшчэ i дзесяцiразовая чэмпiёнка свету, у iх шок. Мне даводзiцца iх супакойваць: ёсць жа розныя вагавыя катэгорыi. — У вас болей поспехаў у самба, а наогул: вам блiжэй самба цi дзюдо? — Канешне ж, самба — наш родны вiд спорту. Шкада, што яго так i не ўключылi ў алiмпiйскую праграму. Хацелi ж у 80-я гады гэта зрабiць, але не атрымалася. Мы ўсё сваё добрае чамусьцi заўжды хаваем, хоць ёсць цудоўныя традыцыi, а прыжываецца замежнае. Самба — вельмi прыгожы вiд спорту, ён створаны з нацыянальных вiдаў барацьбы. Калi ж з Японii прыйшло дзюдо, то ў яго перакачавалi амаль усе самбiсты. Зараз усё змяшалася: нашы спартсмены выступаюць на спаборнiцтвах i па дзюдо, i па самба, але дзюдо — алiмпiйскi вiд, таму яму аддаюць перавагу. — Наблiжаецца Новы год. Дзе плануеце яго святкаваць? — У рэстаран цi да сяброў пайсцi не змагу, бо, наколькi ведаю, маленькiх дзяцей нельга пакiдаць адных у навагоднюю ноч, гэта дрэнная прыкмета. Буду дома, таму паспрабую як мага лепей упрыгожыць кватэру, каб было прыгожа i ўтульна. — Дзякуй за гутарку! Шчасця вам у новым годзе i ўдачы на спаборнiцтвах. Размаўляла Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яна калекцыянуе слонiкаў, акуляры i медалi. Наконт колькасцi першых дзвюх рэчаў дакладна не ведаю, а вось залатых узнагарод у самбiсткi сабралася ўжо
|
|